На ім – удзельнікі 2-га Усесаюзнага з’езда калгаснікаў-ударнікаў. Унізе – подпіс: “Беларуская дэлегацыя. Масква. Люты, 1935 год”. Сярод адлюстраваных – вядомыя палітыкі таго часу: Сталін, Молатаў, Варашылаў. У трэцім радзе сёмы справа – наш зямляк Гаўрыла Пятровіч Сцешыц. Арыгінал фотаздымка захоўваецца ў доме С.В. Сцешыц. (а для сайта города Микашевичи фотоснимок показала другая родственница)
– Гэты ўнікальны дакумент збярог мой муж Мікалай Гаўрылавіч Сцешыц, – расказвае Соф’я Васільеўна. – Фотаздымак цудам уцалеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Калі б немцы знайшлі яго, сям’і ўжывых не было б…
Бацька
Да вайны Г.П. Сцешыц кіраваў калгасам “Чырвоны Кастрычнік” у суседнім Старобінскім раёне (цяпер – Салігорскі раён) Мінскай вобласці. За старанную працу ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
У першыя дні вайны Гаўрыла Пятровіч сабраў невялікі атрад камсамольцаў, якія вырашылі не пусціць у родную вёску Доўгае фашыстаў. Аднак супрацьстаяць узброенаму да зубоў ворагу байцы не маглі, таму было прынята рашэнне ісці ў партызаны. Да іх далучылася большая частка мужчынскага насельніцтва вёскі. Дома ў спадзяванні, што жанчын і дзяцей фашысты не крануць, яны пакінулі сем’і.
Аднак азвярэлыя ад супраціўлення народа карнікі дзейнічалі інакш. Здаралася, дапамагалі ім мясцовыя здраднікі. Менавіта па іх наводцы аднойчы фашысты ўварваліся ў дом Сцешыцаў і пачалі допыт жонкі Гаўрылы Пятровіча Ганны Герасімаўны. Нават пад катаваннямі не выдала яна, дзе хаваецца муж. Па загаду карнікаў па-ліцаі ўзвялі шыбеніцу, каб пры аднавяскоўцах павесіць жонку калгаснага старшыні. Аднак на яе абарону ўсталі землякі, якія пачалі гаварыць, што жанчына сама паднімае дзяцей, разышлася са сваім мужам і даўно з ім не жыве. Гэты довад пацвердзіў і стараста, які памятаў, як дапамагаў яму ў свой час Гаўрыла Сцешыц. На гэты раз немцы злітасцівіліся. У тую ж ноч, а было гэта 7 сакавіка 1942 года, сям’ю Сцешыцаў вывезлі ў лес.
Г.П. Сцешыц быў начальнікам разведкі партызанскага атрада. У кнізе “Усё жыццё – Айчыне” В.З. Корж успамінае свайго мудрага саратніка і расказвае пра тое, якую неацэнную дапамогу аказвалі разведчыкі не толькі атраду народных мсціўцаў, але і ўсёй Чырвонай Арміі, своечасова раскрываючы намеры праціўніка. Не аднойчы Гаўрыла Сцешыц паказваў сябе мудрым военачальнікам. Аднойчы група разведчыкаў убачыла калону варожых машын з боепрыпасамі, якая рухалася ў бок фронту. Мясцовасць была добра вядома, таму Гаўрыла Пятровіч адразу здагадаўся, у якім месцы калона будзе перасякаць раку Случ, і адразу прыняў рашэнне. Пазней у дзённіку В.З. Каржа паявіцца наступны запіс: “Група на чале з Гаўрылам Пятровічам (Сцешыцам) спаліла мост праз раку Случ у вёсцы Доўгае і домік вартаўніка”.
За баявыя заслугі Г.П. Сцешыц быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі. Пасля вайны пераехаў з сям’ёй у Мікашэвічы, працаваў начальнікам райземаддзела, намеснікам старшыні мясцовай гаспадаркі, дырэктарам камбіната хлебапрадуктаў. Гаўрыла Пятровіч стаў першым Ганаровым грамадзянінам тады яшчэ гарадскога пасёлка Мікашэвічы. Яго пасведчанне пад нумарам 1 і Ганаровая стужка сёння захоўваюцца ў музеі гімназіі.
С.В. Сцешыц успамінае, што больш за ўсё ў сям’і мужа цанілі вернасць і сумленнасць. Яе свёкар Гаўрыла Пятровіч любіў паўтараць: “Без рук, без ног – калека, без сумлення – паўчалавека”. Яго паважалі за чэснасць і высакароднасць. Ён ніколі шмат не абяцаў, але калі мог дапамагчы, абавязкова дапамагаў. Заўсёды быў ветлівым і вельмі шчодрым, любіў гасцей, паўтараючы: “Госць нядоўга сядзіць, ды ўважліва глядзіць”. Таму стол у хаце Сцешыцаў заўсёды накрываўся шчодра. Гаўрыла Пятровіч любіў людзей, а яны заўсёды адказвалі яму ўзаемнасцю.
Сын
У партызанскім атрадзе Камарова справа знайшлася для ўсіх. Ганна Герасімаўна працавала на кухні, мыла партызанам бялізну. Дачка Надзея даглядала параненых. Малодшы Леанід выконваў дробныя партызанскія даручэнні (пасля вайны выбраў прафесію ваеннага, даслужыўся да палкоўніка). Трынаццацігадовы Мікалай стараўся не адставаць ад бацькі, які іншы раз браў з сабой падлетка ў разведку. Хударляваму хлапчуку лягчэй было незаўважаным прабрацца ў фашысцкае логава, пералічыць салдат і тэхніку, падслухаць, пра што гавораць паліцаі.
Памятным для Мікалая быў люты 1943-га і жорсткі бой каля в. Святая Воля. Партызаны разграмілі нямецкі гарнізон, які стаяў у гэтай вёсцы. Упершыню хлапчук блізка бачыў смерць. Потым яна яшчэ не раз глядзела ў вочы, але лёс збярог юнага партызана атрада Камарова, які ўваходзіў у Пінскае партызанскае злучэнне.
Пасля вайны Мікалай закончыў школу, працаваў на Мікашэвіцкім млыне электраманцёрам, шафёрам-матарыстам – у кінатэатры. Пасля службы ў арміі паступіў у партыйную школу, прайшоў многія прыступкі кар’ернага росту, пакуль у 1962-ім не ўзначаліў тагачасны калгас “Дружба”. Праз 12 год – новы віток лёсу: М.Г. Сцешыца выбралі старшынёй Мікашэвіцкага пасялковага Савета дэпутатаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1990 года. Меў вядомасць прынцыповага кіраўніка, удзельнічаў у праектаванні новага пасёлка. Пры яго непасрэднай зацікаўленасці ў Мікашэвічах узводзіліся новыя дзіцячыя сады, бальніца, школа… Ён заўсёды стараўся быць шчырым з людзьмі, пра якіх клапаціўся нястомна.
У 2007-ым Мікалая Гаўрылавіча не стала…
Пасляслоўе
Мы сядзім у старым доме Сцешыцаў, дзе жыццё цепліцца, дзякуючы Соф’і Васільеўне. Яе таксама не песціў лёс: бацька загінуў на фронце, маці памерла ад хваробы. З далёкага дзяцінства памятае, як хаваліся ў лесе ад фашыстаў, а вярнуўшыся ўбачылі на месцы хаты папялішча…
На лёс наша суразмоўніца не дакарае, хаця ў старасці адзінота – дрэнная сяброўка.
– Сыны жывуць далёка ад дома, у Расіі, па магчымасці стараюцца прыязджаць у госці, чым могуць, дапамагаюць, – пераконвае Соф’я Васільеўна. У яе словах упэўніліся самі, заўважыўшы, што ў доме распачаты рамонт. Не так даўно каля старой хаты паявілася новая дыхтоўная агароджа. Жанчына песціць надзею, што з часам хоць адзін з сыноў вернецца да роднай сядзібы.
Даведаўшыся, што мы – гімназісты, з вялікай удзячнасцю гаварыла пра тое, што, дзякуючы вучням гімназіі на чале з С.П. Высоцкім, якія выйшлі з ініцыятывай да індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Юрчука, быў выраблены медальён на помнік Г.П. Сцешыцу – да гэтага часу фотаздымка ветэрана на ім не было. (от сайта города: не было потому, что так завещал сам Стешиц перед смертью своим родственникам).
Ведаю, што ў свой час ішла гаворка пра тое, каб увекавечыць прозвішча вядомага партызана Гаўрылы Пятровіча Сцешыца ў назве адной з вуліц. Прынамсі, менавіта з такой прапановай звярталіся да тагачаснага старшыні гарвыканкама ўдзельнікі марафона «Возьми, мой внук, в наследство Память». Адначасова гімназісты прапаноўвалі ўстанавіць на доме, дзе жыў праслаўлены саратнік Васіля Каржа мемарыяльную дошку. На жаль, адказу на зварот так і не атрымалі. Магчыма, сённяшняе кіраўніцтва пачуе покліч нашых сэрцаў? А завяршыць свой аповяд хачу словамі вядомага паэта Роберта Раждзественскага: «Люди! Покуда сердца стучатся, помните! Какою ценой завоевано счастье, – пожалуйста, помните!».
Ганна ГОРБАТ, вучаніца 11 класа гімназіі імя У. Нядзведскага.
Фото с архива сайта г. Микашевичи и учителя Немчени Е.М.
Подробнее...