Гісторыя. Шумілінскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

У лютым 1917 г. у Расіі перамагла буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Працаўнікі Шуміліншчыны з радасцю сустрэлі вестку аб звяржэнні царызму. Па закліку бальшавікоў сяляне захоплівалі абшарніцкія землі. Аднак Часовы ўрад, які бараніў інтарэсы буйной буржуазіі і абшарнікаў, працягваў імперыялістычную вайну, душыў рэвалюцыйныя выступы. Ужо ў канцы сакавіка 1917 г. «для садзейнічання грамадзянскім уладам» вайсковыя часткі былі накіраваныя ў Гарадок, Полацк, Бешанковічы.

Бальшавікі Віцебска, Полацка, Гарадка праводзілі агітацыйна-прапагандысцкую і арганізацыйную працу і на Шуміліншчыне. Улетку 1917 г. рэвалюцыйную агітацыю ў Мішневіцкай воласці вёў працоўны з Петраграда П. І. Янаў, член партыі бальшавікоў з сакавіка 1917 г., выхадзец в. Карчма (цяпер Заобаль). Захаваўся ліст ад 17 (30) кастрычніка 1917 г. салдацкага камітэта роты, размешчанай на станцыі Сіроціна, Віцебскаму камітэту РСДРП(б) з просьбай даслаць агітатара і партыйную літаратуру. 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. у Петраградзе перамагло ўзброенае паўстанне. У ім прымалі ўдзел і выхадцы Шуміліншчыны.

27 кастрычніка (9 лістапада) 1917 г. Савецкая ўлада была ўсталявана ў Віцебску, 8 (21) лістапада ў Гарадку, 18 лістапада (1 снежня) у Полацку. У валасцях і вёсках Шуміліншчыны пачалі стварацца мясцовыя сялянскія Саветы. 10 (23) студзеня 1918 г. быў утвораны Мішневіцкі валасны сялянскі Савет і скасавана валасная земская ўправа. 22 лютага Мішневіцкі валасны Савет прыняў рашэнне аб арганізацыі ў вёсках воласці сялянскіх Саветаў і скасаванні пасад сельскіх стараст. 18 лютага 1918 г. імперыялістычная Германія, парушыўшы дамову аб перамір'і, пачала наступ супраць Савецкай Расіі. Краіна апынулася ў выключна цяжкім становішчы. Камуністычная партыя і савецкі ўрад заклікалі працоўных і сялян на абарону сацыялістычнай Бацькаўшчыны. 25 лютага нямецкія войскі занялі Полацк і прасоўваліся далей на ўсход. Каб заступіць ім шлях, чырвонагвардзейцы Віцебска ў ноч на 27 лютага падарвалі чыгуначны мост праз р. Обаль. У пачатку сакавіка яны разам са смаленскімі байцамі далі бой кайзераўскім войскам у раёне чыгуначнай станцыі Лоўша. Праціўнік змушаны быў адступіць.

У змаганні з ворагам актыўны ўдзел прымалі працаўнікі Шуміліншчыны. Па пастанове Мішневіцкага валаснога Савета ад 23 лютага быў арганізаваны вайсковы атрад. «Весткі Віцебскага губсавета» пісалі ў тыя дні, што сялянства бліжэйшых да фронту валасцей пачало адразу прымыкаць да арганізаваных чырвонаармейскіх частак. Атрады хутка раслі, ператвараліся ў вялікія. Сумесна з чырвонаармейскімі часткамі партызаны спынілі рух немцаў на Віцебск, а ў некаторых месцах нават пацяснілі праціўніка.

Па ўмовах Брэсцкага міру, падпісанага 3 сакавіка 1918 г., дэмаркацыйная лінія праходзіла ў непасрэднай блізкасці ад Шуміліншчыны па лініі Расоны – Полацк – Бешанковічы – Орша. Становішча было вельмі напружаным. Германскія войскі, парушаючы ўмовы дамовы, спрабавалі пашырыць зону акупацыі і наблізіцца да Віцебска. Часткі маладой Чырвонай Арміі і партызанскія атрады аказвалі захопнікам упартае супраціўленне. У Мішневічах і Казьянах былі створаны партызанскія атрады, якія ўліліся пазней у Чырвоную Армію. 4-ы Мішневіцкі партызанскі атрад 17 мая 1918 г. увайшоў у склад 1-га пяхотнага чырвонаармейскага палка ім. Віцебскага Саўдэпа.

Ва ўмовах прыфрантавой зоны сустракалі шумілінскія вёскі вясну 1918 г. – першую вясну Савецкай рэспублікі. Канфіскаваная ў абшарнікаў і перайшоўшая ва ўласнасць народа зямля размяркоўвалася паміж сялянамі спецыяльна створанымі камісіямі. Такая камісія была арганізавана 18 красавіка 1918 г. у Мішневіцкай воласці. Зямля размяркоўвалася па ліку едакоў. У розных валасцях і вёсках нормы надзелу былі рознымі. Так, у Лескавіцкай воласці сяляне атрымоўвалі 1/4 дзесяціны, у Андрэеўскай – 1/5, у Жарабыцкай – 1/2 дзесяціны на едака.

Улетку 1918 г. Савецкая рэспубліка перажывала вялікія харчовыя цяжкасці. Голад стаў небяспечным ворагам Савецкай улады. Камуністычная партыя прыняла надзвычайныя меры. Была ўведзена хлебная манаполія і цвёрдыя кошты на хлеб. 11 чэрвеня 1918 г. ВЦВК зацвердзіў дэкрэт «Аб арганізацыі і забеспячэнні вясковай беднаты», паводле якога ствараліся камітэты вясковай беднаты (камбеды), якія адыгралі важную ролю ў развіцці сацыялістычнай рэвалюцыі ў вёсцы.

На Шуміліншчыне камбеды былі створаны ў жніўні–верасні 1918 г. Яны бралі на ўлік запасы хлеба, рэквізавалі хлебныя лішкі ў кулакоў, размяркоўвалі харчаванне і сельскагаспадарчы інвентар, вялі рашучую барацьбу супраць кулакоў, якія захапілі лішкі зямлі. Беднякі і сераднякі атрымоўвалі дадатковыя зямельныя надзелы. У Лескавіцкай воласці сяляне атрымалі дадаткова па 1/4 дзесяціны зямлі на едака, у Андрэеўскай – па 1/5, у Міхайлаўскай – па 1/3, у Жарабыцкай і Ловажскай валасцях – па 1/2 дзесяціны.

Умацаванне Савецкай улады і актыўная дзейнасць камбедаў выклікалі ў кулацтва ўпартае супраціўленне, які месцамі пераходзіў у адкрытыя контррэвалюцыйныя выступы. 4 лістапада 1918 г. быў забіты адзін са стваральнікаў камбеда ў Сіроціна Цімафей Звераў. Контррэвалюцыйныя выступы былі хутка падаўлены.

Камбеды, арганізаваныя камуністамі, сталі асновай для стварэння партыйных ячэек на сяле. У лістападзе 1918 г. партыйная ячэйка была створана ў Казьянскай воласці, у снежні ў Ловажскай воласці дзейнічала ячэйка спачуваючых бальшавікам. У лютым 1919 г. існавалі таксама Лескавіцкая, Сіроцінская і Ловажская партыйныя ячэйкі. У гады грамадзянскай вайны сталі стварацца і камсамольскія арганізацыі. Увосень 1919 г. камсамольская ячэйка была створана ў Лескавічах, 20 лютага 1920 г. – у Обалі.

Ва ўмовах грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў ліку найважных задач Савецкай улады было ўмацаванне Чырвонай Арміі, уцягванне ў яе рады працаўнікоў. Гэтая праца на Шуміліншчыне стала шырока праводзіцца з сярэдзіны 1918 г., калі былі створаны валасныя вайсковыя камісарыяты. Захаваўся зварот ваеннага камісара Петрапаўлаўскай воласці ад 23 жніўня 1918 г. да найбяднейшых сялян з заклікам уступаць у рады Чырвонай Арміі. З верасня 1918 г. пачалася мабілізацыя ў Чырвоную Армію. Вялікая праца праводзілася па навучанні працаўнікоў вайсковай справе, падрыхтоўцы рэзерваў для Чырвонай Арміі. У другой палове 1918 г. у валасцях Шуміліншчыны пачалося ўсеагульнае ваеннае навучанне працаўнікоў. Вялікую дапамогу органам усеагульнага навучання аказвалі камбеды. Нараўне з масавым вайсковым навучаннем праводзілася фарміраванне тэрытарыяльна-міліцэйскіх частак. Кожная воласць арганізоўвала 1–2 рэзервова-міліцэйскія атрады. У снежні 1918 г. такія атрады створаны ў Петрапаўлаўскай, Ловажскай і Міхайлаўшчынскай валасцях.

Нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, ужо ў першыя гады Савецкай улады разгарнулася і культурнае будаўніцтва. У жніўні 1918 г. Віцебскі губвыканкам падрыхтаваў камплекты бібліятэчак, якія бясплатна перадаваліся камбедам. Увосень 1918 г. у Мішневіцкай воласці працаваў культурна-асветны гурток, рыхтаваўся да пастаноўкі спектакль. У снежні 1918 г. сход камбедаў і грамадзян Петрапаўлаўскай воласці выдзеліў для Тупічынскага культурна-асветнага гуртка хату ў былым фальварку Задоры. У лютым 1919 г. Мішневіцкі валасны Савет разгледзеў пытанне аб арганізацыі народнай асветы ў воласці.

13 лістапада 1918 г. ВЦВК ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. Да пачатку 1919 г. амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі была адноўлена Савецкая ўлада. 1 студзеня 1919 г. была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Аднак да вясны 1919 г. Савецкая рэспубліка апынулася ў вогненным кальцы франтоў. Лёс рэвалюцыі вырашаўся на Усходнім фронце, дзе наступалі войскі Калчака. У рэзалюцыі, прынятай 8 мая 1919 г., V з'езд Саветаў Віцебскай губерні заклікаў працаўнікоў губерні «стаць у шэрагі нашай доблеснай Чырвонай Арміі для рашучай і апошняй барацьбы над усімі цёмнымі сіламі, якія насоўваюцца на рэвалюцыю, і для перамогі над ворагамі». 10 мая 1919 г. прадстаўнікі Савета Мішневіцкай воласці выказаліся за мабілізацыю насельніцтва воласці на абарону Савецкай улады.

Улетку 1919 г. ускладнілася становішча на Заходнім фронце, дзе наступалі войскі буржуазнай Польшчы. Да восені 1919 г. гераічнымі намаганнямі Чырвонай Арміі наступленне было спынена. Савецка-польскі фронт спыніўся па лініі Дрыса – Полацк і далей на поўдзень па р. Бярэзіна. Шуміліншчына ізноў апынулася ў прыфрантавой паласе. Для аказання дапамогі Чырвонай Арміі і мабілізацыі насельніцтва на адпор ворагу замест Саветаў сталі стварацца рэвалюцыйныя камітэты (рэўкамы). У жніўні 1919 г. быў створаны Полацкі павятовы рэўкам, 6 кастрычніка Віцебскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК). У валасцях былі створаны валасныя, у мястэчках – местачковыя рэўкамы. Рэўкамы падтрымлівалі рэвалюцыйны парадак, узначальвалі барацьбу супраць контррэвалюцыйных элементаў, удзельнічалі ў забеспячэнні Чырвонай Арміі харчаваннем і абмундзіраваннем, прыцягвалі насельніцтва да працы ў дапамогу фронту. Аб Шуміліншчыне ў канцы 1919 – пачатку 1920 г. можна судзіць па звестках Віцебскага губернскага ВРК аб палітычным і эканамічным становішчы Жарабыцкай воласці: «Паводле звестак, агульнапалітычны настрой грамадзян Жарабыцкай воласці цалкам здавальняючы. Зборы для Чырвонай Арміі выконваюцца добра і без прымусу, хоць эканамічнае становішча воласці ўвогуле вельмі сумнае. Беднякі галадаюць, адчуваецца востры недахоп у хлебе, солі і іншых неабходных прадуктах». 11 лютага 1920 г. у Віцебску адбыўся з'езд старшын і членаў валасных і местачковых рэўкамаў Віцебскага павета. У выступленнях прадстаўнікоў Лескавіцкага і Міхайлаўшчынскага валасных рэўкамаў, Сіроцінскага местачковага рэўкама адзначалася, што павіннасці і харчовыя зборы выконваюцца паспяхова, сем'і чырвонаармейцаў забяспечваюцца ў першую чаргу.

Для ўздыму палітычнай і працоўнай актыўнасці мас, аказанні дапамогі фронту вялікае значэнне мелі камуністычныя суботнікі, якія зарадзіліся ўвесну 1919 г. Такі суботнік быў праведзены 22 ліпеня 1920 г. у Віцебскім павеце. На суботніку ў Лескавіцкай воласці прыбрана сена з 31 дзесяціны, для сем'яў чырвонаармейцаў нарыхтавана сена з 10 дзесяцін. Для аказання дапамогі фронту ў пачатку 1920 г. па Шуміліншчыне праведзена масава-палітычная кампанія «Тыдзень фронту». На франтах грамадзянскай вайны мужна ваявалі сотні выхадцаў Шуміліншчыны. Толькі ў Андрэеўскай воласці ў пачатку 1921 г. было 204 сям'і чырвонаармейцаў. Ва ўзброенай барацьбе з ворагам вызначыліся Н. Т. Шпакаў, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, Е. Р. Бараноўскі, Л. Е. Дыклоў, П. К. Жукаў, А. Н. Ізафатаў, К. Я. Лузгін, П. М. Мінчанка, Д. І. Шах, І. А. Чухноў і многія іншыя. Абарона заваёў Кастрычніка скончылася перамогай над інтэрвентамі і белагвардзейцамі. Краіна атрымала магчымасць перайсці да мірнай стваральнай працы па аднаўленні народнай гаспадаркі і пабудове сацыялізму.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны маладая Савецкая рэспубліка прыступіла да аднаўлення народнай гаспадаркі. Распрацаваная партыяй праграма аднаўлення і перабудовы народнай гаспадаркі на сацыялістычнай аснове знайшла гарачы водгук у сэрцах шумілінцаў.

Камуны як адна з форм сельскагаспадарчай вытворчай кааперацыі былі арганізаваныя ў 1920-х гадах у Мішневічах, Казьянах, у Ловажскім і іншых сельсаветах. У Лескавічах у былым маёнтку пана Хлюдзінскага быў створаны першы саўгас.

У 1924 г. у складзе Віцебскай акругі быў створаны Сіроцінскі раён з цэнтрам у мястэчку Шуміліна. На тэрыторыі раёна ствараецца 12 сельсаветаў: Роўненскі, Казьянскі, Мішневіцкі, Спаскі, Сіроцінскі, Жарабыцкі, Шумілінскі, Лаўжанскі, Дабейскі, Пагарэліцкі, Амбросавіцкі, Валатоўскі. Агульная тэрыторыя раёна складала 1200 км2. У 582 населеных пунктах, якія аб'ядналі 8115 асобных гаспадарак, пражывала 45 397 чалавек, з іх у вёсках – 43 636, у мястэчках – 1761.

11 жніўня 1924 г. рашэннем Віцебскага акруговага камітэта КП(б) у Сіроцінскім раёне створана часовае партбюро, якое ўзначаліла падрыхтоўчыя і арганізацыйныя працы па стварэнні райвыканкама і сельсаветаў. На першым пасяджэнні Сіроцінскага райвыканкама былі размеркаваны абавязкі паміж яго членамі і зацверджаны кіруючыя кадры сельсаветаў; першым старшынёй райвыканкама стаў Ф. З. Шляхтуноў. У снежні 1924 г. адбыўся 1-ы раённы з'езд Саветаў.

24 жніўня 1924 г. адбыўся першы збор камуністаў Сіроцінскай партарганізацыі. Да таго часу яна складалася з 25 членаў і 3 кандыдатаў; працавалі Шумілінская, Лаўжанская, Мішневіцкая, Каменеўская парт'ячэйкі. На гэтым зборы быў абраны раённы камітэт партыі; яго сакратаром стаў Г. А. Хіжнікаў. У раёне дзейнічалі 7 камсамольскіх ячэек, якія налічвалі 132 чалавекі. 219 членаў уваходзілі ў склад раённай прафсаюзнай арганізацыі. У Шуміліне і Сіроціне былі арганізаваныя першыя піянерскія атрады. У 1927 г. праведзены 1-ы раённы злёт піянераў, на які з'ехалася каля 200 чалавек.

Да моманту стварэння раёна на яго тэрыторыі мелася 7 спажывецкіх кааперацый, 5 арцеляў, 2 камуны, 3 чыгуначныя станцыі, 4 паштовыя аддзяленні, 3 хаты-чытальні (у Лоўжы, Дабеі, Мішневічах), Народны дом (у Шуміліне), лякарня, 2 урачэбныя і адзін фельчарска-акушэрскі пункт, 47 школ, з якіх толькі адна была сямігадовай. У школах працавала 67 настаўнікаў.

Стварэнне раёна садзейнічала росту палітычнай і грамадскай актыўнасці працаўнікоў Шуміліншчыны. У справаздачы Сіроцінскага райвыканкама Прэзідыўму Віцебскага акрвыканкама ад 2 верасня 1924 г. адзначалася, што «насельніцтва вельмі цікавіцца пытаннямі будаўніцтва дзяржавы і ў дадзеным выпадку праведзеным раянаваннем». Раённаму камітэту партыі і райвыканкаму прыходзілася рашаць складаныя пытанні гаспадарчага і культурнага будаўніцтва.

Неўзабаве прыйшлі першыя поспехі. Як адзначалася ў рэзалюцыі Віцебскага акрвыканкама па справаздачы Сіроцінскага райвыканкама аб дзейнасці за перыяд са студзеня 1925 г. па сакавік 1926 г., у раёне на 5 % павялічыліся пасяўныя плошчы, у сярэднім на 10 % павысілася ўраджайнасць. Палепшылася дзейнасць сельскагаспадарчай і спажывецкай кааперацыі, павялічылася колькасць пайшчыкаў. Да канца аднаўленчага перыяду было пабудавана 59 і адрамантавана 60 мастоў.

Глеба на тэрыторыі раёна была нізкай якасці. На 60 % усей плошчы сенажацяў і раллі патрабаваліся меліярацыйныя работы. Сяляне здаўна імкнуліся адваяваць зямлю ў балотаў. І вось зараз іх імкненні набылі практычную аснову. Было створана 8 меліярацыйных таварыстваў, якія аб'ядноўвалі 449 членаў. Іх сіламі было прарыта 24 км каналаў, вычышчаны рэчышчы 6 рэк. Паляпшэнню стану сельскай гаспадаркі шмат у чым спрыяў атрыманы раёнам крэдыт. З сакавіка 1925 г. па чэрвень 1926 г. раён атрымаў крэдыт на суму 83 220 руб., 85 малатарань, 30 веялак, 18 сячкарань, 99 спружыністых баронаў, 612 плугоў рознага тыпу, да 18 тыс. пудоў угнаенняў. У 1926 г. у раёне налічвалася 40 % беднякоў, 56,5 % сераднякоў, 3 % заможных сялян і 0,5 % кулакоў.

Пачынаючы з 1925 г. штодня сталі праводзіцца Дні ўраджаю і выставы, закліканыя прапагандаваць дасягненні і перадавы вопыт у развіцці сельскай гаспадаркі. Пашыралася сетка кааперацыі. Спажывецкая кааперацыя паступова выцясняла з гандлю прыватніка. За 1-е паўгоддзе 1926 г. таваразварот спажывецкай кааперацыі ў раёне вылічаўся сумай 212 188 руб., а таваразварот гандляроў 111 950 руб. У раёне працавалі сельгасарцелі «Наперад», «Трактар», «Пралетар», камуна «Прагрэс», саўгас «Лескавічы», які ўяўляў сабою шматгаліновую гаспадарку з жывёлагадоўчымі фермамі і добра наладжаным севазваротам. У саўгасе быў сад плошчай 60 га, вырошчваліся гародніна, розныя ягады, меліся кавальская, сталярная, шавецкая майстэрні. Поспехі працаўнікоў саўгаса, прыклады ўмелага карыстання зямлёй у сельгасарцелях і камуне, развіццё кааперацыі пераконвалі сялян, што калектыўнае вядзенне гаспадаркі – справа правільная і неабходная. XV з'езд ВКП(б), які адбыўся ў 1927 г., паставіў галоўнай задачай аб'яднанне дробных сялянскіх гаспадарак у калгасы.

У лютым 1928 г. у в. Боськава Дабейскага сельсавета створаны першы калгас «Іскра». Узначаліў яго выхаванец Лескавіцкай камсамольскай ячэйкі М. А. Ільінец. Спачатку ў калгас уступіла 6 двароў. У гаспадарцы было 100 га зямлі, глінабітная адрына для захоўвання сена, 6 кароў, 6 коней. Першы ўраджай склаў 10 цэнтнераў збожжа і 200 цэнтнераў бульбы з гектара; надоі малака на карову да канца першага гаспадарчага года склалі каля 1000 літраў. На раённай сельскагаспадарчай выставе, дзе дэманстраваліся вынікі першага ўраджаю, калгас атрымаў прэмію – конны плуг і конную барану.

Услед за «Іскрай» у сакавіку 1928 г. у Сіроцінскім сельсавеце ўтварыўся калгас «Новая справа». Яго старшынёй стаў А. П. Гусеў. Затым былі створаны калгас «Чырвоная Лоўша» (яго старшынёй быў камуніст Азаркевіч) і іншыя гаспадаркі.

Кулакі ўпарта супраціўляліся калектывізацыі. Яны вялі агітацыю супраць калгасаў, зрывалі зборы беднякоў, падбівалі сялян на масавы забой жывёлы; мелі месца ўзброеныя напады на арганізатараў калгасаў – камуністаў, камсамольцаў, сельскіх актывістаў, здзяйсняліся падпалы.

У лістападзе 1929 г. газета «Віцебскі пралетарый» пісала аб барацьбе кулакоў супраць калектывізацыі ў Сіроцінскім раёне, аб іх спробе напасці на членаў Сіроцінскай парт'ячэйкі. Але парабкі і беднякі суседніх вёсак своечасова апавясцілі камуністаў аб рыхтуючымся замаху.

23 студзеня 1930 г. адбыўся 1-ы з'езд калгаснікаў Сіроцінскага раёна, на якім абмяркоўваліся пытанні калектывізацыі і веснавой пасяўной кампаніі. У пастанове з'езду адбілася непахісная рашучасць калгаснікаў да канца змагацца з ворагамі калектывізацыі, за ўмацаванне калгаснага ладу.

Вялікае значэнне для справы калектывізацыі мела накіраванне на працу ў вёску 25 тысяч перадавых працоўных. У Беларусь прыбылі 99 працоўных завода «Чырвонае Сормава» з Ніжняга Ноўгарада. Адзін з іх, камуніст У. Карабанаў, узначаліў у Сіроцінскім раёне калгас, які аб'яднаў сялян Обалі, Масцішча, Захарава, Плігавак і іншых вёсак Обальскага сельсавета. З ліку дваццаціпяцітысячнікаў у раён было накіравана 7 працоўных Віцебска. Для аказання дапамогі ў правядзенні калектывізацыі вясной 1933 г. у раён прыбыў агітпоезд ЦК КП(б)Б. Нараўне з арганізацыйна-гаспадарчым умацаваннем калгасаў, паляпшэннем палітычнай работы ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база сельскай гаспадаркі раёна. Увесну 1930 г. у Сіроціна з Ленінграда прыбылі 5 трактароў маркі «Фордзон-Пуцілавец» для арганізацыі ў раёне трактарнай калоны. Трактарны парк Сіроцінскай МТС, якая абслугоўвала 40 калгасаў, да 1933 г. складаў 30 трактароў.

Развівалася ў раёне і прамысловасць. Самым буйным прадпрыемствам Шуміліншчыны ў той час з'яўляўся торфазавод ім. Даўмана ў Обалі, дзе да прамысловай распрацоўкі тарфянога масіву прыступілі яшчэ ў 1922 г. Да канца 1-й пяцігодкі ў раёне працавалі цагельня, ільнозавод, тарфяная арцель «Сяброўства» і інш.

Пашыралася і сетка ўстаноў культуры. Бібліятэкі працавалі ў Шуміліне, Обалі, іншых населеных пунктах. У 1932 г. пачала выходзіць раённая газета «Ленінскі шлях». Адзін з пунктаў пастановы 1-га з'езду калгаснікаў Сіроцінскага раёна патрабаваў скарэйшай ліквідацыі непісьменнасці сярод калгаснікаў. Расла колькасць гурткоў лікбезу. Імі былі ахоплены практычна ўсё вёскі. Да 1933 г. у раёне ўжо налічвалася 94 % пісьменнага насельніцтва. Павялічылася колькасць школ: у 1933 г. іх было 81 (з іх 16 сямігодак) з агульным лікам настаўнікаў 261 чалавек. 11 лютага 1934 г. у Сіроціна адбыўся 1-ы злёт настаўнікаў-ударнікаў, у працы якога прынялі ўдзел 65 дэлегатаў. На злёце абмяркоўваліся задачы паляпшэння выкладчыцкай і выхаваўчай працы, было разгледжана пытанне аб правядзенні конкурсу на лепшую школу, настаўніка, вучня. Адной з лепшых у раёне была прызнана школа ў пасёлку Обаль, узначаленая Д. З. Ляшчынскім.

У гады першых пяцігодак пісаліся новыя старонкі народнага подзвігу. Ленінская ідэя сацыялістычнага спаборніцтва ператварылася ў магутную рухаючую сілу. Нараджаліся разнастайныя яго формы – ударніцтва, стаханаўскі рух і г. д. У 1933 г. у Сіроцінскім раёне адбыўся 1-ы злёт калгаснікаў-ударнікаў, які заклікаў усіх працаўнікоў вёскі арганізаваць сацыялістычнае спаборніцтва і ўдарніцтва на ўсіх участках вытворчасці. У 1935 г. на 2-м злёце калгаснікаў-ударнікаў раёна падтрымана прапанова райвыканкама аб выкліку на сацыялістычнае спаборніцтва ў 1935 г. суседняга Бешанковіцкага раёна. Увесну 1936 г. заключаны дагавор аб спаборніцтве паміж калгасамі, саўгасамі і МТС Сіроцінскага і Расонскага раёнаў. У раёне сталі праводзіцца стаханаўскія дні. Падчас веснавой пасяўной кампаніі 1936 г. трактарыст А. Нічыпараў за 9 гадзін працы на трактары 24-радковай сеялкай засеяў 30 га ячменю. Яго працоўны пачын быў ухвалены бюро райкама КП(б)Б і падтрыманы іншымі трактарыстамі. П. Лебядзеў усталяваў усебеларускі рэкорд, узараўшы за змену 14,7 га. Гонарам калгаса «Іскра» ў канцы 1930-х гг. была А. Ляхновіч – першая жанчына-трактарыстка ў калгасе.

Адным з лепшых у 2-й палове 1930-х гг. быў калгас «Ленінскі заклік», які ўзначальваў сын былога парабка камуніст Д. У. Мясаедаў. Эканамічны патэнцыял гэтага калгаса ўзрос настолькі, што кіраўніцтва палічыла магчымым пабудаваць саматугам і за свой рахунак электрастанцыю на р. Сечна. З гэтай ініцыятывай выступілі камсамольцы в. Мішкавічы сумесна са сваім важаком Ігнатам Васехай. Па-стаханаўскі працавалі на будаўніцтве электрастанцыі маладыя калгаснікі Б. Плюгачоў, А. Каваленка, П. Шадурскі, П. Лакетка, І. Ушал, П. Булах і інш. Пуск электрастанцыі ўлетку 1937 г. стаў падзеяй не толькі для раёна, але і для ўсёй Савецкай Беларусі. У Мішкавічы прыехалі кінааператары. Неўзабаве кіначасопіс аб пуску электрастанцыі абыйшоў усе гарады і вёскі рэспублікі.

У 2-й палове 30-х гг. калектывізацыя ў раёне ў асноўным была завершана. У пачатку 1940 г. налічвалася 130 калгасаў, працавалі 3 МТС – Сіроцінская, Старынавіцкая і Чэрніцкая, у якіх мелася 17 камбайнаў, 115 трактароў, 39 грузавых аўтамабіляў, вялікая колькасць сельскагаспадарчай тэхнікі. У 1939 і 1940 гг. лепшыя прадстаўнікі сельскагаспадарчай вытворчасці раёна ўдзельнічалі ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве. Некаторыя з іх былі ўдастоены медалёў ВСХВ. У 1939 г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга быў узнагароджаны дырэктар Сіроцінскага льнозавода М. А. Азаркевіч, медалём «За працоўную доблесць» – камбайнёр Сіроцінскай МТС А. П. Буёў, медалямі «За працоўныя заслугі» – камбайнёр І. Д. Талсценаў, старшыня калгаса «Новая справа» Л. М. Мацюшкоў і старшыня калгаса «Новы свет» З. І. Скрыпкін.

У 1939 г. у раёне налічвалася 89 прадпрыемстваў торфаздабываючай прамысловасці, 2 прадпрыемствы па вытворчасці цэглы і чарапіцы, 3 ільнозаводы, райпрамкамбінат, вяліся лесараспрацоўкі і лесасплаў, меліся дрэваапрацоўчыя, швейныя, абутковыя, металаапрацоўчыя і іншыя прадпрыемствы.

Шмат было зроблена ў раёне для развіцця культуры, народнай адукацыі і аховы здароўя. У 1939 г. у раёне дзейнічалі 90 школ, 24 клубы, 20 бібліятэк, 3 стацыянарныя кінаўстаноўкі, пашырылася сетка бальніц, амбулаторый, фельчарска-акушэрскіх пунктаў, адчыняліся дзіцячыя яслі і сады.

Пытанні калгаснага і савецкага будаўніцтва на Шуміліншчыне ў 1926–1935 гг. вырашаў сялянскі сын з в. Альховікі Пётр Захаравіч Калінін, стаўшы пасля вядомым партыйным і дзяржаўным дзеячам БССР.

У сувязі з ускладненнем міжнароднага становішча ў канцы 1930-х гг. асаблівая ўвага надавалася абаронча-масавай рабоце і патрыятычнаму выхаванню: здаваліся нормы на значкі «Варашылаўскі стралок», «Гатовы да санітарнай абароны», «Супрацьпаветраная і хімічная абарона», разгарнулася спаборніцтва на лепшую пастаноўку абарончай работы. У 1936 г. быў здзейснены конны марш Шуміліна – Мінск. Усе 32 удзельнікі марша былі адзначаныя граматамі, а 20 з іх – значкамі «За ўдарную конную работу». Атрад шумілінскіх коннікаў рыхтаваў удзельнік грамадзянскай вайны Н. Т. Шпакаў.

У канцы 1930-х гг. савецкім людзям прыйшлося брацца за зброю, каб абараніць межы сваёй Радзімы ад нападу агрэсараў. У радах Чырвонай Арміі ваявала нямала шумілінцаў. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях падчас савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг., ордэнамі Чырвонага Сцяга былі ўзнагароджаны А. І. Усцінаў – выхадзец в. Даўніны Мішневіцкага сельсавета, Ф. А. Волкаў – выхадзец в. Туркі Лявонаўскага сельсавета, І. Г. Храмцоў – выхадзец в. Чэрчыцы Лявонаўскага сельсавета.

Уступаючы ў 1940-я гады, шумілінцы былі поўныя новых задум і надзей на шчаслівае мірнае жыццё, не ведаючы, што наперадзе іх чакаюць суровыя выпрабаванні.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter