Няўдачы нямецкіх войск на германа-савецкім фронце, што яскрава праявіліся пасля бітваў пад Масквою і Сталінградам, заставілі моцна задумацца аб непазбежнай адказнасці перад савецкім судом тых, хто супрацоўнічаў з германскімі акупацыйнымі ўладамі. Нават такі перакананы вораг камуністаў і савецкай урады, як Алесік (Жырко), і той прыняў прапанову савецкіх партызан аб супрацоўніцтве. У гэта цяжка паверыць, але факты — рэч упартая…
Як сведчыць жыхар Кажан-Гарадка, былы партызан П.Чарняўскі, які вельмі добра ведае ход апісаных ніжэй падзей, восенню 1943 г. ва ўмовах глыбокай канспірацыі адбыліся перагаворы паміж камендантам кажан-гарадоцкай паліцыі і камандаваннем партызанскай брыгады імя Кірава.
Перагаворы вяліся на вул. Праход у хаце Івана Каратыша (Цурэса), які даводзіўся блізкім родзічам каменданту паліцыі. З боку паліцыі прысутнічала 2 чалавекі: камендант Алесік і камандзір узвода Астапчык. Па даручэнню камандавання штаба дэлегацыю партызан узначаліў камандзір роты Руфееў; з ім прысутнічала яшчэ некалькі чалавек. На месца сустрэчы партызаны прыйшлі задоўга да пачатку перагавораў, прыняўшы ўсе меры перасцярогі: выслалі разведку, выставілі дазоры, у Кажан-Гарадок узялі тых партызанаў, што добра ведалі мясцовасць. У хаце, дзе намячалася весці перагаворы, устанавілі кулямёт…
Пацягнуліся доўгія хвіліны чакання… Яркі месяц заліваў халодным святлом вёску, што вельмі непакоіла партызан. Восеньскі вецер трывожна шапацеў у саду апалым лісцем, а вясковыя сабакі час ад часу парушалі напружаную цішыню гэтай непрадказальнай ночы сваім лянівым брэхам…
Стрэлкі гадзінніка марудна набліжаліся да ўмоўленай лічбы на цыферблаце. У назначаны час падыйшла і дэлегацыя паліцаяў. Пераступіўшы парог, Жырко тут жа ўзняў руку “пад казырок” і назваўся: “Камендант паліцыі Алесік”. Партызанскі парламенцёр устаў з-за стала і казырнуў у адказ: “Камандзір партызанскай роты Руфееў”. А потым дадаў: “Зброю — на стол, толькі пры такіх умовах мы можам весці перагаворы”. Без лішніх слоў паліцыянты вылажылі свае пісталеты пасярод стала. Сюды ж паклаў свой пісталет і партызанскі камроты. Абставіны патрабавалі не зацягваць перагаворы, і гэта разумелі абодва бакі. Дамовіліся, што ў назначаны дзень Алесік выведзе ўсю паліцыю ва ўказанае месца як быццам бы для барацьбы супраць партызан. Тады партызаны акружаць і абяззброяць паліцэйскія падраздзяленні. На гэтым перагаворы закончыліся, задаволенымі засталіся абодва бакі: і паліцэйскае кіраўніцтва, і дэлегацыя партызанскай брыгады.
Але далейшы ход аперацыі быў сарваны: у назначаны дзень Алесік не прывёў паліцыю для здачы партызанам. Як стала вядома ўжо ў канцы вайны, камендант прызнаўся ў сваіх намерах жонцы56, а тая змагла пераканаць мужа не ісці на змову з партызанамі: “Не вер нікому! Заб”юць выстралам у спіну не партызаны, то паліцыянты; твая смерць выгадна і тым, і другім”.
А партызаны, між іншым, чакалі здачы паліцэйскіх узводаў у назначаным месцы. Быў аддадзены строгі загад: “Алесіка (Жырка) не чапаць: каб ні адзін волас не ўпаў з яго галавы!” Камендант быў патрэбен жывым як каштоўны сведка для суда пры вызначэнні далейшага лёсу кожнага з паліцаяў і расследавання ваенных злачынстваў.
У выпадку здачы паліцаяў у палон, Алесіка трэба было б аберагаць і ад куль яго ж паліцэйскіх. І, нарэшце, былога каменданта наўрад ці прыгаварыў бы савецкі суд да растрэлу: здача ў партызанскі палон хаця б аднаго ўзвода паліцэйскіх магла б змягчыць судовы прыгавор і выратаваць Андрэю Алесіку жыццё.
Подробнее...