Паважаны чытач!
Ты перагарнуў апошнюю старонку кнігі аб старажытнай вёсцы, летапісная гісторыя якой распачалася звыш за 500 гадоў таму, у 1493 годзе. Гэтым даследваннем удалося ахапіць толькі невялікую частку багатай гісторыі Кажан-Гарадка, яе асобныя фрагменты.
Гісторыю вёскі сёння немагчыма ўявіць у першую чаргу без тых вяскоўцаў, што выхоўваюць дзяцей і даглядаюць старых, шануюць Радзіму, жывуць і працуюць на гэтай зямлі, здабываюць хлеб, вырошчваюць гародніну, ловяць рыбу, разводзяць жывёлу. Але “не хлебам адным жыве чалавек”, бо як можна забыць такіх творчых асобаў, як Астапчык — скульптар XIX ст., разьбяр па дрэве і механік, фотаздымкі работ якога можна ўбачыць у шматлікіх энцыклапедычных выданнях! Або хто не ведае аб творчым захапленні самадзейнага кампазітара Андрэя Гурбановіча, які, нягледзячы на інваліднасць, напісаў сотні вершаў і песень?! Скажам добрыя словы падзякі захавальнікам старажытнай песеннай спадчыны — фальклору — сям’і Грыцкевічаў (Дылько, з Майдана), Уладзіміру і Надзеі... Як можна забыць героя веры Хвэдора Крука або сям’ю таленавітых настаўнікаў Мірановічаў — Антаніну Іванаўну і Івана Іванавіча?76 Як не памянуць добрым словам “дохтэрка” Малаха Іванавіча Сцепановіча, што выратаваў калі не тысячы, то сотні жыццяў, ці прамаўчаць пра слаўны род Піваварчыкаў або Лівончыкаў?
Кажан-Гарадок нельга ўявіць і без нашых землякоў, раскіданых па свеце хвалямі эміграцыі — у Англіі, Аўстраліі, Бельгіі, Германіі, Ізраілі, Польшчы, па краінах СНД...
Гонар і годнасць вёскі — вучоныя, выхадцы з Кажан-Гарадка: доктар сельскагаспадарчых навук Сямён Кулеш, ганаровы палярнік кандыдат геаграфічных навук Пётр Зіміч, рана адыйшоўшы з жыцця кандыдат юрыдычных навук Пэтрусь Якубовіч... Сярод выпускнікоў Кажан-Гарадоцкай школы — выкладчыкі ВНУ Беларусі, Украіны і іншых краін СНД, супрацоўнікі ААН, дыпламатычнага корпусу...
З асаблівай цеплынёй згадаем Ленінца Івана Дзем’янавіча, які сабраў БАГАЦЕЙШЫЯ гістарычныя звесткі пра Кажан-Гарадок і так рана пакінуў гэты свет! На жаль, яго рукапіс загублены яго ж сынам, што выехаў у Ямала-Ненецкую нацыянальную акругу, дзе і згубіліся яго сляды.
На жаль, страчаны не толькі рукапіс гісторыі Кажан-Гарадка, над якім усё жыццё працаваў І. Ленінец... Людзі не менш страчваюць, калі скрываюць вядомыя толькі ім гістарычныя факты, знішчаюць рэдкія дакументы: дзённікі, фотаздымкі... Так, аўтару гэтых радкоў стала вядома пра гераічны подзвіг былога польскага салдата, здзейснены ў баях супраць немцаў. Гэты салдат, жыхар Кажан-Гарадка, яшчэ жывы. Але не паспеў той чалавек сказаць і пару слоў пра ўцёкі з акружэння на паветраным шары, як яго сын (дарэчы, адукаваны чалавек, начальнік) тут жа ўмяшаўся ў размову: “Ты, бацька, маўчы. А то як бы чаго не выйшла!” Ну што ж, Віктар! У гісторыі Кажан-Гарадка няма ні слова аб подзвігу твайго бацькі, ні слова аб удзельніку Абарочнай вайны 1939 года, яго баявым шляху, нямецкім палоне, антыфашысцкім Супраціўленні і заканчэнні вайны ў радах Савецкай Арміі.... Бог табе суддзя, Віктар. Я не стаў пісаць аб гэтым і не называю ваша прозвішча, “а то як бы чаго не выйшла”... А выйшла тое, што Ваш бацька — адзіны з удзельнікаў той малавядомай вайны, старонка аб якой ніколі не увойдзе ў “Гісторыю Кажан-Гарадка”! І хто мы пасля гэтага, калі не будзем мець гісторыі?
Выказваю шчырую падзяку тым людзям, успаміны і парады якіх былі выкарыстаны мною пры напісанні кнігі. Гэта Астапчык Праскоўя Міхайлаўна, Бастынец Васіль Васільевіч, Байда Марыя Мікітаўна, Вайцяхоўскі Віктар Аркадзевіч, Гарда Святлана Анатольеўна, Гоман Кузьма, Гурбановіч Андрэй Данілавіч, Гурбановіч Даніла (вул. Бірукоўка), Гурбановіч Даніла (вул. Савецкая), Дамашэвіч Уладзімір Міхайлавіч, Жылко Вадзім Вітальевіч, Змітровіч Рыгор Пятровіч, Зубко Якаў Генадзьевіч, Каратышы Пётр і Ніна, Крук Мікалай Фёдаравіч, Ленінец Ганна Карпаўна, Тарасевіч Уладзімір Аляксандравіч, Туміловічы Мікалай і Надзея, Чарняўскі Пётр Піліпавіч, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных архіваў, бібліятэк і музеяў Брэста, Лунінца, Мінска, Пінска...
Асаблівая удзячнасць — тым, хто ўзяў на сябе матэрыяльныя расходы і клопаты пры выданні гэтай кнігі.
Шчасця вам, людзі!
Шчасця табе, дарагі майму сэрцу Кажан-Гарадок, частачка незалежнай Беларусі! Куды паверне гісторыя твой лёс за парогам 500-гадовага юбілею? Якое будучае ўгатавала табе Маці-Гісторыя?
Подробнее...