У дарэвалюцыйных рускіх гістарычным і геаграфічна-старажытных крыніцах звестак аб старажытным перыядзе гісторыі Ельска амаль няма. У лепшым выпадку ўказваецца, што гэтае мястэчка па дарозе з Сурча на Мазыр вядома з пачатку XVI стагоддзя. Адна з найважнейшых польскіх дарэвалюцыйных крыніц – “Геаграфічны слоўнік Польскага каралеўства і іншых славянскіх краін” ( т. 3. Варшава, 1882) сцвярджае, то ў старажытнаславянскія часы Ельск з’яўляўся цэнтрам тэрыторыі падуладнай “варажскім” князям, а патомкі гэтых правіцелей – выхадцаў з зямлі прыбалтыйска-палабскіх ці паморскіх славян называліся “князямі Ельскімі”. Старажытны род гэтых князяў даўно згас.
Адна з бліжэйшых да Ельска вёсак называецца Княжабор’ер. Цікава, якому князю (ці князям) належыў влікі бор (лес), побач з якім размешчана вёска?..
З пачатку XVI стагодзя Ельскам валодалі прадстаўнікі зусім іншага роду – Спадаў, якія перасяліліся з Францыі па прычыне рэлігійных ганенняў. Прадстаўнікі гэтага роду рассяліліся ў розных мясцінах Польшчы, Літвы і Беларусі і атрымалі новыя прозвішчы ад назваў тых мястэчак і гарадкоў, якімі сталі валодаць. Ельск стаў “гняздом” новых уладароў Ельскіх, але продкі гэтах магнатаў былі французамі па паходжанню.
Польскі “Геаграфічны слоўнік…” указвае, што яшчэ ў канцы XVІІ і ў пачатку XVІІІ стагоддзяў Ельск так і называўся Ельскам, а яго ўладальнік Юзаф Стэфанавіч Ельскі з’яўляўся ў той час мазырскім старастам. Але потым нечакана замест назвы Ельск пачало выкарыстоўвацца найменне Каралін.
У XVІІІ стагоддзі (відаць, у першай яго палове ці ў сярэдзіне стагоддзя) Ельск перайшоў ад Спадаў-Ельскіх да прадстаўнікоў іншага роду – Аскеркаў. Аскеркі, дарэчы, валодалі, згодна с “ленным правам”, Нароўляй, якая да 1764 года засталася каралеўскай уласнасцю і здавалася Аскеркам, так сказаць, у часовае карыстанне. Відаць, нехта з Аскеркаў выкупіў Ельск у Спадаў-Ельскіх. Не выключана, што адзін з новых уладальнікаў насіў імя Караль, а яго сын ці ўнукі, жадаючы ўвекавечыць бацьку ці дзядулю, вырашылі вырашылі перайменаваць сваё мястэчка Ельск у Каралін. Праўда, мясцовае ельскае паданне расказвае што ў аднаго з Аскеркаў нарадзілася дачка Караліна; у гонар новароджаннай як быццам і адбылося перайменаванне населенага пункта.
У 1886 годзе даведнік “Волости и важнейшие селения Европейской России. Выпуск V. Губернии Литовской и Белорусской областей» падае дзве назвы мястэчка – Каралін і Ельск. У той час у мястэчку было 44 двары, пражывалі 272 чалавекі, меліся праваслаўная царква, сінагога, капліца, школа, паштовая станцыя, вінакурны заводзік і 3 гандлёвыя крамы.
Пасля пачатку першай сусветнай вайны ельчукі (так спрадвеку называюць самі сябе жыхары Ельска; згодна з першым усерасійскім перепісам 1897 года, насельніцтва Ельска складалася з 600 чалавек) звярталіся з прашэннем да губернатара Мінскай губерні, каб мястэчку было афіцыйна вернута яго папярэдняе найменне – Ельск. Але вяртанне назвы адбылося толькі ў савецкі час, у 1931 годзе. Што ж азначае назва Ельск?
Традыцыйна тлумачыцца, што Ельск атрымаў сваю назву ад абазначэння драўляннай пароды – елкі. Аднак елка здаўна ўтварала лясы толькі паблізу паўночных ускраін Палесся, у прыватнасці, па лініі Слонім – Слуцк – Бабруйск. Ды і цяпер горад Ельск акружаны сасновым лесам на супяшчанай і пяшчанай глебе, які старажылы часам называюць Доўгім лесам. Праз гэты лес у канцы XVIII стагоддзя была пракладзена паштовая дарога на ўчастку ад Мазыра да Оўруча. Гэтую дарогу і цяпер сёй-той са старажылаў называе Кацярынінскім трактам. У межах сучаснага Ельскага раёна гэты тракт злучаў населенные пункты Санюкі, Ельск (Каралін), Вішанькі, Чэрцень, Кузьмічы і Скароднае.
Назву Ельск нельга трумачыць ад слова елка і таму яшчэ, што суфікс –ск, як правіла, не ўтвараў геаграфічныя найменні ад абазначэнняў розных раслін, дрэў. Звычайна назвы населенных пунктаў на –ск утвараліся ад найменняў водных аб’ектаў – рэк, азёраў, на берагах якіх пасяленні і ўзнікалі. Геаграфічнае найменне Ельск мы таксама лічым магчымым тлумачыць падобным чынам. У аснове наймення Ельск ляжыць назва нейкага вадацёку, хутчэй за ўсё невялікай рачулкі Елы, Елкі. Такой рэчкі цяпер няма, але яе назва “закансервавана” ў найменні горада. Аднатыпныя рачныя імёны сустракаюцца ў басейнах Дняпра, Сожа, Акі – Ёлча, Ялоўка, Елха, Еленка, Ялюшка.
Такія найменні ў сваю чаргу узніклі ад слоў ел – “крыніца”, ёль – “лясны ручай, рэчка”, якія ў нашы дні ўжываюцца адпаведна ў хантыйскай і комі мовах. Аснова ел- у складзе “водных” імёнаў з’яўляецца адным са старажытных моўных “слядоў” фіна-угорскіх народаў на ўсходнеславянскай тэрыторыі.
У 1886 годзе даведнік «Волости и важнейшие Европейской России…» паведамляў, што Ельск-Каралін размешчаны пры рэчцы пад назвай Савок. Гэтае слова – Савок – несумненна было пераасэнсавана і “пераапрацавана” ў мясцовай гаворцы. Між тым, яго можна тлумачыць пры дапамозе фактаў фіна-ўгорскіх моў. Напрыклад, у хантыйскай мове слова “сав” азначае “ручай, які выцякае з возера”.
У Брагінскім раёне Гомельскай вобласці ёсць вёскі Старая і Новая Ёлча, назва якіх – Ёлча – утворана ад наймення рэчкі Ёлча. Назва вёскі Аляская (Аляское, цяперашняя – Роза-Люксембург) Ельскага раёна таксама ўтварылася ад абазначэння воднага аб’екта Ала ці Ола. Першапачаткова вёска, відаць, называлася Альск або Ольск. З цягам часу ў мясцовай гаворцы да назвы дадалі канчатак –ое, -ая, на які перамясціўся націск (Аляская, Аляское). Усе гэтыя найменні – Ельск, Ёлча, Аляское – мы лічым роднаснымі.
Цікава, што ў межах Рэспублікі Комі (Расійская Федэрацыя), у Карткероскім раёне, ёсць вёска Пад’ельск над возерам Пад’ельскае…
Подробнее...