Адразу пасля ўтварэння Жабінкаўскага раёна пачалося фарміраванне ягоных органаў улады. У тыя часы вышэйшае кіраўніцтва ў Савецкай краіне ажыццяўляла Камуністычная партыя бальшавікоў. Таму ва ўсіх раёнах Заходняй Беларусі (і Жабінкаўскі, вядома, не стаў выключэннем) галоўнай асобай быў першы сакратар РК КП(б)Б. На Жабінкаўшчыне ім стаў Мікіта Пятровіч Кароткін (1906–1968). Ён пакінуў настолькі глыбокі след у гісторыі краю, што імя Кароткіна з канца 60-х гадоў носіць адна з вуліц Жабінкі.
Мікіта Пятровіч двойчы ўзначальваў мясцовую партарганізацыю (у 1940–1941 і 1944–1947 гадах). У маі 1940-га быў дэлегатам ХVIII з’езда Кампартыі Беларусі ў Мінску. Падчас вайны актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пасля пераводу з Жабінкі быў другім сакратаром Гродзенскага КП(б) Беларусі (1947–1948), намеснікам міністра сельскай гаспадаркі БССР (1951–1952), першым сакратаром Віцебскага абкама Кампартыі Беларусі (1954–1956), намеснікам міністра хлебапрадуктаў БССР (1956–1962).
Адразу пасля ўтварэння Жабінкаўскага раёна ў дапамогу Мікіту Кароткіну былі прызначаны яшчэ два сакратары: другі – Рыгор Мацвеевіч Басаў і трэці – Якаў Вольфавіч Дзяткін. Пра Рыгора Басава вядома, што і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ягоны лёс аказаўся звязаны з нашым краем: у 1945–1946 гадах ён узначальваў Жабінкаўскі раённы выканаўчы камітэт. А самым першым у спісе старшынь райвыканкама ў 1940–1941 гадах значыцца Васіль Сцяпанавіч Давыдаў.
Райкам партыі падзяляўся на аддзелы. Першым “па рангу” лічыўся аддзел прапаганды і агітацыі, узначалены Аляксандрам Міронавічам Фамічовым, ягоным намеснікам стаў Максім Міхайлавіч Грыгаровіч, прапагандыстам — Яўген Васільевіч Гусеў.
Аргінструктарскі аддзел, які займаўся кадравымі пытаннямі, узначаліў Аляксандр Сцяпанавіч Якімушка, які таксама меў намесніка – Сяргея Яўсеевіча Назаранку.
Сакратаром райкама ЛКСМБ, або, як тады казалі, камсамольскім важаком, быў прызначаны І.Ф. Нусаў
Так званы “сілавы блок” прадстаўлялі начальнік райаддзела народнага камісарыята дзяржбяспекі Аляксей Сяргеевіч Макрусаў, раённы пракурор Максім Ціханавіч Кузьмін, начальнік райаддзялення міліцыі Народнага камісарыята ўнутраных спраў Фёдар Іванавіч Кірылаў і загадчык ваеннага аддзела (у будучым – ваенкамата) Іван Пятровіч Худзякоў.
Раённым упаўнаважаным наркама нарыхтовак быў прызначаны Павел Емяльянавіч Чарноў, загадчыкам ашчаднай касы – Іван Пятровіч Аляксееў.
Усе пералічаныя асобы прыбылі з усходніх абласцей Беларускай ССР (найчасцей з Магілёўшчыны) і Расіі, адкуль прыехалі на працу ў Жабінку пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, заняўшы ключавыя пасады ў толькі што створаным раёне.
І ўсё ж два выключэнні з гэтага правіла існавалі. З ліку мясцовых жыхароў былі прызначаны Георгій Нікіфаравіч Барташук, якому даверылі ўзначаліць камунальны аддзел райвыканкама, старшынёй райспажыўсаюза стаў Мікалай Максімавіч Магер.
Подробнее...