У краіне некалькі населеных пунктаў называюцца Карма, але самы вядомы з іх — аднайменны раённы цэнтр Гомельскай вобласці.
Паходжанне назвы “Карма” мае чатыры версіі. Першая звязана са славутым падарожнікам Афанасіем Нікіціным, які спыняўся тут на заезным двары, здзяйсняючы сваё вядомае “хаджэнне за тры моры” ў XV стагоддзі, пасля чаго двор назвалі Кармой. Другая — з караблебудаваннем. Ля вёскі Струмень ёсць так званае Карабельнае балота, у якім былі знойдзены рэшткі старажытнага карабля (яго кармы). Па трэцяй версіі назва ўтварылася ад падарожжа расійскай імператрыцы Кацярыны II у 1780 годзе, калі яна праязджала і спынялася тут.
Праз Карму ў той час праходзіў тракт Прапойск (Слаўгарад) — Чачэрск, а яна сама была ў той час пунктам, дзе падарожнікі маглі спыніцца на адпачынак і пакарміць коней. Але большасць краязнаўцаў і гісторыкаў прытрымліваюцца чацвёртай версіі. Яна звязана з сістэмай “кармленняў”. У часы праўлення вялікіх князёў іх слугі атрымлівалі права збіраць “кармы”, г.зн. натуральны падатак. Пасля заканчэння збораў слугі дамаўляліся аб сустрэчы ва ўстаноўленым месцы. Таму Карма даволі распаўсюджаная назва населеных пунктаў. У адной толькі Гомельскай вобласці яна сустракаецца ў Добрушскім, Тураўскім, Буда-Кашалёўскім і нават у самім Кармянскім раёне (вёска Вострая Карма).
40 старажытных курганоў
Сведкі даўніны глыбокай можна знайсці і недалёка ад вёскі Стараград, дзе знаходзяцца 40 курганоў (старажытныя магілы радзімічаў). Гэтым пахаванням больш за тысячу гадоў. Дарэчы, на месцы самой вёскі ў глыбокай старажытнасці было пасяленне, што і адбілася ў назве.
Вёска-рэспубліка
У Кармянскім раёне ёсць сяло пад назвай Хізаў. Менавіта тут у верасні 1917 года ўзнікла… рэспубліка, якая атрымала назву Хізаўская. Такога прэцэдэнту вёскі-рэспублікі ў гісторыі Беларусі не было….Пасля лютаўскага перавароту 1917 года ў Петраградзе ў Хізаве не прызналі ўладу Часовага ўрада і стварылі сваю рэспубліку, у якую ўваходзіла адна вёска. Ідэйным натхняльнікам яе стварэння стаў былы стараста вёскі Аляксей Несцераў, які быў чалавекам таго супярэчлівага часу. У 1905 годзе ён арганізаваў сялянскія хваляванні, за што і быў арыштаваны. Па амністыі Яго Імператарскай Вялікасці Мікалая Другога атрымаў свабоду, уладкаваўся на працу ў Петраградзе на Абухаўскі завод. Тут стаў бальшавіком. Пасля лютаўскага перавароту вярнуўся ў родную вёску, разгарнуў агітацыю, стварыў рэвалюцыйны камітэт і абвясціў Хізаўскую рэспубліку. Рэспубліка-вёска праіснавала ўсяго два месяцы — да падзей кастрычніка 1917 года.
Люстра “ўзвышанага часу”
У Беларусі да нашых дзён захавалася не так ужо шмат дваранскіх сядзіб. А ўжо сядзібна-паркавыя комплексы з тых “узвышаных часоў”, якія захавалі сваю цэласнасць, можна пералічыць па пальцах. І адзін з іх размешчаны ў Карме. У яго уваходзіць двухпавярховы сядзібны дом, спіртзавод і іншыя пабудовы прамысловага значэння, стайня, а таксама фрагменты парку, сажалкі. Кожны, хто пабываў у ім, пераносіцца ў далёкае мінулае — так цэласна выглядае гэты ансамбль. Зразумела, час не злітаваўся над ім, і комплекс патрабуе рэстаўрацыі.
Музей-эксклюзіў
Толькі ў Кармянскім раёне, у вёсцы Ліцвінавічы, існуе музей аднаго з бліжэйшых паплечнікаў Леніна, вялікага педагога і публіцыста Панцеляймона Лепяшынскага, які тут нарадзіўся….У 1895 годзе за антыўрадавую дзейнасць Лепяшынскага ссылаюць у сяло Ермакоўскае, якое знаходзілася за 40 кіламетраў ад Шушанскага, дзе жыў у той час Ленін. Будучы правадыр часта бавіў час, іграючы ў шахматы з беларусам Лепяшынскім, якому нярэдка прайграваў. Ужо пасля вызвалення ў 1902 годзе ў кватэры Лепяшынскіх прайшоў 2-гі з’езд РСДРП. Нямала ў Лепяшынскага і іншых заслуг перад бальшавікамі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён звярнуўся да Леніна з просьбай паслаць яго ў Беларусь, у роднае сяло Ліцвінавічы для стварэння школы-камуны для сялянскіх дзяцей. Пабудаваная па прынцыпу спалучэння навучання з карыснай працай, яна праіснавала каля года.Першыя экспазіцыі мемарыяльнага музея імя П.Н.Лепяшынскага былі адкрыты яшчэ ў 1968 годзе. У некалькіх залах размешчаны рэчы і прадметы, якія мелі непасрэднае дачыненне да жыцця гэтага чалавека — сына праваслаўнага свяшчэнніка, які стаў паплечнікам галоўнага атэіста СССР.
Калі вынаходзіць душа
Жыхару вёскі Старгарад Кармянскага раёна Мікалаю Мішакову за яго вынаходствы гомельскія бізнесмены прапанавалі новенькую “Аудзі”. Але ён адмовіўся ад шчодрага абмену. Бо яго вынаходкі не бізнес, а праца душы.Мікалай Мікалаевіч мае многія дзесяткі вынаходак, але пры гэтым не гоніцца за славай вынаходніка. Проста вырашыў аблегчыць быт свайго сямейства. У 60-я гады мінулага стагоддзя, калі ў Беларусі водаправод у вясковых дамах быў дзівам, у Мікалая Мішакова вада ў хаце ўжо была. А ўсё таму, што пашкадаваў маладую жонку Алену. З дапамогай яшчэ адной вынаходкі вызваліў жонку ад неабходнасці лезці ў склеп па бульбу і гародніну, а потым цягнуць цяжкі кош наверх. Ёсць у Мікалая Мікалаевіча і асаблівая любоў — пчолы. У яго каля 30 вынаходніцтваў па рацыяналізацыі працэсу вытворчасці мёду, якія ён дэманстраваў на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі Беларусі яшчэ ў савецкія часы. “Галоўнае не вынаходніцтва само па сабе, галоўнае — каб на душы было хораша, тады ўсё створанае чалавекам будзе добрым”, — кажа Мішакоў.
Якая амфара? Гляк!
“Як на Кармяншчыне навучыліся вырабляць грэчаскія амфары?” — такое рэзоннае пытанне ўзнікла ў мяне, калі я разглядаў гліняны посуд, выраблены ў Кармянскім раёне яшчэ ў XIX стагоддзі. Аказалася, гэтыя сасуды з вузкім горлачкам чыста беларускія, і яны здаўна вырабляліся на кармянскай зямлі. І называецца такі посуд гляк, і бывае нават з чорнай керамікі. Кармянскія майстры ганарыліся сваёй працай і на гляках ставілі свае подпісы.
“Раённая” рэчка
У Кармянскім раёне працякае рачулка Кармянка, якая пачынае свой шлях на тэрыторыі раёна і тут жа яго заканчвае. Здаецца, невялікі шлях у чатыры-пяць кіламетраў не дае ёй статусу рэчкі. Але гэта не так. Невялікія ручайкі і рачулкі даюць ёй новыя сілы, і яна нясе свае воды да берагоў Сожа. Свае вытокі Кармянка бярэ з невялікай балаціны ў Каменскім сельсавеце. Затым перасякае вёску Сырская Буда, дзе папаўняецца водамі за кошт меліярацыйных сістэм, прабягае цераз вёску Сырск і ўпадае ў Кармянскае возера… А яшчэ Кармянскі раён вядомы тым, што на яго невялікай тэрыторыі дзесяткі азёр.
Подробнее...