Гісторыя. Талачынскі раён. Пасляваенны перыяд

З руін і папялішчаў адраджаўся Талачын, пасёлкі і вёскі раёна. Больш за 10 гадоў спатрэбілася гораду, каб залячыць раны вайны. Людзі працавалі самааддана, стойка пераадольваючы пасляваенныя цяжкасці. Раённая газета «Чырвоны хлебароб» 25ліпеня 1944 г. паведамляла:

«Ажыў пасля вызвалення ад фашыстаў Талачын... Зараз у горадзе аднаўляецца электрастанцыя, якая хутка дасць святло на прадпрыемствы і ў дамы гараджан. Працуе кузня, швейная арцель, маслазавод, бальніца, хлебапякарня, амбулаторыя, адкрыты магазін, дзе працоўныя горада атрымліваюць некаторыя тавары, 2 сталовыя, гарадская лазня, сукнавальня. Арганізоўваецца арцель «Інвалід вайны». У раёне пачалі працаваць 5 медыцынскіх устаноў, медыцынскія пункты.

Па выніках работы ў ільнаводстве за 1955–1956 гг. раён быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі, адзначаны Дыпломам II ступені і медалём, прэміраваны грузавой аўтамашынай. Пастаяннымі ўдзельнікамі выставы сталі калгасы «XVIII партз’езд», імя Дзімітрава, «Перамога», імя Энгельса і многія калгаснікі. Далёка за межамі раёна сталі вядомы прозвішчы даярак В. С. Галубцовай з саўгаса «Рэканструктар», М. С. Матросавай з калгаса імя Энгельса, К. К. Кудзян з калгаса «XX з’езд КПСС», звеннявых па вырошчванні льну В. П. Кароткай і М. I. Савік з калгаса «XVIII партз’езд», В. М. Зайцавай і Н.С. Лісоўскай з калгаса «Перамога» і інш.

Раслі даходы калгасаў, паляпшаліся быт і культура хлебаробаў. У раёне працавалі 2 Дамы культуры, 12 дзяржаўных сельскіх клубаў і столькі ж хат–чытальняў, 17 гарадскіх і сельскіх бібліятэк, 40 калгасных і брыгадных клубаў. Кніжны фонд устаноў культуры налічваў каля 130 тыс. экз. кніг. Для параўнання, у 1899 г. насельніцтва 5 валасцей Талачыншчыны па падпісцы атрымлівала 204 экз. газет і часопісаў (галоўным чынам памешчыкі, духавенства, чыноўнікі) і ні аднаго з іх на роднай мове. У 1957 г. сярэдняя падпіска па раёне склала 20 800 экз., больш за палавіну з іх – на беларускай мове.

Дзякуючы самаадданай працы людзей і дапамозе дзяржавы да 1959 г. даваенны ўзровень па асноўных паказчыках развіцця эканомікі горада і раёна быў значна перавышаны. Былі пабудаваны масласырзавод у Талачыне, ільнозавод у Коханаве, торфабрыкетны завод «Усвіж-Бук».

3 1959 г. да 1965 г. валавыя зборы збожжа выраслі ў 2 разы; пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 79,9%, свіней – на 41%, вытворчасць мяса вырасла ў 2 разы, малака – на 92%, яек – у 6,2 разы. Падвоіліся даходы калгасаў, аплата працы калгаснікаў павялічылася ўдвая, а рабочых саўгасаў – у 1,5 раза. Асноўныя вытворчыя фонды прадпрыемстваў выраслі ў 2,3 раза, аб’ём вытворчасці – на 73,6%.

У 1976–1980 гг. працоўныя Талачыншчыны зрабілі новы крок наперад у развіцці эканомікі і культуры вытворчасці. Аб’ём прамысловай прадукцыі вырас на 8,5 %. Звыш плана за гэты час зроблена прамысловай прадукцыі на 2 млн. 159 тыс. рублёў. Добрых вытворчых паказчыкаў дасягнулі калектывы Талачынскага масласырзавода, ільнозавода,дрэваапрацоўчага цэха лясгаса, Талачынскага філіяла Віцебскага тэкстыльнага вытворчага аб’яднання, МПМК № 37 і інш.

Паводле генеральных планаў, распрацаваных у 1968 г. і 1977 г., у Талачыне выраслі новыя жылыя дамы, вытворчыя карпусы, створаны мікрараён. Цэнтр забудаваны 2–4-павярховымі дамамі. 3 невялікага мястэчка, якім быў дарэвалюцыйны Талачын, ён ператварыўся ў сучасны горад, звязаны чыгуначнымі і аўтамабільнымі маршрутамі з Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Мінскам. Шырокая сетка дарог і блізкасць да буйных прамысловых і культурных цэнтраўстаноўча ўплывалана эканамічнае, індустрыяльнае і культурнае развіццё горада і раёна. У горадзе ёсць крухмальны завод, тэкстыльная фабрыка, элеватар і іншыя прадпрыемствы. Прамысловыя прадпрыемствы горада выпускаюць розныя віды вырабаў, многія з якіх вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі. Працуюць 3 сярэднія, 1 пачатковая школы, Дом культуры, 4 бібліятэкі. У горадзе выдаецца раённая газета «Наша Талачыншчына». На 2003 год у Талачыне было 10,4 тыс. жыхароў.

Талачыну ў 2015 г. выпаў гонар стаць сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі–2015».

На 2015 г. дзейнічаюць прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, машынабудавання, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, харчовай, паліўнай прамысловасці. У раёне функцыянуюць прафесійны ліцэй сельска-гаспадарчай вытворчасці (г. п. Коханава), гімназія, 9 сярэдніх і 2 базавыя школы, 5 вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад–школа (у т. л. 3 на аснове базавай, 2 – пачатковай школы), 2 дзіцячыя школы мастацтваў, ДЮСШ, 14 дзіцячых дашкольных устаноў, раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Працуюць раённыя Цэнтр культуры і народнай творчасці, Цэнтр рамёстваў, гарадскі, пасялковы і 8 сельскіх Дамоў культуры, Дом фальклору, 4 сельскія клубы, аўтаклуб, цэнтральная раённая, дзіцячая, 12 сельскіх бібліятэк, 2 бібліятэкі–клубы, гісторыка-краязнаўчы музей. У сістэме аховы здароўя цэнтральная раённая і раённая (г. п. Коханава) бальніцы, 3 паліклінікі, 5 урачэбных амбулаторый, 16 ФАПаў, 4 аптэкі. Выдаецца раённая газета «Наша Талачыншчына». У раёне 13 рэлігійных абшчын, у т. л. 7 праваслаўныя, 1 каталіцкая, 1 адвентыстаў сёмага дня, 2 хрысціян веры евангельскай, 2 евангельскіх хрысціян–баптыстаў.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter