Гэта ўсё здарылася надзвычай даўно. Там, дзе цяпер стаіць наш пасёлак і бліжэйшыя да яго вёскі, раней раслі дрымучыя лясы, а побач цякла-круцілася велічная Прыпяць і гарэза Струмень, які паслужліва ўліваў свае воды ў больш магутную сястру-раку. Сцвярджаюць і такое, што найперш быў адзін Струмень, а Прыпяці тады не існавала. Яшчэ адна рэчанька, пра якую зараз памятаюць толькі старыя людзі, — Язда, таксама была вялікай, а цяпер ад яе засталася ручаінка, ды і тая забруджаная, засмечаная.
Вось у тыя далёкія часы і прыйшоў сюды магутны князь Тур з вялікім войскам. Ваяваў ён недзе, відаць, ажно за Кіевам, з ворагамі. Стамілася ягоная дружына, многія з вояў былі пакалечаны, і трэба было даць ім працяглы адпачынак. Але дзе? Там, дзе біліся, усё вытапталі коні, ураджаю не дачакаешся, і людзі яшчэ больш змізарнеюць. Стаў думаць Тур, думалі і ваяводы, ды нічога добрага не прыходзіла ў галаву. Прайшлі суткі, канчаліся другія, а дружына стаяла на тым жа самым месцы. I тады рашыўся князь на дзіўны ўчынак — загадаў ваяводам сабраць разам усю дружыну і паставіць людзей у чыстым полі, дзе ўсе яго добра чулі б.
Падначаленыя прызвычаіліся надта не перапытваць, загад ёсць загад, і яго трэба выконваць, таму праз хвілін колькі падляцеў да Тура вершнік:
— Загад выкананы, княжа.
— Пайшлі да людзей тады.
Усе ваяводы і сам Тур падаліся да войска. I тут князь зрабіў тое, што рабіў у надзвычай рэдкіх выпадках:
— Хлопцы, тут такая справа…
Дружыннікі напружана слухалі, здавалася, нават коні і тыя перасталі фыркаць.
— Збіраемся мы рушыць на адпачынак. Самі ж разумееце, як усе стаміліся, знясілелі.
Трэба адшукаць мясціну, дзе ні вайны не было, ні якой іншай пошасці, каб хапала прыпасаў і для людзей, і для коней.
Дружына маўчала.
— Дык што, хлопцы?
Воі, прызвычаеныя выконваць загады і безагаворачна падпарадкоўвацца, зараз не надта спяшаліся выказваць уласныя думкі. Мячом махаць — гэта адна справа, а языкам мянташыць — зусім іншая. Тут і на смех падняць могуць. Таму і маўчалі. Тур ведаў пра гэта, таму паспрабаваў падбадзёрыць вояў:
— Не палохайцеся. Мясціна трэба вялікая, прыдатная для войска…
— Разумеем, княжа, але ж мы даўно дома не былі, паход за паходам цягнецца. Калі з роднай хацінай развітваліся, дык адно было, а калі прывядзём гэтулькі людзей, а там выпалена ці вынішчана ўсё?..
— Або, і такое можа быць, там неўраджай? Туды дабірацца будзем, а назад ужо і сілы не знойдзецца… Таму і не спяшаемся з адказам, княжа.
— Я вас не прыспешваю, але мы з ваяводамі не змаглі такой мясціны адшукаць, вырашыў з вамі параіцца.
— Дзякуем за давер, валадар.
Як бы там ні было, але і дружына нічога не магла падказаць. Ужо збіраліся распускаць людзей і ехаць на тое месца, дзе стаялі ў мінулым годзе, як раптам Тур устрапянуўся:
— Хлопцы, калі ўсе падказаць не могуць, то, можа, віжы падкажуць або ганцы? Вы ж ва ўсе бакі ездзілі, магчыма, дзе такую мясціну бачылі, якая б нам зараз падышла…
Запанавала цішыня, і тут выступіў наперад малады хлапчына і гучна прамовіў:
— Здаецца, княжа, я ведаю такое месца. Праўда, далекавата адсюль.
— А мы туды, чалавеча, не ваяваць накіроўваемся, а адпачываць.
— Хапае там і дзічыны, і рыбы, і корму коням.
— Гэта для нас галоўнае.
— I яшчэ, княжа. Далёка туды дабірацца пешкі, а па вадзе будзе значна бліжэй.
— Вось як? Туды і па вадзе дабрацца можна? Малайчына, вой, малайчына…
Праз хвіліну ўзрадаваны Тур аддаваў ужо іншы загад:
— Рыхтаваць чаўны і для людзей, і для коней. Берагам праедзе толькі невялікі атрад, на выпадак нечаканага нападу чужынцаў, калі яны тут акажуцца.
Да той мясціны плылі тыдні тры. Спыняліся, лавілі рыбу, білі звера, хвалілі хлопца, але той адмоўна круціў галавой і сцвярджаў:
— Гэта яшчэ не тое месца.
— I тут жа ўсё ёсць…
— Пабачыце, колькі там будзе.
Тур задаволена церабіў рыжую бараду. Яму і самому падабалася, што людзі на вачах папраўляліся, што землі такія багатыя. Так і прыплылі яны сюды, у нашы мясціны.
Паснулі людзі, хто на чаўнах, а хто, расклаўшы вогнішчы, выбраўся на бераг. Сярод іх ляжаў і князь Тур. Заснуў валадар, і сніцца яму дзіўны сон — ляжыць ён на высокім возе, а навокал гарады прыгожыя стаяць. Ды такія прыгажэнныя, якіх да гэтага часу нідзе не бачыў. Усхапіўся князь і загадаў прывесці да яго чараўніка, які ў любым паходзе людзей параненых ды хворых вылечваў. Распавёў яму валадар пра сон.
— Гэта навіна, валадар, надзвычай добрая, — зазначыў чараўнік.
— Добрая? I што ж яна азначае? — зацікавіўся Тур.
— Азначае, што тут трэба будаваць… горад.
— Вось яно што… Выдатная справа — будаваць горад! Падумаць толькі! Мы ўсё разбураем, калі ваюем, а тут трэба пабудаваць! З раніцы і пачнём; Слаўная ў горада будзе гісторыя, калі ўсё атрымаецца.
Князь Тур пачаў будаваць горад. I быў горад такі вялікі, што і Верасніца, і Рычоў, і Дварэц, і Азяраны, і іншыя вёскі былі пад ім. Будаваў яго князь Тур не абы-як: спачатку насыпаў рачнога пяску тоўсты слой. Пасля пачаў паліць лес і насыпаў пласт дробнага вугалю ў тры аршыны. Потым надралі і паклалі пласт бярозавай кары; пасля кары насыпалі бітых гаршкоў; пасля — звярыных касцей. У канцы засыпалі пласт лускі язя — і ўсё гэта паверсе засыпалі зямлёй.
Уязная брама была каля Азяран. У асяродку горада выкапалі глыбокі-глыбокі калодзеж, які і да гэтага часу называецца Тур-калодзежам. Казалі, што гэта незвычайны калодзеж. У ім тры дны: меднае, сярэбранае і залатое. Калі прарвецца, не вытрымае, залатое дно, то настане канец свету, зямля зноў ператворыцца ў суцэльны вялікі акіян.
На паляванне Тур звычайна ездзіў у тое месца, якое зараз завецца Буразь. Было там глухое балота, лясы, а таму і шмат звяроў. Тур забіваў іх, не саскокваючы з каня, такі магутны ды вёрткі быў валадар. Рэзне мячом ці гопне дзідай ды яшчэ пры гэтым і прамовіць: «За раз!» Так і месца назвалі — Буразь. Відаць, раней было Заразь.
Пасля Тура стаў валадарыць у горадзе слаўным князь Уладыка. Менавіта пры ім у Азяранах была надзвычай вялікая ўязная брама, а на ёй цяжкі замок. Калі ворагі неяк разбурылі Тураў, то не вытрымалі, паваліліся і вароты, а з іх выпаў замок. Ужо значна пазней ішла неяк карова з пашы і трапіла ў той замок нагой. Замок жа быў сама меней фунтаў з дзесяць. Там, дзе цяпер жыве Курбан, тады жыў Уладыка, таму нават сёння тое месца называецца Уладыкіным. З уладыкінага палаца быў у Тураў насып, а праз раку Язда — вялікі мост. Трывалы, з моранага дуба зроблены.
Пры Уладыку жыло ў горадзе многа папоў і іншых свяшчэннікаў, таму яму быў наканаваны незвычайны лёс. Здарылася так, што хоць ён і багаты быў, і ўсяго ў яго хапала, але смерць займеў страшную. Ішоў аднаго разу на малебен. Прыцямнела добра, а ён сунуўся без аховы, бо каго было тады ў Тураве баяцца? Зладзеяў не было, разбойнікаў — таксама. Ажно па дарозе напалі на яго… ваўкі і з’елі. Чакалі, чакалі Уладыку людзі — няма, тады пайшлі шукаць і знайшлі толькі парваную вопратку на тым самым месцы, дзе ён сустрэў сваю апошнюю часіну.
Пасля Уладыкі быў князь Комар, а пасля яго на княжацкі стол села княгіня. Імя яе невядома, не захавала народная памяць. Вядома толькі, што была яна надзвычай моцнай чараўніцай. Калі па Тураўшчыне ў той час разышлася маравая пошасць, дык гэта княгіня загадала закапаць у зямлю нямога чалавека, жывога бабра і жывога мядзведзя. Калі іх закапалі, дык зрабілася гара, якая называецца да нашых дзён Бабруйкава Гара. Пасля гэтага ўсяго пошасць спынілася.
Прыходзілі на Тураў розныя ворагі, але княгіня-чараўніца бараніла сваіх людзей, не давала іх у крыўду. Прыйшло раз вялікае войска, абклала Тураў і супынілася там, дзе цяпер Перадол. Княгіня тая звязала шчотку з свіной шчаціны і кінула — ворагу падалося, што параслі вялікія камышы; кінула з курынае яйка — чужынцам падалося, нібыта раптоўна разлілася вялікая вада. Доўга стаялі чужынцы, ды не хапіла ў іх вытрымкі і харчоў. Сталі яны самі паміраць, а коней ужо ў іх не было, бо да гэтага ўсіх паелі. На тым месцы, дзе ўсё гэта адбывалася, з’явілася лагчына, якую ў народзе назвалі — Перадол. Калі б яе ворагі ў тыя жахлівыя часы пераадолелі, то тураўцы загінулі б.
Калі ў другі раз прыйшлі нязваныя госці да горада, то княгіні-чараўніцы ўжо не было ў жывых і не было каму бараніць Тураў. А ён да таго часу быў вялікім — адных толькі цэркваў ды храмаў было сорак пяць. Накінуліся чужынцы на мірных жыхароў і пачалі вынішчаць. Нікога не шкадавалі — ні старых, ні жанчын, ні дзяцей. Дзяцей, каб час не губляць, кідалі ў калодзеж, спадзеючыся, што яны там пакалечацца і перамруць. Але выйшла наадварот, бо вада ў калодзежы ад нечага стала малаком: тыя небаракі ім карміліся, выраслі і зноў пайшлі па свеце тураўцы.
Адзін жа чалавек, ратуючыся, забраўся ў буслянку і сядзеў там да таго часу, пакуль ворагі не рушылі ў дарогу назад. За гэта яго празвалі — Бусліны. А другі забраўся ў глыбокую яміну, сядзеў там і еў толькі вяленую рыбу. За гэта яго празвалі Седуном. Яны і да нашых дзён у Тураве жывуць.
Пасля разбурэння горада епіскапства перабралася ў Пінск, а з Пінска ў Бабруйск, і ажно дваццаць пяць гадоў судзіўся Тураў за тое, каб вярнуць усё назад, ды, на вялікі жаль, не атрымалася.
Вось такая гісторыя, слаўная і трагічная, у нашага паселішча.
Подробнее...