Хроніка грамадзянскай вайны. Частка 1

Грамадзянская вайна дасягнула прыфрантавой Лунінеччыны хутка і спачатку ў выглядзе варожай інтэрвенцыі. 18 лютага 1918 г. нямецкія войскі пачалі наступленне ў Беларусі, Прыбалтыцы і на Украіне. На Лунінецкім напрамку яны яшчэ ў час першай сусветнай вайны захапілі Пінск. Ад яго ўздоўж чыгункі на Гомель рушыла армейская група генерала Г. Гранау (у сакавіку пераўтвораная ў 41-ы рэзервовы корпус). Ва ўмовах, калі старая руская армія распалася, а новай, Чырвонай Арміі, яшчэ не існавала, вораг амаль не сустракаў супраціўлення. Ужо ў першы дзень ён захапіў Лунінец.

Акупацыя і грабеж насельніцтва працягваліся да восені, калі ў Германіі пасля паражэння ў першай сусветнай вайне пачалася рэвалюцыя. Гэта выклікала незадавальненне і пратэст працоўных.

Удзельнік падзей Іван Наздроў успамінаў:

"З красавіка па ліпень 1918 года я працаваў на станцыі Лунінец тэлеграфістам. I мне, 17-гадоваму хлопцу, давялося быць удзельнікам забастоўкі чыгуначнікаў.

У канцы лютага 1918 г. войскі кайзераўскай Германіі пачалі акупацыю Украіны, Беларусі і часткі РСФСР. На Украіне немцамі была створана "Украінская рада", якая распаўсюдзіла сваю "ўладу" на тэрыторыі лініі Лунінец — Гомель. Нямецкія войскі, пятлюраўцы вывешвалі загады аб суровым пакаранні тых, хто не будзе выконваць іх распараджэнні. Па чыгунцы на захад пачалі ісці эшалоны з нарабаваным немцамі харчаваннем, сыравінай, іншымі каштоўнасцямі. У сялян забіралі жывёлу і збожжа.

Настрой у рабочых і служачых, сялян Лунінеччыны быў варожым да акупантаў і "Украінскай рады". Летам тэлеграфісты станцыі Лунінец прынялі з Кіева адозву забастовачнага камітэта да ўсіх чыгуначнікаў. У ёй быў заклік да ўсеагульнай забастоўкі.

Адозва хутка разышлася. Паўсюдна прайшлі кароткія мітынгі. А праз некаторы час раздаўся гудок. Чыгуначнікі спынілі работу. У першы дзень рух цягнікоў быў поўнасцю паралізаваны. Пакінулі працу і нашы тэлеграфісты.

Ноччу пачаліся аблавы і арышты. У першую чаргу затрымліваліся машыністы цягнікоў. Іх пад канвоем прыводзілі да лакаматываў і прымушалі працаваць. На кожным цягніку прысутнічалі нямецкія салдаты. Пасля работы машыністаў і іншых чыгуначнікаў саджалі пад ахову ў спецыяльнае памяшканне.

Аднак чыгуначны рух ішоў з перабоямі. Настрой у працоўных быў баявы. Камітэт, які кіраваў забастоўкай, на сценах расклейваў ад рукі напісаныя лістоўкі. Яны заклікалі працягваць забастоўку.

У іх гаварылася, што сяляне навакольных вёсак збіраюць харчаванне і будуць аказваць дапамогу забастоўшчыкам. Спачувальна адносіліся да чыгуначнікаў і жыхары горада. Уладальнікі магазінаў, сталовых адпускалі ім харчы.

Ішлі дні. Рух па чыгунцы па-ранейшаму быў з перабоямі. Частка чыгуначнікаў, каб пазбегнуць арышту, пакінула горад і пайшла ў вёскі. Нават пасля таго, як паступілі звесткі, што ў Роўна і Сарнах забастоўка спынілася, лунінецкія чыгуначнікі працягвалі стойка трымацца. I толькі праз два тыдні работа часткова аднавілася.

Я ў гэты час вырашыў звольніцца, а праз некалькі дзён перайшоў лінію фронту. Спачатку працаваў тэлеграфістам, а потым служыў у Чырвонай Арміі".

У кастрычніку 1918 г. пачалося Палескае паўстанне ў тыле ворага, цэнтрам якога сталі Пінскі і Ровенскі паветы. 3 — 5 снежня паўстанцы перамаглі ў Дубровіцы, захапілі побач з ёю замак графоў Пляцераў. 6 снежня сюды прыбыў на дапамогу атрад С.У. Майсяевіча, ураджэнца Лунінеччыны.

Адным з кіраўнікоў паўстання стаў Аляксандр Мікалаевіч Ільін. Ён паходзіў з рабочых. У 1917 г. уступіў у РСДРП(б), быў членам Харкаўскага рэўкама. Пасля наступлення немцаў пераехаў у Маскву, дзе працаваў на чыгуначным вузле, быў грамадскім сакратаром будаўнікоў і чыгуначнікаў, сакратаром камячэйкі Цэнтрабуда. 22 кастрычніка 1918 г. падаў у раённы чыгуначны камітэт РКП (б) заяву з просьбай накіраваць яго на фронт. 16 лістапада, калі германская армія пачала адыход з акупіраваных зямель, СНК вырашыў накіраваць туды сваіх прадстаўнікоў, каб яны не далі вывезці ўзбраенне былой царскай арміі. Ільін накіраваны з гэтай мэтай на ст. Відзібор, дзе былі артылерыйскія склады аднаго з карпусоў рускай арміі.
25 снежня гэтага ж года ў Століне на пасяджэнні паўстанцкага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта быў выбраны Палескі РВК у складзе: старшыня — Р.М. Астроўскі, загадчыкі аддзелаў: адміністрацыйнага — К.Ф. Русак, прадуктова-рэквізіцыйнага — Канякін, распарадчага — Паўловіч, агітацыйнага — М.С. Кавалевіч, агульнага — А.Г. Палхоўскі, сакратарыята — Г.З. Сахнік, судова-адміністрацыйнага — М.Ц Лазнуха. Агульнае камандаванне было ўскладзена на Рыгора Астроўскага і Андрэя Нагорнага.
27.12.1918 г. Палескі РВК размясціўся на станцыі Відзібор у вагоне (было вырашана, што пасля адыходу немцаў з Лунінца ён пяройдзе ў гэта мястэчка). Былі ўстаноўлены сувязі з лунінецкімі рэвалюцыянерамі і падпольшчыкамі. Фарміраваліся 1-ы (камандзір А.Ф. Разановіч) і 2-і (камандзір Ф.А. Казубоўскі) Палескія камуністычныя палкі. Добраахвотнікамі ўступалі ў іх і нашы землякі. Камісарам 2-га ПКП быў ураджэнец вёскі Люшча Пётр Якаўлевіч Гошч, які потым стаў камандзірам 2-га батальёна палка. Тут жа ваявалі Фёдар Сафронаў, Якаў Антонавіч Сафронаў, Іван Феліксавіч Мазур, Пётр Герасімаў, Аляксандр Раманавіч Трухноў — усе з Луніна, Фёдар Карлюк з Чырвонай Волі.

На Палессі дзейнічала каля сотні атрадаў паўстанцаў, якія неўзабаве былі зведзены ў роты і батальёны і аб'яднаны ў тры камуністычныя паўстанцкія палкі.

Удзельнік падзей М. Вішнеўскі ўспамінаў:

"1-ы Палескі (камандзір А. Разановіч) і 2-і Палескі (Ф. Казубоўскі) палкі разам з часцямі 1-га Дубровіцкага палка разгарнулі баявыя аперацыі супраць нямецкіх акупантаў, гетманаўцаў, пятлюраўцаў на чыгуначнай лініі Сарны — Дубровіца — Лунінец — Пінск".

Ільін прыехаў у Відзібор і правёў мітынг. Высветлілася, што германскае камандаванне загадала сваім салдатам зняць з рускіх і трафейных аўстрыйскіх гармат, кулямётаў замкі і іншыя дэталі, каб зброя не дасталася чырвонаармейцам. Ільін вырашыў звярнуцца непасрэдна да нямецкіх салдат з Лунінецкага гарнізона. А тым не вельмі хацелася ваяваць. Яшчэ 1 снежня 1918 г. начальнік штаба Заходняй арміі А.В. Новікаў паведаміў у Рэўваенсавет рэспублікі аб дамоўленасці з нямецкімі салдацкімі дэпутатамі, згодна з якой акупанты адыходзілі з раёна Рэчыца — Калінкавічы — Лунінец, і аб намеры немцаў "застацца нейтральнымі пры барацьбе за ўстанаўленне Савецкай улады ў названых пунктах".

31.12.1918 г. 2-і батальён 152-га палка 17-ай стралковай дывізіі выгрузіўся з эшалона на станцыі Дзятлавічы. Камісар палка Дзергачоў правёў у Лунінцы перамовы з нямецкім камандаваннем аб паскарэнні вываду іх войскаў у Германію. У той жа дзень камісарам станцыі Лунінец быў назначаны Апанас Міхайлавіч Кужалёў — настаўнік з вёскі Калоднае Столінскай воласці, які стаў працаваць у цесным кантакце са старшынёю Лунінецкага рэўкама К. Топалевым.

05.01.1919 г. У Лунінец прыбыў прадстаўнік ЦК РКП (б) Аляксандр Мікалаевіч Ільін. На пасяджэнні нямецкага салдацкага камітэта ён патрабаваў, каб за 2 дні іх дывізія эвакуіравалася з лініі Калінкавічы — Лунінец. Немцы згадзіліся перадаць Лунінецкаму рэўкаму чыгунку, рухомы састаў, усё абсталяванне, таксама вялікія склады былой царскай арміі. усю маёмасць узяла пад ахову сфарміраваная 3 студзеня Камуністычная рота з 250 чалавек.

З тэлеграмы А. Ільіна: "Масква, Ваенны Савет Рэспублікі, Народнаму камісару замежных спраў, рэдакцыі газеты "Известия"... Сёння адбылося пасяджэнне Лунінецкага армейскага Савета, на якім я прапанаваў: германская дывізія, размеркаваная ад Калінкавіч да Лунінца ўключна, прыступае да неадкладнага эвакуіравання сваіх часцей, абавязана выкарыстаць увесь свой рухомы састаў, прадастаўляемы для эвакуацыі, прычым эвакуацыя павінна закончыцца не пазней 7 студзеня 1919 года да 24 гадзін... Германскі лунінецкі савет абавязаўся неадкладна вярнуць узятыя германскімі войскамі замкі і часткі ад рускіх гармат і кулямётаў... З 12 гадзін ночы 8 студзеня дазваляецца перавозка чырвонаармейцаў і паўстанцкіх войск па ўсіх напрамках праз Лунінец..."

Гэта быў, безумоўна, дыпламатычны поспех маладога рэвалюцыянера, бо германскі савет прыняў усе пункты без паправак. Больш таго, было дасягнута пагадненне аб стварэнні на вызваленай тэрыторыі органаў Савецкай улады.

Партызаны кантралявалі чыгунку ад Сарнаў да Ганцавіч. На ўсе станцыі і ваенныя склады былі назначаны каменданты. 2-і Палескі полк заняў станцыю Лунінец. Але неабходна было аб'яднацца з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. Апрача немцаў, супраць паўстанцаў актывізавалі сваю дзейнасць пятлюраўцы і гайдамакі, а з захаду паступова прасоўваліся польскія войскі, якім немцы дазволілі заняць Брэст.

06.01. У распараджэнне Лунінецкага рэўкама накіраваны 30 чалавек пад камандаваннем Астроўскага Антона Максімавіча (брат старшыні Палескага РВК) — камандзіра Камуністычнага атрада і начальніка народнай міліцыі Лунінца. У сувязі з наступленнем пятлюраўскіх войскаў на Сарны і пагрозай Лунінецкаму вузлу для адзінага кіраўніцтва быў створаны Ваенны савет паўстанцкіх камуністычных войскаў Беларусі і захаду Украіны на чале з Ільіным. Тады ж Ільін тэлеграфаваў Леніну і Свярдлову з просьбай аб дапамозе:

"Паўстанцкія камуністычныя войскі, якія аперыруюць (у раёне) Сарны — Лунінец і адбіваюць пятлюраўскія і іншыя белагвардзейскія банды, знясілены ў няроўнай барацьбе. У іх няма адзення, абутку і харчавання, няма грошай, няма кіраўнікоў — ваенных спецыялістаў. Сярод шматлікіх атрадаў пятлюраўскіх войск, прымусова мабілізаваных, раздаюцца крыкі абурэння пятлюраўскай авантурай; так, усе атрады Корасценя, Роўна і іншыя дасылаюць нам прывітанне. Сялянскае насельніцтва Палесся і Валыні памятае Пятлюру... яно жадае сапраўднай улады рабочых і сялян...

Паўстанцы-камуністы да гэтага часу ўсё харчаванне атрымлівалі выключна ад сялян, і бясплатна, сяляне аказвалі ім дапамогу. Але нельга злоўжываць імкненнем сялян да стварэння Савецкай улады.

Цяпер мы звяртаемся за сяброўскай дапамогай да нашых братоў — рабочых Масквы і Піцера: умацуйце нам тыл, дашліце грошай, адзення, абутак, дайце камандны састаў, а мы дапаможам рабочым Кіева і іншых гарадоў і дашлём вам харчаванне, лішкі зброі. Чакаем вашай дапамогі".

I дапамога прыйшла. Перадгісторыя яе такая. Ленін сінім алоўкам напісаў на тэлеграме Ільіна: "Склянскаму. На водгук. Што зроблена". Э.М. Склянскі, тады намеснік старшыні РВС рэспублікі, запытаў Рэўваенсавет Заходняй арміі: "Хутка паведаміць, якая аказана дапамога."

З загада войскам Заходняй арміі аб далейшым руху ў Беларусі:

"Пінскі баявы ўчастак — 17-ая стралковая дывізія: авалодаць Пінскам — Лунінцом — Мазыром..."

На дапамогу паўстанцам, што вялі баі з немцамі і пятлюраўцамі, былі накіраваны рэгулярныя злучэнні Чырвонай Арміі. З Пецяргофскіх курсаў чырвоных камандзіраў былі прысланы і назначаны на камандныя пасады афіцэры Я. Куляшоў, І. Волкаў, І. Аляксееў, С. Якаўлеў. Мінскі губваенкам прыслаў фельчароў М. Гарбачова, А. Кеўліча, А. Манкевіча, А. Глінскага. З санаддзела 17-ай дывізіі з Бабруйска прыбыў лекарскі памочнік Б.В. Бойка.

У студзені 1919 г. у Лунінец прыбылі эшалоны з чырвонаармейцамі 17-ай стралковай дывізіі. Яна была сфарміравана ў асноўным са смаленскіх і віцебскіх рабочых і сялян, у той час ёю камандаваў Г.М. Барзінскі. (Дывізія ваявала ў Беларусі ўсю грамадзянскую вайну, за што ў 1932 г. была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.)

З данясення начштаба Заходняй арміі А. Новікава ў палявы штаб Рэўваенсавета рэспублікі:

"...часці 153-га палка ўступілі ў Лунінец і занялі яго".

Тэлеграма Ільіна ў Маскву: "8 студзеня а 17-ай гадзіне праз Лунінец прайшоў першы эшалон чырвоных войск. Усе працоўныя, чыгуначнікі, насельніцтва з энтузіязмам — з аркестрам, з чырвонымі сцягамі — сустракалі нашу слаўную Чырвоную Армію. А пасля сустрэчы чыгуначнікі, насельніцтва са сцягамі прайшлі па вуліцах пасёлка. Настрой бадзёры, упэўнены".

Прыход чырвонаармейцаў узняў баявы дух паўстанцаў. У радах пятлюраўскіх войск — перапалох. Ільін паведаміў тэлеграмай у штаб 17-ай дывізіі Чырвонай Арміі:

"Сёння разведка данесла, што ў пятлюраўскіх войсках поўная дэзарганізацыя, адмаўляюцца ваяваць з бальшавікамі, разыходзяцца па хатах. Астаткі банд... падрываюць масты каля Сарнаў. Калі нам акажуць дапамогу, якую мы прасілі раней, узяцце Сарнаў і вызваленне нашымі паўстанцкімі атрадамі Корасценя — справа некалькіх дзён".

У сваёй дзейнасці А.М. Ільін абапіраўся на мясцовых жыхароў Кузьму Фёдаравіча Русака, Фёдара Андрэевіча Казубоўскага, Івана Іванавіча Жука, Сцяпана Мікалаевіча Кавалевіча, Фёдара Іванавіча Рамановіча, Аляксея Сцяпанавіча Карася, Мадэста Вікенцьевіча Вішнеўскага і іншых лунінчан. Актыўна праяўляла сябе моладзь. У Лунінцы ў 1918 г. пад кіраўніцтвам бальшавікоў дзейнічала падпольная маладзёжная арганізацыя, якая налічвала да 30 чалавек. Маладыя падпольшчыкі разбуралі чыгуначныя пуці, выводзілі са строю тэлефонную сувязь, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі.

Мужнасць і гераізм праявілі падпольшчыкі і чырвонаармейцы ў баі на станцыі Лахва, калі экіпаж бальшавіцкага бронецягніка ўступіў у бой з двума батальёнамі праціўніка і трапным кулямётным і артылерыйскім агнём разграміў іх.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter