Канстанцін Долмат, не маючы дзяцей "и движимый благочестивой ревностью о поддержании православия, преследуемого уже возникшей тогда унией, с согласия и жаления своей жены Анны из дома Юрковских" запісаў на Дзяцелавіцкую Прэабражэнскую царкву свае маёнткі — вёскі Дзяцелавічы, Лулінец і Мелясніцу разам з жыхарамі. У дароўным запісе была пастаўлена ўмова, каб кіева-пячэрскія манахі заснавалі ў Дзяцелавічах мужчынскі манастыр, падпарадкаваны Канстанцінопальскаму патрыярху і Кіеўскаму мітрапаліту.
Паміж 1622 і 1625 гг. адбылося ўзвядзенне манастыра. "Назву сваю гэты манастыр мае па сялу Дзяцелавічы, пры якім і пры рацэ Малай Цне становішча сваё мае, будучы абкружаны лясамі і балотамі. Начальства там здаўна ігуменскае, але калі дакладна і кім зацверджана, аб тым звестак няма... Царква там стаіць у імя Прэабражэння Гасподняга, драўляная, новая, іншыя манастырскія будынкі, а менавіта келляў для настаяцеля і браціі — дзесяць, паварня з пякарняю, амбара для хлеба і ўтрымання харчовых прыпасаў, хлявы і канюшні — усе драўляныя".
Поўная назва манастыра — Новапячэрскі (таму што заснаваны манахамі Кіева-Пячэрскай лаўры) Дзяцелавіцкі Прэабражэнскі мужчынскі манастыр.
У 1645 г. у манастыра ўзнікла спрэчка з уладальнікам Кажан-Гарадка графам Тарнаўскім з горада Тарнава аб размежаванні ўладанняў. Каб вырашыць пытанне канчаткова, у вызначаны час павінны былі сустрэцца ігумен манастыра і граф. Аднак, як сведчыць запіс у "кнізе градской Пінскай"; сустрэча была адкладзена, таму што граф Тарнаўскі выбраны паслом: у Варшаўскі сейм. "Аб'яву аб гэтым генерал павета Пінскага ўваткнуў пры сведках у вароты вялікія ўязныя Дзяцелавіцкага манастыра". Паведамляючы аб адмене сустрэчы мітрапаліту Магілу, ігумену і капітулу манастыра, генерал дзейнічаў на падставе заявы кажан-гарадоцкага старасты Ігнатовіча, які атрымаў ліст ад гаспадара свайго Тарнаўскага і па распараджэн ні "ўрада градскага ў замку гаспадарскім Пінскім і старасты Пінскага кня я Альбрэхта Станіслава Радзівіла". Нажаль, невядома, чым закончылася спрэчка аб размежаванні.
У адной з "Выпісак з кніг градскіх Пінскіх года 1647" утрымліваецца скарга на мешчаніна віленскага, "дзяржаўца кажан-гарадокскага Факенду", які выслаў "атрад баяр і людзей службовых з 100 чалавек на конях" са зброяй, косамі, бердышамі і віламі на манастырскія палі. Ва ўрочышчах Манцаў Дубок і Табарова Ніва манахі пасеялі грачыхі "13 бочак меры клецкай lля харчавання ўбогіх шпіталя манастырскага". На гэтыя палі і быў зроблены наезд — грачыху вытапталі коньмі, скасілі, збілі бердышом і кіямі. З-за адсутнасці настаяцеля манастыра скаргу склаў манастырскі служачы, які падпісаўся: "Гладкі — ураднік Дзяцелавіцкі і Лулінецкі". Скарга была праверана генералам Пінскага павета і запісана ў адпаведную кнігу.
Праваслаўны святар Тэадор Васілевіч, які быў архімандрытам Слуцкага манастыра і адначасова — ігуменам Дзяцелавіцкага манастыра, узяў у заклад за 50 тысяч злотых сяло Лунін у Мікалая Друцкага-Любецкага і яго жонкі Крысціны Сцяцкевіч. У 1668 г. паміж імі пачаўся канфлікт з-за ўмоў і тэрміну закладу. Ён цягнуўся нават у 1678 г., калі не было ў жывых ні айца Васілевіча (вядома, што ў 1678 г. мітрапаліт грэчаскі Макарый Лігарыт пахаваў у Дзяцелавіцкім манастыры Беларускага епіскапа і Слуцкага архімандрыта Ф. Васілевіча, які памёр у Любліне), ні князя Любецкага.
Тэадор Васілевіч меў клопаты не толькі з уласнікамі Луніна на чале з Кіева-Пячэрскай лаўрай, якая мела права апекі над манастыром. У час вайны з казакамі і Расіяй у лаўру былі вывезены дакументы гэтага манастыра, якія згарэлі там у 1667 г. Пасля вайны, у 1669 г., новы кароль Рэчы Паспалітай Міхаіл Вішнявецкі пацвердзіў правы лаўры на Дзяцелавічы і Лулінец. Між тым фактычна манастыр апынуўся над кантролем Слуцкага манастыра, архімандрытам якога быў Васілевіч. Напэўна, гэтым і выкліканы наступныя падзеі: у 1670 г. архімандрыт Пячэрскай лаўры Інакенцій Гізель гвалтоўна наехаў на Дзяцелавічы і Лунінец, прычыніўшы шкоду на 4 тысячы злотых. Суд, аднак, падтрымаў Васілевіча і вынес пакаранне Гізелю.
У 1860 г. настаяцелем Дзяцелавіцкага манастыра быў ігумен Серапій Палхоўскі, будучы архімандрыт Слуцкі. У кнізе "Гісторыя Мінскай епархіі" ёсць апісанне ўладанняў манастыра, зробленае па старых дакументах: "Пры Дзяцелавіцкім Прэабражэнскім манастыры ёсць маёнтак наступны: сяло Дзяцелавічы, дзе, па апошняй рэвізіі, душ мужскога пола 304, жаночага 299, а ўсяго 603 душ, сяло Мелясніца, дзе мужскога пола 24, жаночага 16, а ўсяго 40 душ. Далей паведамлялася, што 12 сакавіка 1676 г. польскі кароль Ян III пацвердзіў, што перададзеныя К. Долмату вёскі па-ранейшаму належаць манастыру. Манастыр меў 808 валок зямлі (1 валока роўная 16,8 гектара).
Манастыры ў той час былі своеасаблівымі цэнтрамі аб'яднання праваслаўнага насельніцтва, сюды нярэдка хаваліся ад гневу памешчыкаў прыгонныя сяляне, хоць не заўжды паспяхова. У 1702 г. у манастыры былі знойдзены дзве беглыя сям'і з в. Навасады, якую ўзяў у ваяводы навагрудскага Несілоўскага нейкі Шмідт. Ён і выявіў сем'і ў манастыры. Туды быў накіраваны ўпаўнаважаны ваяводы Міхаіл Вінкевіч, які даў ігумену манастыра Бувайле распіску, што "Шмідт без перашкод адабраў у манастыра сем'і Сасноўскіх і Давідовічаў, якія назваліся падданымі насадскімі і якіх ён як беглых і шукаючых хлеба атрымаў з усёй іх рухомай маёмасцю... дадзена ў Дзяцелавічах 1702 г.". Да польскага тэксту па-руску дапісана: "Распіска Дзяцелавіцкаму манастыру ў адабранні людзей былых ад шукаючых іх памешчыкаў".
Настаяцелямі манастыра былі: з 1705 г. — ігумен Мадэст Ільініцкі, з 1723 г. — ігумен Мялецій, які пасылаў двух іераманахаў з паслушнікамі ў Давід-Гарадоцкую пратапопію для агляду благачынія ў сельскім духавенстве і для збору сталовых грошай.
Ігумен Іанікій, узначаліўшы манастыр у маі 1747 г., тут жа пачаў адстойваць зямельныя валоданні манастыра, уступіў у судовыя спрэчкі з суседнімі памешчыкамі, якія квапіліся на іх. Праз год ён скардзіўся ў Свяцейшы Сінод у Санкт-Пецярбург, што 17 год цягнецца пазямельная справа манастыра з памешчыкам Долматам, які захапіў манастырскія ўгоддзі. Ігумен нават ездзіў у Варшаву, але ў шляхціца-католіка (ён быў далёкім нашчадкам па адной з галін фаміліі заснавальніка манастыра) там паўсюль былі сябры. У выніку мінскі трыбунал адклаў справу на няпэўны тэрмін і забараніў звяртацца ў іншыя судовыя інстанцыі пад пагрозай пазбаўлення манастыра ўсіх валоданняў.
У 1748 г. кажан-гарадоцкі шляхціц Шчыт захапіў у манастыра значную частку палёў, сенажацяў, участкаў рыбнай лоўлі. Суд, стоячы на бароне памешчыкаў-католікаў, адклаў справу на няпэўны тэрмін. Шчыт тым часам вырашыў адпомсціць манастыру за перадачу справы ў суд. Восенню ігумен Іанікій па справах манастыра са світай накіроўваўся ў Кіеў. Шчыт, даведаўшыся аб шляху ігумена праз свае валоданні, пасадзіў на лясной дарозе некалькі прыгонных, якія па яго загаду напалі на ігуменскі абоз, абрабавалі яго, збілі асоб, суправаджаючых ігумена. За гэтыя злачынныя дзеянні ніхто не панёс ніякай кары.
Захаваўся датаваны снежнем 1753 г. сінодзік Дзяцелавіцкага манастыра пад загалоўкам "Синодик или собрание душ, то есть имен Христиан Православных усопших в надежде воскрешения живота вечного, обеего пола, всякого чина Духовного и Мирского, Милостивых благодетелей и увкладчиков в церкве Преображения Господня в монастыре Дятеловичском составлен и написан своеручным трудом иеромонаха Дионисия Вороновского" (у той час — настаяцеля манастыра). Пасля "Прадмовы да чытальніка" на 41 аркушы былі запісаны імёны для памінання. Спіс кімсьці рэгулярна папаўняўся да канца XVIII ст. Пачыналіся памінальныя спісы імёнамі патрыярхаў Нікана, Іаакіма, Адрыяна. Далей ішлі цары і царыцы. Не забыты быў і род заснавальніка манастыра К. Долмата. Далей пералічваліся мітрапаліты, архімандрыты, епіскапы і агульнае "памінавенне ўсіх чэстных іераманахаў святых абіцеляў нашых Кіева-Пячэрскіх і Дзяцелавіцкіх" з пералічэннем усіх вядомых да таго часу ігуменаў і намеснікаў манастыра: Васіль Пялкевіч, Павел Усовіч, Гедэон Ажаркоўскі, Мадэст Ільнецкі, Сільвестр Валковіч, Аліпій Асманецкі, Лявонцій Бункевіч, Іаанікій Юркевіч, Іусцін Зверакі, Інакенцій Буткевіч, Руф Дунаеўскі, Іусцін Васілевіч, Павел Усовіч, Манасій Паграбенскі, Сілуян Азерскі, Дарафей Ісаевіч. У запісе за 1755 г. прыгадваецца ігумен М. Бувайла, за 1766 г. — духоўнік дзяцелавіцкі Мяленцій, за 1768 г. — ігумен Феактыст Яворскі. У 1792 г. запісаны Кіпрыян Астроўскі, кафедральны намеснік і першы член Слуцкай духоўнай кансісторыі, у 1800 г. — Іоасаф, у 1823 г. — архімандрыт Маркіян. Памінаюцца таксма многія дваранскія рады з Давыд-Гарадка, Слуцка, Лахвы, Кажан-Гарадка, а таксама дзяцелавіцкія кцітары (царкоўныя старасты) Дашкевіч і Яцыніч 3 пачатку XIX ст. да 1850 г. У сінодзіку былі зроблены некалькі запісаў. Апошні з іх: "Памяні, Госпадзі душу рабы твоя графіні Ганны Аляксееўны Арловай-Часменскай за ахвяраванне ёю 5 тысяч рублёў Пінскаму Богаяўленскаму манастыру" (да яго быў прыпісаны Дзяцелавіцкі манастыр у 1842 г.).
У архівах Свяцейшага Сінода ў Пецярбургу выяўлена скарга князёў Друцкіх-Любецкіх, датаваная 1762 г., аб наездзе на іх валоданні дзяцелавіцкіх манахаў.
Па ведамасці 1768 г., манастыр лічыўся ў Кіеўскай епархіі, а да 1786 г. — у валоданні Кіева-Пячэрскай лаўры, таму што ў Рэчы Паспалітай не было праваслаўных епархій.
Манастыр быў невялікім ачагом культуры ў лясістым, балоцістым і бездарожным кутку Палесся. Сярод манахаў былі высокаадукаваныя людзі. Вядома, што два іераманахі Дзяцелавіцкага манастыра, Раман (з 1796 г.) і Маркіян (з 1809 г.), былі запрошаны на пасады настаўнікаў у Мінскую духоўную семінарыю. У манастыры меліся даволі вялікая бібліятэка старажытных рукапісных і друкаваных кніг, пераплётная майстэрня, майстэрні па рамонту і абнаўленню царкоўнага посуду, невялікія іканапісная майстэрня, "шпіталь", у якім манахі лячылі сродкамі народнай медыцыны не толькі сваіх сабраццяў, але і жыхароў навакольных вёсак.
Пасля далучэння Лунінеччыны да Расіі Дзяцелавічы і Лунінец па-ранейшаму засталіся ў валоданні манастыра. Для папаўнення сваёй казны манастыр здаваў у арэнду асобныя пабудовы і цэлыя вёскі. У справаздачы за 1798 г. адзначалася: "Пры сяле Дзятлавічы карчма з млынам адпускаецца ў арэнду з плацяжом у манастыр у год па 200 рублёў. Сёлы ж Лунінец і Мелясніца таксама адпускаюцца па кантракту ў арэнднае ўтрыманне з плацяжом у манастыры штогод па 800 рублёў". У пачатку XIX ст. сума арэнды за гэтыя дзве вёскі ўзрасла да 900, а потым да 1100 рублёў. Да 1812 г. манастыр толькі за адну карчму атрымліваў 600 рублёў срэбрам штогод. А яшчэ ён меў "пільню", кузню і пасеку. Уся гэтая гаспадарка прыносіла значны прыбытак. У 1798 г. манастыр меў капітал у суме 500 рублёў, да 1805 г. гэтая сума склала больш як 1 тысячу, а да 1811 г. — больш як 4,5 тысячы рублёў. Жыхары Дзяцелавіч грашовых падаткаў манастыру не плацілі, а толькі пачаргова апрацоўвалі манастырскую ворную зямлю і сенажаці.
У Мінскай епархіі Дзяцелавіцкі манастыр лічыўся адным з першых, таму быць яго настаяцелем было пачэсна і прыбыткова. Адзін з дакументаў сведчыць: "Ігумен Кіпрыян Астроўскі прызначаны 11 лістапада 1792 г. у самы багаты манастыр епархіі — Дзяцелавіцкі, былы настаяцель якога Мяленцій памёр". У памочнікі мінскаму епіскапу Віктару быў прызначаны ў 1794 г. архімандрыт Варлаам, аб чым паведамлялася: "Свяцейшы Сінод пажадаў вызначыць яго ў багаты і лепшы манастыр епархіі Дзяцелавіцкі, адзіна багаты сярод мноства збяднеўшых". Той жа епіскап Віктар у адным з данясенняў у Сінод пісаў, што манастыр "ад продажу гарачага віна (гарэлкі), рыбы з манастырскіх азёраў, рознай жывёлы і рознай драўніны з пушчы мае час ад часу ў год да 2000 рублёў і ў іншым адносна эканоміі паміж манастырамі ёсць найкарыснейшы".
У 1795 г. у в. Дзяцелавічы налічвалася 64 двары, меўся лесапільны млын.
Грошы, што паступалі ад арандатараў, выкарыстоўваліся на жалаванне настаяцелю, служачым і браціі манастыра, на посуд, адзенне, на ўсякія падаткі па загадах і на пакупку некаторых харчовых прыпасаў. Усе даходы і расходы заносіліся ў спецыяльныя кнігі, але гэта не пазбавіла манастыр ад фінансава-эканамічнага скандалу. Уступіўшы ў валоданне Мінскай епархіяй, архіепіскап Іоў вывучыў становішча ўсіх манастыроў і ўсякімі распараджэннямі перавёў самы багаты з іх у сваё асабістае карыстанне. У той час у манастыры былі 2 ігумены, але яны былі адлучаны ад кіравання, хаця фармальна выконвалі гэтую функцыю. Кіраваў жа манастыром Іоў праз сваіх людзей — эканома іерадыякана Міну і былога "канюшага" венгра Івана Мартынавіча. Мінуючы ўсе ўлады, яны самі заключалі кантракты на арэнды. Пры Іове карчма трапіла да арандатара — яўрэя-прайдзісвета, які доўга не пагаджаўся вярнуць яе, а потым збег, не заплаціўшы доўг манастыру.
Сваёй асабістай уладай Іоў дазваляў высякаць і прадаваць манастырскі лес, гнаць дзёгаць і шкіпінар, лавіць рыбу ў манастырскіх азёрах. Сам ён атрымліваў з манастырскіх лясоў шкуры дзікіх вепраў, ласёў, мядзведзяў, коз, ваўкоў, вавёрак і іншых звяроў. 3 манастырскай касы ён пад працэнты раздаваў памешчыкам манастырскія грошы, шмат з гэтых даўгоў потым манастыр не здолеў вярнуць. Але шматлікія скаргі на Іова зрабілі сваю справу, яго забралі з епархіі і прымусілі вярнуць у касу манастыра 5 тысяч рублёў.
Пасля адыходу Іова манастыр зноў палепшыў сваё становішча, здолеў вярнуць частку капіталаў, што была аддадзена пад працэнты, і ў выніку займеў свабодны капітал у 9 тысяч рублёў. Начальства манастыра не ведала, куды змясціць іх з найбольшым прыбыткам. А тым часам гістарычныя падзеі ўнеслі свае карэктывы ў імкненне манахаў разбагацець.
Манастыр не падвергся нашэсцю французаў, але вайна закранула яго. Есць звесткі, што ў манастырскім шпіталі знаходзіліся некалькі параненых рускіх воінаў.
7 ліпеня 1812 г. французы ўвайшлі ў Слуцк. Захопнікі рабавалі горад, яго жыхароў, храмы, лаўкі. Была разгромлена і багатая па тым часе біблія тэка Слуцкай духоўнай семінарыі. Па словах відавочцы, французы на вогнішчах з кніг варылі ежу. Частку кніг удалося схаваць у адным з падвалаў царквы Слуцкага Троіцкага манастыра, але многія сапсаваліся ад вільгаці. Захаваліся кнігі, што былі на руках выкладчыкаў і семінарыстаў. Іх сабраў студэнт Ф. Смоліч і тайна вывез у Дзецелавіцкі манастыр да свайго брата — свяшчэнніка І. Смоліча.
А яшчэ да вайны манастыр на працягу некалькіх год забяспечваў харчаваннем, а іншы раз і грашамі калектыў Слуцкай духоўнай семінарыі (бо быў прыпісаны да Слуцкага Святатроіцкага манастыра). Незадоўга да пачатку вайны выкладчыкі і студэнты семінарыі звярнуліся ў Мінскую епархію з просьбай аб павелічэнні ім утрымання. У пачатку сакавіка 1812 г. віцэ-рэктар семінарыі пратаіерэй Іван Лойка звярнуўся да новага кіраўніка епархіі епіскапа Серафіма з той жа просьбай: "...па курсу на асігнацыі, які ўпаў, выкладчыкі семінарыі да таго даведзены, што не толькі харчавацца, але і стала ні за што наняць не могуць, а ў вучняў, што на казённым кошце, становішча вельмі сумнае, бо не толькі прыстойнага адзення, але і ежу самую скудную маюць".
Далей гаварылася, што штатнай сумы ў 6 тысяч рублёў на ўтрыманне студэнтаў, якія вернуцца "по вакациях" да новага навучальнага года, не хопіць. Пры разглядзе гэтай заявы ў епархіі спаслаліся на завяшчанне заснавальніка манастыра К. Долмата, у якім ён пастанавіў, "чтобы из доходов оного монастыря всегда содержимо было по 12 монашествующих, по 12 вдов и 12 сирот, коих последних и обучать". У манастыры ж у гэты час былі ўсяго 2 іераманахі і адзін белы (г. зн. звычайны) свяшчэннік "для истребления по приходу треб", манахаў жа не было, таму прыбыткі манастыра і грошы, якія засталіся ад утрымання, маглі быць аддадзены семінарыі. На падставе завяшчання і распараджэння епіскапа Серафіма было прапанавана "благочестивому Дятеловицкому монастырю" адпусціць семінарыстам пад распіскі рознага роду харчовых прыпасаў. Тады манастыр выдзеліў: жыта — 15 чвэрцяў, круп — 4 чвэрці 5 чацверыкоў, мяса — 12 пудоў, рыбы "вялой" — 9 пудоў, масла каровінага — 1 пуд 12 гарнцаў, сала - 1 пуд, алеяў — 1 пуд. Прафесару выдзялялася 2 чвэрці жыта, 4 чацверыкі круп, 3 пуды ялавічыны, 3 гарнцы масла, 1 пуд рыбы "вялой или свежепросольной"; на трох выкладчыкаў — 3 чвэрці жыта, 1 чвэрць і 1 чацвярык круп, 6 пудоў ялавічыны, З гарнцы масла каровінага, 6 пудоў рыбы "вялой". Семінарысты атрымалі: 10 чвэрцяў жыта, 3 чвэрці круп, 3 пуды ялавічыны, 2 пуды рыбы "вялой", 1 пуд сала. З манастырскіх запасаў былі выдадзены і іншыя прадукты - пшанічная мука, проса, гарох, бараніна яйкі (8 соцень на трох выкладчыкаў), сыры, гарачае віно (гарэлка) — 14 вёдзер (на год). Усе гэтыя прадукты семінарыя атрымлівала на працягу года. Чвэрць — старая руская мера аб'ёму сыпучых цел якая ўтрымлівае ў сабе 8 чацверыкоў — каля 210 літраў. Чацвярык раўняецца 26,239 літра, гарнец — 3,28. Прымяняліся ў Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы.
Вынікі Айчыннай вайны 1812 г. — спаленыя гарады і вёскі, разбураная гаспадарка, неўраджайны год — усё гэта паўплывала на жыццё Слуцкай семінарыі і Дзяцелавіцкага манастыра. Не было чым плаціць выкладчыкам, не было за што аднаўляць разбураныя будынкі. Вырашылі "взять взаймы потребное количество средств из наличных денег Дятловицкого монастыря и удовлетворить всех в счет жалованья, а по получении возвратить монастырю". Але ў сакавіку 1813 г. рэктар семінарыі дакладваў Свяцейшаму Сіноду, што грошай на капітальную перабудову семінарыі, на жалаванне выкладчыкам няма, таму што "в Дятеловицком монастыре не оказалось свободной суммы". Раздача ў вялікай колькасці прадуктовых і грашовых сродкаў з манастыра вяла да яго паступовага збяднення. Прадуктаў і грошай станавілася ўсё менш. Намеснік Дзяцелавіцкага манастыра ігумен Іасафат даносіў у Мінскую епархію архімандрыту Ісаіі, што манастыр можа адпусціць для выкладчыкаў семінарыі не ўсе прадукты, што выдзяляліся раней, па прычыне эпідэміі і паморку жывёлы і птушкі будуць адсутнічаць ялавічына, бараніна, масла і яйкі. Па вопісу маёмасці манастыра ў 1814 г. налічвалася: 59 галоў буйной рагатай жывёлы, 20 авечак, 9 коз, 38 свіней, 40 птушак, 6 коней. Акрамя хлебных, было вельмі мала іншых запасаў. Нягледзячы на тое, што манастыр павінен быў забяспечваць семінарыю прадуктамі да 1815 г., выдача іх, хаця і ў паменшанай колькасці, працягвалася да 1817-га.
У 1818 г. царскім загадам Мінская духоўная семінарыя (пераехаўшая ў Мінск Слуцкая семінарыя) была пераведзена ў першы разрад "с правом получения ею от Дятеловицкого монастыря сырых продуктов для учителей и учеников".
У 1823 г. на беразе ракі Цна ў вёсцы была пабудавана драўляная Прэабражэнская царква.
Манастыр паступова бяднеў. Будынкі, царква патрабавалі капітальнага рамонту. Працавалі некалькі служачых, а манахаў зусім не было. У 1826 г. манастыр быў выведзены з-пад архімандрыцкага ўпраўлення, атрымаў самастойнасць, або "был сделан архимандрией". Цяпер усе прыбыткі заставаліся на месцы, але яны ўжо не маглі аднавіць былой велічы Дзяцелавіцкага манастыра. Частка бібліятэкі была перададзена ў Слуцкі Троіцкі манастыр і семінарыю (у верасні 1840 г. Слуцкая духоўная семінарыя пераехала ў Мінск), частка архіву — у Пінскі Багаяўленскі манастыр , частка царкоўнага посуду была пакінута Дзятлавіцкай царкве. Пакуль не выяўлена, што сталася з манастырскімі млыном, карчмой, кузняй, "пильней". А ў 1848 г. манастыр пазбавіўся свайго валодання — вёскі Лулінец. Яна стала дзяржаўнай (казённай), прыкладна ў гэты ж перыяд казённымі сталі і Дзяцелавічы. Па шэрагу вышэй названых, а таксама невядомых прычын у 1855 г. было прынята рашэнне аб закрыцці Дзяцелавіцкага манастыра, праіснаваўшага 233 гады.
Подробнее...