Уз'яднане. Устанаўленне ўлады Саветаў

Другая сусветная вайна пачалася для Заходняй Беларусі 1 верасня 1939 г. Польская дзяржава падверглася нападу з Захаду, хаця найбольш верагодным праціўнікам яе правячыя колы доўгі час лічылі ўсходняга суседа — СССР. У 30-ыя гады заходнебеларускія землі, у тым ліку і лунінецкі край, былі картай, на якой штабы розных дзяржаў адпрацоўвалі пакуль уяўныя ўдары будучай вайны.

У паказаннях жа расстралянага ў 1937 г. маршала Тухачэўскага ёсць цікавы дакумент, так званы "План паражэння", дзе змяшчаўся план вайны з германа-польскай кааліцыяй (у тыя гады Германія і Польшча яшчэ лічыліся саюзнікамі). Тухачэўскі меркаваў, што арміі Беларускага і Украінскага франтоў нанясуць папераджальны ўдар, каб зруйнаваць у прыгранічнай зоне аэродромы, умацаваныя раёны, сарваць перавозкі мясцовага мабілізаванага насельніцтва і г.д. Гэтыя аперацыі дазволяць потым сустрэць наступление праціўніка на больш аддаленых заходніх рубяжах, чым існуючая мяжа. "У выніку аперацыі ўварвання, — пісаў маршал, — у адпаведнасці з нашым аператыўным планам мне здаецца вельмі верагодным, што лінія польска-германскага разгортвання будзе адсунута на мяжу Гродна — Слонім — Лунінец — Львоў".

Як бачна, у цэнтры планавалася прасунуцца ад мяжы на нязначную адлегласць. Чаму? З-за Пінскіх балот. Камандаванне РСЧА было вельмі занепакоена гэтым рэгіёнам, які падзяляў савецкія войскі на дзве групоўкі. "У гэтым разыходжанні франтоў, падзеленых шырокай паласою лясоў і балот Палесся, хаваецца, дзякуючы недахопу ў сілах, велізарная небяспека пачарговага паражэння абодвух франтоў", — зазначаў Тухачэўскі. Ёсць звесткі і аб тым, што германскае камандаванне ўдзяляла шмат увагі Палессю ў час распрацоўкі плана "Барбароса".

"Сцэнарыі" будучай вайны ўрэшце абярнуліся рэальнымі ахвярамі і крывёю, згодна з пактам Рыбентропа—Молатава, заключаным 23.08.1939 года. За лічаныя тыдні германская армія захапіла Польшчу і ўшчыльную наблізілася да "крэсаў усходніх". Далека ад родных мясцін змагаліся з немцамі жаўнеры Войска Польскага — нашы землякі. Мабілізацыя ў Заходняй Беларусі была ў значнай ступені сарваная ходам ваенных дзеянняў, таму ў асноўным у бой уступілі тыя з лунінчан, якія былі прызваны ў армію яшчэ перад вайною, па-рознаму склаўся іх лес. Нехта трапіў у нямецкі палон, некаторыя здолелі вярнуцца дадому, многія загінулі. Няшмат вядома прозвішчаў загінуўшых:

    сяляне з Манасеева
  • Міхаіл Цімафеевіч Янчук, н. у 1911
  • Рыгор Антонавіч Голуб, н. у 1917
  • Якуб Мітрафанавіч Паляшчук, н. у 1902
  • Лукаш Апанасавіч Буневіч, н. у 1913
    з Чэрабасава
  • Іван Герасімавіч Алашкевіч, н. у 1910
    з Барсукова
  • Іван Макаравіч Тымчук, н. у 1916
    з Азярніцы
  • Аляксей Фёдаравіч Емельяновіч, н. у 1915
  • Васіль Міхайлавіч Емельяновіч, н. у 1913
  • Міхаіл Кузьміч Пятніца, н. у 1914
    з Любані
  • Аляксей Сцяпанавіч Бялёга, н. у 1912
    з Перунова
  • браты Якоўчыкі — Васіль, н. у 1914, і Якаў, н. у 1912
    з Велуты
  • Аляксей Цімафеевіч Шыйч

Кандрат Іванавіч Ярмоліч з Сітніцы рос сіратою, быў непісьменным, з 1936 г. служыў у Войску Польскім. У 1939 г. трапіў у нямецкі палон, там і загінуў пры бамбёжцы канцлагера. Аб Фёдару Іосіфавічу Дземідовічу з Лахвы больш падрабязна расказаў яго брат Канстанцін, таксама жыхар в. Лахва:

— Мой брат працаваў майстрам каўбаснага цэха ў суседа Івана Пракопавіча Паддубнага. Пасля прызыву ў армію ён да 1937 г. служыў у г. Грудзянцы. Праз два гады брата перавялі ў г. Быдгашч. Мы чакалі яго хуткага вяртання дамоў, але пачалася польска-германская вайна. Тыя, хто здолеў вярнуцца, расказалі, што бачылі Федзю ў час абароны горада. Ён быў наводчыкам-артылерыстам. Салдаты адбілі некалькі атак нямецкіх танкаў, але супраць гітлераўскай авіяцыі былі бяссільныя. Пасля налёту на месцы былых пазіцый засталіся толькі варонкі. Відавочна, адна з іх стала натуральнай магілай для майго брата.

Спіс загінуўшых у полымі вайны салдат-яўрэяў, сваіх землякоў, даслаў ураджэнец вёскі Лахва Іешуа Ліор-Ліхтштэйн (цяпер ён грамадзянін Ізраіля). Загінулі яго землякі

  • Меір-Копл Ашман
  • Ехіел Кац
  • Мордэхай Кац
  • Эліх-Арон Ліхтштэйн
  • Гірш Мураўнік
  • Мордэхай Мураўчык
  • Элі Мураўчык
  • Іцл Нейман
  • Арон Рэзнік
  • Аўраам Рохчын
  • Гірш Слуцкі
  • Ноце Слуцкі
  • Мэшэ-Хаім Топчык
  • Копл Файнберг
  • Іцл Фішман
  • Ехіел Хейфец
  • Якаў Шворын
  • Аўраам Шульман

Доўгі час пра гэтыя ваенныя падзеі не ўспаміналі. Вайна сапраўды была быццам невядомай. Толькі ў апошнія гады пачала аднаўляцца сацыяльная справядлівасць у адносінах да яе удзельнікаў. Дзесяткі жыхароў Лунінеччыны, маючыя хоць якое-небудзь дакументальнае пацвярджэнне свайго дачынення да Войска Польскага ў гэты перыяд (што вельмі рэдка), атрымліваюць медалі "Удзельнік абарончай вайны Польшчы ў 1939 г." ад імя польскага ўрада. У апошні час і ўрад Беларусі прыраўняў іх у сацыяльных ільготах да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Але вернемся да падзей 1939-га. Людзі ў Лунінцы і ў вёсках павета напружана сачылі за звесткамі з польска-германскага фронта. Нямецкая авіяцыя бамбіла заходнебеларускія гарады. У сярэдзіне верасня вораг захапіў Брэст і рушыў да Кобрына. У Лунінецкі павет штодзённа прыбывалі бежанцы з захаду, пераважна яўрэі.

17 верасня Чырвоная Армія перайшла мяжу з Польшчай. Перад паходам на базе ваенных акруг былі створаны Беларускі і Украінскі франты. У склад Беларускага ўвайшлі тры арміі, адна конна-механізаваная група і адзін асобны корпус. Менавіта гэты 23 асобны корпус увайшоў у Лунінец. Ён складаўся з 52-ой стралковай дывізіі і Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Дывізія перайшла граніцу каля Мікашэвіч раніцай 17 верасня, але толькі вечарам 18-га была ў Лунінцы. 20 верасня ёю быў вызвалены Пінск.

Дывізіяй камандаваў генерал-маёр Іван Мікітавіч Русіянаў, які пазней, у пачатку Вялікай Айчыннай вайны камандаваў 100-ай стралковай дывізіяй. У чэрвені 1941 г. яна змагалася пад Мінскам і за праяўлены гераізм стала першай гвардзейскай. Генерал-лейтэнант Русіянаў памёр у 1984 г. 52-ая дывізія, з якой ён у 1939 годзе вызваліў Лунінец, неўзабав была накіравана на савецка-фінскую вайну, правяла Вялікую Айчынную на самай поўначы, атрымаўшы ганаровае найменне "Пячэнгская" (па назве вызваленага горада). Яна таксама стала гвардзейскай, сем яе воінаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. "У холодных скал", "На краю кантынента" — гэта назвы кніг пра баявы шлях гэтай дывізіі.

Дняпроўская ваенная флатылія пад камандаваннем капітана I ранга Г.Н. Чубанава 17 верасня выйшла з Турава, але з-за меляў і перакатаў рушыла па Прыпяці марудна. Польская ротная флатылія без бою пакінула Пінск і пазней была затоплена самімі палякамі. Увогуле сутычак з палякамі на гэтым напрамку практычна не было. У значнай ступені гэта можна растлумачыць дэмаралізацыяй польскіх салдат, калі супраціўленне аказвалі пераважна афіцэры, жандары і пагранічнікі. Яны спрабавалі ствараць завалы і перашкоды на шляхах, але спыніць чырвонаармейцаў былі не ў стане. Наступленне Чырвонай Арміі на Лунінецкім напрамку да таго ж пачалося, калі на поўнач ад яго савецкія войскі ўжо прасунуліся значна далей і набліжаліся да Пружан і Кобрына. Вядомы загады польскага камандавання, каб РСЧА не аказвалі супраціўлення, а польскія войскі адыходзілі на захад, дзе планавалася стварыць аператыўную групу "Палессе" генерала Клеберга. Абароне палякаў перашкаджалі і ствараемыя партызанскія атрады на захадзе ад Лунінца, у Пінскім павеце.

У масе сваёй насельніцтва сустракала чырвонаармейцаў урачыста, з кветкамі і прывітаннямі ва ўсіх вёсках і ў павятовым цэнтры. Да 19 верасня ўся тэрыторыя Лунінеччыны была вызвалена савецкімі войскамі.

Ствараліся новыя органы ўлады — часовыя ўпраўленні, сялянскія камітэты, была арганізавана народная міліцыя.

Праводзіліся арышты польскіх чыноўнікаў і афіцэраў, якія не паспелі пакінуць Лунінец. Выратоўваліся ўцёкамі ці былі прагнаны сялянамі памешчыкі, упраўляючыя маёнткаў.

Паступова узрушанае вайной жыццё ўваходзіла ў больш спакойнае рэчышча. Архіўныя матэрыялы і паведамленні тагачасных газет расказваюць пра некаторыя бакі жыцця Лунінеччыны ў першыя тыдні пасля прыходу Чырвонай Арміі.

Хутка наладжвалася паштовая сувязь. 21 верасня адбылася размова па адноўленай тэлефоннай лініі паміж рэдакцыяй "Правды" і Пінскам, а таксама Лунінцом. Старшы палітрук Грабанаў паведаміў у газету аб адноўленым тэлеграфе на станцыях гэтых гарадоў, аб рабоце пошты.

Да кастрычніка 1939 г. паштовая сувязь была поўнасцю наладжана на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. У Брэст, Гродна, Ліду, Ваўкавыск, Пінск, Лунінец, Баранавічы, Навагрудак і іншыя населеныя пункты пачалі регулярна ажыццяўляць рэйсы паштовыя самалёты з Масквы і Мінска, дастаўляць туды карэспандэнцыю і газеты.

Былі дастаўлены таксама першыя савецкія кінафільмы, якія дэманстраваліся вечарамі на плошчах гарадоў пры вялікім зборы народу.

Хутка аднавілася і ўступіла ў строй радыёстанцыя ў Баранавічах. У вызваленыя раёны паслалі брыгады мантажнікаў, якія паскоранымі тэмпамі правялі работы па мантажу радыёвузлоў у Гродне, Ваўкавыску, Лунінцы, Брэсце, Пінску. Ужо да канца кастрычніка яны ўступілі ў строй дзеючых. На плошчах гарадоў былі ўстаноўлены гучнагаварыцелі, якія трансліравалі Мінск і Маскву. Улічваючы велізарную цягу насельніцтва да савецкага друку, у буйныя гарады паслалі арганізатараў па распаўсюджванні друку і правядзенні падпіскі.

Да новага навучальнага года ў школы завозіліся новыя падручнікі, на вуліцах з'явіліся таблічкі з новымі назвамі. У рэспубліканскіх газетах друкаваліся паведамленні аб дапамозе насельніцтву заходніх абласцей прадуктамі і таварамі першай неабходнасці. У "Советской Белоруссии" 10 кастрычніка можна прачытаць матэрыял "Аптовыя гандлёвыя базы ў гарадах Заходняй Беларусі": " у 11 гарадах — Вільні, Пінску, Беластоку, Брэст-Літоўску, Ваўкавыску, Гродне, Навагрудку, Лідзе, Лунінцы, Баранавічах, Маладзечне — ствараюцца аптовыя гандлёвыя базы". У Лунінцы такая база была пабудавана ў раёне Залесся.

7 кастрычніка газета "Правда" паведаміла, што ў Лунінец прыехаў Палескі абласны тэатр са сваімі спектаклямі.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter