Далёка ад гэтых мясцін, у гора- дзе Шклове Магілёўскай губерні, пражывала ў раскошы багатая памешчыца Крывашэіна. Балі, падарожжы, паляванні... Усё гэта патрабавала шмат грошай. Ручаёк іх цурчаў адсюль, з глыбіні Палесся, дзе былі ўладанні Крывашэінай. Пад кіраўніцтвам і наглядам упраўляючых нанятыя рабочыя валілі лес, вывозілі і прадавалі яго за мяжу, тым больш што чыгунка ў 1886 г. прайшла праз Жыткавічы. Лесу было столькі многа, быў ён такі густы і бязмежны, што здавалася, канца яму не будзе.
Прыйшоў час выдаваць замуж дачку. Тэрмінова спатрэбіліся грошы. Дзе іх узяць? Пакуль нарыхтуюць лесу, вывязуць, прададуць... Справа не церпіць. Між тым ціснулі даўгі, якіх Крывашэіна паспела набыць вельмі многа — жыць хацелася шыкоўна...
У дакладной запісцы старшага натарыуса Мінскага акружнога суда ад 31 ліпеня 1910 г. у Мінскае губернскае праўленне пералік даўгоў займае восем старонак — амаль 30 заемадаўцаў. Найболын буйны — у забеспячэнне пазычаных грошай у сталічнага купца Уладзіміра Арсеньевіча Пятрова, 112 000 рублёў, у тым ліку 45 875 руб. з разліку 12 працэнтаў гадавых тэрмінам на адзін год, выплата якіх павінна быць закончана 15 сакавіка 1907 г., 66 125 руб.— папярэдняга доўгу з ростам таксама 12 працэнтаў, тэрмін выплаты заканчваўся тады ж... Есць даўгі 500—1000 рублёў, а большасць — дзесяткі тысяч. Між тым толькі адзін доўг выклікаў ужо па закону канфіскацыю маёнтка, як тое было ў суседняй вёсцы Людзяневічы.
На руках у Пятрова даўгавая распіска: не выплаціць Крывашэіна праз два гады доўг — землі яе, што на Палессі, пераходзяць ва ўласнасць пецярбургскага купца. Гро- шай у Крывашэінай, каб аддаць доўг, няма. Давялося тэрмінова прадаваць свае ўгоддзі, каб разлічыцца з Пятровым. Ва ўсіх газетах былі змешчаны аб’явы аб распродажы зямель: «урадлівыя, багатыя, з лясамі і лугамі»...
Першымі кінуліся сюды ў 1908 г. людзі з Паўночнай Украіны, з Валынскай, Жытомірскай губерняў, дзе нястача і галеча вылівалася праз край. Там і прозвішчы сяляне амаль цэлымі вёскамі мелі — Галячанка, што ад слова галота, голь... Густыя, амаль непраходныя лясы, поўныя дзічыны, вялікая колькасць балот і азёр здзівілі, уразілі бязлесных украінцаў. Таннасць зямлі - 20 руб. дзесяціна — задавальняла іх. Там, на Украіне, свае вузкія палоскі яны прадалі па 200 руб. за дзесяціну.
Ледзь паспелі разлічыцца сяляне за зямлю, як у Крывашэінай выйшаў тэрмін выплаты доўгу Пятрову. I купец, усведамляючы сваю правату, падаў скаргу на яе ў акруговы суд у Мінск, адмаўляючыся ўжо ад грошай Крывашэінай.
Устрывожыліся, задумаліся пе- расяленцы. Адсудзіць Пятроў зямлю — і вольны будзе выгнаць іх адсюль, з крыху ўжо абжытых мясцін. Куды дзенешся? На Украіне, на радзіме, свой кавалачак страцілі, прадалі, каб разлічыцца за гэтую няўтульную зямлю, і тут такая навала.
— Трэба пісаць прашэнне ўакруговы суд, у Мінск,— вырашылі сяляне. Каго паслаць з лістом ад народу? Доўга не спрачаліся: найбольш адукаваны, самы дасціпны сярод іх, вядома, Сцяпан Феранц. Ён ужо аднойчы — усе ведаюць — судзіўся з панам, праўда, прайграў, але законы яму знаёмыя. Яму і ехаць па справе абшчыны. Сабралі мужыкі па 20 капеек з сям’і — 8 рублёў назбіралі, грошы па тых часах немалыя, і паехаў дзед Сцяпан у сталіцу губерні.
У прыёмнай акруговага суда сядзеў судовы віславусы адстаўны генерал, відаць, сакратар суда. Пачаў расказваць дзед Сцяпан яму сваю крыўду.
- Ваша справа — нуль! — перабіў яго генерал.— Можаш ісці...
Выйшаў дзед Сцяпан на вуліцу, збіты з панталыку. «Як гэта — нуль? Чаму ён выгнаў мяне? Можа, хабару чакае — то скулу яму ў бок!»
Дзед Сцяпан рашуча вярнуўся назад.
- Я вымушаны буду скардзіцца на высачайшае імя.
- На каго ж?
- На вас, ваша сіяцельства. Чаму вы не выслухалі мяне, не разабраліся ў сутнасці справы? Мы купілі зямлю, апрацавалі яе, жывём там з сем’ямі — наша праўда! А адсудзіць Пятроў яе, выганіць нас — куды дзецца?
Спадабалася чыноўніку рашучасць і смеласць дзеда Сцяпана.
- Ах, трын-трава, пірагі з макам! Салдат?.. Ну дык слухай. Справы вашы сапраўды кепскія. Заўтра пачнецца суд. У вас ёсць купчыя на гэту зямлю? А калі, як ты гаворыш, ёсць, то трэба заўтра абавязкова прадставіць іх суду. Але ці паспееш ты вярнуцца?..
На цягніку — каля 300 вёрст да Жыткавіч — дзед Сцяпан у тую ж ноч прыехаў дамоў. На дарогу мужыкі яму сабралі яшчэ па 10 капеек з двара. Забраў у сялян купчыя паперы і да раніцы выехаў назад у Мінск.
Паспеў. Судтолькі пачаўся. Доўга разглядалі судовыя кручкатворцы купчыя. Ці правільна аформлены, ці сапраўдныя? На шчасце, усё аказалася ў парадку. Крывашэіна, да таго ж, гатова заплаціць доўг, праўда, са спазненнем у некалькі месяцаў — за гэта можна спагнаць з яе працэнты, а зямлю, здаецца, трэба пакідаць за ёю...
- Вы пакінеце сялян на месцы, калі зямлю прысудзім вам? — спытаў у Пятрова суддзя.
- Ніяк не. Я маю намер вырошчваць там лес на прадажу...
Суд прысудзіў зямлю Крывашэінай.
3 радаснай весткай вяртаўся дзед Сцяпан дамоў. Зямля — іхняя. Карчуй лес, выпальвай пні, калупай сахой баразну, сей збожжа — цяжкая работа, але ці прывыкаць селяніну? Галоўнае — ёсць свая зямля, будзе і кавалак хлеба...
Прайшлі гады. 3 Градаўскіх хутароў, раскіданых па лесе, вырасла вёска. У 1938 г. хутары звезлі ў адну вуліцу, спланаваную і добраўпарадкаваную. Дзед Сцяпан быў яшчэ жывы, хата пад старой ліпай аказалася якраз на месцы, амаль у цэнтры новай вёскі.
Подробнее...