Легендарны Кірыла Арлоўскі

Кірыла Пракопавіч Арлоўскі нарадзіўся 30 студзеня 1895 г. у в. Мышкавічы сучаснага Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў царкоўнапрыходскую школу. У 1915 г. быў прызваны ў армію, удзельнічаў у першай сусветнай, атрымаў чын унтэр-афіцэра. З 1918 г. член РКП(6) — у Чырвонай Арміі і органах ЧК, удзельнічаў у баях на Заходнім фронце, у партызанскай барацьбе супраць нямецкіх і польскіх акупантаў, супраць фарміраванняў Булак-Балаховіча, знаходзіўся на нелегальнай рабоце ў Літве.

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны па Рыжскаму мірнаму дагавору 1921 г. Заходняя Беларусь адышла пад уладу Полыпчы. Але фактычна вайна на яе тэрыторыі працягвалася, бо супраць палякаў дзейнічалі партызанскія атрады, якія мелі актыўную падтрымку з тэрыторыі БССР. "Партызанскія атрады, якія нярэдка ўзнікалі стыхійна, хутка раслі, набывалі баявы вопыт і ўчынялі шмат турбот мясцовым польскім уладам. Невыпадкова ў іх паведамленнях усё часцей сталі гучаць трывожныя сігналы..." За апошнія 15 дзён партызанскі рух узмацніўся ў раёне Лунінца, паведамлялася ў паліцэйскім дакуменце ад 3 жніўня 1921 г.

Тэрорам, жорсткасцю, увядзеннем палявых судоў, карнымі экспедыцыямі спрабавалі падавіць гэта народнае супраціўленне ўладзе Пілсудскага. Пракурор акруговага суда ў Пінску паведамляў, што ўвядзенне палявых судоў у Лунінецкім павеце не прывяло да чакаемых вынікаў: і пасля 30 мая 1921 г. партызаны па-ранейшаму актыўна дзейнічаюць супраць паліцыі і жандармерыі, па-ранейшаму мясцовае насельніцтва аказвае партызанам дзейсную дапамогу. На занятую палякамі тэрыторыю быў накіраваны шэраг камандзіраў Чырвонай Арміі і супрацоўнікаў дзяржбяспекі.

У студзені 1922 г. Арлоўскі пад імем "Івана Васільевіча Аршынава" перайшоў савецка-польскую мяжу для арганізацыі партызанскага руху.

Дастаткова хутка Арлоускі стварыў сетку партызанскіх груп, якія дзейнічалі ў раёнах Баранавіч, Нясвіжа, Ляхавіч, Лунінца, Целяханаў, Ганцавіч, Століна і Клецка. Групы мелі разведчыкаў і сувязных з ліку мясцовых жыхароў, базы. У атрад быў прыняты і Васіль Захаравіч Корж, селянін з в. Хорастава Лунінецкага павета, уцякач з польскага войска. А неўзабаве ў атрадзе з'явіўся яшчэ адзін партызан з неардынарнай біяграфіяй... Паляк Юзэф Муха-Міхальскі служыў у Ляхавічах камандзірам узвода уланаў. З-за няўрымслівага характару ён неаднойчы выклікаў незадаволенасць з боку начальства і, нарэшце, быў аддадзены пад суд, але паспеў уцячы. Муха-Міхальскі быў прыняты ў атрад пад прозвішчам "Шаблоўскага", а яго ўласнае прозвішча пачало выкарыстоўвацца не толькі партызанамі атрада Арлоўскага, але і іншых камандзіраў, у тым ліку нават на Валыні. Такім чынам, прозвішча польскага харунжага ператварылася ў сімвал партызанскай барацьбы — "Муха-Міхальскі", нібыта казачны герой, быў няўлоўны і здольны за лічаныя дні або нават гадзіны перамяшчацца на вялікія адлегласці...

Калі атрад Арлоўскага ўзрос па колькасці і ўзмацніўся арганізацыйна, ён пачаў праводзіць баявыя аперацыі.

"У маі 1922 года партызанскі атрад заняў в. Чучавічы Лунінецкага павета, ачапіў памяшканне пастарунка, валасной управы і канторы фірмы па распрацоўцы лесу "Агахель". Паліцыя была абяззброена. Усю зброю, форму паліцэйскіх і грошы партызаны забралі ў якасці трафеяў. Забралі дакументы, пячатку, грошы і ў валасной управе".

11 ліпеня дзесяць партызанаў спалілі ў Лунінецкім павеце (Ленінскай гміне) маёнтак графа Замойскага Добрае Дрэва.

Паліцыя зазначала: "Значную частку партызан складалі мясцовыя сяляне, што, з аднаго боку, надзвычай спрошчвае ім магчымасць рассеяцца і схавацца ад пагоні. А з другога боку, нечувана ўскладняе ўсялякую кантрактацыю, таму што сяляне, будучы ў змове з партызанамі, не толькі не паведамляюць ніякіх звестак следчым органам, а нават наадварот, папярэджваюць партызанаў і паведамляюць ім пра кожны крок паліцыі".

У маі 1923 г. Арлоўскі з дваццаццю партызанамі без адзінага стрэла захапіў паліцэйскі пастарунак у в. Чучавічы, які налічваў 12 паліцэйскіх. У палон трапілі яго камендант і стараста гміны.

Архіўная справа на 90 аркушах сведчыць: 19 мая "банда" Мухі (каля 30 чалавек) з боку Дзяніскавіч абяззброіла патруль, захапіла пастарунак. У гміне ўзялі пячаткі, касу, паштовыя маркі і г.д. Узялі тавары з харчовай і гарэлачнай крам. У супрацоўнікаў "Агахеля" ўзялі каштоўнасці, у пастарунку — 6 пячатак, дакументы. Білі войта і чыноўнікаў. Пад складам фірмы падарвалі бомбу, але без вялікай шкоды. Параненых і забітых не было. Тавараў і грошай узялі на 100 мільёнаў марак.

Праз тры месяцы Арлоўскі са сваімі байцамі здзейсніў налёт на паліцэнскі ўчастак паблізу Чучавіч, у маёнтку Навасёлкі. Галоўнай мэтай гэтай аперацыі быў не разгром пастарунка — ён налічваў усяго пяць паліцэйскіх, — а захоп былога белагвардзейца, агента дэфензівы, які перапраўляў на савецкі бок дыверсантаў і шпіёнаў. Паліцэйскія былі захоплены знянацку і абяззброены, трапіў у партызанскі палон і агент польскай спецслужбы — дэфензівы. Але ў гэты час да пастарунка прыбыў конны атрад з Лунінца — партызанам давялося з боем адыходзіць. М. Абрамчук быў цяжка паранены, узяты ў палон і расстраляны.

Адначасова з пашырэннем партызанскага руху польскія ўлады прыкладалі намаганні, каб выявіць месцазнаходжанне атрадаў. Супрацоўнікі дэфензівы і так званай "двуйкі" (другога, разведвальнага, аддзела генштаба) сцвярджалі, што ў Арлоўскага каля 500 партызан, якія маюць базы каля вёсак Дзяніскавічы і Малыя Арлы Лунінецкага павета. На самой справе ядро атрада складалі 30 — 50 партызан, якія былі падзелены на 4 — 5 груп.

У снежні партызаны зноў захапілі маёнтак Навасёлкі і кантору фірмы "Лес", дзе былі 20 паліцэйскіх, і расстралялі тых, хто быў павінны ў гібелі партызана Абрамчука. У лютым 1924 г. яны чатыры разы абяззбройвалі пастарункі ў Лунінецкім павеце.

У маі 1924 г. польскі ўрад назначыў буйную грашовую ўзнагароду за затрымку Мухі-Міхальскага. Спецыяльны цыркуляр быў сакрэтна разасланы палескім ваяводам Даўнаровічам усім старастам. Улады лічылі немэтазгодным абвяшчаць пра ўзнагароду ў друку, бо гэта паказала б іх няздольнасць справіцца з партызанамі, тым больш што ў прэсе неаднойчы друкаваліся паведамленні аб знішчэнні партызанскіх атрадаў. Вось тэкст цыркуляра, дасланага ваяводам столінскаму старасце (аналагічны дакумент атрымаў і лунінецкі стараста):

"Вельмі тэрмінова, зусім сакрэтна.
Прэзідыум Палескага ваяводства.
Брэст над Бугам. 9 мая 1924 года.

Змест: аб назначэнні ўзнагароды таму, хто зловіць Муху-Міхальскага.
Пану старасту ў Століне (асабіста).
Па прапанове міністра ўнутраных спраў пан старшыня Савета Міністраў назначыў узнагароду ў памеры 10 мільярдаў марак таму, хто зловіць... Муху-Міхальскага. Апрача таго, назначыў узнагароду Да 5 мільярдаў марак таму, хто праўдзівай інфармацыяй органам паліцыі будзе садзейнічаць пры затрыманні ўпамянёнага партызанскага атамана... Права на гэтую ўзнагароду маюць таксама работнікі знешняй службы (дэфензівы) і следчых органаў, якія самастойна або ў выніку сумесна арганізаванай акцыі супраць Мухі-Міхальскага дасягнуць пастаўленай мэты. Аб вышэйсказаным, пан стараста, неадкладна давядзіце да ведама падначаленых вам органаў паліцыі і канфідэнтаў. Падрабязна распрацаваны план затрымання атрада Мухі-Міхальскага і яго самога патрэбна неадкладна прадставіць мне".

Далей патрабавалася дзеянні супраць партызан "пачаць неадкладна і праводзіць іх энергічна, усімі наяўнымі ў распараджэнні сіламі..."

Звесткі аб сакрэтным дакуменце ўсё ж прасачыліся ў друк. А Муху па-ранейшаму затрымаць ніяк не атрымлівалася, у першую чаргу — з-за падтрымкі насельніцтва. Сярод партызанскіх памочнікаў і сувязных было нават некалькі солтысаў (кіраўнікоў вясковай адміністрацыі). Дарэмнымі былі намаганні дэфензівы заслаць да партызан свайго агента. Вядомы выпадак, калі партызаны, выкрыўшы аднаго з агентаў, брата некалькіх партызан, які працаваў тэлеграфістам у Лунінцы, пачалі праз яго пастаўляць паліцыі дэзінфармацыю пра дзеянні свайго атрада, тым самым заблытваючы праціўніка.

Восенню 1924 г. партызаны захапілі і абяззброілі пастарункі ў Кажан-Гарадку і Сітніцы, вызвалілі арыштаваных сялян.

24 верасня 1924 г. атрад Арлоўскага правёў аперацыю, якая стала вядомай далёка за межамі Польшчы і якая праславіла імя Мухі-Міхальскага сродкамі інфармацыі ледзь не па ўсім свеце. Праз сваіх сувязных-чыгуначнікаў Арлоўскі даведаўся, што ваявода Даўнаровіч у час інспекцыйнай паездкі будзе праязджаць праз раз'езд Парахонск. У цягніку з ім былі чыны мясцовай адміністрацыі і біскуп. У выніку дакладна распрацаванай аперацыі партызаны спынілі цягнік і захапілі ваяводу. Арлоўскі загадаў вывесці адтуль ваяводу і высекчы. Гэта зрабіў адзін з афіцэраў, потым самі ж афіцэры высеклі начальніка акруговай паліцыі Мянсовіча і сенатара Віславуха... Тым часам партызаны праводзілі агляд вагонаў. У вагоне-рэстаране афіцэры ўсё ж пачалі супраціўленне — двое з іх былі забіты, некалькі паранена, сярод партызан страт не было. Нечакана выявілася, што ў некалькіх вагонах поўна салдат — каля батальёна. Але яны не аказалі ніякага супраціўлення і далі сябе абяззброіць. Каб не такія паводзіны жаўнераў, партызаны маглі б быць хутка знішчаны. Растлумачыць нейтралітэт салдат можна, калі прыгадаць, што партызаны заўжды даволі мякка абыходзіліся з палоннымі салдатамі і звычайна адпускалі іх на волю... Захапіўшы пошту, партызаны пакінулі Парахонск.

У пагоню за партызанамі адразу ж былі кінуты паліцэйскія сілы, вайсковыя часці. Толькі з Лунінца і яго аколіц для праследавання партызан выйшлі 110 паліцэйскіх і 4 узводы пяхоты. Але міністр унутраных спраў настаяў на тым, каб у карных аперацыях прымалі ўдзел як мага болып вайсковых часцей. Былі сфарміраваны шматлікія знішчальныя каманды.

Вялікая тэрыторыя была запруджана паліцыяй і салдатамі. Яны занялі вёскі Багданаўка, Марач, Хорастава, Дзяніскавічы, Чудзіна і інш. Былі арыштаваны сотні людзей. Дзесяць з іх — Адам Курыловіч з маёнтка Адэлін, Павел Барташ з в. Дзяніскавічы, Кірыла Новік з Гаўрыльчыц, Кузьма Нарымончык з Любані, Фёдар Сафронаў з в. Лунін, Соц Саўка з в. Волька, Антон і Фама Палуяны з хутара Тавалга, Іван Леўшын і Мікіта Клюка з Ядаўкі — былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. Аднак нават гэты хуткі на жорсткую расправу суд быў вымушаны прызнаць, што ніхто з іх не меў дачынення да нападзення на цягнік, і вызваліў іх з-пад варты.

Урад і рэакцыйная прэса былі незадаволены такім ходам падзей.

"Над крэсамі навісла хмара асаднага становішча, — пісала газета "Жэчпаспаліта", — прызначэнне ваяводамі генералаў з'яўляецца па сутнасці стварэннем спецыяльна толькі на крэсах генерал-губернатарстваў замест ваяводстваў, што існавалі да таго часў".

Аб рэпрэсіях з боку польскіх улад сведчыць, напрыклад, наступнае паведамленне газеты "Советская Белоруссия" ад 29 ліпеня 1925 г.:

"Акруговы Пінскі суд на выязной сесіі ў Лунінцы 20 ліпеня г.г. вынес смяротны прысуд беларускаму паўстанцу Яну Глушку. Пасля абвяшчэння прысуду Глушка заявіў, што не жадае карыстацца правам звяртацца з просьбай да прэзідэнта Польшчы аб памілаванні. Прысуд здзейснены 21 ліпеня..."

Адначасова з узмацненнем рэпрэсій польскія ўлады шукалі іншых шляхоў па знішчэнні партызан. У канцы 1924 г. імі былі створаны спецыяльныя супрацьпартызанскія атрады з былых балахоўцаў — салдат фарміраванняў Булак-Балаховіча, што пасля грамадзянскай вайны жылі ў Польшчы. Але і гэта не прынесла поспехаў. Асобныя атрады балахоўцаў панеслі страты ў баях з партызанамі, многія самі пакінулі гэтыя фарміраванні.

Партызаны між тым прапягвалі свае дзеянні. Літаральна праз некалькі дзён пасля нападу на ваяводу партызаны занялі вёску Чучавічы, потым напалі на маёнтак Зарэчча. У ноч на 3 кастрычніка яны спалілі хлеў са збожжам у маёнтку Кажан-Гарадок, абстралялі паліцэйскіх і адышлі толькі пасля падыходу да праціўніка атрадаў з Лахвы і Лунінца.

Нягледзячы на вялізную колькасць паліцэйскіх, салдат і агентаў дэфензівы, што была сканцэнтравана ў Заходняй Беларусі, польскія ўлады часта не маглі ажыццявіць сваіх намераў з-за нізкага маральнага і арганізацыйнага іх узроўню.

I усё ж тэрор узмацняўся. Толькі ў красавіку 1925 г. на Палессі былі арыштаваны каля 2 тысяч чалавек.

"Калі мы не патопім партызанскі рух у крыві, дык ён адарве ад нас некалькі правінцый, — пісала ў кастрычніку 1925 г. газета "Жэчпаспаліта". — Без прамаруджвання трэба ліквідаваць усе банды. Трэба знайсці тых, хто дапамагае ім з насельніцтва, і з усімі расквітацца хутка і бязлітасна. На кожнае выступленне трэба адказваць шыбеніцай. На ўсё беларускае насельніцтва павінен абрынуцца страх, ад якога ў яго жылах застыне кроў. Калі за некалькі гадоў не будзе змен, — рабіла выснову газета, — дык мы будзем мець на ўсходніх крэсах усеагульнае ўзброенае паўстанне".

Але менавіта ў пачатку 1925 г. было прынята рашэнне ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі аб спыненні партызанскага руху на акупіраваных палякамі землях, Вядома, што рашэнне было прынята на самой справе кіраўніцтвам СССР і Камінтэрнам. Змяненне эканамічнай сітуацыі (закончыўся пасляваенны крызіс) і адпаведнае змяненне сітуацыі палітычнай выклікала спад рэвалюцыйнага руху ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Паколькі ўсеагульнае ўзброенае паўстанне ў Заходняй Беларусі стала нерэальным, працягваць партызанскі рух, на які ўлады адказвалі тэрорам, аказалася немэтазгодным. Было вырашана перайсці да легальных форм барацьбы за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларусаў, выкарыстоўваючы ў тым ліку вельмі ўплывовую ў той час Беларускую рабоча-сялянскую грамаду — грамадска-палітычную арганізацыю, што аб'ядноўвала шырокія дэмакратычныя слаі.

У маі 1925 г. Арлоўскі з 30 партызанамі перайшоў праз граніцу ў БССР. Частка партызан яго атрада засталася ў Польшчы, некалькі чалавек пазней загінулі ў выніку тэрора ўлад. Некаторыя з партызан зноў узяліся за зброю ў час Вялікай Айчыннай.

Сам жа Арлоўскі пасля заканчэння ў 1930 г. Камуністычнага універсітэта нацменшынстваў Захаду ў Маскве працаваў у Беларусі, ствараючы вучэбныя партызанскія атрады на выпадак будучай вайны. Пасля іх расфарміравання працаваў на будаўніцтве канала Волга — Масква, якое вёў НКУС сіламі зняволеных, у 1937 — 1938 гг. знаходзіўся ў Іспаніі, а ў 1941 — 1942 гг. — у Кітаі, аказваючы дапамогу гэтым краінам у барацьбе супраць варожай агрэсіі. Нягледзячы на цяжкую хваробу, атрыманую ў выніку кантузіі, у 1942 г. вылецеў у нямецкі тыл і ўзначаліў спецатрад НКДБ "Сокалы", што дзейнічаў у асноўным у Ляхавіцкім і Клецкім раёнах. Сярод баявых аперацый атрада — дыверсіі на чыгунцы Баранавічы-Лунінец. У Лунінцы неаднойчы бывалі разведчыкі Арлоўскага, напрыклад, Барыс Гус, што працаваў старшым кандуктарам на чыгунцы.

У выніку цяжкага ранення Арлоўскі страціў кісць рукі і тры пальцы на другой, але пасля лячэння ў партызанскім шпіталі застаўся ў страі. У Маскву ён вылецеў толькі па спецыяльнаму загаду Цэнтра. 20 верасня 1943 г. падпалкоўніку дзяржбяспекі К.П. Арлоўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. 3 ліпеня 1944 г. ён узначаліў калгас "Рассвет" у роднай вёсцы. За працоўныя поспехі ў 1958 г. атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Памёр 13 студзеня 1968 г.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter