Згодна з Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка 1921 г., Лунінеччына была ўключана ў склад Польшчы. У сувязі з гэтым быў зменены адміністрацыйны статут раёна. На яго тэрыторыі быў створаны Лунінецкі павет, у які ўвайшлі гміны (воласці) былых Пінскага (Дабраслаўка, Кажан-Гарадок, Пагост, Столін, Лунін, Плотніца, Церабежаў, Хатынічы), Мазырскага (Бяроза, Давыд-Гарадок, Лахва, Хорск, Чучавічы) і Слуцкага (Кругавічы, Заастровічы) паветаў. Яшчэ раней, у лютым 1921 г., Лунінец афіцыйна стаў горадам і павятовым цэнтрам. А пасля дагавору павет увайшоў у склад Палескага ваяводства, дзе і заставаўся да 1939 г.
6 снежня 1922 г. Бярозаўская, Дабраслаўская, Пагосцкая, Столінская, Церабежаўская і Хорская гміны былі перададзены ў склад новага Столінскага павета, Заастровіцкая гміна 4 мая 1926 г. адышла да Несвіжскага павета Навагрудскага ваяводства. 23.03.1928 г. была ліквідавана гміна ў Кажан-Гарадку, Лунінская гміна ўвайшла ў склад створанай Лунінецкай. У выніку гэтых змен у 1939 г. у павеце было 6 гмін: Кругавіцкая, Лахвенская, Лунінецкая, Лунінская, Хатыніцкая і Чучавіцкая.
Перапіс 1931 г. засведчыў, што насельніцтва павета складала 108 663 чалавекі, а плошча — 5 632 квадратных км (19 чалавек на 1 квадратны км). Црацягласць грунтавых дарог была 1349 км., чыгунак — 161 км, яшчэ 70 км вузкакалеек, рэкі і каналы складалі разам 400 км. Жылых пабудоў было 19 350.
Захавалася датаваная 1930 г. карта Лунінца і навакольных вёсак з пазначэннем колькасці жыхароў. Неабходна, аднак, заўважыць, што лічбы гэтыя часта не супадаюць з іншымі звесткамі. Тым не менш карта дае агульнае ўяўленне пра населеныя пункты і дазваляе вызначыць буйнейшыя з іх. У Лунінцы названа лічба ў 10 017 жыхароў, у Мелясніцы — 207, Вульцы-1 — 901, Крэстунове (сучасны Палескі) — 113, Луніне — 1833, Лоўчы — 30, Белым Возеры — 198, Бастыні — 1477, Дзятлавічах — 1303 (дарэчы, у 1933 г. тут было 1814 жыхароў), у Купаўцах — 209, Бараўцах — 389, Новым Двары — 32, Замошшы — 105, Яжаўках — 105, Ракітна — 746, Чырвонай Волі — 1297, Вульцы-2 — 783, Бродніцы — 731, Дварцы — 905, Вічыне — 1000, Язвінках — 775, на хутарах: Яжурнскім Юзэфіне — 136, Яжаўскіх — 112, у Сасноўцы — 6 і г.д.
Архіўныя даныя за 1930 г. называюць колькасць павятовага насельніцтва ў 100 218 жыхароў і сведчаць, што беларусаў было 78,8 %, палякаў 10,2 %, яўрэяў — 9 %, украінцаў — 1 %, рускіх — 0,5 %, іншых нацыянальнасцей — 0,5 %. Перапіс жа 1931 г. удакладняе гэтыя лічбы: 83 178 беларусаў, 16 535 палякаў, 264 украінцы, 7831 яўрэй, 185 немцаў, 596 рускіх, па 2 чэхаў і літоўцаў, 41 іншых.
Цэнтр павета Лунінец паступова набываў рысы невялікага горада. Першая сусветная і грамадзянская войны, на шчасце, не вельмі змянілі яго знешні выгляд — у адным з дакументаў польскі чыноўнік зазначаў, што ў гады ліхалецця быў зруйнаваны толькі адзін дом. Горад займаў каля 9,2 квадратнага км плошчы, тут мелася 1835 будынкаў. Праз вузлавую чыгуначную станцыю штодзённа праходзілі 16 цягнікоў і яшчэ 4 мясцовыя. Лунінец займеў уласныя дзяржаўныя ўстановы: тут былі павятовае староства і сеймік, магістрат, міравы суд, а таксама прадпрыемствы, установы асветы, аховы здароўя і культуры... I тым не менш архіўныя дакументы сведчаць, што погляды польскіх улад на перспектывы развіцця павета і яго Цэнтра былі досыць песімістычныя. Гандаль у горадзе быў развіты слаба, не было рынку, не праводзіліся кірмашы. Хуткі рост горада не прадугледжваўся, ды і насельніцтва, на думку чыноўнікаў, тут "убогае".
Канешне, умовы працы і побыт вяскоўцаў былі яшчэ горшымі, чым у местачкоўцаў і гараджан. Але і ў апошніх праблем хапала.
Аб чым клапаціліся ўлады, дык гэта аб ваенна-паліцэйскім апараце, які ажыццяўляў рэпрэсіі. Адна з жыхарак Лунінца прыгадвала: "Жорстка расправіліся белапалякі з мясцовымі бальшавікамі і актыўнымі памочнікамі Савецкай улады. Толькі ў 1919 годзе без следства і суда былі расстраляны 40 чалавек. З іх запомніла адно прозвішча — Георгій Дрозд. У горадзе размясцілася палявая жандармерыя са службовымі сабакамі, дэфензіва — ахранка з вялікім штатам сышчыкаў. Кожны жыхар быў на ўліку".
На працягу ўсяго перыяду польскага панавання ўлады не спынялі рэпрэсій. Прычын таму было некалькі. Павет быў размешчаны побач з мяжой, якая праходзіла за Мікашэвічамі, па рацэ Случы. Пачынаючы з 1914 г. на Беларусі адбываліся значныя міграцыі насельніцтва — сотні тысяч бежанцаў пакідалі свае сядзі6ы. Пачатак 20-ых гадоў — час вяртання многіх з іх дамоў. Сярод людзей, што прыязджалі з Расіі, былі і былыя чырвонаармейцы, і ўвогуле незадаволеныя палітыкай польскіх улад. Канешне, і сярод мясцовага насельніцтва хапала "падазроных" асоб. Пасля мірнага дагавора 1921 г. адкрытыя баявыя дзеянні паміж Савецкай Расіяй і Польшчай спыніліся, але Лунінец і іншыя мястэчкі каля граніцы яшчэ некаторы час былі базамі для атрадаў Булак-Балаховіча, што засылаліся ў БССР. З другога боку, савецкае камандаванне актыўна падтрымлівала ўсімі сродкамі партызанскі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У Лунінецкім павеце ў першай палове 30-ых гадоў дзейнічалі 7 партызанскіх груп, у тым ліку — партызанскі атрад К.П. Арлоўскага.
Подробнее...