З гісторыі Ганцавіч

Узнікненне і развіццё Ганцавіч было звязана з будаўніцтвам у другой палове ХІХ ст. чыгуначнай лініі Лунінец — Вільня, рух паяздоў па якой пачаўся ў 1884 г., тады ж была заснавана чыгуначная станцыя Ганцавічы (назва дадзена ад наймення суседняй вёскі).

Каля станцыі пачало фарміравацца паселішча. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. тут працавалі паштовае аддзяленне, лесапільня, смалакурня, шкляны завод Вільгельма Краеўскага і Юліўса Столе, на якім выраблялі аконнае, люстраное, так званае бемскае (багемскае), шкло.

На пачатку ХХ ст. чыгуначная станцыя адгружала штогод каля 130 тысяч пудоў лясных грузаў. У час рэвалюцыі 1905-07 гг. тут вялі прапаганду, распаўсюджвалі нелегальную літаратуру члены Лідскай арганізацыі РСДРП. У 1909 г. чыгуначная станцыя Ганцавічы налічвала 48 двароў і 376 жыхароў (разам з пасадам), належала да Круговіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. У гэтым жа годзе са станцыі Ганцавічы было адпраўлена больш за 45 тысяч пудоў шкляных вырабаў.

Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. У лютым 1918 г. Ганцавічы былі акупіраваны германскімі войскамі, у сакавіку 1919 г. — буржуазнай Польшчы. Савецкая ўлада аднаўлялася ў снежні 1918 — сакавіку 1919 гг. ў ліпені — жніўні 1920 г. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 18.03.1921 г.

Ганцавічы ў складзе Польшчы. Паводле перапісу 30.09.1921 г. Ганцавічы — мястэчка Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства, 193 дамы, 1015 жыхароў (496 мужчын і 519 жанчын). У сакавіку-красавіку 1933 г. тут адбылася забастоўка грузчыкаў лесу. Дзейнічала ячэйка КПЗБ. У 1935 г. 2300 жыхароў.

З 1939 г. ў складзе БССР. З 15.01.1940 г. — гарадскі пасёлак, цэнтр Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці. У 1940 г. налічвалася 490 двароў, 2690 жыхароў працавалі лесазавод, млын, электрастанцыя, шавецкая, кравецкая, мэблевая, абозная, смалярная майстэрні, стружачны завод, кінатэатр, бальніца, амбулаторыя, няпоўная сярэдняя школа, 2 сталовыя.

У Вялікую Айчынную вайну з 30.06.1941 г. Ганцавічы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На тэрыторыі раёна дзейнічалі Ганцавіцкія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады — імя Леніна, імя Панамарэнкі, 12-я кавалерыйская імя Сталіна. Вызвалены 07.07.1944 г. войскамі 89-га стралковага корпуса 61-й арміі 1-га Беларускага фронту і партызанамі брыгады імя Леніна Пінскага злучэння ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г.

З 08.01.1954 г. Ганцавічы — цэнтр раёна Брэсцкай вобласці. Паводле перапісу 1959 г. 3448 жыхароў. З 25.12.1962 г. ў складзе Ляхавіцкага раёна, з 30.07.1966 г. зноў цэнтр раёна. Паводле перапісу 1970 г. 4882 жыхары. З 06.12.1973 г. — горад. У 1998 г. 16,1 тысяч чалавек.

У горадзе працуюць камбінат панельнага домабудавання, хлебазавод, леспрамгас, лясгас, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва. Дзейнічаюць Дом быту, сувязі, Дом культуры, кінатэатр, гасцініца, дзве бібліятэкі (адна з іх дзіцячая), Дом піянераў і школьнікаў, вузел сувязі, два аддзялення паштовай сувязі, Дом рамёстваў, метэаралагічная і санітарна-эпідэміялагічная станцыі, бальніца, паліклініка, гімназія, тры сярэднія агульнаадукацыйныя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, дапаможная школа-інтэрнат, сярэдні прафесійна-тэхнічны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, дзявяць дзіцячых дашкольных устаноў, міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат, шэраг магазінаў і спартыўных пляцовак. Выдаецца раённая газета «Савецкае Палессе». Царква, касцёл, малітоўныя дамы.

На ўсходняй ускраіне горада, ва ўрочышчы Горкі ў 1967 г. насыпаны Курган Славы на ўшанаванне памяці 8 тысяч жыхароў Ганцавіцкага раёна, якіх загубілі нямецка-фашысцкія захопнікі, і 844 землякоў — воінаў Савецкай Арміі і партызан, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На вяршыні кургана ўстаноўлены чатырнаццаціметровы абеліск.

На старых гарадскіх могілках пахаваны Герой Сацыялістычнай Працы Віктар Паўлавіч Шапавал (1936-94 гг.).

4 верасня 2011 года ў Ганцавічах прайшло рэспублікаснкае свята Дзень беларускага пісьменства. Да яго ў гарадскім скверы быў усталяваны геральдычны знак. Па вуліцы Кастрычніцкай была створана алея пісьменства ў пачатку якой усталяваны памятны знак Дня беларускага пісьменства, на працягу таксама два помнікі "Літаратурны гонар Ганцаўшчыны". Алею пісьменства завяршае фантан і помнік Якубу Коласу.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter