Друя

Друя — вёска ў Беларусі, на левым беразе Дзьвіны пры ўтоку ў яе рэчкі Друйка. Цэнтар сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 1,2 тыс. чал. (2006). Знаходзіцца за 33 км на паўночны ўсход ад Браслава. Канцавая чыгуначная станцыя на лініі Варапаева — Друя; аўтамабільная дарога зьвязвае паселішча з Браславам.

Існуе шэраг меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму «Друя». Большасьць зь іх схіляецца да таго, што ён утварыўся ад назвы ракі Друйка. Паводле фіна-вугорскай вэрсіі, чаргаваньне гукаў «д» і «р» можа азначаць у перакладзе «вада». Паходжаньне тапоніму зьвязваюць таксама з балцкім «drutas» — вялікі, шырокі. У літаратуры пач. XX ст. сустракаюцца паралелі паміж назвай Друя і словам «драць» (нібыта дзякуючы стромкай плыні ракі і падводным камяням у гэтым месцы абдзіраліся лодкі, плыты). Цікавым зьяўляецца меркаваньне, выказанае ў часопісе «Крывіч» (1923), што слова «друя» ў беларускай мове азначае «другая». Так маглі назваць паселішча, перанесенае ў іншае, другое месца.

Першы пісьмовы ўспамін пра Друю зьмяшчаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага і датуецца 1386. Імаверна, паселішча існавала ўжо ў пэрыяд Полацкага княства. На карысьць гэтага меркаваньня сьведчыць тое, што ў вусьці Друйкі знаходзіцца Барысаў камень з надпісам ХІІ ст.. Некаторыя дасьледнікі зьвязваюць з Друяй Новы замак Полацкай зямлі, які паводле «Хронікі Германа Вартбэрга» знаходзіўся за 11 міляў ад Дынабурга. У скарзе на дзеяньні крыжакоў, складзенай у 1413, згадваецца «de Drucha villa».

Цягам ХІV—ХV стст. Друя была ўмацаваным пунктам Полацкай зямлі. «Мещане друйские» прыцягваліся да будовы замкавых умацаваньняў у Полацку. З гэтага ж часу на левым беразе Дзьвіны існаваў Друйскі замак. У 1496 мясьціна перайшла ў валоданьне князя Ц. Масальскага, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей на места, замак і друйскія воласьці.

З ХVІ ст. у Друі існавала мытная служба, да ліку асноўных заняткаў жыхароў места адносілася таксама сельская гаспадарка. У гэты ж час тут стварылі Друйскае Эвангельле, адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі. 22 сакавіка 1506 вялікі князь Аляксандар надаў прывілей на Друйскае «имение..., лежащее в Полоцкой земле», а таксама вёскі Залесьсе, Чурылавічы Г. Масальскай. Масальскія атрымалі права на вольны гандаль па Дзьвіне. 

У вайну Масковіі зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) у 1515 захопнікі з усходу спалілі Друю. Станам на 1552, паводле Полацкай рэвізіі, места знаходзілася ў валоданьні братоў Юрыя і Івана Масальскіх — Івану належала 56 дымоў мяшчанаў і слугаў, 7 корчмаў, 26 дымоў «к замку людей отчизных» і 6 дымоў «людей вольных», Ю. Масальскі валодаў 48 дымамі мяшчанаў; замак знаходзіўся ў агульным карыстаньні. 

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Друя ўвайшла ў склад Браслаўскага павету. 17 верасьня 1579 у месьце спыняўся кароль і вялікі князь С. Баторы, які вяртаўся з войскам з-пад Пскова. У 1600 канцлер вялікі Л. Сапега набыў маёнткі Друя, Чурылавічы, Дзедзін, Залесьсе, а ў 1611 — частку места. Асноўная частка Друі заставалася за Масальскімі.

8 жніўня 1618 Я. Сапега падпісаў прывілей на заснаваньне побач з Друяй новага места пад назвай Сапежын з разьлікам ператварыць яго на значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. 3 сакавіка 1620 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Сапежыну Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на срэбнай вадзе».

 Мясцовае кіраваньне ажыцьцяўляў магістрат на чале з войтам, пасаду якога зацьвярджалі аднак самі Сапегі. Паводле прывілея, справаводзтва ў магістраце мусіла весьціся на лацінскай або польскай мовах. Прывілей Я. Сапегі неаднойчы пацьвярджаўся вялікімі князямі ў ХVІІ—ХVІІІ стст. 3ь пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі Магдэбурскае права пашырылася на іншыя часткі места.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) у 1632 Друю зруйнаваналі войскі цара маскоўскага Міхаіла Фёдаравіча. Станам на 1643, паводле інвэнтару, у месьце выразна вылучалася некалькі частак. Найбольш старажытныя, у вусьці Друйкі, налічвала 103 дымы. У Сапежыне мелася 108 дымоў, тут знаходзіліся рынак, ратуша і большасьць з сакральных збудаваньняў Друі. Побач разьмяшчалася прадмесьце з замкам. Існавала таксама задзьвінская частка Друі — Прыдруйск (цяпер у Латвіі). 

Агулам у месьце налічвалася 306 дымоў, каля 100 корчмаў, каля 2 тыс. жыхароў. Сярод рамесьнікаў былі рыбакі, ганчары, алейнікі, шаўцы, рымары, сядляр, каваль, кравец, цясьляр і інш. У магістрацкіх актах ХVІІІ ст. згадваюцца таксама шапнікі, сьніцары, ткачы, катляры, бляхары, мечнік, ліцейнік і іншыя. 

Цягам ХVІІ—ХVІІІ стст. Друя належала да сярэдніх местаў Вялікага Княства Літоўскага і была значным рамесным і гандлёвым цэнтрам, дзе існавала цэхавая арганізацыя рамесьнікаў. Гандлёвае значэньне места абумовіла Дзьвіна — найважнейшая гандлёвая артэрыя ў Сярэднявеччы. Апроч гэтага, Друя зьяўлялася цэнтрам лятыфундыі — буйнога землеўладаньня Сапегаў (у ХVІІІ ст. называлася Друйскім графствам). 

Сярод рамесьнікаў былі музыкі, скамарохі, муляры і багамазы. Тут нават навучалі іканапісу. У месьце збудавалі каля 20 бажніцаў. Многія зь іх зьяўляліся выдатнымі помнікамі дойлідзтва. У Друі дзейнічалі некалькі кляштараў, у тым ліку бэрнардынскі, дамініканскі і праваслаўны манастыр. Пры дамініканскім кляштары існаваў шпіталь, у якім у 1677 знаходзіўся кароткі час на лекаваньні вядомы харвацкі асьветнік і энцыкляпэдыст Ю. Крыжаніч.

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) Друю некалькі разоў цалкам вынішчалі маскоўскія захопнікі. У 1700 Аляксандар Сапега перадаў друйскія ўладаньні ў дзяржаньне барону Мантэўфэлю, з 1705 на кароткі час мясьціна зрабіліся ўласнасьцю Агінскіх. У ХVІІІ ст. празь места праходзіў сухапутны гандлёвы шлях з Тарапца ў Каралявец. Места пацярпела ў Вялікую Паўночнай вайны (1700—1721). У 1701 праездам з Біржаў у Друі спыняўся цар маскоўскі Пётар I. Станам на 1725 у Друі налічвалася 116 дамоў, на 1790 — 488 драўляных дамоў, 13 камяніцаў, 6 заезных дамоў. 

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) да Расейскай імпэрыі адыйшоў Прыдруйск. У Друі разьмяшчаліся памежныя часткі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. 16 траўня 1776 у месьце адбыўся вялікі пажар, у якім згарэла 125 дамоў. Існуюць зьвесткі, што ў кан. ХVІІІ ст. у Друі дзейнічала парафіяльная школа (1774 — 9 вучняў, 1781 — 19, 1782 — 16).

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Друя апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Менскай, з 1842 Віленскай губэрні. У кан. ХVІІІ ст. празь места праходзіў паштовы тракт Пецярбург — Вена. 27 лютага 1800 расейскі Сэнат сваім указам пацьвердзіў для Друі права на самакіраваньне. У ХІХ ст. мясьціна знаходзілася ў валоданьні Ігестромаў, потым Мілашаў.

У вайну 1812 году навакольлі Друі адбылося некалькі сутычак частак корпусу П. Вітгенштэйна пад камандаю Я. Кульнева з францускай кавалерыяй. Станам на 1825 у месьце было 426 драўляных будынкаў, 15 камяніцаў, 54 крамы, 31 піцейны дом, дзейнічалі 3 манастыры. У 1860 зьявіўся праект мескага гербу, які зьмяшчаў адлюстраваньне яліны, трох шасьціканцовых крыжоў і Пагоні. У 1864 Д. Струкаў зрабіў 16 акварэляў з краявідамі архітэктурных помнікаў і прадметаў даўніны Друі, а ў 1875 Н. Орда зрабіў замалёўку Друйскага бэрнардынскага касьцёла. 

Станам на 1904 у Друі было 359 будынкаў, 52 крамы, 13 сакральных збудаваньняў, 3 гарбарныя заводы (10 працоўных), 275 рамесьнікаў; рэгулярна праводзілася 8 кірмашоў). У Першую сусьветную вайну каля места праходзіў фронт, тут стаяў 5-тысячны гарнізон расейскіх войскаў, мелася вялізная колькасьць тылавых установаў. У гэты час для патрэбаў фронту збудавалі вузкакалейку Бальбінава — Друя — Браслаў — Опса. 30 жніўня 1919 Друю занялі польскія войскі, 5 ліпеня 1920 — бальшавікі.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Друя апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Браслаўскага павету. 7 траўня 1924 Андрэй Цікота арганізаваў для беларусаў кляштар марыянаў, аднак у 1938 польскія ўлады выслалі з Друі беларускіх манахаў. Станам на 1931 у месьце было 514 будынкаў. 

У 1939 Друя ўвайшла ў БССР, дзе 15 кастрычніка 1940 атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку Мёрскага, з 1963 — Браслаўскага раёну. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 6 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Станам на 1995 у Друі было 702 двары. 9 лютага 2004 адбылося афіцыйнае зацьверджаньне местачковых гербу і сьцяга. 8 красавіка 2004 Друеўскі пассавет скасавалі, утварыўся Друеўскі сельсавет. У 2005 афіцыйны статус паселішча панізілі да пасёлку.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter