Вядомы французскі гісторык Ф. Бродаль адзначае, што ў гістарычным часе, які адрозніваецца ад рэальнага, маюцца тры пласты, што вызначаюцца пульсацыяй рытмаў паўсядзённых падзей, як падмуркавы фактар, рытмы эканомікі і грамадства, глыбінныя рытмы матэрыяльнай цывілізацыі, цесна звязаныя з асяродкам пражывання і асобай. Спулучэнне першага пласту з вялікім дамешкам рытму эканомікі і грамадства ў рэшце рэшт і прыводзіць да самакіравальнай формы жыццядзейнасці еўрапейскага паселішча, што надавала яму ўнікальнасць і лідарства, якія забяспечвалі развітае саслоўнае права, новы тып сацыяльных сувязяў, вызначалі новы статус асобы ў грамадстве.
Напрацягу ХУІ-ХІХ стагоддзяў Бялынічы знаходзіліся ў сілавым полі такіх мястэчак, як Цяцерын і Галоўчын, у меншай ступені, але таксама адчувалі ўплыў Барысава і Магілёва. Асабліва Бялынічы сапернічалі з Галоўчынам, росквіт якога прыпаў на час, калі мястэчкам валодалі прадстаўнікі роду князёў Галоўчынскіх.
Уплыў Цяцерына быў зведзены на нішто да канца ХУІ стагоддзя, калі Леў Сапега ажаніўся на ўдаве ўладальніка Цяцерына Стэфана Збаражскага Дароце Фірлей, памерлай у 1591 годзе. Леў Іванавіч выхоўваў падчарыцу Барбару, выдаў яе замуж і выкупіў у яе Бялынічы. Пазней сын Льва Сапегі Казімір выкупіў іншыя часткі Цяцерынскай воласці.
Перадавы чалавек свайго часу, Леў Сапега, вядома ж, выдатна разумеў значнасць, як і эканамічную для сябе выгоду, надання жыхарам прыватнаўласніцкага мястэчка Магдэбургскага права. Праўда, Бялынічы атрымалі яго па ініцыятыве ўжо Казіміра Сапегі 4 кастрычніка 1634 года. Прывілей падпісаў кароль польскі і вялікі князь літоўскага Гаспадарства Уладзіслаў ІУ Ваза .
Акурат у тым жа годзе, паводле аднаго з паданняў католікаў, у Бялыніцкі кармяліцкі кляштар, пабудаваны на сродкі Льва Сапегі ў 1624 годзе, завітаў падарожнік (католікі сцвярджаюць, што тым пілігрымам-жывапісцам з’яўляўся сам анёл) і намаляваў на іхнюю просьбу абраз Маці Боскай з Богадзіцем на руках, які пазней стаў цудатворным.
І герб Бялынічаў, як і прывілеі (граматы) да яго, і арыгінал цудатворнага абраза аказаліся, на вялікі жаль, страчанымі.
Агульнавядомы факт: для некаторых гарадоў і мястэчак пры наданні ім Магдэбургскага права зрэдзь часу ў якасці герба выбіраліся мясцовыя шанаваныя хрысціянскія святыні. У нашым выпадку варта помніць пра тое, што ў першай палове ХУІІ стагоддзя абраз Маці Боскай Бялыніцкай яшчэ не карыстаўся той пашанотаю, як у наступныя стагоддзі, калі яго лічылі “Чэнстаховай для Літвы і Беларусі”. Насамрэч, у апошнія гады валодання Бялынічамі Львом Сапегам і ў першае дзесяцігоддзе, калі спадчыну на мястэчка трымаў яго сын Казімір, абраз яшчэ толькі пачынаў свой унікальны шлях да славы. Таму ў 1634 годзе ён не мог быць прынятым за прататып герба прыватнаўласніцкага мястэчка. Пазней, праз стагоддзе-паўтара, калі абраз літаральна купаўся ў сваёй цудатворнай славе, калі на паклон да яго з просьбамі выбавіць ад немачы, даравання нябеснага заступніцтва ішлі сотні і тысячы людзей, у тым ліку і з Кіева, калі ў 1756 годзе ён быў прызнаны цудатворным і ў 1761 годзе каранаваны, толькі тады выява Бялыніцкай Багародзіцы магла быць перанесена на тарчу герба.
Верагодна, што Уладзіслаў Ваза мог зацвердзіць геральдычным сімвалам Бялынічаў родавы герб уладальнікаў мястэчка Сапегаў “Ліс” альбо дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага ці нейкі іншы.
На жаль, адсутнасць дакладнай інфармацыі не дазваляе зрабіць на гэты конт адназначнай высновы; таму застаецца пакуль што задавальняцца толькі здагадкамі ды версіямі, меркаваннямі, заснаванымі на ўскосных падставах.
Атрыманне мястэчкам права на самакіраванне садзейнічала развіццю гандлю, рамёстваў, культуры, давала жыхарам яго шмат новых выключных магчымасцяў у іх сацыяльна-эканамічным жыцці, прадстаўляла значна большыя юрыдычныя правы. Напрыклад, найбольш шматлікая катэгорыя жыхароў паселішча – мяшчане, альбо месцічы – зроўніваліся ў сваіх правах з прывеліяваным саслоўем – шляхтай.
Як сведчыць гісторыя, менавіта з 1634 года Бялынічы пачынаюць імкліва развівацца і ўзвышацца над сваім даўнім спаборнікам – старажытным Галоўчынам: яны паступова і няўхільна ператвараюцца ў значны гандлёвы і рамесніцкі асяродак, пры кляштары кармялітаў запачаткавана лаціна-польскамоўная друкарня, павялічваецца і колькасць насельніцтва. Духоўная дзейнасць ксяндзоў і манахаў кляштара, наяўнасць у касцёле цудатворнага абраза Маці Боскай, што абумоўлівала значны прыток паломнікаў, ператварылі мястэчка і ў значны рэлігійны асяродак. Усё гэта паспрыяла таму, што Бялынічы дзякуючы магдэбурскаму праву набылі трывалую вядомасць і ўласную славу.
У ХУІІ стагоддзі цэнтрам мястэчка была рынкавая плошча, вакол якой знаходзіліся 12 мяшчанскіх сядзібаў. Ад яе адыходзілі вуліцы: Віленская, Манастырская, Цяцерынская, Крукава, Плітніцкая, Татарская, Гайная, Красная. За касцёлам пачыналася Глініцкая вуліца, ці Слабада. Да гумнаў вяла неназваная, мабыць, новая вуліца, і яшчэ 6 сядзібаў размяшчалася таксама на безыменнай вуліцы, што кіравалася ад рынку да яўрэйскіх могілак – у паўночным накірунку. Насупраць Плітніцкай знаходзілася невялічкая вулка з 8 дварамі. Усяго на той час у Бялынічах налічваўся 361 двор. Цікава, мажліва з даўняй рэўнасці, але ў Бялынічах адсутнічала вуліца Галоўчынская, хоць была Цяцерынская.
Будынка ратушы не зафіксавана, як, да слова сказаць, і па сёння не адшукана хоць бы нейкая канкрэтная інфармацыя аб яе пабудове ці існаванні.
Аб пераважна земляробчым занятку месцічаў сведчыла і тое, што бялынічане карысталіся каля 1900 гектарамі сельгасугоддзяў і 335 – ворнай зямлі.
На канец ХУІІІ стагоддзя ў нашым мястэчку налічвалася 108 двароў, у Галоўчыне, для параўнання, іх на той час было 116. Колькасць насельніцтва і сядзібаў пастаянна змяншалі несупынныя войны, што пракочваліся, у тым ліку і праз самі Бялынічы, пажары, уцёкі ад баявых дзеянняў і, вядома ж, у пошуках лепшае долі.
Паводле падлікаў вядомага беларускага гісторыка Васіля Мялешкі, у 1776 годзе ў Бялынічах 21,8 % двароў лічыліся заможнымі, 38,2 – сярэднімі, 40 % – беднымі. І гэта таксама ёсць адзін са станоўчых вынікаў перавагі самакіравання.
У гэты перыяд месцічы захоўвалі традыцыйную арыентацыю на занятак земляробствам, хоць пачалі пашыраць і рамёствы – вядомыя цагляны, смалакурны, кавальскі, а крыху пазней і канатны промыслы, існавала бондарства, кравецтва, шавецтва...
У 1794 годзе Кацярына ІІ выдала ўказ аб увядзенні мяжы яўрэйскай аселасці, у выніку чаго колькасць насельніцтва за кошт прымусовага ссяляння яўрэяў павялічылася. У 1860 годзе з 1100 жыхароў Бялынічаў 37% (407 чалавек) па веравызнанні былі католікамі, 33,2% (365) – іудзеямі, 29,8 % (328) – праваслаўнымі. Праз 10 гадоў у Бялынічах ужо пражывалі 2559 жыхароў (сяляне складалі 65,8 %, купцы, дзякуючы яўрэям, і мяшчане – 31,9). У адносным супастаўленні складнік яўрэйскага насельніцтва паменшыўся да 31,2 працэнта, але ў абсалютным вылічэнні ён павялічыўся больш як у два разы.
Магдэбурскае права праз прывілеі спрыяла развіццю мясцовага гандлю. Першае ўпамінанне пра замежную прафесійную дзейнасць бялыніцкіх купцоў зафіксавана акурат пасля надання мястэчку магдэбурскага права. Грамата Пасольскага прыказа Маскоўскай дзяржавы, выдадзеная ў лістападзе 1636 года масальскаму ваяводзе І. Камыніну, сведчыць, што “літоўскія купцы Аршанскага павета з Бялынічаў Асташка Іваноў і Севасцьянка Іваноў з таварышамі і чэляддзю 6 чалавек”, нягледзячы на строгую царскую забарону, прывезлі свой тавар у Маскву. Зыходзячы са зместу гэтага дакумента,“падарожжа” з таварам у белакаменную і памежныя расійскія гарады для іх не было першым.
Бялыніцкія гандляры падтрымлівалі таксама трывалыя гандлёвыя стасункі з Галоўчынам, Друцкам, Магілёвам, Віцебскам, Смаленскам, Вільняю і іншымі гарадамі.
Прывілеем на самакіраванне бялынічане карысталіся да 1803 года.
Неўзабаве пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай на далучаных землях праводзіцца рэформа сістэмы дзяржаўнага ўпарадкавання і кіравання, у выніку чаго магдэбургскія гарады, вёскі ды мястэчкі пазбавіліся ранейшых вольнасцяў, прывілей, ільгот і манаполій. Зразумела, мяшчане спрабавалі бараніць уласныя, у тым ліку і эканамічныя, інтарэсы. Аб тым, што яны кроўна былі зацікаўлены ў захаванні права на самакіраванне, выразна сведчыць іх наступная грамадзянская пазіцыя: бялынічане распачалі судовы працэс, спадзеючыся вярнуць скасаванае магдэбургскае права і свой герб. Няпростае высвятленне ўсіх акалічнасцяў доўжылася на працягу 29 гадоў – з 1803 да 1832 гг.
Урэшце Сенат, куды жыхары Бялынічаў перадалі арыгіналы двух прывілеяў на магдэбурскае права (фундацыйны і канфірмацыйны, дадзены мястэчку ў 1703 годзе), як папярэдне і Магілёўскі павятовы суд, прызнае гэтыя дакументы несапраўднымі, а ўсіх тых бялыніцкіх месцічаў, якія дамагаліся справядлівасці як “возмечтавших о мнимой вольности” залічваюць у прыгонныя. Двух жа найбольш актыўных змагароў прылюдна высеклі бізунамі і адправілі на сібірскую катаргу.
Аднак Бялынічы займелі свой герб. Амаль праз два стагоддзі пасля скасавання Магдэбурскага права.
У 2001 годзе райвыканкам стварае адмысловую камісію па распрацоўцы праекта герба і сцяга Бялынічаў. На адным з пасяджэнняў яе член камісіі, тадышні загадчык аддзела інфармацыі райвыканкама, Віталь Цітоў унёс прапанову аб выбранні ў якасці герба райцэнтра абраза Маці Божай Бялыніцкай, які ў аднолькавай ступені шануецца і лічыцца святыняй вернікамі ўсіх хрысціянскіх канфесій. 6 снежня 2001 года камісія зацвярджае прапанаваны В. Цітовым праект эскіза герба Бялынічаў, які намалявала мастак Ларыса Журавовіч, і накіроўвае яго на разгляд чарговай сесіі дэпутатаў раённага Савета, што праходзіла 27 снежня таго ж самага года.
Пасля бурных спрэчак дэпутаты райсавета пагадзілася з рашэннем камісіі і зацвердзілі эскізы герба і сцяга Бялынічаў. Камітэт па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Беларусі 12 ліпеня 2002 года зарэгістраваў і ўнёс у Гербавы матрыкул краіны герб і сцяг Бялынічаў.
Атрыманне Бялынічамі магдэбургскае права, безумоўна, было знакавай падзеяй для нашага мястэчка і яго насельніцтва, бо самакіраванне вызначала грамадска-эканамічнае, юрыдычнае жыццё Бялынічаў і бялынічан на працягу амаль170 гадоў.
Казімір Сапега (15. 07. 1609 – 19. 01. 1656) – дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Атрымаў прывілей на Магдэбурскае права і кірмашы для сваіх мястэчак Бялынічы, Талачын, Бешанковічы і Ружаны.
Уладзіслаў ІУ Ваза (9. 06. 1595 – 20. 05. 1648) – кароль польскі і вялікі князь літоўскі (з 6 лютага 1633 года). Прытрымліваўся рэлігійнай цярпімасці, правёў ваенную рэформу.
Подробнее...