Ад "Авангарда" да "Лунінецкіх навін"

У 30-ыя гады ў Лунінцы існавалі дзве друкарні, якімі валодалі багатыя яўрэі Абрам Айзенберг і Ізраел Левін. Прадукцыю яны выпускалі на польскай мове. У 1939 г., пасля ўстанаўлення Савецкай улады, гаспадары былі высланы на поўнач. На сходзе рабочыя адной з друкарняў абралі загадчыкам Шлому Альпінера, свайго таварыша па працы, сына вядомага ў горадзе майстра-муляра.

У пачатку кастрычніка з Гомеля прыехаў прызначаны рэдактарам ствараемай раённай газеты "Авангард" Іосіф Зейлікавіч Загальскі. Але ў друкарні быў толькі лацінскі шрыфт, таму пару тыдняў работы не было, друкаваную прадукцыю прывозілі з усходу. Рэдактар і загадчык друкарні паехалі ў Мінск за рускім шрыфтам. У аўторак 17 кастрычніка 1939 г. выйшаў першы нумар "Авангарда", органа Часовага ўпраўлення горада Лунінца і павета. Абедзве яго старонкі заняло паведамленне "Парадак арганізацыі выбараў у Народны Сход Заходняй Беларусі". Тут жа былі і інфармацыі выбарчых участкаў — у гарадскім тэатры сабралася каля 800 чалавек, пасля сходу адбыўся канцэрт драматычнага тэатра. Такі ж сход быў і ў клубе чыгуначнікаў. Другі нумар выйшаў на 4 старонках, на рускай і беларускай мовах. У трэцім нумары была змешчана аб'ява аб падпісцы — газета выходзіла 10 разоў на месяц, каштавала на адзін месяц 70 капеек або грошаў, на тры — 2 рублі 10 капеек або 2 злотых 10 грошаў.

Першы загадчык друкарні Шлома Альпінер у 1940 г. быў прызваны ў армію, прайшоў усю вайну і ўзнагароджаны 8 баявымі ордэнамі і медалямі. З 1946 г. жыве ў Ізраілі, займаўся бізнесам.

Неўзабаве пасля выхаду першых нумароў у "Авангард" адказным сакратаром быў накіраваны з усходу Фёдар Фёдаравіч Жураўскі. У свой час ён вучыўся з рэдактарам І. Загальскім у Камуністычным інстытуце журналістыкі. Ён успамінаў, што ў той час у газеце працавалі А. Філімонаў, Л. Крымер, Н. Касцючэнка. у друкарні таксама пераважала моладзь. Давялося шмат ездзіць па раёне, збіраючы матэрыялы. Неўзабаве ў шэрагу вёсак — Лахве, Сінкевічах, Мікашэвічах, Чучавічах, Гаўрыльчыцах, Дзятлавічах — былі арганізаваны карэспандэнцкія пункты. Актыўным селькорам была, напрыклад, дэпутат Народнага Сходу Заходняй Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР М.С. Бушыла з Бастыні, пазней расстраляная фашыстамі.

У пачатку вайны Ф. Жураўскі ўвайшоў у партызанскую групу сакратара райкома У.I. Анісімава і начальніка райаддзела НКДБ Н. Годдырава. У час налёту нямецкай авіяцыі друкарня была падпаленая, але газета працягвала выходзіць. Ф. Жураўскі ўспамінаў: "Апошні нумар газеты быў выпушчаны 5 ліпеня. Яго мы раздавалі ў вёсках, праз якія праязджалі, накіроўваючыся на машынах у Ленінскія лясы, Грычынскія балоты". Пазней Ф. Жураўскі ваяваў, трапіў у палон, пасля вызвалення служыў у контрразведцы "Смерш". Пасля вайны займаўся музейнай справай на Піншчыне, у тым ліку заснаваў музей Аляксандра Блока ў в. Лапаціне.

Першы рэдактар лунінецкай "раёнкі" Іосіф Зейлікавіч Загальскі загінуў пры бамбёжцы ў чэрвені 1941 г. пры эвакуацыі з Лунінца.

З успамінаў Пятра Паўлавіча Зайца, рэдактара падпольнай газеты "Авангард".

Я.П. Заяц перад вайной працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Пагосцкай сярэдняй школе Старобінскага (сучасны Салігорскі) раёна. Летам 1941 г. увайшоў у маладэёжную падпольную групу, якая распаўсюджвала лістоўкі, а восенню наладзіў сувязь з партызанскім атрадам імя Катоўскага,стаў яго сувязным. Пасля разгрому варожага гарнізона ў Пагосце з групай пайшоў у лес, ваяваў у партызанскім злучэнні пад камандай В.З. Каржа. Праз нейкі час Корж і сакратар Пінскага абкама партыі А.Я. Кляшчоў прызначылі яго рэдактарам "Авангарда".

"Праз дзень трэба было выпусціць чарговы нумар, а не знаў, з чаго пачаць. На дапамогу з'явіўся стары журналіст Іван Ганчарык, які расказаў, як трэба рэдагаваць газету. У матэрыяле не было недахопу, але друкаваць не было дзе. Друкарня знаходзілася ў штабе злучэння, за 28 кіламетраў ад нас Пешшу пайшоў туды. Па дарозе з групай падрыўнікоў атрада імя Калініна трапіў у засаду. Бой працягваўся больш трох гадзін. Каля 30 паліцэйскіх і немцаў забілі, астатнія ўцяклі. На другі дзень дабраўся да штаба злучэння. Рэдактар абласной газеты "Палеская праўда" Мікалай Андрэевіч Эдрман сустрэў мяне з радасцю, дапамог зрабіць першы нумар "Авангарда", расказаў, як афармляць матэрыялы, пазнаёміў з тэхнікай набору і друкавання... Мы камплектавалі сваю друкарню з розных шрыфтоў, якіх было далека не дастаткова. Памятаю, разведка данесла, што шрыфты Старобінскай раённай друкарні ў першыя дні вайны ссыпалі ў мяшкі і скрынкі і закапалі ў зямлю. Паслалі за імі групу партызан. Адкапалі. Аказалася, што адных шрыфтоў многа, а другіх зусім няма. Няма вярстатак, гранак і іншага абсталявання. I якая была радасць, калі знайшоўся адзін кваліфікаваны наборшчык Сцяпан Бань, які да вайны працаваў у раённай друкарні ў Чырвонай Слабадзе. Ён навучыў, як зрабіць у майстэрні вярстатку, друкарскі станок. Навучыў маю жонку Нелу Іванаўну і жонку сакратара падпольнага абкама КПБ Вайцяховіч Дору Маркаўну наборнай справе. А вярстаткі зрабіў нам майстар па рамонту зброі. Рассартыравалі шрыфты і пачалі работу.

Словам, тэхніка была ў нас партызанская. Але газета выходзіла рэгулярна, хоць і на паперы з вучнёўскіх сшыткаў. А якое яна мела ўздзеянне на людзей! Гэта зараз цяжка ўявіць. Памятаю: выйшаў першы нумар газеты. Яна заклікала біць ворага ўсюды, не даваць ворагу ні грама збожжа, ні кілаграма мяса і малака.

Першы нумар партызанскія сувязныя распаўсюдзілі па Лунінецкаму і былому Ленінскаму раёнах. А спрытныя і адважныя разведчыкі атрада імя Кірава змаглі падсунуць першы нумар у кабінет каменданта Лунінца, дзе стаяў буйны гарнізон (падкінула яго прыбіральшчыца — наша сувязная). Назаўтра ж паднялася паніка. Падпольную рэдакцыю газеты шукалі па ўсяму Лунінцу, арыштавалі некалькі чалавек, у тым ліку шмат паліцаяў і служачых нямецкай камендатуры.

На наступным тыдні ў Лунінцы з'явіліся новыя нумары "Авангарда". Газета друкавала зводкі Саўінфармбюро, паведамленні аб барацьбе партызан Піншчыны. Яна першай расказала пра подзвіг братоў Цубаў. Нярэдка сама рэдакцыя трапляла ў бой. Памятаю, як аднойчы наборшчыкі, карэктар і я асабіста ўдзельнічалі ў баі. А праз дзве гадзіны ў лесе тэрмінова выпусцілі чарговы нумар газеты, расказалі ў ёй аб гераічных подзвігах байцоў і камандзіраў атрадаў. Гэты нумар газеты маланкай абляцеў усе аддзяленні і ўзводы.

Асабліва неабходна адзначыць актыўных арганізатараў і кіраўнікоў падпольнай газеты камісара брыгады імя Кірава Ф.І. Лісовіча, члена падпольнага райкама КПБ І.Л. Раманюка, камбрыга А.П. Савіцкага, начальніка штаба брыгады А.І. Кубасава, начальніка разведкі брыгады П.М. Тараўкова, машыністку Вольгу Міхайлаўну Тараўкову, радыста Аляксандра Пятровіча Дунца і многіх іншых".

Пасля вызвалення Лунінца ад фашыстаў аднавілася выданне газеты "Авангард" як органа райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Рэдактарам у першыя пасляваенныя гады быў П.П. Заяц, у 1951 — 1953 гг. — Васіль Ніканоравіч Дужын, у 1953 — 1954 гг. — Д. Пруднікаў. 3 лютага 1954 г. газета ўдвая павялічыла свой аб'ём, пачала выходзіць на 4 старонках. Дарэчы, у 1950 — 1953 гг. выходзіла ў раёне і газета "Сталінская праўда", орган палітаддзела Лунінецкай МТС, якая пасля ліквідацыі палітаддзелаў была закрыта.

"Авангард" з сярэдзіны пяцідзесятых гадоў выходзіў тры разы на тыдзень. Зразумела, што газета была перш-наперш правадніком афіцыйнай ідэалогіі, але паступова прыходзілі на яе старонкі новыя рубрыкі, цесна звязаныя з мясцовым жыццём, цікавыя матэрыялы, трапныя журналісцкія знаходкі. У 1956 г. было створана літаб'яднанне "Палессе" пры раённай газеце, якое згуртавала мясцовых літаратараў. Рэдактарамі ў той час былі Кліменцій Герасімавіч Хвошч (1954 — 1956), Барыс Абрамавіч Брэўдо (1956 — 1957), Аляксей Трафімавіч Каўко (1957 — 1962).

Пасля рэарганізацыі партыйных і савецкіх органаў у пачатку 60-ых гадоў газета змяніла сваю назву і статус — з 28 красавіка 1962 г. гэта ўжо "Ленінскі шлях", газета Брэсцкага абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных пры Лунінецкім вытворчым калгасным упраўленні. Распаўсюджвалася яна на Лунінецкі і Столінскі раёны. З 12 красавіка 1963 г. газета, захаваўшы тую ж назву, стала органам парткама Лунінецкага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення і раённага Савета дэпутатаў працоўных, распаўсюджвалася з гэтага часу толькі на Лунінецкі раён. Пасля стварэння ранейшай структуры органаў кіравання "Ленінскі шлях" зноў стаў газетай райкама і раённага Савета (пазней — гаркама КПБ, гарадскога і раённага Саветаў). Рэдактарам з мая 1960 г. па ліпень 1970 г. быў Васіль Андрыянавіч Літвінчук, пазней — старшыня Лунінецкага райвыканкама, начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення па справах паліграфіі, выдавецтваў і кнігагандлю. У 1970 — 1976 гг. газету ўзначальваў Фёдар Іванавіч Хаміцэвіч, у 1976 — 1988 гг. — Мікалай Віктаравіч Юсціновіч, у 1988 — 1994 гг. — Андрэй Міхайлавіч Вышынскі, а з лютага 1994 г. — Таццяна Васільеўна Канапацкая. З 1 студзеня 1991 г. газета выходзіць пад новай назвай — "Лунінецкія навіны". З 1992 г. яе сузаснавальнікі — калектыў рэдакцыі, раённы і гарадскі Саветы народных дэпутатаў.

У розны час у рэдакцыі лунінецкай "раёнкі" працавалі пісьменнік-краязнаўца Мікалай Мікалаевіч Калінковіч, паэт Мікалай Мікалаевіч Федзюковіч, кандыдаты навук Уладзімір Піліпавіч Каліноўскі (быў першым сакратаром Пасольства СССР у Польшчы), Ганна Сцяпанаўна Лазоўская (узначальвала пазней рэспубліканскі Галоўліт), Уладзімір Міхайлавіч Ерамінок (пэўны час узначальваў Брэсцкую абласную арганізацыю Саюза журналістаў).

Да 50-годдзя газеты ў 1989 г. калектывам рэдакцыі быў выпушчаны святочны каляровы нумар, а ў 1991 г. убачыла свет першая кніга мясцовага літаратара А.Б. Харламава "Па агрэхах" (гумарэскі), выдадзеная непасрэдна ў рэдакцыйнай друкарні.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter