22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Жудасная вестка аб вайне хутка дайшла да сінявокай Ушаччыны. 25 чэрвеня 1941 года ў раён прыйшло распараджэнне аб эвакуацыі. Па распараджэнні Ушацкага РК КП(б)Б пад кіраўніцтвам загадчыка ваеннага аддзела Пятніцы быў сфарміраваны знішчальны батальён па барацьбе з дыверсантамі. Пагранатрад на чале з А. Я. Захаравым ахоўваў тылы арміі, падтрымліваў парадак, разбіраўся з падазронымі людзьмі.
3 ліпеня 1941 года ў г. п. Ушачы з’явіліся немцы. Знішчальны батальён адышоў да Вялікіх Лук. Фронт працягваў адступаць на ўсход. У жніўні 1941 года ва Ушачах пачало дзейнічаць падполле, якое ўзначаліў С. Я. Барадаўкін. Дзейнасць падполля пачала распаўсюджвацца на бліжэйшыя вёскі. У хуткім часе была створана другая падпольная група: Апанаскавічы – Янова. Падпольшчыкі праводзілі вялікую і актыўную палітычную работу сярод насельніцтва: распаўсюджвалі лістоўкі Савінфармбюро, збіралі трафейную зброю, шкодзілі немцам. Падпольныя групы напаўняліся ўсё новымі ўдзельнікамі: далучаліся мірныя мясцовыя жыхары, ваенныя, якіх камісавалі. З мая па жнівень 1942 года былі створаны партызанскія атрады «Дубава», «Смерць фашызму», партызанскія брыгады «Дубава», імя Чапаева.
3 ліпеня 1942 года пачалі дзейнічаць Ушацкія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ.
У верасні 1942 года партызаны вызвалілі г. п. Ушачы ад акупантаў. У верасні 1943 года ўтворана Ушацкая, пазней Полацка-Лепельская партызанская зона. Ушаччыну называлі «партызанскай рэспублікай». Са снежня 1943 па красавік 1944 года ва Ушачах дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і БШПР, партызанскай брыгады імя Чапаева.
Вясна 1944 года стала новым выпрабаваннем для партызан. Да міжпартызанскай зоны было сцягнута каля 60000 карнікаў. Карнікі ставілі перад сабой задачу: акружыць і знішчыць партызан; ачысціць занятую імі тэрыторыю.
30 красавіка 1944 года баі ўжо ішлі пад Ушачамі, 230-ці кіламетровая лінія абароны партызанскай зоны скарацілася да 20-ці кіламетровай. Ад БШПР і ваеннага Савета 1-га Прыбалтыйскага фронту паступіў загад пачаць падрыхтоўку да прарыву, які планаваўся на 1 мая, але здзейснілі яго партызаны ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года, разарваўшы варожае кальцо блакады каля вёсак Паперына і Новае Сяло. Загінула ў баях з карнікамі больш за 1500 партызан, сярод іх камбрыгі: А. Ф. Данукалаў, Дз. Ц. Караленка, П. М. Раманаў. Карнікі страцілі забітымі і параненымі больш за 20000 салдат, афіцэраў, 59 танкаў, 116 аўтамашын, 7 бронемашын, 22 гарматы і 2 самалёты.
На Ушаччыне памятаюць Герояў Савецкага Саюза, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта Данукалаў Аляксей Фёдаравіч, Дуброўскі Фёдар Фаміч, Кутрухін Канстанцін Пракопавіч, Лабанок Уладзімір Елісеевіч, Раманаў Павел Мінаевіч, Цімчук Іван Мацвеевіч, Юркін Барыс Іванавіч.
29 чэрвеня 1944 года Ушачы і Ушацкі раён былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Подробнее...