Лунінецкае падполле

З пачатку польскага панавання ў Заходняй Беларусі супраць яго пачалі барацьбу палітычныя партыі і арганізацыі самага рознага накірунку — як "прасавецкія", "пракамуністычныя", маючыя цесную сувязь з БССР, так і іншыя. Рознымі былі мэты іх дзейнасці, рознымі былі і сродкі. Першая палова 20-ых гадоў — час актыўных партызанскіх дзеянняў. Але не толькі камуністы стваралі свае атрады. Нейкі час дзейнічалі партызанскія групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Вясной 1922 г. з гэтай партыі выйшла Беларуская рэвалюцынная арганізацыя, якая 30 снежня 1923 г. самаліквідавалася (у 1924 г. яе члены былі прынятыя ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі). Астатняя ж частка беларускіх эсэраў абвясціла аб самароспуску на акруговай канферэнцыі ў Гродне (верасень 1924 г.). Партызанамі таксама кіравалі Галоўны штаб беларускіх партызан, пазней — Беларускі стралецкі саюз.

З сярэдзіны 20-ых гадоў партызанскі рух саступіў месца іншым сродкам барацьбы. Яшчэ ў кастрычніку 1923 г. у Вільне адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). З 1924 г. існаваў КСМЗБ (Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі). Камуністы стварылі таксама "Чырвоную дапамогу" — беларускі "філіял" МОПРа (Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам), — яна збірала сродкі для вязняў у турмах і г.д.

Супраць антынароднай палітыкі ўлад выступалі і іншыя партыі і арганізацыі дэмакратычнага накірунку. У 1925 г. узнікла буйнейшая з іх — Беларуская сялянска-рабочая грамада, масавая легальная арганізацыя. Паступова была выпрацавана праграма яе дзеянняў, сярод якіх значылася барацьба за права беларускай нацыі на самавызначэнне, дэмакратычныя свабоды, канфіскацыю памешчыцкіх земляў, 8-гадзінны працоўны дзень. Грамада аб'ядноўвала прадстаўнікоў некалькіх палітычных партый, у тым ліку і камуністаў. Яна дзейнічала сумесна з Незалежнай сялянскай партыяй, аналагічнай украінскай арганізацыяй "Сельроб", левымі коламі Польскай сацыялістычнай партыі (так званай ППС — левіцай). Да пачатку 1927 г. у 1930 гуртах Грамады на тэрыторыі Заходняй Беларусі было звыш 100 тысяч членаў ("сяброў"). У 1928 г. былы сакратар Грамады М. Бурсевіч пісаў, што ў большасці паветаў, у тым ліку ў Лунінецкім, налічвалася ад тысячы да трох тысяч "сяброў".

Але дзейнасць арганізацыі была не даспадобы рэжыму Пілсудскага, які пасля дзяржаўнага перавароту 1926 г. праводзіў палітыку т.зв. "санацыі" (аздараўлення) Польскай дзяржавы. 15 студзеня 1927 г. былі арыштаваны 800 дзеячаў Грамады, 1 лютага разгромлены яе Цэнтральны сакратарыят. У сакавіку Грамада была забаронена, сотні яе актывістаў апынуліся ў турмах. Была разгромлена і Незалежная сялянская партыя.

Але легальная барацьба працягвалася. На наступных выбарах у сейм (сакавік 1928 г.) за левы блок — Рабоча-сялянскае адзінства "Змаганне" — было пададзена ў Заходняй Беларусі 26 % галасоў. У сейме была створана дэпутацкая фракцыя "Змаганне", але ў 1930 г. сейм быў разагнаны.

З 1921 г. існавала "Таварыства беларускай школы", якое аб'ядноўвала школы, бібліятэкі, клубы. У 1929 г. у 500 яго гуртках было каля 30 тысяч чалавек, але праз год колькасць членаў зменшылася ўтрая.

Рэакцыйная палітыка ўлад, нарастаючая пагроза з боку фашызму падштурхнулі значную частку нацыянальна-дэмакратычных сіл да цеснага супрацоўніцтва з камуністамі і Савецкай Беларуссю. У пачатку 30-ых гадоў КПЗБ налічвала 4000 чалавек, яшчэ 3000 знаходзіліся ў турмах. Існавалі 7 акруговых і 60 раённых камітэтаў КПЗБ. Партыя, як і адпаведная ёй на Заходняй Украіне (КПЗУ), арганізацыйна была аўтаномнай часткай Кампартыі Польшчы. Дзейнічала яна на працягу ўсяго свайго існавання нелегальна.

Падпольныя арганізацыі КПЗБ у 20 — 30-ыя гады існавалі і ў Лунінецкім павеце.

Адной з першых была створана камуністычная група ў Кажан-Гарадку, якой значную дапамогу аказаў былы камандзір Чырвонай Арміі Аляксандр Малец, што жыў у Купяцічах. Уваходзілі ў яе Змітро Змяеўскі, Емяльян Карчынскі, браты Даніла і Аляксандр Каратышы. У 1924 г. правакатар выдаў яе членаў, але ў 1927 г. была створана новая ячэйка. У яе ўвайшлі Калістрат Міхайлавіч Марковіч, Лазар Яскевіч, Арон Пераплётчык, Янкель Марголін, Міхаіл Цыперштэйн. Лахвенскай ячэйкай кіраваў Яраховіч. Актыўную дапамогу падпольшчыкам аказвалі Калістрат Дунец (у гады Савецкай улады ён жыў у Пінску, працаваў у банку) і яго брат Максім. У цнянскай групе адметнай фігурай быў Рыгор Кіпцэвіч, якому дапамагалі тры сыны (пазней адзін з іх быў першым старшынёй мясцовага калгаса).

З 1925 г. існавала нелегальная ячэйка і ў павятовым цэнтры. Ноччу 30 красавіка 1926 г. у Лунінцы былі раскіданы некалькі лістовак да 1 Мая. Раніцай іх знайшоў паліцэйскі. Паліцыя і дэфензіва пачалі следства. Пазней следчыя намалявалі наступную карціну падзей. 18-гадовы Ноах Сендзярук, што жыў па вуліцы Школьнай, 4, і 28-гадовы Залман Басевіч (жыў па вул. Царкоўнай, 31) у сакавіку 1926 г. прынялі ўдзел у стварэнні гарадскога камітэта КСМЗБ. 23 красавіка Сендзярук атрымаў у Пінску ад прадстаўніка акруговага камітэта КПЗБ лістоўкі, якія і былі праз тыдзень раскіданы. Сендзярук і Басевіч былі аддадзены пад суд, але іх віна не была даказана.

У Лунінцы быў створаны падпольны гарадскі камітэт камсамола. Яго ўзначальваў малады рабочы Аркадзь Свірыдонаў. Гэта быў таленавіты юнак-самавучка, палымяны прапагандыст камуністычных ідэй, ён умеў пераконваць сваіх равеснікаў. Аркадзь самастойна вывучыў нямецкую мову, добра маляваў, пісаў вершы. Але перш за ўсё быў чалавекам справы. Не дзіўна, што Свірыдонаў меў вялікі ўплыў на моладзь. Бацька яго быў лесніком, а потым — вартаўніком дэпо. Хата іх стаяла пад лесам. Маці была вядомая гараджанам тым, што прадказвала лёс. Магчыма, ад пісьменнага бацькі пераняў Аркадзь любоў да кніг. Дапамагаў хлопцам у занятках самаадукацыяй Баляслаў Кучынскі — ён працаваў карэктарам адной з палескіх газет, што выдавалася ў Лунінцы.

Антыпольскі настрой быў моцны сярод вучняў Рускай рэальнай школы. Невыпадковаў 1928 г. 8-класнік гэтай школы Антон Уласік уступіў у КСМЗБ. Тут жа вучыліся і іншыя камсамольцы, у тым ліку А.І. Лабачэўская. Яна ўспамінае:

"Наша работа ў гэты час заключалася ў вывучэнні камуністычнай літаратуры і зборы сродкаў для палітзняволеных. У 1928 годзе мы ўсе, тады яшчэ навучэнцы Рускага рэальнага вучылішча,выйшлі на першамайскую дэманстрацыю. У недабудаваным доме дырэктара школы Зоі Іванаўны Палхоўскай арганізавалі мітынг, у лесе спявалі рэвалюцыйныя песні "Вихри враждебные", "Вперед, заре навстречу".

Па вечарах слухалі радыё, з радасцю лавілі такі далёкі і такі блізкі голас Масквы, паведамленні Камінтэрна. Напярэдадні рэвалюцыйных святаў пісалі заклікі і вывешвалі іх па начах на бачных месцах".

Забароненую літаратуру прывозілі з Пінска і Сарнаў.

З успамінаў А.А. Уласіка, які з 1929 г. быў сакратаром адной з ячэек КПЗБ:

"Прывозімая літаратура была надрукавана на папяроснай паперы. Літаратуру здаваў Свірыдонаву для размеркавання яе па раёну. У школе раздавалі з хлопцамі рэвалюцыйныя песні. Збіралі грошы для патрэб МОПРа. У сваей рабоце выкарыстоўвалі розныя сродкі агітацыі. Даводзілася ездзіць і ў Сарны па даручэнні райкома — рабіць справаздачу аб нашай рабоце.

Аднойчы мне было заўважана: "Нічога — на паперы, усё — у галаве". Памятаю, у тую паездку увесь час хваляваўся ў дарозе, каб не забыць чаго.

Прыехаў па адрасу: гадзіннікавая майстэрня. Бачу, сядзіць майстар са шкельцамі на вачах, рамантуе гадзіннік. Пытаю: "Якая гадзіна?" (Пароль такі). А ён адказвае пытаннем: "Якая вам трэба?" Я адказваю: "Трынаццаць". I тут ён мне хуценька адказвае:

— Таварыш, хутчэй знікай, яўка правалілася, за намі сочаць.

Польская дэфензіва і паліцыя не сядзелі склаўшы рукі. Яны ўяўлялі прыкладную структуру арганізацый КПЗБ і ведалі нават шэраг прозвішчаў. Палескі ваявода ў студзені 1930 г. паведамляў у дапартамент паліцыі МУС, што ў Лунінецкім павеце існуюць два райкамы КПЗБ — у Ганцавічах і Лахве. Лахвенскі райкам складаецца з 3 чалавек (іншыя паліцэйскія дакументы называюць у якасці сакратара краўца Лейзера, у якасці касіра і сакратара МОПРа — Машчука). Яму падпарадкаваны 2 падраённыя камітэты КПЗБ і камсамола, з якіх адзін знаходзіцца таксама ў Лахве, мае сувязь з 10 ячэйкамі ў Любані, Мокраве, Любачыне, Чэрабасаве, Кажан-Гарадку і Дварцы (сакратаром яго названы Максім Дунец з Чэрабасава, а ў іншых дакументах — яго брат Калістрат). Другі падраённы камітэт — у Лунінцы, фактычна ў ім 1 член, які мае сувязь з ячэйкамі ў Расійскай рэальнай школе (8 чалавек), яўрэйскай школе (7 чалавек) і тэхнічнай школе (5 чалавек). Усяго, па даных ваяводы, у пачатку 1930 г. у павеце было 14 ячэек КПЗБ і 4 ячэйкі камсамола (80 чалавек).

Паліцыя даведалася, што 15 чэрвеня таго ж года на могілках у Бастыні адбыўся сход 5 камуністаў, на які з Пінска прыязджаў член акруговага камітэта Хаім Голдберг. Членамі створанага райкама КПЗБ у Бастыні былі абраны Ян Кот (сакратар і казначэй), Антон Бунас і Рыгор Сайка. Райкам меў сувязь з 5 ячэйкамі.

У справаздачы за 1930 г. павятовы стараста А. Гадлеўскі паведамляў ваяводзе, што найбольш значны ўплыў камуністаў у Бастыні і прылягаючых вёсках, некалькі ячэек ёсць у Лахвенскай гміне. У самім жа Лунінцы былыя раённы і падраённы камітэт ужо не існуюць. Стараста не мог паведаміць колькасці чалавек у большасці ячэек.

Стараста памыліўся, калі сцвярджаў, што ў Лунінцы структуры КПЗБ перасталі існаваць. На самой жа справе ішла пэўная іх рэарганізацыя.

З успамінаў А.І. Лабачэўскай:

"У канцы 1931 года па распараджэнні акруговага камітэта КПЗБ г. Пінска гаркам камсамола быў ператвораны ў гаркам КПЗБ. У яго ўвайшлі: Аркадзь Свірыдонаў — сакратар, Мордух Флаксман — касір, Валянцін Фянькоўскі — тэхнік, Антон Уласік — кіраўнік МОПРа, два члены ГК — Віктар Ерамейчык і я.

Спачатку гаркам праводзіў унутраную арганізацыйную работу. Ядро структуры складалі ячэйкі (у красавіку 1932 г. іх было 5) — пярвічныя партыйныя арганізацыі, у кожнай з якой было ад трох да пяці чалавек. Іх функцыянальныя абавязкі — сакратар ячэйкі, тэхнік і мапрыст. Сакратары збіраліся для абмеркавання работы, з іх асяроддзя выбіраўся гаркам — кіруючы орган партыі.

У абавязкі тэхнікаў уваходзілі прывоз і забеспячэнне падпольшчыкаў нелегальнай літаратурай, яе захоўванне, друкаванне лістовак, зацверджаных гаркамам, вывешванне транспарантаў. З мэтай канспірацыі кожны тэхнік ведаў двух іншых тэхнікаў з сумежных ячэек, але не павінен быў ведаць іх сакратароў і іншых членаў.

Асабліва паспяхова працавала арганізацыя МОПРа. Вялікую дапамогу аказвалі жанчыны сталага ўзросту, напрыклад Ганна Сцяпанаўна Мяшкова.

З членаў КПЗБ пярвічных партыйных арганізацый памятаю яшчэ Мікалая Пустахода, Рыгора Пятрова, Іллю Флаксмана, Давыда Эпштэйна, Георгія Аверку, Уладзіміра Навіцкага, Васіля Шумскага, Мікалая Завадскага, Мікалая Царэўскага, Яўгена Аверку, Казіміра Беляковіча, Пятра Навіцкага, Шмуля Белагузскага".

У 1932 г. для сувязі з вёскамі Лунінецкай гміны быў створаны райкам, сакратаром якога стаў рабочы электрамеханік Віктар Ерамейчык. Ячэйку ў Вічыне ўзначальваў Іван Яскевіч, была створана ячэйка ў Дзятлавічах.

1932 г. быў годам найбольш актыўнай дзейнасці лунінецкага падполля. Неўраджай і голад выклікалі сялянскія бунты па ўсёй Заходняй Беларусі, на якія ўлады адказалі карнымі атрадамі, турмамі, рыхтавалася ўвядзенне ваенных трыбуналаў. Яшчэ ў верасні 1931 г. урад увёў смяротную кару. У 1931 — 1933 гг. па ўсёй Польшчы на яе былі асуджаны 182 чалавекі, звыш паловы з якіх — менавіта ў Заходняй Беларусі. За 4 месяцы існавання надзвычайных палявых судоў у Палескім, Віленскім і Навагрудскім ваяводствах было павешана 128 чалавек.

Ва ўмовах рэзкага абвастрэння процістаяння актывізаваліся лунінецкія камуністы. Лістоўкі друкаваліся ў доме Аркадзя Свірыдонава, дзе захоўваліся наборны друкарскі лацінскі алфавіт, а таксама гектограф — размнажальны апарат.

З успамінаў А. Лабачэўскай:

"Перад 1 мая 1932 года падпольны гаркам вынес пастанову вывесіць транспаранты на рускай і польскай мовах. Гэта было першае актыўнае выступленне, і ўсе мы вельмі хваляваліся. Паўстала пытанне: дзе вывесіць транспарант, каб ён правісеў як мага даўжэй і каб яго ўбачыла як мага болей народу. Вельмі хацелася, каб людзі адчулі: нягледзячы на тэрор, у пагранічным горадзе Лунінцы вывешаны пунсовы сцяг барацьбы".

А.А. Уласік успамінаў:

"Напярэдадні Вялікадня (а ён тады быў познім) — 1 мая са Свірыдонавым пісалі лозунгі на чырвоным саціне. Адзін з лозунгаў ноччу замацавалі ад прахаднога моста цераз чыгунку па нахільных тэлеграфных правадах да вакзала. На лозунгу напісана: "Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! Няхай жыве 1 Мая". Другі лозунг, карыстаючыся ценню ліпы ля цэрквы і тым, што яна не была яшчэ асветлена, развесілі па галінах дрэва. Разлічылі, што, калі пойдзе хрэсны ход з харугвамі і загарыцца ілюмінацыя, наш лозунг убачаць і прачытаюць. Так і адбылося. Прачыталі: "Рэлігія — опіум для народа". Палезлі зрываць, забегалі шпікі. Адзін са шпікоў дэфензівы асабліва падазрона цёрся каля мяне..."

Лозунг каля вакзала правісеў да 2 гадзін дня. Між тым паліцыя, пачынаючы з лютага 1932 г., мела ўсё больш звестак пра лунінецкае падполле. Быў зроблены вобыск у доме А. Свірыдонава, але яго маці паспела схаваць рэвальвер у чыгун з баршчом, што стаяў у печы, і тым выратавала сына. Двойчы арыштоўвалі і па-зверску збівалі Віктара Ерамейчыка, але ён нікога не выдаў.

Пастаяннае назіранне з боку паліцыі моцна перашкаджала. Тым не менш былі выпушчаны лістоўкі да чыгуначнікаў (іх зарплату знізілі на 25 %), да рабочых і сялян — з антыфашысцкімі заклікамі і з заклікамі правесці 1 жніўня дзень пратэсту супраць магчымага нападу на СССР. На сходзе 8 членаў гаркама ў лесе каля яўрэйскіх могілак было вырашана зрабіць помнік і паставіць на месцы расстрэлу палякамі ў 1919 г. 40 камуністаў і чырвонаармейцаў (на ўскраіне Лунінца). 3-пудовую бетонную пліту вырабіў майстар Капралаў — уверсе былі дзве зоркі, ніжэй — серп і молат, а яшчэ ніжэй — тэкст: "Слава товарищам, павшим в борьбе за Всемирную революцию! Лунинецкий ГК КПЗБ". У ноч на 22 чэрвеня 1932 г. Свірыдонаў, Уласік, Аверка і Фянькоўскі паставілі пліту на месцы расстрэлу. Хутка пра помнік даведаліся многія гараджане, сярод іх — родныя і блізкія загінуўшых. Ля помніка ўзнік мітынг, людзі ўскладвалі чырвоныя гваздзікі і вяргіні, тут жа распаўсюджваліся лістоўкі.

Гэтая акцыя прымусіла дэфензіву актывізавацца. У радах падпольшчыкаў яна ўжо мела свайго агента Сяргея Часнакова (пазней ён быў расстраляны). Данясенні павятовага старасты ваяводзе сталі бояьш дэталёвымі. Вось інфармацыя аб сходны 25 ліпеня на вуліцы Шырокапясковай, аб сустрэчы на наступны дзень В. Фянькоўскага з незнаёмым у чыгуначным дэпо і аб сходцы ля баранавіцкай лініі чыгункі. Агент паведаміў, што 29 ці 30 ліпеня параходам з Пінска прыязджае кур'ер акруговага камітэта. Дэфензіва прасачыла, што ў гэтыя дні кур'ера на прыстані Прыпяць чакаў Фянькоўскі, але не дачакаўся. Было вядома ахранцы і тое, што Лунінец будзе падзелены на 3 участкі: цэнтр, Залессе і прыгарад (з вуліцамі Легіёнаў, Царкоўнай, Старасельскай і Брадзілаўскай), у кожным — са сваім сакратаром і ячэйкамі. Але гэты праект цалкам не паспелі ажыццявіць — дэфензіва мела ўжо падрабязныя даныя аб ячэйках, іх сакратарах, адукацыі і месцы работы 32 членаў падполля.

У жніўні 1932 г. улады пачалі ліквідацыю камуністычных груп у Лунінцы і іншых населеных пунктах павета. Былі арыштаваны амаль усе кіраўнікі падполля. А.І. Каратышэўскую арыштавалі не ў горадзе, а ў адным з мястэчак, куды яна перад тым паехала. Першы яе допыт правёў сам начальнік Лунінецкай дэфензівы Ляскоўскі. Пазней яна ўспамінала: "У дэфензіве нас бесчалавечна катавалі. Аркадзь Свірыдонаў ляжаў прыкаваны да цэментнай падлогі ў падвале. Рыгору Пятрову адбілі лёгкае, і ў яго з горла хлынула кроў. Насуперак закону, следчы адсылаў хлопцаў ад сябе ў дэфензіву, дзе іх зноў катавалі.

15 падпольшчыкаў адправілі ў Пінскую турму. Гэта быў час, калі польскі ўрад праводзіў у жыццё так званы "новы рэгламент", па якому палітычных зняволеных не існавала. У іх адбіралі пісьмовыя рэчы, кнігі, асабістае адзенне. У цэнтральных турмах (Варшаўскай, Віленскай, Люблінскай і іншых) палітычныя зняволеныя пачалі барацьбу за свае правы. Аб'яўляліся галадоўкі, бунты, якія хвалявалі грамадскасць. Польскія ўлады сталі праводзіць свой закон у следчых турмах, якой і з'яўлялася Пінская. Палітычным зняволеным галілі галовы, надзявалі арыштанцкія халаты і саджалі да крымінальнікаў. Так і я трапіла ў камеру, дзе сядзелі прастытуткі, зладзейкі і забойцы.

Следства цягнулася 5 месяцаў. Але ў турме не бяздзейнічалі: наладжвалі сувязь, стварылі партыйны турэмны камітэт, які звязваўся з партыяй на волі.

23 студзеня 1933 года нас прывезлі ў Лунінец на суд. Напярэдадні таварышы, якія заставаліся на волі, раскідалі лістоўкі, у якіх расказвалася пра зверскія катаванні, што мы перанеслі. Жыхары Лунінца выйшлі на дэманстрацыю. Шмат народу прыйшло сустракаць нас: жанчыны плакалі, мужчыны здымалі шапкі.

На судзе віну не прызнаў ніхто. Аркадзю Свірыдонаву было дазволена прызнацца ў сваіх перакананнях.

Выязная сесія працягвалася тры дні. I тры дні будынак суда быў акружаны народам. Суддзі не асмеліліся чытаць прыгавор у Лунінцы, таму чыталі яго ў Пінску. Усе падпольшчыкі — 38 чалавек — былі асуджаны ад 3 да 8 год турмы".

Прысуд быў аб'яўлены Пінскім акруговым судом 23 лютага 1933 г. і пацверджаны 4 ліпеня апеляцыйным судом у Вільне. Свірыдонаў і Іосіф Флаксман былі асуджаны на 6 гадоў, Уласкі і Хаім Белагуцкі (арганізатар ячэйкі ў Кажан-Гарадку) — на 4, Давыд Эпштэйн, Яўген Аверка, Рыгор Пятроў — на 3, Лабачэўская — на 2 гады, Лазар Яскевіч і Калістрат Марковіч — на год і 6 месяцаў.

Віктар Ерамейчык, Арон Пераплётчык і Міхаіл Цыперштэйн атрымалі па 2 гады, але з часовай адтэрміноўкай на 5 гадоў, Пётр Навіцкі і Янкель Марголін былі вызвалены. Усе падсудныя былі пазбаўлены грамадзянскіх правоў на 10 гадоў.

Сярод падсудных не было Валянціна Іосіфавіча Фянькоўскага (н. у 1910 г.). 12 жніўня 1932 г. напярэдадні арышту ён перайшоў на нелегальнае становішча і паехаў у Варшаву, адкуль ЦК Кампартыі Польшчы накіраваў яго ў СССР. У снежні 1932 г., скончыўшы ў СССР спецыяльныя курсы, Фянькоўскі вярнуўся ў Варшаву і ў наступныя месяцы працаваў інструктарам ЦК пад мянушкай "Эмігрант". У канцы студзеня 1933 г. ён прыехаў у Лунінец, а адтуль у сярэдзіне лютага — у Пінск. Але дэфензіва ўжо заўважыла яго ў Лунінцы і пачала сачыць. У Пінску Фянькоўскі сустрэўся з прадстаўнікамі ЦК і акруговага камітэта, а потым пабываў у Галеве, Лагішыне, Парэччы, Жабчыцах, Туляціне, дзе даваў парады кіраўнікам мясцовых райкамаў і ячэек. У Пінску тым часам пачаліся арышты. 4 сакавіка паліцэйскі Пулкоўскі на вуліцы пазнаў Фянькоўскага і арыштаваў яго. Пінскі акруговы суд прыгаварыў яго да 6 гадоў. Толькі ў сакавіку 1937 г. Фянькоўскі быў вызвалены з турмы ў Драгобычы.

Лунінецкія падпольшчыкі адбывалі тэрмін зняволення ў розных турмах. Напрыклад, К. Марковіч сядзеў у Сядлецкім астрозе.

З успамінаў А.І. Лабачэўскай:

"Мяне прывезлі ў Люблінскую турму. Яна знаходзілася ў старажытным замку, які быў акружаны высокімі мураванымі сценамі. Пасярэдзіне турэмнага двара ўзвышалася так званая "вежа смерці". У даўнія часіны феадалы каралі тут рабоў-бунтароў. А ў часы Пілсудскага сюды саджалі камуністаў. У гэтай турме ўсё было зроблена так, каб зняволены не мог пражыць больш 6 — 7 гадоў. Збегчы адсюль было немагчыма. I ўсё ж хадзілі чуткі, што адзін смяльчак, асуджаны на 15 гадоў, выбраўся на волю, выкарыстаўшы канал нечыстот. З таго часу каналізацыйная сістэма была перароблена.

Усіх зняволеных налічвалася 200 чалавек. Мы і тут не сядзелі склаўшы рукі. Была створана турэмная камуна, якая мела пастаянную сувязь з камуністамі на волі.

Наша жаночая камуна налічвала 30 чалавек, жыццё было строга рэгламентавана. Раніцай — заняткі па палітэканоміі, вывучэнне прац Маркса, Энгельса, Леніна, якія захоўваліся ў нас на тоненькай папяроснай паперы. Таварышы, разумеючы ўсю небяспеку падпольнай работы, мікраскапічным почыркам на працягу некалькіх гадоў перапісвалі работы класікаў марксізму-ленінізму. Такім чынам, ухітраліся чытаць і мастацкую літаратуру. Асабліва захапляла паэзія Адама Міцкевіча.

Своеасабліва адзначылі і свята міжнароднай салідарнасці працоўных — 1 Мая 1934 года. З волі нам перадалі чырвоную матэрыю, з якой зрабілі банты і прымацавалі да сваіх арыштанцкіх халатаў. I калі мужчынскі голас гучна апавясціў у адной з камер: "Няхай жыве Першамай! Няхай жыве Савецкі Саюз!" — яго заклік быў падхоплены ўсёй турмой.

У студзені 1935 года выйшла на свабоду, але колькі ўсяго мне яшчэ давялося перажыць!"

У гады Савецкай улады А.І. Лабачэўская жыла ў Пінску, была журналісткай, як і яе муж Васіль Міхайлавіч Каратышэўскі. Муж памёр, у аўтакатастрофе загінуў сын, майстар спорту.

Лёс увогуле не быў літасцівым да лунінецкіх падпольшчыкаў. У 1941 г. прапаў без вестак на фронце сапёр Аркадзь Свірыдонаў. Аўтамабільная катастрофа пазбавіла жыцця В. Фянькоўскага. А. Уласік працаваў пад Масквой мастаком. Ужо ў сталым узросце трапіў пад цягнік, страціў абедзве нагі, але, прыкаваны да ложка, працягваў маляваць. Памёр у 1978 г.

Арышты 1932 г. сур'ёзна паслабілі КПЗБ у Лунінецкім павеце, але не здолелі поўнасцю ліквідаваць падполле. Новыя людзі ўключаліся ў барацьбу. З 1932 г. жыў у в. Запроссе працаваў мулярам Міхаіл Мартынавіч Шыманскі — член КПЗБ. Пасля ўз'яднання ён быў першым старшынёй Мікашэвіцкага сельсавета, а ў час вайны — партызанскім сувязным. Расстраляны ў 1942 г. гітлераўцамі.

У студзені 1936 г. стараста паведамляў у Брэст, што ў павеце, па даных паліцыі, 4 ячэйкі КПЗБ (17 чалавек) і ячэйка камсамола (2 чалавекі). А праз год ён жа сведчыў, што ў Лунінецкай і Лахвенскай гмінах створаны райкамы, у Дрэбску на 1 мая 1936 г. быў вывешаны транспарант. У 23 населеных пунктах існуюць 17 ячэек кампартыі (82 чалавекі) і ячэйка камсамола (10 чалавек). Яны карыстаюцца, на думку старасты, падтрымкай і сімпатыяй 15 — 20 % мясцовага насельніцтва.

КПЗБ працягвала дзейнасць да 1938 г., калі яна была разам з усёй Кампартыяй Польшчы і КПЗУ ліквідавана рашэннем Камінтэрна. Савецкае кіраўніцтва на чале са Сталіным абвясціла ўсю партыю "агентам міжнароднай буржуазіі і фашызму". Сотні дзеячаў КПЗБ загінулі ў лагерах. Калі Заходняя Беларусь у 1939 г. была далучана да БССР, да большасці былых падпольшчыкаў былі вельмі падазроныя адносіны, шмат хто з іх быў рэпрэсіраваны. Толькі адзінкі з былых членаў КПЗБ былі адноўлены ў партыі.

У 1956 г. Кампартыя Польшчы, КПЗБ і КПЗУ былі рэабілітаваны.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter