Гісторыя Лёзна

 

Тэрыторыя сучаснага Лёзненскага раёна, як і ўсё Падзвінне, была заселена ў эпоху мезаліту. У пісьмовых крыніцах 12 стагоддзя ёсць звесткі, паводле якіх землі, што ўваходзяць у сучасны Лёзненскі раён, знаходзіліся на мяжы Полацкага княства са Смаленскім. Ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі гэтыя княствы паступова падзяляліся на больш дробныя.

У прыватнасці, з Полацкага княства выдзелілася Віцебскае, у яго ўваходзіла Лёзненшчына. З сярэдзіны 13 стагоддзя ў сувязі з кансалідацыйнымі працэсамі на беларускіх землях і неабходнасцю абароны ад знешняй пагрозы (нямецкіх рыцараў-крыжакоў з Прыбалтыкі і Залатой Арды з усходу і поўдня), узнікла і пашырылася новае дзяржаўнае ўтварэнне – Вялікае княства Літоўскае.

У сярэднія вякі тэрыторыя сучаснага Лёзненскага раёна ўваходзіла ў Віцебскае княства і займала яго паўночна-ўсходнюю частку. У 1345 г. Альгерд стаў вялікім князем літоўскім, а Віцебскае княства захавалася ў дзяржаве як уласная спадчына вялікага князя. Насельніцтва было прыпісана да валасцей, з якіх збіралася даніна і адвозілася да вялікакняжацкага намесніка ў Віцебскі замак. Валасцямі па чарзе кіравалі віцебскія баяры, толькі ў пагранічныя дасылаліся намеснікі з двара вялікага князя. Феадалы паступова забралі ў свае рукі частку сёл і валасцей, але яны пераважна жылі ў Віцебску, а са сваіх сялян збіралі даніну.  Да 15 стагоддзя апрацоўка паншчыны была выключэннем. Больш падрабязных звестак пра гісторыю гэтага краю не збераглося. Толькі ў пачатку 16 стагоддзя, пасля далучэння Смаленскага княства да Рускай дзяржавы, калі віцебскія землі сталі пагранічнымі, у дакументах з’яўляюцца назвы валасцей Лёзненшчыны. Упамінаецца сяло Выдрэя, якое належала да гаспадарскай (дзяржаўнай) воласці з цэнтрам у Любашкаве (цяпер у Віцебскім раёне).

Лёзна ўзнікла на землях Мікулінскай воласці ў канцы 15 ст. У 1654 г. Лёзна ўпамінаецца як мястэчка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Лёзна ўвайшло ў склад Расійскай імперыі як цэнтр воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні.

У 1831 г. у Лёзне праводзіліся кірмашы, на якіх гандлявалі цукрам, кавай, гарбатай, футрам, фарфоравым і іншым посудам, тытунём, скурамі, іншымі гаспадарчымі таварамі. Лёзненскія кірмашы не былі буйнымі, грашовы абарот быў не больш за 1500 рублёў. Гандаль у Лёзне пашырыўся пасля таго, як недалёка прайшла лінія Рыга-Арлоўскай чыгункі, рух па якой быў адкрыты ў 1866–1867 гг. З увядзеннем чыгункі на ўскраіне Лёзна з’явілася станцыя, да якой з Аршанскага і Горацкага паветаў, а таксама вёсак і мястэчак Смаленскай губерні везлі жыта, ячмень, авёс, лён, каноплі для адпраўкі ў Рыгу і Літву.

Прамысловасць Лёзненшчыны ў асноўным была прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: папяровымі, запалкавымі, вінакурнымі, піваварнымі, гарбарнымі, ільнопрадзільнымі, мукамольнымі, дрэваапрацоўчымі.           

У 1863–85 гг. у маёнтку Уна дзейнічала першая на Беларусі запалкавая фабрыка. Належала яна Рыжскаму акцыянернаму таварыству. Вырабляла шведскія запалкі з асіны.

У 1858 г. у мястэчку Дабрамыслі піваварнае прадпрыемства вырабіла прадукцыі на 189 рублёў, у Лёзне 2 піваварныя – на 307 рублёў, у фальварку Крынкі прадпрыемства па перапрацоўцы цукровых буракоў – на 1400 рублёў.

У 1867 г. у Лёзне і Бабінавічах працавалі гарбарныя прадпрыемствы (мелі па 2 рабочыя), у 1860 г. заснавана сукнавальня ў в. Чарніцы, у 1877 г. дзягцярны завод у в. Горбава (працавала 7 рабочых, даход 4 тысячы рублёў).

Побач з Дабрамыслямі ў мястэчку Перамонт у 1885 г. працавалі вінакурны, лесапільны заводы, вадзяны млын.

Сярод населеных пунктаў Лёзненшчыны найбольш вядомыя Бабінавічы, Дабрамыслі, Высачаны, Крынкі.

У канцы 19 стагоддзя вёскі Крынкі і Высокае ўваходзілі ў Высачанскую воласць Аршанскага павета. Усяго ў 1886 годзе ў Высачанскай воласці было 107 населеных пунктаў, 858 сялянскіх двароў з насельніцтвам 8061 чалавек.

На рубяжы 19-20 ст. Лёзненшчына была аграрным краем са шматлікімі гандлёвымі мястэчкамі. Статус горада меў толькі населены пункт Бабінавічы, які знаходзіўся тады ў Магілёўскай губерні.

У сацыяльнай структуры насельніцтва пераважалі сяляне і мяшчане – дробныя рамеснікі і гандляры, духавенства. Рабочых было вельмі мала з-за слабага развіцця вытворчых сіл.

У адным з самых буйных мястэчак, Лёзне, у пачатку стагоддзя прамысловых аб’ектаў не было, не лічачы двух млыноў – вадзянога і паравога, і ваўначоскі, уладальнікам якой быў Руман. Яна знаходзілася на Мікулінскай (цяпер Камсамольская) вуліцы. Патрэбы лёзненскіх мяшчан задавальнялі прыватныя крамы па продажы тканіны, абутку, харчавання.

Да рэвалюцыі цэнтрам культурнага жыцця быў будынак царквы.

Перамены, якія азначылі ўступленне Расіі ў перыяд імперыялізму, не маглі не адбіцца на сацыяльна-эканамічным развіцці і лёзненскай зямлі.

Адбываецца ўзбуйненне вытворчасці, узнікаюць новыя прамысловыя прадпрыемствы, у эканоміку Лёзненшчыны пранікае замежны капітал. Пераважнае развіццё атрымалі вытворчасці, якія спецыялізаваліся на перапрацоўцы мясцовай сыравіны – ільнопрадзільная, гарбарная, дрэваапрацоўчая, цагельная, папяровая, запалкавая.

З 1900 да 1905 г. дзейнічала лесапільнае прадпрыемства ў маёнтку Лёзна. У вёскі Касцяёва пры маёнтку памешчыка Е.П. Пакальнета былі лесапілка, млын, цагельны завод, ваўначоска, на якіх працавалі мясцовыя сяляне.

У гэты перыяд дзейнічаў цагельны завод “Чарніца”, уладальнікам яго быў Дунін.

У 1902 годдзе ў маёнтку Высокае пачала працаваць ільнопрадзільная фабрыка. Яе ўладальнікам быў аўстрыец Этрых. У 1913 г. фабрыка атрымала назву “Высачанская мануфактура”. У 1910 г. у в. Высачаны пачала дзейнічаць вучэбна-паказальная майстэрня са слясарна-кавальскім і сталярным аддзяленнямі.

Умовы жыцця і працы пралетарыяту Лёзненшчыны, як усёй Расіі, былі вельмі цяжкія. Так, на Высачанскай ільнопрадзільнай фабрыцы рабочы дзень працягваўся 12-13 гадзін.

Стан медыцынскай дапамогі насельніцтву быў нездавальняючы. Шпіталі ў м. Лёзна, с. Высачаны і г. Бабінавічы абслугоўваліся адным-двума медыцынскімі работнікамі.

Існавалі фельчарскія пункты ў вёсках Веляшковічы, Каралёва і інш. У в. Калышкі медыцынскай практыкай займаліся фельчар і ўрач. Толькі ў Лёзне і Бабінавічах прымалі дантысты.

У сельскай гаспадарцы асноўны зямельны фонд належаў памешчыкам. Працягваўся працэс размежавання сялянства. Выдзяляліся заможныя сяляне, якія выраблялі прадукцыю для рынку. Моцныя гаспадары ўкаранялі перадавую тэхніку на сваіх землях, павышалі культуру земляробства. Збяднелыя сяляне наймаліся ў батракі або падаваліся на промыслы – працавалі на сплаве лесу па рэках Лучоса, Дзвіна, абслугоўвалі Рыга-Арлоўскую чыгунку.

Аб узроўні духоўнай культуры асноўнай масы насельніцтва сведчыць стан народнай асветы. Напярэдадні Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі на Лёзненшчыне працавала 8 пачатковых школ, у тым ліку адно 4- класнае вучылішча ў м. Лёзна, народныя вучылішчы ў вёсках Веляшковічы, Буракі, Вялікае Сяло, Каралёва, Аргуны.

У 1850-х гг. у сяле Высачаны ўпершыню было арганізавана народнае вучылішча, у якім вучыліся чатыры гады. У в. Дабрамыслі дзейнічала народнае вучылішча. У Калышках працавала царкоўна-прыходская школа. З 1897 года ў Бабінавічах дзейнічала духоўная семінарыя. У Веляшковічах існавала царкоўна-прыходская школа для дзяцей заможных латышоў.

Распаўсюджванню ведаў сярод насельніцтва садзейнічалі бібліятэка-чытальня ў Высачанах, 2 бібліятэкі і кніжная крама ў Лёзне. Але гэтых навучальных і культурных устаноў было недастаткова. На тэрыторыі Лёзненшчыны пісьменнага насельніцтва было толькі 16 %. 

Вялікі ўплыў на светапогляд лёзненцаў аказвала духавенства. На тэрыторыі раёна дзейнічалі праваслаўныя, іудзейскія, каталіцкія, лютэранскія рэлігійныя суполкі. У Калышках дзейнічалі 3 сінагогі. Праваслаўныя царкоўныя прыходы былі ў г. Бабінавічы, вёсках Веляшковічы, Замшына, Калышкі, Каралёва, Стасева і інш. У 1913 г. на тэрыторыі раёна існавала 10 праваслаўных храмаў і 1 каталіцкі касцёл.

У 1903–1904 гг. у некаторых гарадах і мястэчках Віцебшчыны былі створаны арганізацыі РСДРП. На Лёзненшчыне сацыял-дэмакратычныя групы ўзніклі ў мястэчках Крынкі і Калышкі.

У Лёзне за перыяд з 1901 па 1904 год адбыліся буйныя стачка і маніфестацыя, у якіх удзельнічала каля 40 чалавек.

Асноўная маса рабочых Лёзненшчыны была сканцэнтравана на Высачанскай ільнопрадзільнай фабрыцы.

22 ліпеня 1905 года на фабрыцы адбылася буйная забастоўка. Рабочыя патрабавалі павышэння заработнай платы, скарачэння рабочага часу, ветлівых адносін да людзей. Рабочыя працягвалі забастоўку да таго часу, пакуль усе іх патрабаванні не былі задаволены.

Сведчаннем узросшай палітычнай актыўнасці рабочых Высачанскай ільнопрадзільнай фабрыкі, іх салідарнасці з пралетарыятам усёй краіны сталі забастоўкі на прадпрыемстве ў час   Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі і Снежаньскага паўстання 1905 года.

Пад уплывам рабочага руху і бальшавіцкай агітацыі пачалі ўключацца ў рэвалюцыйную барацьбу і сяляне. У Дабрамыслянскай воласці быў створан гурток, якім кіраваў фельчар Зубрыцкі.

Прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі распаўсюджвалі сярод сялян пракламацыі, якія заклікалі іх да барацьбы з прыгнятальнікамі.

Палітычныя чытанні, гутаркі, як правіла, праводзіліся ў трох месцах: у в. Дабрамыслі каля рэчкі, дзе стаяла царкоўная вартоўня; у Залмана Пятра, які жыў каля павароткі на в. Малькава па дарозе Дабрамыслі – Горбава; у в. Капусціна ў еўні і пуні Багамолава Селівестра і Кірэева Цераха.

У гады рэакцыі, якая настала пасля паражэння рэвалюцыі 1905-1907 гг., забастовачны рух на Лёзненшчыне пайшоў на спад. Многія члены сацыял-дэмакратычных груп былі арыштаваны або сасланы ў Сібір.

У студзені 1908 года адбылася стачка на станцыі Крынкі Рыга-Арлоўскай чыгункі.

Новы рэвалюцыйны ўздым садзейнічаў аднаўленню традыцый рабочага руху на льнопрадзільнай фабрыцы ў Высачанах.  У чэрвені – ліпені 1914 года на фабрыцы баставала каля 500 чалавек. Рабочыя патрабавалі павелічэння заработнай платы, якая была мізэрнай.

Першая сусветная вайна значна пагоршыла становішча працоўных. Спынілі сваю дзейнасць многія прадпрыемствы: у Лёзне 2 булачныя, у Бабінавічах – вадзяны млын і гарбарны завод. Скараціліся пасевы пшаніцы, бульбы, паменшылася колькасць працаздольнага насельніцтва.

У час вайны ў Лёзне адбылася першая маёўка. У яе падрыхтоўцы прымалі ўдзел А. Котаў, Г. Ратамскі, В. Кляцкіна, Хайнсон, Файкман і іншыя.

Пачалі адраджацца разгромленыя ў гады рэакцыі арганізацыі РСДРП. Так, у верасні 1917 года ў Калышках пры актыўным удзеле З.П. Філіпоўскага была адноўлена група РСДРП (б

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter