Першыя пасляваенныя клопаты

Кажан-Гарадоцкі сельсавет аднавіў сваю работу 10 ліпеня 1944 года — у першыя ж гадзіны пасля адступлення немцаў. Гэта агульнавядомая практыка: органы ўлады прыступалі да работы, як толькі на вызваленую тэрыторыю ўступалі савецкія войскі.

Першыя два месяцы старшынёй сельсавета быў Каратыш А.А. (з роду Сідорчыкаў) — былы партызан, сын растралянага немцамі Адама Каратыша.

Ужо 14.07.44 г. сельсавет прымае некалькі пастаноў. Так, пастановаю ад 14 ліпеня “у мэтах забеспячэння хутчэйшай дапамогі насельніцтву, што падарвалася на мінах… адкрыць перавязачны пункт на чале з фельчарам Сцепановічам Малахам Іванавічам і назначыць Саноцкую Габрыню медсястрою”.

У раёне Кажан-Гарадка адзначаны яшчэ адзін, чыста “рускі” спосаб барацьбы з мінамі, які з пазіцый сённяшняга дня інакш як варварскім назваць цяжка. Сведка тых дзён, апісваючы Шлях — дарогу з Лахвы на Кажан-Гарадок і Лунінец — успамінае: “У той час на гэтым шляху, замініраваным немцамі пры адступленні, не раз падрываліся людзі. І вось аднойчы пад вечар мы ўбачылі, як да нашай вёскі павольна набліжаецца з боку заходзячага сонца цёмны натоўп. Хутка высветлілася, што гэта вядуць калону палонных немцаў. Першыя рады іх — на ўсю шырыню дарогі, — намацвалі шлях перад сабой доўгімі жэрдкамі, што мелі на канцы вастрыё з дроту. Канваіры з аўтаматамі на грудзях ішлі далёка збоку па прыдарожных сцежках. Палонныя былі зморанымі і маўклівымі. Многа людзей выбегла на вуліцу паглядзець на іх. Не прыгадаю ўжо, ці то нехта з палонных папрасіў паесці, ці то проста ад дабрыні і жалю, жанчыны пачалі падбягаць да немцаў і ўсоўваць ім у рукі і кішэні кавалкі хлеба, бліны, яблыкі. Канваіры быццам не заўважалі гэтага і не адганялі міласэрных жанчын, у якіх мужы і сыны яшчэ не вярнуліся з вайны”.

14 ліпеня 1944 г. Кажан-Гарадоцкі сельсавет прыняў яшчэ адну пастанову: “Так як у Кажан-Гарадку не ўстаноўлена яшчэ органаў бяспекі, Кажан-Гарадоцкі с/савет пастанавіў арганізаваць загатрад з 6 чалавек наступных асоб: Марковіча Сямёна Івана Кірэя Каратышэўскага Бастынца Конана” (знакаў прыпынку паміж імёнамі і прозвішчамі ў архіўным дакуменце не пастаўлена — В.Т.)

Праз два месяцы пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў адміністрацыі сельсавета адбыліся некаторыя службовыя перамяшчэнні: старшыня А. Каратыш быў пераведзены на такую ж пасаду ў Бродніцу, а на яго месца назначылі Чарняўскага Пятра Піліпавіча.

Па ўспамінах П. Чарняўскага, “работа пасля вайны здавалася сапраўдным пеклам. У наваколлях арудавалі банды. Прасочваліся сюды і украінскія нацыяналісты. Асабліва лютавала банда Коўшыка, якая рабавала магазіны, не шкадавала жыцця сельскіх актывістаў і простых грамадзян. Работнікі сельсавета мелі зброю, разам з участковым І.С. Андрушам мы часта арганізоўвалі засады на начных ворагаў (днём яны звычайна адседжваліся ў тайніках)”.

Пасля таго, як немцы растралялі ў Кажан-Гарадку яўрэяў, тут засталося нямала пустуючых яўрэйскіх хат. Іх занялі тыя, хто за час вайны страціў сваё жыллё, і ў першую чаргу — былыя партызаны або іх родзічы. Але ў 1944 годзе гэтае пытанне не было канчаткова вырашана: былыя яўрэйскія хаты яшчэ дзялілі-перадзельвалі і ў другой палове 1945 года. Так, рашэннем №14 выканкама Кажан-Гарадоцкага сельсавета ад 22 ліпеня 1945 г. “Аб выдзяленні фонда для інкубатарна-птушкагадоўчай станцыі” прынята пастанова: “Выдзеліць з Кажан-Гарадоцкага с/савета дом па вул. Майдан, які належыць паліцэйскаму Гавяновічу Грышы, бо ён набыў яго пры нямецкай уладзе з яўрэйскіх дамоў”.

Вось так! Без рашэння суда, без умяшальніцтва пракурора — адным рашэннем выканкама сельсавета — выбірайся з дома, які ты “набыў пры нямецкай уладзе”! І сям'я Гавяновіча была выселена, і нічога нідзе абскардзіць не магла, бо яна — сям'я паліцэйскага…

Архіўныя дакументы аб дзейнасці памянёнага сельсавета сведчаць аб тым, што мясцовыя ўлады ў 1944 — пачатку1950-х гг. імгненна загрузлі ў бюракратычным справаводстве, бо на любую, нават дробную пасаду ў сельсавеце, калгасе вузкае кола асоб вырашала каго назначаць; дзяліліся пасады, што адкрывала прамы шлях да хабарніцтва, пратэкцыянізму, угодлівасці, стварэння партыйнага клану — гэтых нястомных спадарожнікаў любой бюракратычнай сістэмы.

З’явілася новая працоўная павіннасць: работы на лесанарыхтоўках. “У калоды” выганялі сялян разам са сваімі коньмі, сякерамі, піламі. Насельнікі вуліцы былі падзелены на невялікія брыгады, якія ўзначальваліся “десятниками”, выбранымі з ліку мясцовых жыхароў.

Сельсавет атрымліваў строгія прадпісанні раённых улад: калі не забяспечыце дастатковую пастаўку драўніны, наступленне савецкіх войск у Германіі не зможа пачацца ў запланаваныя тэрміны...

Улады не пакінулі без увагі і Кажан-Гарадоцкую царкву: ёй было ўказана сабраць для лунінецкай гарадской бальніцы 100 метраў палатна.

Частка свяшчэннікаў зноў, як і перад вайною, падверглася савецкім рэпрэсіям. Нават у 1948 годзе яшчэ знаходзіліся архіерэі, якія не баяліся заступіцца за арыштаваных свяшчэннікаў перад ўладамі: архіепіскап Данііл даручыў лунінецкаму протаерэю К. Дылеўскаму “заняцца зборам ахвяраванняў натураю для адпраўкі к Вялікадню пасылак арыштаваным свяшчэннікам Харытончыку і Мушынскаму”. Запрашэнне далучыцца да збору ахвяраванняў было пераслана лунінецкім дэканам і кажан-гарадоцкаму протаерэю Мікалаю Рудзько (пісьмо датавана 24.07.1948 г.).

Наладжвалася і школьнае жыццё. Але ў школьным будынку не хапала класных памяшканняў, таму заняткі праходзілі і ў школьным будынку, і яшчэ ў трох хатах. Піянерскую арганізацыю ў Кажан-Гарадку ўдалося стварыць толькі ў пачатку 1950-х гадоў, але як толькі ў класе аб’явілі аб запісе ў піянеры, дзеці пачалі ратавацца ўцёкамі праз вокны. Яшчэ ў сярэдзіне 1960-х гадоў ў кожным класе было нямала вучняў, якія “забывалі” дома піянерскія гальштукі, бо не хацелі іх насіць. Гальштук такога вучня дэманстратыўна захоўваўся ў халяве чобата і называўся не інакш як “чырвоная ануча”, што выклікала істэрычную рэакцыю камуністычна настроеных настаўніц.

Пасля вайны захоўвалася плата за вучобу ў старэйшых класах: па ўспамінах першых пасляваенных выпускнікоў, у 1954/55 навучальным годзе 8-класнікі павінны былі плаціць 150 рублёў, але ўжо ў дзевятым класе плату за вучобу адмянілі.

Першы пасляваенны выпуск кажан-гарадоцкіх 10-класнікаў адбыўся ў 1957 годзе. Трое з трынаццаці першых выпускнікоў закончылі школы з сярэбранымі медалямі (Вайцяхоўскі Пракоп, Каратыш Праскоўя — з Кажан-Гарадка; Мікуліч Аляксандр — з Дрэбска). У 1953/54 годзе гэтыя вучні — тады сямікласнікі — запісаліся ў камсамольскую арганізацыю; яе сакратаром стаў П. Вайцяхоўскі.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter