Гісторыя Вялікачучавіцкай школы ў 1857 – 1941 гг.

Школа ў Чучавічах адкрылася ў 1857 годзе. Аб гэтым сведчыць запіс у летапісу Чучавіцкай царквы: «В приходе сей церкви Училище приходское открыто для обучения крестьянских детей грамоте в 1857 году по распоряжению Высокопреосвященнейшего Михаила, бывшим священником Николаем Серпужинским».

Вучні ў вучылішчы займаліся спачатку «при церковном доме», затым — у адным з пакояў валаснога праўлення. Малодшых і старэйшых класаў не было, усе вучні займаліся адначасова ў адным памяшканні, вучачы закон Божы, царкоўнае песнапенне, асновы пісьма і ліку.

У 1863 годзе ў Чучавічах было адкрыта пры царкве народнае вучылішча, «... но оно существовало несколько месяцев, а потом закрыто по малости мальчиков и худому сообщению». Гэты запіс у летапісу зацвярджае, што дзяўчынкі ў школу не хадзілі. Аб гэтым далей у летапісу пішацца, што кожны год у школе было 16, 19, 22 і г.д. вучняў «... мужского пола». Першыя дзяўчынкі з`явіліся ў 1888 годзе. У гэтым годзе было 42 хлопчыкі і 6 дзяўчынак.

Пасля адмены прыгоннага права і паўстання 1863 года ў Польшчы і Беларусі быў выдадзены ўказ Мінскага дырэктара народных вучылішч Кандзілоўскага за № 617 ад 12 мая 1864 г. Віленскай навучальнай акругі аб пабудове пачатковай школы ў Чучавічах на 50 вучняў «... и изб для далёких людей». У загадзе прадугледжвалася, што школа павінна мець тры аддзяленні. Павінны выкладаць рускую мову, царкоўнаславянскую мову, арыфметыку.

Насельніцтва вёскі было не адукаваным, і не было нават жадання для набыцця ведаў.

Зноў вернемся да летапісу, дзе свяшчэннік запісаў: «Степень нравственности и умственного развития прихожан ещё неудовлетворительно по той причине, что многие из них ещё не осознали вполне пользы грамотности, которая при неаккуратности посещения мальчиков училища, при несодействии в этом Мировых посредников, Волостных писарей и сельских должностных лиц, развивается в народе очень, очень медленно. Знающих грамоту в приходе очень мало по той причине, что вышедшие из оного, занявшись в последствии хозяйственными работами, по неупражнению своему почти всё забывают».

У 1902-05 гадах у Чучавічах была пабудавана першая школа. І першым адукаваным настаўнікам быў Стасенка. Школа мела назву «Волостная школа». Стасенка працаваў з 1903 па 1907 год. Гэта быў народнік. Бацькі і дзеці вельмі любілі яго. У 1907 годзе ён выехаў з Чучавіч. У 1907 годзе прыехаў новы настаўнік Калесніка, але ў 1908 годзе ён быў арыштаваны за ўдзел у вызваленчым руху. У 1908 годзе школа стала называцца царкоўна-прыходской. Загадчыкам быў свяшчэннік. Заняткі ў школе пачыналіся з 1 кастрычніка, а заканчваліся ў красавіку. Гэта было звязана з асенне-веснавымі работамі дзяцей на гаспадарцы бацькоў.

У школе было тры аддзелы. Гэта цяперашнія класы. У дзяржаўную сістэму школа не ўваходзіла. Зарплату плацілі настаўніку 20 рублёў у месяц. Адзін раз у год прыязджала экзаменацыйная камісія, у якой іншы раз быў і інспектар народных вучылішч з Мазыра. Школу наведвалі вучні з другіх сёл: М. Чучавічы, Лугі, Баравікі.

З восені дзеці збіраліся ў школу дрэнна. Але, калі заканчвалі пасвіць жывёлу, ў школу збіралася да 90 чалавек.

Дзеці былі апрануты ў бацькоўскія світкі, лапцікі. Зімой яны шмат хварэлі. Кор, скарлаціна, дыфтэрыт — асноўныя захворванні дзяцей таго часу. Медыцынскага агляду дзяцей ніхто не рабіў. Навучальны год з-за хвароб вучняў быў у страшэнным хаасе.

Да пачатку заняткаў з Мазыру прысылалі мятровую скрыню, у якой былі сшыткі, кнігі, падручнікі, грыфельныя дошкі, грыфеля, пер`е, пропісы, за кошт воласці. Дзеці атрымлівалі іх бясплатна.

У бакалейных крамах сяла школьных прылад не было. У школе была бібліятэка, але яна была рэлігійнага напрамку. Першы урок быў закон Божы. Акрамя таго было ўведзена чытанне на царкоўна-славянскай мове. Гэта патрэбна было для царквы. Чытанне і пісьмо было на рускай мове. Гэта гаворыць аб тым, што ішла палітыка русіфікацыі нашага краю.

Літаратурнае чытанне вялося толькі па падручніках. Па гісторыі, геаграфіі даваліся толькі першапачатковыя звесткі. З наглядных дапаможнікаў і абсталявання былі толькі дзве геаграфічныя карты. Кожную нядзелю і кожнае свята, не выключаючы і царскіх дзён, вучні павінны быць у царкве. Нягледзячы на мароз, холад у царкве, дрэннае адзенне, вучні не смелі скардзіцца. Толькі частае тупанне па падлозе мокрымі лапцямі выказвала іх незадаволенасць.

Пасля Калеснікава настаўніцамі былі Вячорка і яе сястра, якія выкладала закон Божы і царкоўна-славянскае чытанне. Яны працавалі ў 1909-1910 гг. З 1910 па 1911 год настаўніцай працавала Лянчэўская. Малодшы клас вёў псаломшчык Вяроўскі.Такая хуткая змена настаўнікаў была вызвана і аддаленасцю вёскі. З 1911 года ў школе павінна была выкладаць Лужкова Ганна Васільеўна, але яна захварэла і навучальны год пачаўся пасля зімовых канікулаў.

Ганна Васільеўна скончыла Опочацкую прагімназію і атрымала спецыяльнасць настаўніцы. Па свайму сацыяльнаму паходжанню яна была мяшчанка. У Чучавічы яна была накіравана працаваць настаўніцай у 1911 годзе. Праз некаторы час яна тут выйшла замуж за эканома памешчыка Агаркава Гражэвіча.

У 1913 годзе школа увайшла ў сетку дзяржаўнай адукацыі. Зарплата настаўніка павысілася да 30 рублёў. На патрэбы школы высылалі з Мазыра 80 рублёў у год. У школе з`явіліся крэслы, гадзіннік, вентылятар (застаецца толькі здагадвацца, які рухавік у яго быў).

Заняткі ў школе пачыналіся з 1 верасня, а заканчваліся ў маі месяцы. Ставілася пытанне аб агульным навучанні, але як настаўніца не змагалася, поспеху не дамаглася. Бацькі не бачылі неабходнасці ў адукацыі дзяцей. Ім патрэбны былі пастухі.

У 1913 годзе ў школу прыслалі практыкантку Жолцікаву, якая скончыла 4 класы Арзамаскай прагімназіі. Яна атрымала дазвол на практыку ад інспектара народных вучылішч г. Пінска. У 1914-1915 годзе такую ж практыку прайшла і Лужкова Любоў Васільеўна, сястра Ганны Васільеўны. Любоў Васільеўна скончыла Опочацкую прагімназію Пскоўскай губерніі.

Першая сусветная вайна прынесла многа гора беларусам, але ў Чучавічах школа працавала. Мала таго, у 1914 годзе адкрываецца земскае пачатковае вучылішча Мазырскага павета.

У 1916 годзе прыехала часовая настаўніца, якая замяшчала Ганну Васільеўну Лужкову (яна выйшла замуж за эканома Гражэвіча і яе ўжо звалі пані Гражэвічыха), але ў гэтым жа годзе і выехала.

Праз Чучавічы прайшлі бежанцы, і школа перастала працаваць.

Настаўнікі раз`ехаліся.

Школа пачала працаваць з 1917 года, але толькі ў 1918 годзе прыехала настаўніца Гулевіч. Яна працавала ў школе разам з былой вучаніцай Чучавіцкай школы Жылевіч да 1919 года. Плацілі ім 4 рублі ў год за кожнага вучня. Плаціла воласць.

У 1918-1919 годзе Чучавічы былі пад нямецкай акупацыяй. У 1919 годзе ад дзіцячай неасцярожнасці згарэў будынак школы.

Пасля заключэння ў 1921 годзе Рыжскага дагавору тэрыторыя Чучавіч аказалася пад Польшчай. У 1921 годзе адчынілі дзверы вясковыя школы на польскай мове.

У Чучавічах стала школа — сямігодка, якая размяшчалася ў сялянскіх хатах. У 1926 годзе быў пабудаваны новы будынак школы. Кіраўніком, дырэктарам быў Маеўскі, а потым Казлоўскі, Шпрынгвальд, Шпрынгвальдова. Настаўнікі: Вішнеўскі, Сухачэўская, Марчук, Марчукова. У школе была ўжо звернута ўвага на выхавацельскую работу, канешне, на капіталістычны лад. У школе наладжваліся розныя мерапрыемствы з выступленнем вучняў, паездкі лепшых вучняў у Варшаву. Але гэтымі паездкамі ўсе не маглі карыстацца таму, што ў бацькоў не было грошай, а бясплатна школа пасылала 1–2 чалавекі.

У вёсцы была адкрыта лякарня. Медыкі пачалі наведваць школу і сачыць за здароўем вучняў, але лячэнне было платнае. Праводзіліся з бацькамі гутаркі аб паспяховасці і наведванні іх дзяцьмі заняткаў. Бывалі выпадкі, калі бацькоў штрафавалі за пропускі заняткаў. У школе была вялікая бібліятэка, шмат наглядных дапаможнікаў. На ўроках дзеці пачалі вывучаць гісторыю, геаграфію «новай» польскай Радзімы. Былі ўведзены ўрокі працы, дзе працавалі на варштатах, на агародзе, вучылі вышыванню. Але вучыцца, дзе хочаш, было немагчыма. Пры паступленні ў вышэйшыя разрады патрэбны былі грошы і здаць экзамены. Гміна пасылала за свой кошт вучыцца далей 1–2 вучняў, але бацькі не адпускалі. Так працягвалася да 1939 года. 17 верасня 1939 года Савецкая Армія вызваліла Заходнюю Беларусь ад палякаў. Былі вызвалены і Чучавічы.

Пачала дзейнасць беларуская нацыянальная школа. Настаўнікі засталіся амаль што тыя самыя. Дырэктар — Шпрынгвальдова. Настаўнікі: Сухачэўская, Марчук, Марчукова, Лужкова А.В., Лужкова Л.В., Гулевіч, Пагажэльская.

У школе было 5 класаў дзённых. Упершыню пачала дзейнасць вячэрняя школа. Дарослыя вывучалі рускую мову. У 1940 годзе значна змяніўся педкалектыў: Лужкова А.В., Лужкова Л.В., Сухачэўская, Разенкранц, Гутэрман, Гозенпуд, Вераб`ёў, Кордос, Кардасова, Галяліна. Дзённых засталося 5 класаў і вячэрніх 3 класы. У 1941 годзе ў калектыў уліліся настаўнікі Лабровіч, Цэнтліна, Кліменкова.

Памяшканняў для школы і настаўнікаў было ўдосталь. У школе была вялікая бібліятэка з кнігамі рускіх класікаў, шмат вучэбных дапаможнікаў. Але гэтае мірнае існаванне працягвалася нядоўга.

Настала жудаснае лета 1941 года...

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter