З гiсторыi Лахвы

У 1493 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы, пацверджана вялікім князем літоўскім Аляксандрам. Археалагічныя даследаванні, праведзеныя ў наваколлі, датуюць тут наяўнасць жыцця яшчэ ў раннім жалезным веку — 2,5 – 1,5 тысячы гадоў назад.

 У 1518 г. Лахва (воласць Лахаўская, Ляхаўская) — маёнтак, уласнасць Станіслававай Пятровічавай Кішчынай — Зафіі Пятроўны Мантыгірдаўны — гародзенскай старасцінай, земскай маршалкавай і троцкай ваяводзянкі, якая завяшчала яго ў складзе трэцяй часткі ўсіх сваіх маёнткаў свайму сыну Пятру Станіслававічу Кішку (пасля сваёй смерці), пацверджанне гэтага акта каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам.

У 1521 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Пятра Станіслававіча Кішкі — полацкага ваяводы. У 1522 — 1524 гг. Лахва — двор, цэнтр маёнтка і сяло, уласнасць Пятра Станіслававіча Кішкі, полацкага ваяводы і дарагічынскага старасты. Ян Мікалаевіч Радзівіл — троцкі кашталян і слонімскі дзяржаўца — ад імя сваёй жонкі Ганны Станіславаўны Кішчанкі патрабаваў ад швагера выдзелу яго сястры адпаведнай часткі атчызных, мацярызных, купленых і выслужаных маёнткаў яе бацькоў. У 1523 г. у выніку пагаджэння і раздзелу ўдаве Радзівілавай Кішчанцы была перададзена, у прыватнасці, палавіна гэтага маёнтка, двор і сяло Лахва, сёлы Вельча, Заслучча, Малая Ляхаўка, Сінкевічы і 8 служб у Сітніцы, усяго 152 "дыма". Доля Пятра Кішкі (не лічачы Кормужа) склала 140 "дымоў". Агульная колькасць сялянскіх двароў па ўсёй воласці складала звыш 300 двароў. Гэты раздзел быў пацверджаны каралём польскім і князем літоўскім Жыгімонтам. У 1565 г. Лафа — маёнтак. Верагодна, у 1567 г. Ляховічы — маёнтак, уласнасць Станіслававай Пятровічавай Кішчынай — Ганны Янаўны Радзівілаўны — віцебскай ваяводзінай, сяляне-даннікі, выстаўляла ў войска ВКЛ з гэтага маёнтка 10,5 каня. У 1567 г. Лафа — маёнтак, уласнасць Мікалая Крыштофа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы, графа на Шыдлаўцу, віленскага ваяводзіча, выстаўляў у войска ВКЛ з гэтага маёнтка прыблізна 15 коней. У 1577 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, раздзел. У 1580 г. Лахаўскае — сяло Наваградскага павета, уласнасць Яна Кішкі — жамойцкага старасты. У 1581 г. Лахва — маёнтак-воласць Наваградскага павета, уласнасць М.К. Радзівіла, рэестр валочнай памеры. У 1584 г. Лахва ("Лахвенское имение") — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Крыштофа Мікалаевіча Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы — земскага маршалка ВКЛ. Ён, распачаўшы ў Нясвіжы будаўніцтва езуіцкай калегіі і касцёла, на выпадак сваёй смерці да яго заканчэння, забяспечыў апошняе вялікай сумай грошай з даходаў маёнтка Лахва — 8 тысяч коп грошаў на будаўніцтва калегіі і 4 тысячы коп грошаў на будаўніцтва касцёла. У 1586 г. Лахва — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць М.К. Радзівла, абмежаванне. У 1588 г. Лахва, Лафа — маёнтак-воласць Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Крыштофа Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы — троцкага кашталяна і Яна Станіслававіча Кішкі — віленскага кашталяна, жамойцкага і берасцейскага старасты, раздзел. У 1589 г. Лахва — мястэчка, абмежаванне. У 1590 г. Лахва — маёнтак, уласнасць М.К. Радзівіла. У 1594 г. у Лахве дзейнічае царква. У 1598 г. Лахва — маёнтак Наваградскага павета, уласнасць М.К. Радзівіла, князя на Алыцы і Нясвіжы, троцкага ваяводы. У 1599 г. Лахва, Ляхава — мястэчка ("място") маёнтка (воласці) "Лахвенскаго", або "Ляховского", Наваградскага павета, уласнасць М.К. Радзівіла князя на Алыцы і Нясвіжы, троцкага ваяводы, разгранічэнне Наваградскага і Пінскага паветаў. У 1612 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Альбрэхта Уладзіслава Мікалаевіча Радзівіла, раздзел. У 1613 г. Лахва — мястэчка.

У 1626 г. Лахва - маёнтак, уласнасць Зыгмунда Караля Радзівіла, рыцара Мальтыйскага ордэна. Лахва налічвае 169 двароў, а ўвесь Лахвенскі маёнтак — сёлы Чучавічы, Красная Воля, Баравікі, Гоцкая Лука (суч. Салігорскі раён), Вельча, Езярніца, Любачын, Любань, Малая Ляхаўка, Сінкевічы, Сітніца, Селішча і Мілавіцы (пазней зніклі), Заслучча (суч. Жыткавіцкі раён) — 800 двароў. У ходзе валочнай памеры ў маёнтку было намерана звыш 350 сялянскіх валок. Лахвенскія мяшчане карысталіся не ворыўнымі валокамі, а павялічанымі агародамі (так званымі пляцамі). Частка з іх дадаткова трымала і валокі. У 1642 г. Лахва — маёнтак, уласнасць Аляксандра Людвіга Радзівіла, а затым нашчадкаў апошняга.

Цяжка ўстанавіць, калі ў Лахве з'явіліся яўрэі. У спісах акруг Валыні і Пінска за 1623 г. сярод яўрэйскіх абшчын Лахва не ўпамінаецца, але, відавочна, яўрэі ўжо пасяліліся тут, займаліся садаводствам, гандлем рыбай і сельскагаспадарчымі прадуктамі з навакольных сёл. У 1655 г. у час вайны цара Аляксея з Янам-Казімірам царскі ваявода князь Валконскі ператварыў Лахву ў попел. У 1659 г. у Лахве знаходзіўся архімандрыт Слуцкі і ігумен Дзяцелавіцкага манастыра Феадосій Васілевіч. У адным з лістоў на імя ўпраўляючага маёмасцю Пятра Дамішэўскага даюцца ўказанні аб нарыхтоўцы прадуктаў на Жыдскім возеры (суч. Чырвонае возера ў Жыткавіцкім раёне) рыбакам вёскі Пухавічы, якім належыць з вясны рознай снасцю лавіць на карысць манастыра шчупакоў з ночы, пасля плотак, кожную ноч трэба дзяліць (улоў) папалам, каб не нанесці шкоды манастыру, большую рыбу вэндзіць... салёную рыбу пасылаць у Лахву...". У гэты ж час пры сведках генерал паказвае Феадосію Васілевічу паперу, у якой князь Міхаіл Казімір Радзівіл, кашталян Віленскі, паведамляе, што за 10 000 злотых ён купіў маёнтак Лахва і патрабуе, каб "архімандрыт азначаны маёнтак уступіў", гэта значыць пакінуў. Відавочна, "маёнтак Лахва" — гэта не самое мястэчка, а нейкая яго частка, якой дагэтуль валодаў Феадосій Васілевіч. Архімандрыт Слуцкі не пакінуў Лахву, мяркуючы па яго скарзе ад 10 кастрычніка 1662 г. Сутнасць яе наступная: у 1659 г. Радзівіл заняў у Васілевіча 20 000 злотых і даў яму ў "заставу" на 2 гады маёнтак Лахву з умовай: калі ў 1661 г. ён не верне пазыку, то маёнтак застанецца яшчэ на 2 гады ў валоданні архімандрыта, аб чым маюцца законныя дакументы. Нягледзячы на запазычанасць і дамоўленасць, князь Міхаіл Казімір Радзівіл у 1662 г. паслаў на Лахву сваіх служачых з "баярамі, зямянамі і драгунамі з граматамі, і яны сілай прымусілі Васілевіча пайсці з Лахвы, пры гэтым пагражаючы яго забіць, і затрымалі ў Лахве ўсю яго маёмасць — золата, серабро, волава (маецца на ўвазе алавяны посуд), царкоўны посуд, жывёлу, збожжа, якое было звезена з розных маёнткаў з мэтай байдаркамі перавезці ў Слуцк". Слугі князя захапілі гатовыя да адпраўкі ў манастыр лодкі з мёдам, салёнай рыбай, сушанымі грыбамі і іншымі прыпасамі, нанёсшы ўрон амаль на 15 000 злотых.

У 1672 г. Лахва налічвала 166 двароў, якія мясціліся на рынкавай плошчы (19 двароў) і ўздоўж 5 вуліц: Кажан-Гарадзецкай, Любачынскай, Рыбуньскай, Булатаўскай і Цехлінскай. Мяшчанам належала 87 валок ворыўнай зямлі. Да маёнтка належалі сёлы Любачын, Красная Воля, Любань, Малая Ляхаўка, Сінкевічы, Сітніца, Вельча, а таксама Заслучча, Малешава і Сімагошча (якія цяпер знаходзяцца за межамі сучаснай Лунінеччыны). Паншчыны ў маёнтку не было. З кожнай мяшчанскай валокі належала плаціць чынш у памеры 6 злотых і 1,8 гроша, з сялянскай — 10 злотых 8 грошаў. Дзякло вымяралася адным карцом (дзежкай прыкладна ў 120 літраў) аўса, адным возам сена, адной курыцай і 10 яйкамі. Мядовая даніна з валокі дасягала 9 бязменаў (каля 27 кг).

У першай палове XVIII ст. у якасці пасагу княжны Стэфаніі, дачкі Дамініка Радзівіла, апошняга арандатара Нясвіжскага па прамой лініі, уся Лахва перайшла да сямейства Вітгенштэйнаў. У гэты час сярод яўрэяў пачаўся рэлігійны рух хасідізм, які цяжка пракладваў шлях у барацьбе з прыхільнікамі традыцыйнага іудаізму, у якой удзельнічалі і яўрэі Лахвы. Больш чым праз стагоддзе маёнтак застаецца амаль у тым жа самым стане. У 1765 г. у Лахве 157 яўрэяў, якія плацяць падушную подаць. У 1785 г. у Лахве 187 двароў. Да маёнтка належаць Любачын, Езерніца, Красная Воля, Любань, Ляхаўка, Сінкевічы, Сітніца, Вільча. Зноў з'яўляюцца Мокрава і прыпісаная да Нясвіжскага маёнтка Чучавіцкая воласць — Вялікія Чучавічы, Малыя Чучавічы, Баравікі.

У 1784 г. у Лахве 39 яўрэяў, сярод іх ніводнага купца. У 1788 — 1792 гг. у Лахве і навакольных сёлах жылі 6787 жыхароў, з іх 445 — яўрэі. Пасля далучэння да Расіі іх становішча пагоршылася. Былі адменены некаторыя правы на жыхарства, дадзеныя Польшчай у 1772 г., пачалося выдаленне яўрэяў з гандлю. У раёнах Пінска і Лахвы яўрэям забаранілі гандляваць гарэлкай і віном. Яўрэі займаліся пераважна пасрэдніцтвам, былі рамізнікамі, пекарамі, мяснікамі.

У 1795 г. у Лахве 192 двары мяшчан — хрысціян, 17 яўрэйскіх і 20 двароў чыншавай шляхты. У 1811 г. у Лахве 73 яўрэі, у 1816 – 1819 гг. — 161, з іх 75 мужчын, 86 жанчын. Ім належаць 150 дамоў. Яўрэі займаюцца гандлем лесам і рыбай, якія адпраўлялі ў Мінск, пабудавалі фабрыку плеценай мэблі. У 1816 г. у Лахве нарадзіўся ад бацькі Станіслава, палкоўніка войскаў польскіх, і маці Сафіі з дома Абуховічаў Марыян Чапскі, аўтар вядомай "Гісторыі каня" і "Манаграфіі аб пчале". 

 У 1824 г. пабудавана царква ў імя Ражства Багародзіцы на месцы былога манастыра XVII ст. княгіняй Стэфаніяй Радзівіл. Па апісанні 1864 г., штатнага жалавання прычту 324 рублі, зямлі прысядзібнай 1 дзесяціна, ворыўнай і сенажацяў — 2 валокі. Прыхаджан мужчынскага полу 1030 душ і жаночага — 1251 душа. Да прыходу належыць Траецкая драўляная царкваў в. Красная Воля. Летам 1873 г. царкоўныя прыходы Лунінеччыны інспектаваў епіскап Мінскі і Бабруйскі Аляксандр. У Лахве яго сустрэў хлебам-соллю тысячны натоўп веруючых з харугвамі і запаленымі свечкамі, тут жа былі 8 свяшчэннікаў у святочным убранні з навакольных вёсак. Адслужылі малебен. "Служэнне было ўрачыстае, царква ярка асветлена, пелі вельмі добра". Царква ў Лахве драўляная, старая ў імя Ражства Багародзіцы, але вельмі ўмяшчальная і ўнутры прыгожая і рэчамі дастатковая, бібліятэка маецца, і нават значная, архіў знойдзены ў парадку. Прыхаджан пры царкве 1300 душ мужчынскага і 1300 — жаночага полу. Яго Прэасвяшчэнства агледзеў каменную царкву, перабудоўваемую на сродкі казны з былога касцёла. Работы выконваюцца чыста, з добрага матэрыялу.

Прачысценская царква.

Пабудаванаў 1870-ыя гг. на месцы вышэйназванай. Па апісанні 1879 г., у лахвенскіх царквах было 7 званоў — адзін вагою 20 пудоў, другі — 7, астатнія пяць — яшчэ менш. Метрычныя кніжкі вяліся з 1800 г., выспавядальныя ведамасці — з 1840-га. У царкве захоўваліся тры дакументы, выдадзеныя Радзівіламі, — права на зямлю, права на памол, права на пяць медніц мёду. Чацвёрты дакумент — на дзве хаты з зямлёй — захоўваўся ў казённай палаце. Царква валодала каля 100 дзесяцінамі зямлі (у 11 месцах), 3 дамамі, 2 гумнамі, 3 жывёлагадоўчымі хлявамі, адной канюшняй і лядоўняй — усё ў занядбаным стане. Даход царквы ў той час — 150 рублёў у год. Па штату выконвалі абавязкі адзін настаяцель — свяшчэннік Мікалай Прэабражэнскі, выпускнік Яраслаўскай духоўнай семінарыі, і два псаломшчыкі. У Лахвенскім прыходзе працавала тады адна народная школа і царкоўнапрыходскае папячыцельства.

У 1878 г. на пасаду старасты Лахвенскай царквы быў зацверджаны селянін Фёдар Дземідовіч, а ў 1886 г. членамі папячыцельскага савета былі выбраны Іван Рудзько, Ігнат Харужэвіч, Піліп Яраховіч, Павел Грышкевіч, Сільвестр Трухановіч і Васіль Грудзько, старшынёю — свяшчэннік Стэфан Комар. Ён жа быў выбраны ў 1890 г. старшынёй акруговага вучылішчнага з'езда духавенства Пінскай вучылішчнай акругі.

У 1895 г. у папячыцельскі савет былі выбраны сяляне Антон Шылькевіч, Емяльян Самусевіч, Міхаіл Антановіч, Рыгор Яраховіч, Павел Грышкевіч, Яфім Бярозка, Касьма Грудзько. З першага складу застаўся Павел Грышкевіч. Старшынстваваў свяшчэннік Фама Туміловіч. Жыхары Лахвы і навакольных вёсак клапаціліся аб сваёй прыходскай царкве: рабілі дробны рамонт добраўпарадкавалі тэрыторыю, ахвяравалі грошы на ўбранне храма.

У 1886 г. была выказана ўдзячнасць "сялянцы м. Лахва Улляне Пятровай Шулякевіч за ахвяраванне на карысць царквы 50 рублёў", а годам пазней — усім прыхаджанам Лахвенскай царквы, якія сабралі 260 рублёў на пабудову драўлянай агароджы вакол яе. Свяшчэннік Стэфан Комар падарыў лампаду накладнога срэбра да іконы Божай Маці. Граф Н.П. Ігнацьеў ахвяраваў Лахвенскай царкве розных рэчаў на 120 рублёў, а дваранка Вольга Яскевіч — на 50 рублёў. У Лахвенскі прыход, акрамя мястэчка, уваходзілі вёскі Лахаўка, Азярніца, Любань, Любачын, Красная Воля. Прыхаджан было 1497 душ мужчынскага полу і 1674 — жаночага, "усе яны сяляне, дастаткова набожныя, між імі вельмі мала пісьменных, займаюцца земляробствам і рыбнай лоўляй". Па апісанні 1990 г., квадратны ў плане асноўны аб'ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакоўкамі злучаны з масіўнай шатровай званіцай. У багатай апрацоўцы фасадаў выкарыстаны карнізы, падвоеныя паяскі, какошнікі, перспектыўныя парталы і іншыя элементы аздобы. Асноўны аб'ём завяршаецца вальмавым дахам з традыцыйным пяцігалоўем. Царква — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.  

Царква Аляксандра Неўскага.

Пабудавана ў 1863 г. з могілкавай капліцы на сродкі прыхаджан. Не захавалася. Да 1854 г. у Лахве быў касцёл парафіяльны, 5-гаразраду, відавочна, пабудаваны Радзівілам, цяпер гэта царква, 308 католікаў, ёсць невялікая каталіцкая капліца Давыд-Гарадоцкай парафіі, яўрэйская школа, больш 150 дамоў, упраўленне Лахвенскай воласці, у якую ўваходзіць 5 сельскіх старастаў, 10 вёсак і больш 1400 сялян мужчынскага полу. Колькасць насельніцтва мястэчка каля 800 душ, большасць яўрэяў, занятых дробным гандлем, скупкай і продажам лясных тавараў і рыбы. Мясцовыя сяляне вядомы як майстры пляцення карзін. Лахвенскія валоданні разам з фальваркамі Любачын і Воля маюць каля 1000 улук (старая польская мера плошчы = 16,8 га), пераважна ў лясах і лугах. Зямля тут лёгкая, пясчаная, млыны, вінны водкуп і рыбалоўства даюць больш 7000 рублёў серабром.

У 1870 г. Лахва знаходзіцца на 9-ым месцы сярод мястэчкаў Мазырскага павета, жыхароў 600 мужчын, 700 — жанчын, 230 двароў. Мястэчка належыць сялянам, размешчана пры 5-ай ваенна-камунікацыйнай дарозе з Мазыра ў Пінск.

У 1879 г. у Лахве 3 яўрэйскія малітоўныя дамы. Адзначаецца, што "сказанняў асабістых пра Лахвенскую мясцовасць няма, толькі ў паўднёва-заходнім баку мястэчка ўзвышаюцца тры вялікія курганы, па паданню... гэта не што іншае, як магілы ад вайны рускіх са шведамі...". У 1884 г. занатавана: "Лахва — старажытнае мястэчка і вялікія валоданні палескія, калісьці ў ваяводстве Брэст-Літоўскім, у Пінскім павеце, цяпер — у Мазырскім... над ракою Смердзь, у русінаў - Смерт, раней Лахвай званай, у 4-ай паліцэйскай Ленінскай акрузе. Год заснавання гэтага паселішча невядомы. Мястэчка Лахва вялікае і размешчана ў прыгожай мясцовасці непадалёку ад Прыпяці, сярод вялікай пушчы, маючы на поўнач непраходныя Грычынскія балоты. Гэтая мясцовасць багатая казачнай колькасцю звяроў і рыбы. Таму Радзівілы арганізоўвалі тут з каралеўскай раскошай паляванні, апісанні якіх ва ўспамінах удзельнікаў уражваюць чытачоў".

У лютым 1886 г. уступіла ў строй чыгуначная дарога Лунінец — Гомель. Ветка дарогі пралягала непадалёку ад мястэчка. Быў узведзены драўляны адміністрацыйны будынак і ва ўсе чыгуначныя даведнікі імперыі ўнесена новае найменне — станцыя Лахва. Чыгунка ўнесла значныя змяненні ў жыццё мястэчка. У ім з'явіліся новыя людзі — чыгуначнікі, была разбіта пляцоўка для пагрузачных работ і ўтвораны новыя рабочыя месцы.

У кастрычніку 1887 г. у паштовых даведніках Расіі паведамлялася, што адкрыта новае паштовае аддзяленне ў Лахве, якое ў жніўні 1910 г. было ператворана ў паштова-тэлеграфнае. З 70-ых гадоў штогод 23 красавіка ў Лахве праводзіўся Георгіеўскі кірмаш, на якім можна было купіць жывёлу, коней, ільняныя і пяньковыя тканіны мясцовай вытворчасці, вяроўкі, збрую, свечкі, мыла, ганчарныя вырабы, вырабы з дрэва — цэбры, бочкі, ночвы, пляцёнкі з бяросты і лазы, зерне, рыбу, ліпавыя лапці і скураны абутак ручной работы, іншыя тавары сялянскага гандлю. Тавараабарот Лахвенскага кірмашу складаў 700 — 1000 рублёў. У 1897 г. у Лахве 2426 жыхароў, з іх 1057 яўрэяў.

Да 1905 г. "...у 19 вёрстах за Лунінцом знаходзіцца на Брэсцка-Бранскай чыгунцы станцыя Лахва, якая грузіць да 15 тысяч пудоў хлебных і лясных грузаў. Яна ляжыць на мяжы Пінскага і Мазырскага паветаў пры старажытным мястэчку той жа назвы, раскінутым вярстах у 8 ад р. Прыпяці, ля яе левага прытоку р. Смердзі, сярод вялізнай пушчы. У Лахве дзве праваслаўныя царквы, адна з якіх Прачысценская, у 70-ыя гады пабудавана на месцы старой царквы Ражства Багародзіцы, а другая — перабудавана з былога касцёла, яўрэйскі малітоўны дом..." Мяшчанскую ўправу ўзначальвае стараста-старшыня. Гэту пасаду амаль заўсёды займалі яўрэі, таму што дзяржауная палітыка прадугледжвала прадстаўніцтва ў органах самакіравання асоб розных нацыяналь насцей, якія абаранялі б інтарэсы розных слаёў насельніцтва, а ў Лахве ўсе гандлёвыя людзі былі яўрэямі.

У 1910 г. старшынёй мяшчанскай управы быў Моўша Кандратавіч, у 1912 г. — Лейзер Нейман. У гэты ж час валасным упраўленнем кіравалі адпаведна старшыні Н. Шулякевіч і Н. Ляніўка.

На балотным масіве Кукуцёлка ў Лахве размяшчаўся філіял Мінскай балотнай станцыі, створанай у 1911 г. Кукуцёлку наведвалі, тут працавалі многія, потым вядомыя вучоныя і меліяратары: Е.В. Апокаў (1869 — 1938), удзельнік экспедыцыі І.І. Жылінскага, адзін з аўтараў справаздачы аб ёй, інжынер-гідратэхнік Мінскай губерні, а з 1914 г. — начальнік Палескай вышукальнай партыі, стаўшы потым акадэмікам АН УССР А.Д. Дубах (1883 — 1942), начальнік гідра-тэхнічнай часці Мінскага ўпраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцей, потым — акадэмік АН Беларусі.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter