Паведамленне аб тым, што ў Расіі 25 лютага пачалася ўсеагульная палітычная забастоўка, дайшло і да прыфрантавога Лунінца.
Рэвалюцыянер І. Любімаў у сваіх мемуарах пазней пісаў: "Хутка, як маланка, абляцела фронт вестка пра рэвалюцыю ў Петраградзе. Радасна ўспрымалася яна амаль усюды. Толькі ў асобных глухіх часцях фронту ваеннае кіраўніцтва спрабавала ўтаіць яе на некалькі дзён. У Мінску ж вестка аб перавароце адразу сабрала служачых Земсаюза, дзе было многа старых партыйных работнікаў. Я, прымчаўшы з Лунінца, трапіў ужо на другі з'езд, дзе прысутнічала некалькі салдат і рабочых. Тут жа намі было вырашана на наступны дзень прызначыць сход для арганізацыі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў".
Выбары ў Мінскі Савет закончыліся 4 сакавіка. І. Любімаў быў выбраны намеснікам старшыні.
У Лунінцы ж бальшавікоў у час Лютаўскай рэвалюцыі і пасля яе ўзначаліў Андрэй Іванавіч Таганаў. Раней ён разам з Любімавым уваходзіў у састаў Іванава-Вазнясенскага камітэта РСДРП, а ў 1908 годзе быў арыштаваны. Пасля ссылкі, у чэрвені 1916 г., прыехаў у Лунінец у якасці служачага Усерасійскага земскага саюза. 1 сакавіка 1917 г. Таганаў (партыйная мянушка Філарэт) Разам з машыністам Міхаілам Таполевым, які жыў у Залессі, падняў рабочых дэпо. Сумесна з салдатамі тыя захапілі кулямёты і вінтоўкі з вайсковых складоў. Мясцовыя паліцэйскія і жандары былі арыштаваны. На другі і трэці дзень жыхары Лунінца прынялі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных шэсцях і дэманстрацыях. На вуліцах былі бачны транспаранты: "Няхай жыве Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя!", "Няхай жыве свабодны беларускі народ!". У Лунінцы быў створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Узначаліў яго Таганаў, але большасць у Савеце яшчэ доўгі час была ў прадстаўнікоў партыі эсэраў (сацыялістаў-рэвалюцыянераў).
У красавіку 1917 года Таганаў накіраваўся ў Столін.
Начальнік Пінскай павятовай міліцыі Тамашэўскі паведамляў у Мінск сакрэтнай дэпешай: "Сёння, 29 красавіка, член камітэта служачых Усерасінскага земсаюза Таганаў, салдат-радыётэлеграфіст Панкоў прывезлі з сабою з Лунінца некалькі салдат-аўтамабілістаў. Тут, у Століне, яны сабралі каля сотні ўзброеных салдат і 70 грамадзян, у сваіх прамовах узбуджалі прысутных супраць мясцовых прадстаўнікоў Часовага ўрада, абвясцілі апошніх адлучанымі ад пасад і прапанавалі прысутным выбраць вышэйназванага Таганава пінскім павятовым камісарам, таварышам яго — чыгуначнага служачага з Лунінца Афанасьева, начальнікам павятовай міліцыі — служачага Усерасінскага земскага саюза з Лунінца Рагожына, раённым камісарам 3-га ўчастка — салдата Панкова, супрацоўнікам яго — Рувіна Аўсяніка, пасля чаго гэтыя асобы з узброенымі салдатамі заявіліся да павятовага камісара, патрабавалі здачы спраў і прымусілі яго гэта зрабіць".
9 ліпеня "Сялянская газета" паведаміла, што ў Лунінцы "сельскі сход днямі вырашыў перадаць пажарны будынак, у якім раней размяшчаўся кінематограф, аб'яднанаму Савету сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў з мэтай арганізаваць у ім часова Народны дом. Савет не марудзіў з актыўнымі мерапрыемствамі: праз 3 — 4 дні, у нядзелю, 2 ліпеня, ім былі арганізаваны дзве лекцыі: 1. "Аб мэтах і задачах Народнага дома"; 2. "Аб выбарах ва Устаноўчы сход" (прачытаў сацыял-дэмакрат С.С. Дакучаеў). Лекцыі прайшлі з вялікім поспехам.
Уплыў бальшавікоў у Савеце паступова ўзрастаў. 19 верасня яны накіравалі "Пісьмо Лунінецкай партыйнай арганізацыі Пінскага павета Мінскай губерні Мінскаму камітэту РСДРП(б) аб кандыдатах ва Устаноўчы сход"."Камітэт аб'яднаных арганізацый РСДРП у пасадзе Лунінец паведамляе таварышам, што на сходзе членаў арганізацыі 11 жніўня, абмяркоўваючы пытанне аб кандыдатурах членаў Устаноўчага сходу, прыняў наступнае рашэнне: з 2 кандыдатур, вылучаных (аднагалосна) на Пінскім сялянскім з'ездзе 6 жніўня тт. Таганава і Лойку, падтрымліваць і настойліва рэкамендаваць для ўнясення ў агульнагубернскі спіс А.І. Таганава".
Газета "Буревестник" у публікацыі ад 15 кастрычніка 1917 г. паведаміла, што ў ліку 17 кандыдатаў ва Устаноўчы сход ад РСДРП (б) па Мінскай выбарчай акрузе ўвайшоў і Таганаў Андрэй Іванавіч, настаўнік, з сялян, старшыня Лунінецкага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, 46 год.
Пасля атрымання вестак аб рэвалюцыі ў Петраградзе Лунінецкі Савет, дзе ў большасці былі ўжо бальшавікі, стварыў 28 кастрычніка (10 лістапада) 1917 г. рэвалюцыйны камітэт.Таганаў падрыхтаваў наступны заклік рэўкама "Да насельніцтва!":
"Салдаты, грамадзяне! Спакой у гэтыя дні неабходны перш за ўсё. Рэвалюцыйны выканкам Савета салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў мястэчка Лунінец бярэ на сябе кіраўніцтва ўсім грамадскім ладам раёна, і грамадзяне, а таксама вайсковыя часці павінны падпарадкоўвацца загадам толькі гэтага камітэта.
Выканаўчы камітэт патрабуе ад усіх грамадзян садзейнічаць усім мерапрыемствам, якія ён прадпрымае, і заклікае не паддавацца на правакацыі, не дапускаць парушэння парадку".
Рэўкам звярнуўся за дапамогай да рэвалюцыйна настроеных салдат 12-га і 16-га батальёнаў і 12-га эксплуатцыйнага батальёна, якія ўваходзілі ў склад 2-ой арміі Заходняга фронту.
11 — 12 лістапада ў Народным доме адбыўся першы з'езд Саветаў Пінскага павета (Пінск у той час быў акупіраваны немцамі). З прамовай выступіў Таганаў, выбраны старшынёй з'езда. Быў выбраны выканкам пасялковага Савета. З'езд абвясціў Савецкую ўладу на тэрыторыі павета. Дзейнасць Таганава працягвалася на Лунінеччыне па сакавік 1918 года: ствараліся атрады Чырвонай гвардыі, праводзілася канфіскацыя памешчыцкіх зямель і перадача іх сялянам.
Подробнее...