У глыбіні Палесся Частка 1

Але і пасля спынення партызанскіх дзеянняў польскія ўлады трымалі тут досыць буйныя сілы. Напрыклад, у 1931 г. яны размяшчаліся наступным чынам: у Лунінцы — батальён 84-га пяхотнага палка, у Навасёлках і Сінкевічах — па кавалерыйскаму эскадрону. Павет уваходзіў у склад Пінскай судовай акругі і складаў яе 4-ы пракурорскі раён. Тут меліся 3 міравыя суды і 24 пастарункі (паліцэйскія аддзяленні; найбольш буйныя — у Лунінцы, Лахве, Мікашэвічах, Луніне, Кажан-Гарадку, Чырвонай Волі, Бастыні, Дзятлавічах, Сінкевічах, Навасёлках, Люсіне). Тэрыторыя павета была падзелена на некалькі паліцэйскіх акруг. Дарэчы, некалькі парадаксальна гучала назва адной з іх — "Ленінская паліцэйская акруга". (Вось якое тлумачэнне дае кароткі тапанімічны слоўнік Беларусі: "Леніна (варыянт Ленін) — вёска Жыткавіцкага раёна. Назва патранімічная (гэта значыць утвораная ад імён ці прозвішчаў першапасяленцаў або пераважаючых у даным месцы прозвішчаў). Гэта імя вёска насіла яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Цяпер у назву ўкладваецца новы сэнс — імя У.І. Леніна. Двухсэнсавасць заўважылі. У 1938 годзе палякі перайменавалі мястэчка Ленін у Сасновічы. Відаць, ім не падабалася спалучэнне "Ленін ля Мікашэвіч", таму што пастаянна нагадвала пра бальшавіцкага правадыра. Але позна яны адумаліся — прыйшоў 1939 год.

З месцаў зняволення меліся следчая турма пры аддзяленні паліцыі ў Лунінцы і там жа — гарадская турма пры магістраце. Месцы для ўтрымання арыштаваных існавалі пры кожным гмінным упраўленні. Урэшце, у распараджэнні ўлад былі і больш буйныя турмы за межамі павета, а пазней — і вядомы канцлагер "Бяроза-Картузская".

18 гадоў польскага панавання — час супярэчлівы і неадназначны. З аднаго боку, становішча насельніцтва нагадвала жыццё ў акупіраванай краіне, калі жорсткія рэпрэсіі насцігалі тых, хто выступаў супраць улад (падрабязней аб гэтым — у нарысах пра партызанскі рух, КПЗБ, Грамаду), праводзілася паланізацыя і акаталічванне жыхароў. З другога — жыццё ж не абмяжоўвалася толькі палітыкай. I праз шмат гадоў параўноўвалі людзі існуючую рэчаіснасць з жыццём "пры Польшчы" — тое было горш, але гэта лепш і г.д.

Архівы не могуць перадаць усёй паўнаты жыцця, яны здольныя падкрэсліць толькі асноўныя яго моманты.

Большасць насельніцтва павета займалася ў той час сельскай гаспадаркай. Адвечны сялянскі занятак, але прырода спрыяла яму не заўжды. Палова тэрыторыі Палескага ваяводства (у 1927 г. — 43 270,67 квадратнага км) была занятая лясамі і непраходнымі балотамі. Між тым праект асушэння Палесся існаваў толькі тэарэтычна. У канцы 20-ых — пачатку 30-ых гадоў паўсюдна, у тым ліку і на Лунінеччыне, вяліся рамонт каналаў і абкладка іх дзёрнам. Захаваўся фотаздымак тых гадоў, на якім паказаны работы па ўмацаванні каналаў ва ўрочышчы Марачна каля в. Дварэц у 1928 г., якімі кіраваў інжынер Мэйгэл. Сюды прыцягваліся сяляне навакольных вёсак з падводамі, каб адпрацаваць так званую шарварк-дарожную павіннасць.

У канцы 20-ых гадоў для азнаямлення з балотамі Палесся ў Польшчу прыбыла спецыяльная камісія Лігі Нацый (члены гэтай камісіі былі ў Лунінцы, знаёміліся з вядомымі ў Еўропе Грычынскімі балотамі), якая ў дакладзе ўраду Польшчы і кіраўніцтву Лігі зрабіла вывад, што асушэнне непраходных балот, на тэрыторыі амаль 15 тыс.кв.км, павінна быць самым рэнтабельным мерапрыемствам у Еўропе. Шмат гаварылася аб зямельнай рэформе, аб рабоце насельніцтва на асушаных землях (за лік прытоку землеўладальнікаў), аб буйных грашовых прыбытках. Гэтыя вывады паслужылі штуршком да стварэння праекта асушэння балот Прыпяцкага Палесся, работа над якім была разлічана на 4 гады пры кошце асушэнняў у 5 мільёнаў злотых. Тады і з'явіліся ў Лунінцы тапографы, геадэзісты, гідратэхнікі. За 2 — 3 гады яны павінны былі скласці карту забалочанай тэрыторыі. Але тагачасныя цяжкасці — непраходнасць балот, нязручнае абсталяванне, немагчымасць праводзіць тапаграфічныя здымкі каля польска-савецкай граніцы — не дазволілі гэта зрабіць. Вырашана выпрабаваць самы новы і перадавы метад — аэрафотаздымкі мясцовасці. Для гэтай мэты быў выдзелены трохматорны самалёт, з дапамогай якога і была завершана тапаграфічная карта балот Палесся. Праводзіліся і наземныя работы. У некалькіх дзесятках кіламетраў ад польска-савецкай граніцы для хуткага адтоку вады з дзейнічаючых яшчэ старых каналаў і самой Прыпяці было вырашана ўзарваць натуральную перашкоду, стрымліваючую ваду, — прыпяцкія ганкі. Але гэта мерапрыемства патрабавала ўзгаднення з савецкім бокам. Карацей кажучы, пакуль не ўдалося выявіць ніякіх дакументау аб асушэнні балот у Лунінецкім павеце ў перыяд з 1930 па 1939 г. Грандыёзны план не быў здзейснены.

З-за балот існавалі вялікія перашкоды не толькі для сельскагаспадарчых работ, але і для праезду ў аддаленыя вёскі. Напрыклад, у Чучавічы. Чучавіцкая вузкакалейка праіснавала да пачатку 20-ых гадоў. Польская адміністрацыя дзяржаўных чыгуначных дарог ліквідавала яе, пакінуўшы толькі невялікі ўчастак ля Люшчы. У польскіх чыгуначных даведніках і на картах Палесся пачатку 30-ых гадоў чучавіцкая ветка ўжо не адзначана. Жыхары вёскі і навакольных хутароў аказаліся зноў адарванымі ад знешняга свету.

Адсутнасць грунтавых дарог рабіла гэты раён адным з самых глухіх і адсталых месцаў Палесся. У восеньска-вясновы перыяд праезд да Чучавіч быў немагчымым, улетку трапіць туды таксама было цяжка, і толькі зімой маразы скоўвалі шлях праз балоты. Польскія ўлады не прадпрымалі намаганняў для будаўніцтва цвёрдых грунтавых дарог, пракладвалі толькі часовыя грэблі, па якіх было вельмі нязручна рухацца.

Калі планы меліярацыі засталіся ў той час на паперы, то, да гонару польскіх улад, яны наладзілі больш-менш шырокую сістэму метэастанцый і гідралагічных пастоў — для назірання за надвор'ем, узроўнем вады ў рэках і каналах. На тэрыторыі Лунінецкага павета іх было больш чым 20.

Адзін з такіх гідралагічных пастоў знаходзіўся каля чыгуначнага моста праз Прыпяць на лініі Лунінец — Сарны. Ён быў у ліку найважнейшых у сістэме вадамераў на Лунінеччыне, бо праз яго працякала вада з рэк Бобрык, Ясельда, Піна, Стыр, а таксама балотныя сцёкі са шматлікіх асушальных каналаў. Дарэчы, мост быў разбураны ў час савецка-польскай вайны 1920 г. З чэрвеня 1921 па снежань 1923 г. ён рамантаваўся і аднаўляўся лунінецкімі рабочымі.

У Лунінцы пост змяшчаўся ў раёне Легава, на канале Жылінскага, які ўпадаў у Прыпяць. Некалькі пастоў размяшчаліся на каналах без назваў, таму яны былі прывязаны да кіламетражу чыгункі і ў навуковай літаратуры прыгадваюцца толькі як той або іншы чыгуначны кіламетр. У Пясчанцы знаходзіўся апошні пост перад тагачаснай савецка-польскай мяжой.

У Лахве ў 1930 г. была створана метэастанцыя 3-га разраду, для назірання за тэмпературай паветра, вільготнасцю, атмасферным ціскам, напрамкам ветру, колькасцю сонечных і пахмурных дзён. Даведнікі адзначаюць, што станцыя мела унікальны па тым часе набор спецыяльных французскіх тэрмометраў.

З 1932 г. у Лоўчы, Борках-на-Цне, Навасёлках-на-Лані, у Мокраве і Сінкевічах вяліся назіранні за ўзроўнем грунтавых вод з выкарыстаннем спецыяльных свідравін.

Захаваліся дзве карты басейнаў Дняпра і Прыпяці, што былі выдадзены ў 1928 і 1930 гг. На іх паказаны метэа- і вадамерныя станцыі, што дзейнічалі і на Лунінеччыне.

Польскай адміністрацыяй праводзіліся і даследаванні глебы ў Палескім ваяводстве. Вынікі даволі красамоўныя: чарназём складаў толькі 1,5 %, баравіны — 4 %, гліны — 12 %, пяскі — 29 %. 28 % усіх угоддзяў лічыліся непрыдатнымі для сельскай гаспадаркі, а каля 26 % былі занятыя лясамі. Дарэчы, большасць лясоў была прыватнай уласнасцю (па ваяводству ў 1927 г. — 767 617 га, а дзяржаўных — 271 137 га). У Лунінецкім лясніцтве ў той час было 15 450 гектараў. У павеце была дастаткова развітая лесаапрацоўчая прамысловасць. На мяжы 20-ых і 30-ых гадоў польскія прадпрымальнікі актыўна скуплялі лясы, балотныя прасторы, рачныя ўчасткі, ствараючы на іх паляўнічыя гаспадаркі, куды запрашалі гасцей з-за мяжы. Улады імкнуліся захаваць лясы ад знішчэння, ствараючы ахоўныя зоны. Напрыклад, у 1928 — 1929 гг. палескі ваявода выдаў некалькі загадаў наконт Бастыні: "...частку лясоў у маёнтку Бастынь, якія належаць акцыянернаму таварыству "Дрэваапрацоўчая прамысловасць Вялікай Польшчы", плошчай 2 383,82 га, аб'яўляю ахоўнымі лясамі", што азначала забарону тут любой дзейнасці чалавека. Праз год ахоўная плошча гэтага ўчастка была павялічана яшчэ на 3000 га.

У прыватнай уласнасці была і значная частка зямлі. Калі буйныя землеўладальнікі-памешчыкі валодалі вялікімі яе масівамі, то шмат сялян не маглі пракарміцца са сваіх мізэрных надзелаў, таму звычайнай з'явай была наёмная праца ў вёсцы на больш заможных гаспадароў. У сярэдзіне 20-ых гадоў некваліфікаваны работнік мог зарабіць 2–4 злотых у дзень (жанчына — у два разы менш), кваліфікаваны — 5–8 злотых, а калі са сваім канём, то 10–15. Пры тагачасных цэнах заробкі былі не вельмі значныя. А калі ўлічыць, што сяляне былі вымушаны плаціць немалыя падаткі, дык стане зразумела, што гэтых грошай не хапала. Запазычанасць па падатках была звычайнай з'явай.

Акрамя працы ў якасці парабкаў, малазямельныя або беззямельныя сяляне маглі арэндаваць участкі, што таксама было вельмі нязручна. Даводзілася плаціць за карыстанне сенажацямі, за збіранне ламачча ў лесе і г.д. Такі фінансавы ўціск значна пагаршаў становішча сялянства. Не дзіўна, што цяжкія ўмовы жыцця і працы, беднасць вымушалі многіх эмігрыраваць "за лепшай доляй" у заакіянскія краіны: ЗША, Канаду, Аргенціну. У 1929 — 1936 гг. з Заходняй Беларусі выехала каля 50 тысяч чалавек, у тым ліку з Лунінецкага павета — каля 3000. Лёс гэтых гаротных на чужыне складаўся па-рознаму: адны выбіваліся ў людзі, другія — гібелі.

Аграрная палітыка ўлад характарызавалася і стварэннем хутароў, якія ў 1939 г. складалі каля 70 % усіх гаспадарак. На хутарах імкнуліся, перш-наперш, пасяліць так званых "асаднікаў" (з ліку былых жаўнераў і паліцэйскіх, членаў "Стралецкага саюза" і г.д.), якія былі актыўнымі прыхільнікамі ўлад. Асабліва важна было гэта ў блізкіх да граніцы раёнах.

Здараліся ў вёсцы неўраджайныя, галодныя гады. Напрыклад, вельмі цяжкі выдаўся 1932 г., калі ўжо зімою ў часткі сялян скончыліся запасы хлеба. 17 лютага мясцовыя ўлады склалі спісы людзей па 20 вёсках, у якіх амаль кожнай другой сям' і неабходна была дапамога, бо пачынаўся голад. Так, у Бродніцы ў вельмі цяжкім становішчы апынуліся 437 чалавек з 869, у Вульцы — 419 з 812 і г.д.

Лунінецкі павятовы стараста В. Чахоўскі неаднойчы звяртаўся ў Брэст да ваяводы з просьбай аб дастаўцы зерня. Ён зазначаў, што ў значнай часткі сялян няма грошай для яго набыцьця. Пытанне з дапамогай было вырашана не адразу, а пасля даволі доўгай бюракратычнай валтузні.

Дапамога дазволіла сялянам так-сяк пракарміцца, але ўсёй праблемы не вырашыла. Голад працягваўся і ў наступную зіму. Напрыклад, новы стараста Цэрдзыньскі 30 снежня 1932 г. паведамляў у Брэст, што атрыманы яшчэ крэдыт на 150 тон жыта, з якіх галадаючым Лунінецкай гміны выдадзена 30 тон, Лахвенскай — 20, Чучавіцкай — 40 тон...

Канешне, такое здаралася не кожны год. Былі гады і ўраджайныя. Нярэдка змянялася рыначная кан'юнктура, калі ўзрасталі або зніжаліся цэны на пэўныя сельскагаспадарчыя тавары — у першым выпадку сяляне, якія мелі што прадаць, крыху паляпшалі сваё матэрыяльнае становішча. У шчырасці да працы адмовіць лунінецкім сялянам было нельга. Напрыклад, у справаздачы палескага ваяводы за 1930 г. паведамлялася аб правядзенні конкурсу на лепшую сельскагаспадарчую прадукцыю ў трох паветах Палескага ваяводства — Брэсцкім, Пінскім, Лунінецкім, дзе 1-ае месца па вырошчванні парасят заняла жыхарка Лахвы Ганна Макоўская.

Сяляне не цураліся перадавых па тым часе метадаў гаспадарання. Так, у канцы 20-ых — пачатку 30-ых гадоў у Луніне было арганізавана маладзёжнае сельскагаспадарчае таварыства, ці Саюз сельскай моладзі (такія таварыствы былі распаўсюджаны ў Польшчы). Члены саюза вучыліся перадавым метадам вырошчвання бульбы, льну, гародніны, апрацоўкі зямлі. З гэтай мэтай былі створаны вучэбныя курсы. У 1929 г. група маладых лунінчан была накіравана ў Дубай, а другую групу, якая спецыялізавалася на здабычы, апрацоўцы і выкарыстанні торфу, адправілі на работу і вучобу ў Сарны.

Але эканамічнае расслаенне ў вёсцы было рэальнасцю. Частка вясковай беднаты парабкавала, а частка была вымушана ісці працаваць на прадпрыемствы.

Паколькі польскі ўрад лічыў "крэсы ўсходнія" аграрным дадаткам Польшчы, які з'яўляўся рынкам збыту для тавараў польскай прамысловасці, то ён ствараў тут прадпрыемствы перапрацоўчай вытворчасці.

Вядучае месца сярод прадпрыемстваў займалі лесаапрацоўчыя, якія былі найбольш буйнымі ў ваяводстве як па колькасці рабочых, так і па выпуску прадукцыі. Шырока вядомай была фірма "Агахель", якая ў свой час набыла шмат лясоў у буйнога чучавіцкага землеўладальніка Агаркава. У выніку фірма валодала 55 тысячамі гектараў лясоў і балот вакол Чучавіч. Яна пастаўляла лес на фанерную фабрыку ў Мікашэвічы, саўладальніцай якой была таксама. У многіх газетах і часопісах Польшчы 20 — 30-ых гадоў друкаваліся рэкламныя аб'явы гэтай фірмы. Адна з іх гучыць так: "Дрэваапрацоўчая прамысловасць. "Агахель". Акцыянерная кампанія ў Мікашэвічах. Тэлефоны 4 і 12. Праўленне — Варшава, вул. Ясная, 11. Тэлефон 680-71. Эксплуатацыя ўласных лясоў Леніна — Чучавіцкага маёнтка ў Лунінецкім павеце".

"Агахель" і "Ольза" валодалі буйнымі па тым часе прадпрыемствамі ў Мікашэвічах. У 1933 г. на фабрыцы першай фірмы працавалі 131 мужчына і 3 жанчыны, а на фанернай фабрыцы "Ольза" — 267 мужчын і 68 жанчын. У Дзяніскавічах (сучасны Ганцавіцкі раён) існаваў стары і невялікі лесапільны завод князя Альберта Радзівіла. Лесапільныя заводы былі і ў Бастыні (фірмы "Хейвуд", 147 мужчын і 3 жанчыны), Навасёлках (14 рабочых), Сінкевічах (22 рабочыя). У Дзятлавічах на трох прадпрыемствах працавалі 36 чалавек. Працавалі лунінчане і на лесапільных заводах фірм "Лесцер" (232 рабочыя) і "Гіпс Цімбер форэст компані" (70 рабочых).

Ад станцыі Лоўча да Лунінскага лесапільнага завода, што належаў Ю. Бромбергу, была працягнута вузкакалейка даўжынёй 350 м. Лес на завод вазілі з Чучавіч і Люшчы. Тут жа былі пабудаваны маслабойня, сячкарня, мукамольны завод. Прадукцыя мясцовай піларамы (дошкі) прадавалася ў Англію і Германію.

Калі лесаапрацоўчыя прадпрыемствы па тым часе буйныя, то іншыя галіны прамысловасці ў асноўным прадстаўлены невялічкімі майстэрнямі. У тым жа 1933 г. становішча было наступнае. У павеце налічвалася 6 цагельных заводаў — Янкеля Клаза ў Любані (8 рабочых), Ёзеля Сазевіча ў Чэрабасаве (6), Якава Юрэвіча ў Азярніцы (2), Яна Абуховіча ў Кругавічах (2), Я. Ліфшыца ў Мокраве і ў Любачыне ўсяго па 2 рабочых. Было 7 смалакурняў, у якіх таксама было занята ад 2 да 3 рабочых.

Шмат было невялічкіх млыноў, у тым ліку вадзяны Неміровіча ў Дварцы (2 рабочых), паравыя — у Язвінках (2), у Вульцы-2 (3), Шэрашэўскага ў Дзятлавічах (1). Астатнімі млынамі валодалі: у Лунінцы — Мойша Флейслер (2 рабочых) і Міхценфельд (2), У Бастыні — Ружанскі (2), у Дзятлавічах — Мойша Луцкі (2), у Рэдзігераве — Мураўчык (2), у Кажан-Гарадку — Луцкі (2) і Цыперштэйн (1), у Азярніцы — Юзэф Кузьма (2), у Чырвонай Волі — Ракомча (2), у Сінкевічах — Абрам Бушэль (1), у Мокраве — Ян Ананіч (1), у Лахве — Мойша Файнберг (2), Лебецкі (1) і Мураўчык (2), у Мікашэвічах — Лейба Партны (2), у Гаўрыльчыцах — Ян Вялічка (1), у Вічыне і Новым Двары — Шчыт (2), у Чучавічах — Вако і Пагарэльскі (2).

У Лунінцы існавалі дзве друкарні — Левіна (1 рабочы ), Айзенберга (2). У Лахве на электрастанцыі працавалі 2 рабочыя. I канешне, як і раней, буйнымі былі чыгуначныя прадпрыемствы на станцыях (асабліва ў Лунінцы), якія забяспечвалі рух цягнікоў, выконвалі рамонтныя работы і г.д.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter