З гiсторыi Вялiкiх Чучавiч

У 1577 г. — Чучавічы, сяло Наваградскага павета, уласнасць Мікалая Юр'евіча Радзівіла — віленскага ваяводы. У 1626 г. Чучавічы — сяло Лахвенскага маёнтка, зямлі 57 1/3 валокі (прыкладна 115 двароў). Некаторы час сяло прыпісана да Нясвіжскага маёнтка. У 1795 г. Вялікія Чучавічы — сяло зноў Лахвенскага маёнтка, 55 двароў. У 1795 г. — маецца уніяцкая царква. Пасля Радзівілаў вёска перайшла ў валоданне князя Пятра Вітгенштэйна.

У 1851 г. на яго сродкі ўзведзена, папярэдняя згарэла. Па апісанні 1798 г., царква драўляная, пабудавана ў выглядзе прадаўгаватага крыжа з пяццю купаламі і званіцай з чатырма званамі — адпаведна ў 5,5 пуда; 2,5; 2 і паўпуда, з двума ярусамі вокнаў і трыма ўваходнымі дзвярамі. Дах царквы драўляны, пафарбаваны ў зялёны колер. Пячное ацяпленне не прадугледжвалася. Унутраная прастора мела каля 35 кв. сажняў, падлога драўляная. Дашчаты іканастас складаўся з 13 ікон, размешчаных у 2 ярусы і напісаных на палатне. Царква мела адзін прастол, была беднай посудам — некалькі пасярэбраных сасудаў, бляшанае панікадзіла, два крыжы: медны пасярэбраны і пазалочаны. Налічвалася 6 аблачэнняў для свяшчэнніка, але толькі 3 з іх можна было апранаць. Адзінае богаслужбовае Евангелле было ў металічным акладзе.

Па апісанні 1990 г., пабудова трохзрубная, складаецца з прамавугольнага бабінца, квадратнага ў плане цэнтральнага і пяціграннага алтарнага зрубаў. Цэнтральны чацвярык у другім ярусе пераходзіць у васьмярык з дапамогай ветразяў, якія відаць знадворку. Васьмярык пакрыты пластычным чатырохсхільным дахам і завершаны дэкаратыўным пяцігалоўем. Дах пакрыты гонтай. Будынак гарызантальна ашаляваны. Сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Уваходы акцэнтаваны крытымі слупавымі ганкамі. Званіца прыбудавана да бабінца, трох'ярусная, ніжнія ярусы — чацверыкі, верхні — васьмярык, завершана шатровым дахам. У інтэр'еры вылучаецца двухсветлавы завершаны купалам цэнтральны аб'ём, з якім злучаюцца больш нізкія бабінец і алтарнае памяшканне, агароджанае разным вызалачаным іканастасам (XIX ст.).

Помнік архітэктуры, які характарызуе развіццё ў XIX ст. традыцыйных для Палесся ярусных кампазіцый. Дзеючая.

У 1870 г. у вёсцы 45 двароў, 188 мужчын і 199 жанчын. У 1880 г. — "Чучавічы Вялікія і Малыя — сяло і фальварак у Мазырскім павеце. Адлегласць ад Мазыра 50 міль, ад Слуцка — 20, стан паліцыі за 15 міль Колькасць зямлі — 1176 дзесяцін, з іх ворыва — 92, лугоў — 104, балот непраходных — 7715, лясоў — 10 600, хмызняку — 2200, няўдобіц — 2000 дзесяцін. Народ спавядае праваслаўную веру. Замест дарог — пляцёнкі дрэў, укладзеныя ў балота. Жыхары займаюцца развядзеннем жывёлы і пчалярствам, хаця яно і дрэнна вядзецца, і прыносіць мала прыбытку таму што мёд скупляецца заезжымі яўрэямі-карчмарамі. Народ убогі і цёмны". У 1886 г. у вёсцы 58 двароў, 530 жыхароў, маецца валасное праўленне, старшынямі якога былі Павел Грыцкевіч (1911 і 1913 гг.), Трафім Ліхтар (1914), Фёдар Курак (1915), а пісарамі — Іван Цітоў, Юльян Скап'ян, Міхаіл Філітараў

У 1878 г. адзначаецца, што жыхары Чучавіч па-майстэрску ловяць уюноў, вырабляючы для гэтага спецыяльныя лавушкі з лазы. Смажаныя і сушаныя ўюны, якія пастаўлялі з Чучавіч, карысталіся попытам на кірмашах у Слуцку, Навагрудку, Мінску, Вільні. У 1905 г. паведамляецца, што "навакольныя жыхары ведаюць многа смешных апавяданняў пра чучавічцаў. Наогул гэта мясцовасць адметна па першабытнасці жыхароў і прыроды".

Восенню 1905 г. было пачата будаўніцтва чучавіцкай веткі Палескіх чыгунак ад станцыі Люшча да прыпыначнага пункта Канал даўжынёю ў 27,8 вярсты, які праходзіў праз вёскі Навасёлкі і Вялікія Чучавічы. Пры гэтым улічваўся рэльеф мясцовасці і прыродныя ўмовы. 3-за моцнай забалочанасці чыгунка быццам бы вярталася ў напрамку да Лунінца, агібала сядзельскае балота, лясіста-нізінныя ўрочышчы Сядзельскі Бор і Мушыну Ніву і накіроўвалася прама на поўнач, перасякаючы раку Цна і яе балоцістую пойму ля ўрочышча Сокалаў Рог (праз яе быў пабудаваны невялікі драўляна-бетонны мост). Далей ветка перасякала невялікі прыток Цны — рэчку Штыр ля ўрочышча Шпакоўка, ішла ўздоўж канала, за Навасёлкамі ва ўрочышчы Зялёнае паварочвала на паўночны ўсход да Вялікіх Чучавіч. За вёскамі дарога праходзіла праз лясны масіў і ўрочышча Рачкі, перасякала канаву Заазёрскую і ля хутара Бор паварочвала на паўднёвы ўсход, да канаў Крынічнай і Плёса. Тут і знаходзілася канчатковая тупіковая станцыя чучавіцкай веткі — Канал.

Чыгуначнікі станцыі Люшча і будаўнікі чучавіцкай веткі ў кастрычніку — снежні 1905 г. прынялі ўдзел у падзеях Усерасійскай стачкі.

Пасля здачы ў эксплуатацию 25 сакавіка 1908 г. па чучавіцкай ветцы стала вывозіцца драўніна, неабходная дрэваапрацоўчым прадпрыемствам наваколля, у тым ліку — на Лунінецкі шпалапрапітачны завод для вырабу чыгуначных шпал, а таксама ў цэнтральныя раёны Расіі і на Украіну для выкарыстання пад крапёжны лес для шахтаў.

Курсіраваў цягнік, які падвозіў на лесараспрацоўкі рабочых і служачых, дастаўляў на станцыю Люшча платформы з драўнінай. Потым хадзіў яшчэ адзін — цягнік № 23 — 24 з таварнымі платформамі і пасажырскімі вагонамі 2-га і 3-га класаў. Расклад руху цягнікоў, занатаваны ў "Памятной книжке Минской губернии за 1913 год", адпавядае і 1914 г., калі таварна-пасажырскі цягнік Люшча — Чучавічы — Канал меў нумар 33 — 34.

У 1914 г. начальнікам станцыі Чучавічы быў адстаўны падпаручык Антон Адамавіч Лянчэўскі, станцыі Канал — Уладзімір Мікалаевіч Казун. Да пачатку 1917 г. на абедзьвух станцыях пасады начальніка былі вакантнымі.

У жніўні 1913 г. у Чучавічах было адкрыта паштовае аддзяленне, хаця неафіцыйна пошта пачала функцыяніраваць тут яшчэ з сакавіка. Ажыўленую перапіску вялі валасное ўпраўленне, царква, настаўнікі. Дагэтуль карэспандэнцыя адпраўлялася і атрымоўвалася ямшчыкамі, аказіяй, земскай поштай або яе вазілі да бліжэйшай паштовай станцыі, што з уводам у дзеянне вузкакалейкі было даволі зручна.

З паштовых дакументаў даведваемся прозвішчы некаторых тагачасных жыхароў Чучавіч: настаўніц Ганны Лужковай і Ганны Садоўнікавай, псаломшчыка Вяроўскага, удавы псаломшчыка Яўгеніі Васільеўны Радзівіловіч. Хочацца адзначыць перапіску гадоў першай сусветнай вайны з военачальнікамі паветаў, з камандзірам 389-ай пешай Мінскай дружыны — магчыма, там праходзілі службу апалчэнцы з Чучавіч.

Начальнікам пошты ў 1915 г. быў В.Ф. Саноцкі, у 1916 — А.А. Бухцярэвіч.

С сайта - luninec.hmarka.net

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter