Гісторыя, Ушачы. Дарэвалюцыйны перыяд

Першыя пасяленні людзей на тэрыторыі Ушаччыны з’явіліся 9 – 5 тысяч год назад да н. э., у IV–ІІІ стагоддзі да нашай эры каля вёскі Кублічы існавала гарадзішча днепра-дзвінскай культуры. У ІХ–ХІ стагоддзі з’явіўся курганны могільнік крывічоў каля вёскі Славені. У 1552 годзе вольнае сяло Ушача (Вшача) была ўлічана Полацкай рэвізіяй у маёмасць сыноў Андрэя Сялявы Івана і Багдана, знаходзілася ў Полацкім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага.

Геаграфічнае становішча тэрыторыі сучаснага Ушацкага раёна ў значнай ступені спрыяла характару яе гістарычнага развіцця ў межах дзяржаўных структур ранняга сярэднявечча. На поўначы раён мяжуе з Полацкім, на поўдні – з Лепельскім раёнамі. Праз Ушацкі раён працякае рака Ушача, якая ўпадае ў Заходнюю Дзвіну і падзяляе раён на дзве часткі – заходнюю і ўсходнюю. Гэты азёрны край паміж рэкамі Заходняй Дзвіной, Ушачай і Улай і стаў ядром фарміравання тэрыторыі спачатку «княжання» палачан, крывічоў, потым Полацкай дзяржавы. Выгаднае геаграфічнае размяшчэнне Полацкага княства спрыяла хуткаму эканамічнаму і культурнаму развіццю, умацаванню ў якасці незалежнай дзяржавы.

Цікавай старонкай гісторыі Ушаччыны з’яўляецца знаходжанне яе ў складзе Вялікага княства Літоўскага. У межах княства з’явіўся этнонім «літвіны», які абазначаў славянскае і балцкае насеьніцтва Вялікага княства Літоўскага. Вось чаму на Ушаччыне ёсць цэлыя вёскі (Турасполле, Малінаўка і іншыя) многія жыхары якіх носяць прозвішча Літвін. Назва «Белая Русь» замацавалася за ўсходняй часткай сённяшняй Беларусі – Падняпроўем і Падзвіннем, куды і ўваходзіла Ушаччына.

Самую падрабязную геаграфію Ушаччыны ў старажытнасці можна прасачыць на карце М. Ф. Спірыдонава «Полацкае ваяводства ў канцы XVI стагоддзя». На ёй пазначаны населеныя пункты цяперашняга Ушацкага раёна, якія фіксуюцца гістарычнымі крыніцамі: Матырына, Мяніца, Апанаскавічы, Цётча, Усвіца, Лутава, Слаўна, Туроса, Усая, Усвея, Селішча, Пліна, Ушачы, Чарсцвяты, Кугоні, Кублічы, Судзілавічы, Завячэлле, Вялікія Дольцы, Весніцк, Мосар.

У 1624 г. маёнтак Ушачы належаў полацкаму стольніку Юзафу Кляноўскаму, у 1672 г. – Давыду Радзімінскаму-Францкевічу, у 1721 г. – мінскаму ваяводзе Яну Жабе.

У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. паўночная частка Полацкага ваяводства да Дзвіны з г. Полацкам адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Левабярэжная частка засталася ў складзе Рэчы Паспалітай. Павятовы сеймік збіраўся ў гэты час у мястэчку Ушачы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. тэрыторыя Ушаччыны адышла да Расійскай імперыі.

Сучасная тэрыторыя раёна ўваходзіла ў той час у склад Лепельскага павета Віцебскай і Барысаўскага павета Мінскай губерняў. Кубліцкая, Гутаўская, Ушацкая, Чарсцвяцкая воласці адносіліся да Лепельскага, а Вялікадолецкая да Барысаўскага паветаў. На той час меліся мястэчкі Ушачы, Кублічы, Арэхаўна, Селішча.

Далучэнне да Расійскай імперыі амаль нічога не мяняла ў сацыяльна-эканамічным становішчы сялян. Паводле архіўных дакументаў, на Віцебшчыне (у т. л. і на Ушаччыне) на сялян былі ўскладзены цяжкія павіннасці. Яны працавалі на памешчыка 3 дні на тыдзень. Селянін на кані або валах павінен быў узараць сахой 0,5 дзесяціны зямлі, пабаранаваць 2/3 дзесяціны зямлі, перавезці грузу на адным кані ад 18 да 20 пудоў на адлегласць да 23 вёрстаў, перавезці з поля ў пуню 8 коп (у капе 60 снапоў) азімай збажыны, 12 коп ярыны, 8 вазоў сена, засеяць 4 дзесяціны, на 1/4 дзесяціны зжаць збажыну, абмалаціць адну капу азімых, 2 капы яравых і г.д.

У вайну 1812 г. ва Ушачах нейкі час размяшчаўся штаб генерала П. Х. Вітгенштэйна.

На думку доктара гісторыі, прафесара, дырэктара Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў Фернанда Бакура, ва Ушачах з 22 на 23 ліпеня начаваў імператар Напалеон Банапарт.

Вайна 1812 г. прынесла краю вялікія людскія страты і разбурэнні.

Памешчыцкая гаспадарка ў першыя дзесяцігоддзі XIX ст. асноўвалася на феадальнай уласнасці памешчыкаў на зямлю і на працы прыгоннага сялянства. Паводле інвентара 1846 г., у маёнтак Арэхаўна, які належаў памешчыку М. Грабніцкаму, уваходзіла 13 вёсак, 654 сялянскія душы, маёнтак Кублічы складаўся з 15 вёсак, 2241 дзесяціны зямлі і належаў памешчыку Пятру Сяляву. У гэтых, як і ў іншых маёнтках, акрамя прыгону на сялян ускладаліся цяжкія дзяржаўныя павіннасці – падушны падатак, земскі збор, перавозка вайсковых грузаў і г. д. Некаторыя памешчыкі плацілі за сялян падаткі, а патрабавалі адпрацаваць іх у 2–3 разы больш.

Развіццё капіталізму і паглыбленне крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы, нарастанне барацьбы сялян супраць памешчыкаў і прыгону прымусілі царызм адмяніць у 1861 г. прыгоннае права і правесці зямельную рэформу. Сяляне атрымалі права ўдзельнічаць у палітычным і грамадскім жыцці, заключаць здзелкі, займацца промысламі і гандлем, валодаць рухомай і нерухомай маёмасцю, несці адказнасць перад судом. Пасля рэформы памешчыкі заставаліся ўласнікамі зямлі. Частка яе выдзялялася для надзелу сялян, але, як і раней, яны павінны былі адбываць паншчыну або плаціць памешчыку чынш.

У канцы XIX – пачатку XX ст. у сельскай гаспадарцы Ушаччыны ўладарыла буйная панская ўласнасць. 3 агульнай колькасці апрацоўваемых зямель, лугоў і лясоў звыш палавіны належала памешчыкам і цэрквам. На тэрыторыі цяперашняй Ушаччыны было мноства буйных маёнткаў: графа Забелы – у Белым, графа Грабніцкага – у Арэхаўне, Грыгаровіча – у Жарах, Панцыра – у Вялікіх Дольцах, Сушчынскага – у Малых Дольцах, Пятрышчы – у Кублічах, Маліноўскага – у Чарапоўшчыне, Галавача – у Пліне, Глазковай – ва Ушачах. У сярэднім на кожную панскую гаспадарку прыходзілася каля 8 тыс. дзесяцін сельскагаспадарчых і лясных угоддзяў.

У многіх памешчыцкіх гаспадарках вызначыўся паварот да інтэнсіўных метадаў земляробства і спецыялізацыі вытворчасці. Павялічылася выкарыстанне машын, наём рабочай сілы, асабліва на вінакурных, смалакурных, піваварных заводах, на будаўнічых работах і сплаве лесу. Вінакурэнне стала адной з найбольш важных крыніц даходу для многіх памешчыкаў. Вінакурныя заводы былі ў маёнтках Арэхаўна, Асінаўка, Ляхава, Павулле, Усвея, Якаўкі і інш. У некаторых маёнтках, вёсках працавалі піваварні, сукнавальні, вадзяныя і паравыя млыны.

Умовы «вызвалення» выклікалі масавае абурэнне сялян. Яны адмаўляліся выконваць паншчыну, патрабавалі «сапраўднай волі».

У 1863–1864 гг. у Польшчы, Літве і на Беларусі ўспыхнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць царызму, прычынамі якога былі крызіс феадальнага ладу, неабходнасць сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, імкненне да аднаўлення нацыянальнай незалежнасці. Праграма паўстання прадугледжвала буржуазна-дэмакратычныя свабоды, раўнапраўе ўсіх грамадзян, рэспубліканскія формы кіравання, але не вырашала аграрныя пытанні.

Водгукі гэтых падзей дакаціліся да Ушаччыны. Сялянскія бунты адбыліся ў Жарах і іншых месцах. Многія з ушачан удзельнічалі ў паўстанні. Сярод іх А. І. Вярыга-Дарэўскі, О. М. Грабніцкі, Ф. Ф. Тапчэўскі.

Каб падавіць хваляванні, улады прынялі шэраг рэпрэсіўных мер – устанаўлівалі сакрэтны нагляд за «нядобранадзейнымі» асобамі, учынялі вобыскі, падвяргалі арыштам.

Пасля адмены прыгоннага права ва ўмовах развіцця капіталізму пад націскам грамадскага руху царскі ўрад вымушаны быў правесці некаторыя рэформы і ў галіне асветы. У 1860-я гады пачалі стварацца ў мястэчках і некаторых вёсках сельскія прыходскія вучылішчы, школы пісьменнасці, народныя вучылішчы.

Сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў пачатку XX ст. у аснове сваёй заставаліся такімі ж, як у канцы XIX ст. Рэзка абвастрыліся сацыяльныя супярэчнасці, узмацнілася барацьба сялян супраць памешчыкаў і царскага самадзяржаўя. Ва Ушачах палітычную агітацыю вялі гімназісты Сахарцаў, Берман і іншыя. Бунтавалі і сяляне вёсак Арэхаўна, Ваўчо і Заазер'е.

 

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter