У парку Свяцкіх балявала восень

З’яўленне такой адметнай пабудовы ў Крупках – падзея! Цудоўны палац літаральна вырас на маляўнічым беразе Бабра і стаў прадметам захаплення, чутак і легенд. Самая папулярная сведчыць, што Карл Свяцкі знайшоў скарб у лясным возеры, як мы яго называем, Стаячым. І з гэтага золата з’явіліся сродкі на пашырэнне Беліцкай сядзібы і будаўніцтва палаца ў Крупках.

Давялося нават сустракаць такую інфармацыю, што, быццам бы, нехта з продкаў Карла Свяцкага ваяваў на баку французскага імператара і суправаджаў здабыткі, вывезеныя з Масквы. Частка з іх, мяркуецца, і патрапіла да Свяцкіх.

А дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот расказала, што недзе ў фондах музея захоўваецца ліст відавочцы, які пісаў, што Карл набіраў рабочых з вёскі Навахросты і яны капалі каналы, каб вада ў возеры сышла. Гавораць, што ўсё ж такі нешта ён знайшоў…

І на беразе ракі ў мястэчку Крупкі з’явіўся двухпавярховы цагляны сядзібны дом у стылі мадэрн. На той час гэта было вельмі модна. Сядзіба была пабудавана ў пачатку XX стагоддзя, хто сведчыць, што ў 1900 годзе, а хто – што ў 1909-м. Асабняк характарызуецца складанай асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, выкарыстаннем вежаў у якасці архітэктурных дамінантаў. Цэнтральная частка бакавога левага фасада аформлена ў выглядзе вежы, завершанай купалам складанай формы на васьмігранным барабане. Сцены члянёны паясамі русту. Дом выкананы ў светлых танах, вузкія вокны нагадваюць сучасныя дамы ў Амстэрдаме. Тут няма вычварнасці, усе лініі дакладныя і выразныя. Палац выглядае дабротна.

Ля сядзібы быў разбіты невялікі ўтульны парк, што спускаўся ўніз да вуліцы Казінай.

Пытанне, на якія грошы пабудаваны палац, цікавіла многіх. Ёсць вельмі ўзнёслая замалёўка ў апрацоўцы нашай знакамітай паэткі Таццяны Каваленка, дзе апісваецца ўрачыстасць з нагоды наваселля. Рамантычны і загадкавы эпізод. Ітак, перанясёмся ў думках у той далёкі вечар, калі ў новенькім палацы ішлі апошнія падрыхтоўкі да балю!..» У парку Свяцкіх балявала восень…  Сям’я паноў Карла і Марыі Свяцкіх адзначала засяленне ў новы дом. Палац проста дыхаў, ззяў свежасцю і навізною! Чуліся гукі раяля, скрыпак і флейты, гэта музыкі настройвалі свае інструменты. У шматлікіх вокнах ззяла святло. Гаспадары і прыслуга то падымаліся, то спускаліся па лесвіцы. Прыгожа апранутыя госці вялі няспешную гутарку. На другім паверсе ў цэнтры стаялі багата накрытыя сталы. Яны адбіваліся ў вялізных люстэрках, развешаных на сценах. Чаго толькі там не было! Мясныя стравы з дзічыны і свойскай жывёлы, вяндліна, рыба і ікра, разнасолы, гародніна, наліўныя яблыкі і адборны вінаград, французскае  віно… Інтэр’ер упрыгожвалі букеты кветак і карціны ў рамках…  Калі прагучалі шматлікія тосты ў гонар гаспадароў з пажаданнямі дабрабыту ў жыцці на новым месцы, з падзякай за гасціннасць, кубкі былі асушаны, а стравы на сталах значна зменшыліся ў аб’ёмах, госці выйшлі прагуляцца ў маладзенькі парк, дзе запалілі ліхтары. Юныя, зусім нядаўна прывезеныя з Сібіры, і пасаджаныя роўнымі радкамі лістоўніцы, выглядалі вельмі загадкава. Спадар Гарадзецкі падышоў да пана Свяцкага з пытаннем: «Прабачце, шаноўны спадар, але вельмі ўжо хочацца ведаць, ці праўду кажуць, што ваш палац пабудаваны за знойдзеныя непадалёку скарбы Напалеона? Пан Карл усміхнуўся вельмі па-добраму, ён быў сёння ў найлепшым настроі з прычыны ўдалага вечара, задаволены і сказаў: «Калі саджалі гэты парк, пад адным з дрэў я папрасіў схаваць грамату з запісамі, як і за якія сродкі будаваўся гэты палац. Там поўная справаздача за работу. Але няхай пакуль гэта застанецца сакрэтам, а знойдуць грамату і рассудзяць нас нашы нашчадкі, можа праз сто гадоў! Пажывём – убачым!»

Хто ведае, магчыма, гэта не толькі легенда?! З палацавага балкона адкрываўся цудоўны выгляд  на раку і лес. Як мы гаворым зараз – на ўрочышча Лебартова. А чаму яно так называецца? Тамара Бальбот расказала пра версію, што там жыў брат Карла, якога звалі Леборт, а паселішча назвалі Лебартова Слабада. З часам слова Слабада адкінулася, засталося Лебартова. Вось так!

 

Сведчыцца, што ў 1911 годзе да палаца дабудавалі вежу ў форме васьмігранніка з купалам як знак прыналежнасці да роду Радзівілаў, у сваяцтве з якім была Марыя.

Карл сур’ёзна займаўся эканомікай і, можна лічыць, быў ля вытокаў развіцця прамысловага сектара ў Крупках. Яшчэ ў 1896 годзе ён пабудаваў на беразе тады паўнаводнага Бабра фабрыку запалкавай саломкі. Там працавалі больш за 50 чалавек і па тых мерках гэты была досыць вялікая вытворчасць. Фабрыка вырабляла вельмі якасную прадукцыю, большая частка якой экспартавалася ў Амерыку. Дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот расказала, што сустракала інфармацыю, што 16 тысяч у год золатам атрымлівалі даходу ад продажу гэтай запалкавай саломкі. Дрэваапрацоўка развівалася шмат дзесяцігоддзяў (камбінат яшчэ працаваў да нядаўняга часу…).

Свяцкія валодалі і даволі буйной мукамольнай фабрыкай, пра якую мы ўзгадвалі ў адной з папярэдніх публікацый.

Гэта былі адукаваныя і прагрэсіўныя людзі, неабыякавыя да мясцовага насельніцтва. Яны пабудавалі двухкласную школу, як яна называлася, Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны (маецца на ўвазе Першая сусветная). Дзеці там навучаліся бясплатна. Гавораць, што яна была прыкладна там, дзе зараз упраўленне па адукацыі, спорце і турызме, і прапрацавала да 1918 года. Марыю ведалі як мецэнатку, яна сачыла за работай настаўнікаў і выкладала сама. Яна вельмі любіла кветкі і не цуралася даглядаць іх, на фота ля школкі мы бачым элементы добраўпарадкавання.

Пра сутнасць гэтых людзей сведчым праз іх учынкі. Родзіч Свяцкіх Вацлаў Лядніцкі, пра якога мы згадвалі ў мінулы раз, успамінаў, як паводзіў сябе Карл падчас падзей Першай сусветнай вайны. «Гасцінасць і самаахвярнасць Свяцкага раскрыліся ў ім у найвышэйшай ступені падчас Першай сусветнай вайны, – піша ён. – Беліцу і яе сядзібныя пабудовы запоўнілі натоўпы ваенных выгнаннікаў з Польшчы, і пад дахам Свяцкага знайшлі прытулак не толькі сем’і сялян, але і многіх інтэлігентаў. Не адзін журналіст, мастак і т.п. перажылі ваенныя гады ў яго доме, карыстаючыся не толькі кватэрай і ўтрыманнем, але і атрымліваючы фінансавую дапамогу. Беліца ператварылася ў своеасаблівую калонію выгнаннікаў». На жаль, мы не ведаем, як тым часам было ў Крупках.

Дзякуючы пошукам маладога даследчыка Аляксандра Бараноўскага, на якога мы ўжо неаднойчы спасылаліся, мы ведаем, што адбывалася са Свяцкімі і напярэдадні рэвалюцыі. Даследчык расказвае пра вельмі цікавую крыніцу, «Дзённік для запісвання» Фелікса Расткоўскага. Гэта ўраджэнец Магілёўскай губерні, атрымаў цудоўную ваенную адукацыю, служыў у савеце Фінляндскай ваеннай акругі на высокіх пасадах, пасля адстаўкі жыў у Петраградзе і ў фальварку Бабаедава Сенненскага павета. Яго рукапісны дзённік – каштоўная крыніца інфармацыі, як кажуць, з першых вуснаў. У сваіх успамінах Расткоўскі адлюстроўвае і становішча, у якім аказаўся Карл Свяцкі. Размова ідзе пра Беліцу 1917 года: «Там у мінулым годзе з-за павальнага запалення лёгкіх уся скаціна была выразана. Зімой і вясной Свяцкі неяк сабраў 26 штук і заводзіў новы камплект. Свяцкі багаты памешчык, утрымліваючы дзіцячы прытулак, школу, вінакураны завод і г.д. установы. Ён у сябе на службе і ў прытулках утрымліваў да 700 чалавек і таму свае 26 кароў размеркаваў так: для сябе з сям’ёй аддзяліў сем, а астатнія 19 раздаў іншым. Цяпер патрабавалася рэквізіцыя і ў яго забралі яго 7 штук, нягледзячы на відавочную недарэчнасць, таму што загадана было браць толькі ў памешчыкаў, да якіх Свяцкі хоць і належаў, але ён карміў 700 чалавек… Адміністрацыя яго маёнтка, г.зн. яго служачыя, выгналі яго ўпраўляючага, прызначылі ўпраўляючым садоўніка, самі забралі ўсе запасы хлебныя і выдаюць яму толькі па картках, узважваючы яму і адмерваючы на харчаванне прадукты. Становішча не з лепшых. І гэта багаты пан?»

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Свяцкія пераехалі да родных у Познаньскае ваяводства. Карл Свяцкі быў першым дырэктарам Паморскага сельскагаспадарчага таварыства і віцэ-прэзідэнтам Гуртка сельскіх гаспадароў у Хелмжы. Ён памёр 6 мая 1929 года ў горадзе Хелмжа. Марыя Свяцкая перажыла мужа на чвэрць стагоддзя, яе жыццё скончылася 29 снежня 1954 года. Станіслаў Свяцкі, іх сын, у 1924-1925 гадах вучыўся ў Парыжы, доўгі час працаваў у Нацыянальным сельскагаспадарчым банку ў Кракаве. Пасля Другой сусветнай вайны жыў з маці ў Кельцах. Вядома, што ў Станіслава была дачка Барбара, якая на пачатку 1970-х гадоў перадала альбомы з сямейнымі здымкамі ў Нацыянальную бібліятэку ў Варшаве. Гэта, зноў жа, мы даведваемся з даследаванняў Аляксандра Бараноўскага.

А Тамара Бальбот паведала пра адзін цікавы нюанс: амаль да 1959 года Станіслаў Свяцкі штогод дасылаў у Крупкі тэлеграму, віншуючы сваіх падданых з Вялікднём. Усе гэтыя пасланні траплялі ў райкам партыі і ніводнай тэлеграмы, на жаль, не захавалася.

І яшчэ адзін цікавы паварот, інтрыга. Тамара Бальбот расказала пра неверагодную сустрэчу, што адбылася некалькі гадоў таму.

– У музей прыйшла жанчына, сімпатычная, добра апранутая. І паведаміла, што яна – прапраўнучка Карла Свяцкага. У яе было вельмі мала часу, размова наша прайшла неяк хутка, спантана. З таго, што давялося пачуць, сведчыла, што сын Карла Свяцкага меў імя Станіслаў (Казімір). У яго была дачка Марыя Казіміраўна Тамашэўская, якая пасля гібелі мужа, які быў ваенным, вярнулася з Санкт-Пецярбурга і ціхенька жыла ў Крупках, працавала ці медсястрой, ці фельчарам. Сын Марыі Тамашэўскай ваяваў у Вялікую Айчынную, затым працаваў у Акадэміі навук і дастаткова рана памёр, у сярэдзіне 50-х. У 90-я гады яго дачка, таксама Марыя (мая нечаканая госця) паехала жыць у Іспанію. І зараз, хоць і рэдка, але прыязджае наведаць магілу бацькі. На той раз яна завітала ў Крупкі. Зразумела, акрамя яе расказу ніякага пацвярджэння гэтаму няма, але тым не менш… Дарэчы, яна пакінула некалькі фотаздымкаў, на якіх яе сям’я.

У гісторыі роду Свяцкіх для нас шмат белых плям. Усё гэта вельмі цікава. Магчыма, нехта зможа дапоўніць гэтыя нататкі сваёй інфармацыяй, можа, з пэўных крыніц, а можа з успамінаў продкаў. Будзем удзячныя тым, хто адгукнецца.

І яшчэ. У калекцыі Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея вельмі мала экспанатаў з гэтай тэмы. Тым не менш, вядома, што ў крупчан ёсць сёе-тое з рэчаў, што Карл перад ад’ездам раздаў тым, хто яму служыў і хто ў яго працаваў. Было б цудоўна, каб калекцыя музея папоўнілася. Нават, калі не самімі рэчамі, дык хоць іх фотаздымкамі і адпаведнымі аповядамі. Спадзяёмся і чакаем гасцей у музеі або ў рэдакцыі.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter