З гісторыі Лахаўкі

Пачатак існавання маёй роднай Лахаўкі ляжыць недзе ў далёкай і неразгаданай мінуўшчыне. Калі ўпершыню ступіла нага чалавека на гэтыя пясчаныя ўзгоркі, што згубіліся сярод топкіх балот і дрымучых лясоў і на якіх цяпер раскінулася вёска – хто ведае. Толькі меткамі дзён, што адышлі ў нябыт, з’яўляюцца курганы і стаянкі эпохі неаліту ва ўрочышчах Сава і Селца і каменныя прылады працы, знойдзеныя ў ваколіцах вёскі (урочышчы Сава, Падмесінне, Дзімашоў, Оўдзіцак).

Значна больш познія падзеі – нашэсце мангола-татараў – ярка адвобразіліся ў паданнях, з якіх вынікае, што лахаўчане іншы раз здзяйснялі гераічныя ўчынкі ў барацьбе з чужаземцамі. Тыя ж паданні распавядаюць, што Лахаўка неаднаразова знішчалася, а жыхары ці таксама былі знішчаны, ці забраны ў няволю. А пра набегі татараў-крымчакоў сведчаць не толькі паданні ды народныя песні, што захаваліся да нашага часу, але і назвы ўрочышчаў: Татарскія Брады, Татарскія бервы, Месіна.

Вёска Лахаўка ўзнікла на выгадным у тыя даўнія часы месцы: на рацэ Лахва (цяпер Смердзь, а гэта быў водны шлях з Давыд-Гарадка ў Лахву) і пры ажыўленай сухапутнай дарозе, зноў-такі якая вяла з поўначы праз Лахву ў Давыд-Гарадок і далей у Тураў ці нават у Кіеў. Гэта была дарога гандляроў, чумакоў і паломнікаў. Таму і не дзіўна, што Лахаўка разрасталася, шырылася і набыла статус другой Лахвы, ці, як яе называлі, Малой Лахвы.

Ёсць, праўда, і паданне пра з’яўленне назвы вёскі.

Ў тыя даўнія часы ў гэтых мясцінах былі вялікія лясы. І тут пасяліўся ляснік. Ажаніўся на лахаўцы – дзяўчыне з Лахвы. У іх нарадзілася многа дзяцей. Але сталася так, што ляснік памёр, і лахаўка сама гадавала дзяцей. Падрасталі сыны, жаніліся, тут жа будавалі хаты. Вёсачка расла. А лахаўка стала шаноўнай жанчынай. І ці то ехалі сваякі ў госці, ці то ішлі ды ехалі падарожныя людзі, то спыняліся, вядома, тут, у лахаўкі. І паселішча назвалі Лахаўкай.

У пісьмовых крыніцах першыя звесткі пра Лахаўку датуюцца 1493 годам, калі вялікі князь Аляксандр падараваў Лахву троцкаму ваяводзе Пятру Янавічу Мантыгірдавічу. У склад воласці ўваходзіла і Лахаўка. У 1588 годзе Малая Лахаўка – ўласнасць Мікалая Крыштафа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы. У 1672 г. у Малой Лахаўцы – 30 двароў і 18,5 валок зямлі, з якіх 6 пустых. А яшчэ згадваецца, што ў 1795 годзе ў вёсцы налічвалася 45 двароў.

Аб тым, што Лахаўка – вёска даволі старажытная, сведчаць старыя могілкі, што захаваліся ў выглядзе ўзвышша ў самым цэнтры вёскі.

Жылі лахаўчане, як і ўсе жыхары навакольных вёсак: спрадвеку займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, збіральніцтвам, рыбнай лоўляй і бортніцтвам. Працавалі шмат, а жылі бедна. Зведалі прыгон. Спазналі вяскоўцы казацтва, ваенныя ліхалецці, хваробы і моры. Мяняліся паны, ўлады, дзяржаўны лад. Але ні адна ўлада не клапацілася пра дабрабыт сялян. Спрадвеку ў мужыцкіх сем’ях панавала беднасць. У адной з народных песень спяваецца: “Якая зямля тут – пясок ды балота, такая і доля – басота галота”. І нездарма ў пачатку ХІХ стагоддзя многія жыхары Лахаўкі паехалі ў Амерыку ў пошуках лепшага жыцця. Шмат хто і не вярнуўся на радзіму.

Ды як бы там ні было, жыццё ўносіла свае карэктывы, паступова ішоў прагрэс.

У 1914 годзе мясцовыя сяляне на свае сродкі адкрылі школу. З суседняй вескі Любань былі запрошаны адукаваныя хлопцы Іван Мікалаевіч Караніха і Андрэй Рыгоравіч Шэўчык, якія за невялікую плату (3 рублі ў месяц за вучня) навучалі вясковых дзетак грамаце. Вучылася да 30 дзяцей.

Напярэдадні першай сусветнай вайны, у часы сталыпінскай рэформы, з’явіліся першыя адрубы і хутары. Масавая хутарызацыя адбылася пазней, у 1928 годзе, ужо пры ўладзе буржуазнай Польшчы. Справа ў тым, што ў тыя часы вясковыя хаты мясціліся скучана, у дзесяці кроках адна ад другой, што вельмі небяспечна ў выпадку пажару, ды яшчэ пры ўліку, што стрэхі былі саламяныя ды з чароту. І ў сярэдзіне дваццатых гадоў адбыўся пажар, у выніку якога згарэла дзве вуліцы, а ў 1928 годзе агонь вынішчыў паўвёскі. У тыя гады польскімі ўладамі праводзілася масавае рассяленне сялян з вёсак на хутары. Гэты працэс закрануў і Лахаўку.

Жыццё ў час польскай акупацыі старэйшыя лахаўчане ацэньваюць станоўча: вёска расла, спраўлялася шмат вяселляў, будавалася шмат дамоў; шырыўся гандаль, павышалася культура быту і земляробства.

Менш значным у памяці людзей засталося жыцце пры “тых Саветах” – г. зн. у перадваенны савецкі перыяд. Затое Вялікая Айчыная вайна чорнай бядой прайшла праз лёсы лахаўчан. За тры гады акупацыі было расстраляна ці загінула ў нямецкіх лагерах, ці ў партызанах больш за 20 чалавек. Шмат жыхароў Лахаўкі было вывезена ў Германію прымусова. 48 вяскоўцаў загінула на фронце.

Наш зямляк Іван Аляксеевіч Калянковіч, пятнаццацігадовы юнак, разведчык атрада імя Сталіна, загінуў 22.06.1944 г. пры выкананні баявога задання, паўтарыўшы подзвіг Марата Казея. Імя юнага героя носіць піянерская арганізацыя Любанскай СШ.

У першыя пасляваенныя гады, калі пачалася калектывізацыя ў Заходняй Беларусі, у Лахаўцы былі створаны 2 калгасы: “Сцяг камунізму” і “Чырвоная зорка”, якія пазней аб’ядналіся ў адзін – “Новае Палессе”.

З 1959 г. пачалося перасяленне жыхароў з хутароў у вёску. Вёска раскінулася з поўдня на поўнач працягласцю ў 6 кіламетраў. Атрымалася дзве часткі: непасрэдна сама Лахаўка і Бродкі – новае пасяленне, сфарміраванае з хутарскіх гаспадарак.

Самы росквіт вёскі прыпаў на 60-70-я гады XX стагоддзя. Вёска звінела вяселлямі і наваселлямі, з’явілася шмат мнагадзетных сем’яў. Насельніцтва ўзрасло да 900 чалавек. Калгас “Новае Палессе” (у адной лучнасці з в. Любань, Перунова, Барсукова) дасягнуў высокіх вынікаў ва ўсіх сферах сельскай гаспадаркі. Шмат працаўнікоў-лахаўчан сталі ардэнаносцамі, медалістамі за высокія вытворчыя паказчыкі.

Узрасла культура вёскі: дзейнічалі 2 пачатковыя школы, два дзіцячыя садкі, бібліятэка, ФАП, 2 магазіны, лазня, пабудавана шмат шыкоўных дамоў.

Напрыканцы XX стагоддзя колькасць жыхароў у вёсцы знізілася па тых жа сацыяльных і дэмаграфічных прычынах, што і ва ўсёй Беларусі. Вялікую адмоўную ролю сыграў і той фактар, што Лахаўка трапіла ў зону павышанага радыяцыйнага фону. Вёска стала неперспектыўнай. Зараз у Лахаўцы налічваецца 241 гаспадарка з 644 жыхарамі. Вёска старэе, большасць яе насельнікаў – пенсіянеры. Дзейнічаюць толькі 2 магазіны, фельчарска-акушэрскі пункт і невялічкая бібліятэка.

У даўнія часы вёску акружалі вялікія лясы, аб чым сведчаць назвы ўрочышчаў: Ліп’е, Вялікі Лес, Падуброўе, Залессе, Чача (чашча); працякалі рэчкі Смердзь (пазней змяніла рэчышча), Каніца, Трынска. Цяпер усё гэта знікла і вакол вёскі размешчаны палі, клеткі польдэра “Лахаўка” ды сетка каналаў і канаў.

Крыніца - Лунінецкі сшытак № 1

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter