Вестка аб лютаўскай рэвалюцыі на Дзісеншчыне была сустрэта з уздымам. У горадзе пачаліся мітынгі, дэманстрацыі. У першыя ж дні пасля рэвалюцыі пачалі стварацца Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. У павеце ішла замена лясной варты выбарнымі людзьмі, не выконваліся рашэнні мясцовых органаў Часовага ўрада. Аднак вялікіх перамен у сацы жыцці не адбылося. З 4 па 6 чэрвеня 1917г. у г.Дзісна праходзіў першы сялянскі з’езд Віленскай губерніі, скліканы па ініцыятыве бальшавікоў. На з’ездзе прысутнічала каля 400 дэлегатаў.
Да сярэдзіны лета 1917г. большасць сялян павета пачынае падтрымліваць погляды бальшавікоў па пытаннях аб вайне, міры і зямлі. Уплыў эсераў памяншаецца, калі Дзісеншчына з 2 ліпеня ўключаецца ў франтавую зону, дзе ўводзіцца пакаранне смерцю. Эсэры, жадаючы ўмацаваць свой уплыў у вёсцы, 27 жніўня зноў склікалі ў Дзісне тэрміновы з’езд сялян Віленскай і Ковенскай губерняў. Аднак асноўнае пытанне – аб зямлі – нават не ўключылі ў парадак абмеркавання. Вестка аб звяржэнні Часовага ўрада разагнала ў Дзісне чыноўнікаў губернскага ўпраўлення, уцёк камендант гарнізона Амарантаў. Ствараецца павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт.
У Міёрах валасны ваена-рэвалюцыйны камітэт быў створаны ў лістападзе 1917г. з мясцовых батрацка- бядняцкіх актывістаў. Праз некалькі дзён ён абраў агульнываласны сход. У воласці была створана народная міліцыя, у вёсках - камітэты беднаты. 10 снежня 1917г., пасля арганізацыі валасных Саветаў, Дзісенскі павятовы рэўком склікаў з’езд прадстаўнікоў валасцей, на якім быў выбраны выканаўчы камітэт Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, утвораны галіновыя аддзелы выканкама, у тым ліку савет народнай гаспадаркі павета. Далейшае замацаванне рэвалюцыйныя пераўтварэнні знайшлі ў рашэннях Першага абласнога з’езда зямельных камітэтаў Заходняй вобласці, які прайшоў 7-11 студзеня 1918г. у Мінску. Адным з намеснікаў старшыні прэзідэума з’езда быў выбраны тав. Гайлеш, прадстаўнік Дзісеншчыны. Тут была прынята бальшавіцкая рэзалюцыя па зямельнаму, харчоваму, лясному і іншых пытаннях. Яна падводзіла вынік работы, ужо праведзенай на Дзісненшчыне.
У сувязі з дэмабілізацыяй і развалам царскай арміі і пагрозай нямецкага наступлення на Дзісеншчыне яшчэ ў студзені 1918г. пачынае праводзіцца работа па стварэнні Чырвонай гвардыі, а затым і Чырвонай Арміі. Дзісна і павет былі акупіраваны немцамі неўзабаве пасля пачатку наступлення. З прыходам немцаў валасны Савет у Міёрах пайшоў у падполле. Дзісеншчына была вызвалена ў лістападзе 1918г. 22 снежня 1918г. гарадскі Савет у Дзісне ліквідаваны, яго функцыі пачынае выконваць павятовы Савет.
Дзісеншчына працяглы час знаходзілася ў прыфронтавой зоне, двойчы па ёй пракаціліся баявыя дзеянні. Яна перажыла мабілізацыю, бежанцаў, рабаўніцтва захопнікаў. Духавенства ў саюзе з панамі і кулакамі натхняла мяцеж “зялёных” непасрэдна ля польска-савецкай граніцы. Пачаўся ён у сярэдзіне чэрвеня 1919г. На Міёршчыне паўстанне “зялёных” адбывалася пад кіраўніцтвам памешчыка Ваганоўскага з Александрова і ксяндза міёрскага касцёла. На падаўленне паўстання быў накіраваны атрад Віленскага каравульнага батальёна. Асноўныя пункты паўстання былі падаўлены толькі часцямі рэгулярнай Чырвонай Арміі 28 снежня 1919г., незадоўга да польскага натуплення на Савецкую Расію.
Польская армія з наступленнем спазнілася, каб выкарыстаць у сваіх мэтах паўстанне. І ўсё ж белапольская інтэрвенцыя пачалася. У павеце адразу было аб’яўлена ваеннае становішча. Валасныя выканкамы пачалі праводзіць мабілізацыю чатырох узростаў сялян, камсамольцаў. Неўзабаве Дзісенскі павет, а ў яго складзе і Міёрская воласць, былі акупіраваны белапалякамі. Для барацьбы з новымі захопнікамі ствараюць партызанскія атрады вядомыя чэкісты Ваупшасаў і Рабаў.
У чэрвені 1920г. пачалося вызваленне Міёршчыны.Яно звязана з імем героя грамадзянскай вайны Г.Д.Гая, камандуючага 2-м конным Каўказскім корпусам. 4 ліпеня артылерыя корпуса Г.Д. Гая вяла абстрэл маёнтка Дрыгучы, дзе былі ўмацаваннібелапалякаў. Спачатку яны стрымлівалі парыў
3-ці чырвонаармейцаў, але да 17 гадзін увесь корпус перайшоў у наступленне. Да 22 гадзін ён дасягнуў рубяжа Заходняя Дзвіна-в.Павяцце. Раніцай наступнага дня баі ўзнавіліся ля в.Сташулі, па берагах Вяты, аднак да змяркання чырвоныя коннікі Г.Д.Гая ўвайшлі ў Друю і Браслаў. Насельніцтва Міёршчыны радасна сустракала вызваліцеляў. У вызваленых валасцях аднаўлялася савецкая ўлада. Дзісенскі павятовы рэўком яшчэ 7 ліпеня аб’явіў сябе вышэйшай уладай.
У Міёрах зноў быў створаны ваенна-рэвлюцыйны камітэт. Аднак па Рыжскаму дагавору 1921г., папярэднія ўмовы якога былі падпісаны 12 кастрычніка 1920г., Міёршчына ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай Польскай. Наш раённы цэнтр у 20-я гады – гэта мястэчка, якое амаль не развівалася ў эканамічных і культурных адносінах. У 1927г. тут жылі 422 жы-хары. Іх патрэбы задавальнялі 5 прыватных магазінаў –лавак, млын, аптэч-
ны склад. У Міёрскай гміне ў гэты час былі 42 панскія маёнткі, у Лявон-пальскай – 33. У будучым райцэнтры купец Агенштат пабудаваў “фабрыку” запалкавай саломкі. Шырокі размах у 1925-1927гг. атрымала на Дзі-сеншчыне дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай грамады. У 1934г. закончылася будаўніцтва 100км чыгункі нармальнай каляі Варапаева-Друя, якая прайшла праз Міёры.
З 17 верасня 1939г. у гісторыі Міёршчыны наступае новы этап. Тут, у паграніччы, пачынаўся першы з шасці дзён паходу Чырвонай Арміі па Заходняй Беларусі. У кастрычніку 1939г. была ўтворана Вілейская вобласць, у якую ў ліку сямі раёнаў уваходзіў Дзісенскі. А 15 студзеня 1940г. арганізоўваецца раён з цэнтрам у Міёрах.У яго ўвайшлі гарадскі (1075 жыхароў) і 19 сельскіх Саветаў (36006 жыхароў). Міёры на той час уяўлялі сабой неўпарадкаваную вёску, якая перажыла вялікі пажар, з насельніцтвам крыху больш за тысячу чалавек, пераважна яўрэеў. Прамысловасць абмяжоўвалася лесапільняй і млынам.
22 кастрычніка ў Заходняй Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў у Народны сход. 28-30 кастрычніка ў Беластоку яны галасавалі за дэкларацыю аб устанаўленні ў Заходняй Беларусі савецкай улады, уваходжанні яе ў склад БССР, канфіскацыі памешчыцкіх земляў, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці. Новы час прынёс новыя змены. Адна з іх – калектывізацыя ў вёсцы. Неўзабаве пасля ўз’яднання адным з першых па ініцыятыве сялян ствараецца калгас “17-е Верасня” ў в.Касатыя. Захаваліся пратаколы сходаў грамадзян мястэчка Лявонпаль. У адным з іх паведамляецца, што14 лютага 1940г. абмяркоўвалася пытанне аб арганізацыі калгаса. 74 чалавекі, якія прысутнічалі на сходзе, стварылі сельгасарцель – таксама “17-е верасня”. 18 сакавіка 1940г. сяляне в.Свярдлы сталі членамі калгаса “Парыжская камуна”, у які ўвайшлі 69 гаспадарак.
30 сакавіка на агульным сходзе жыхароў в.Слабада прынята рашэнне арганізацыі калектыўнай гаспадаркі “Чырвоны сцяг”, у якую неўзабаве ўступіла 108 сем’яў. У 1940 г. утварыліся две брыгады – у Чэрасах і Слаўшчыне. У панскім доме пасяліліся бяздомныя сяляне-калгаснікі, утварылася камсамольская арганізацыя. У верасні 1940г. у раёне была ўжо 21 калектыўная гаспадарка. Для сумеснай працы аб’ядналіся 780 сялянскіх гаспадарак з 8848. У сельгасарцелях працавалі 3 аграномы і столькі ж заатэхнікаў, 1 ветурач. На месцы падрыхтавана 20 рахункаводаў, 21 брыгадзір па сіласаванню, 40 трактарыстаў. Увогуле на кааператыўную і гаспадарчую работу вылучана больш 240 чалавек. Праводзілася вялікая агітацыйна-прапагандысцкая праца па арганізацыі калгасаў, дзейнічала 20 агіткалектываў, у складзе якіх было 345 агітатараў. Калектыўныя гаспадаркі ствараліся ў многіх вёсках. Умежах тагачаснага Міёрскага раёна на май 1941г. дзейнічалі 34 калгасы.
У былым маёнтку Клётаў Двор ствараецца МТС на 10 трактараў. Першая партыйная канферэнцыя ў Міёрах праходзіла 11-12 красавіка 1940г. Быў створаны раённы камітэт з 7 чалавек, пад кіраўніцтвам якога праводзіцца калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У 1940г. на Міёршчыне зарадзіўся камсамол, утвараюцца сельскія Саветы. У калгасах раёна ў канцы 1940г. налічвалася 471 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 269 кароў, 325авечак, 130 свіней, 624 кані.
Подробнее...