Стварэнне пошты

 
У 1885 г. на Палескіх чыгунках мелася ўсяго 68 паравозаў, з іх ніводнага пасажырскага, таму пасажырскія цягнікі вадзілі таварныя паравозы. У 1909 г. было ўжо 345 паравозаў, з іх 68 пасажырскіх. Вагонаў у 1885 г. было: таварных — 1511, пасажырскіх — 200, а ў 1909 г. — адпаведна 7927 і 410. Цікава, што ў 1909 г. праз Лунінец за суткі абарочвалася 1800 таварных вагонаў (праз Баранавічы — 1200, праз Вільню — 550).

У першыя гады выкарыстання Палескіх чыгунак пасажырскі рух праз Лунінец ажыццяўляўся адной параю паштова-таварна-пасажырскіх цягнікоў. З 1887 г. была ўведзена другая пара таварна-пасажырскіх цягнікоў на лініі Вільня — Лунінец — Роўна, а з зімы 1892 г. — і на лініі Брэст — Лунінец — Бранск. З 1896 г. праз Лунінец на лініі Вільня — Роўна пачалі рух два хуткія паязды. У 1899 г. на Палескія чыгункі паступілі хуткаходныя пасажырскія паравозы, хуткасць цягнікоў узрасла да 44,1 вярсты ў гадзіну. На участках Вільня — Лунінец і Лунінец — Пінск з 15 верасня 1909 г. пачалася перавозка пасажыраў 4-га класа па адзінкавых білетах у паскораных таварных цягніках.

Да 1885 г. з усіх станцый Палескіх чыгунак было вывезена 980 тысяч пудоў грузаў. Асобны артыкул гэтых грузаў — лес. У пачатку нашага стагоддзя грузаабарот толькі Лунінецкага чыгуначнага вузла ўзрос да 5,5 млн. пудоў (у асноўным лесаматэрыялаў), у Мікашэвічах грузілася да 0,9 млн. пудоў драўніны ў год, на станцыі Люшча — каля 0,7 млн. пудоў.

У той жа час у Лунінцы пачала дзейнічаць пошта. Мясцовае паштовае аддзяленне адкрылася 104 гады назад — у ліпені 1887 г.

Можна ўпэўнена сцвярджаць, што гарадская пошта пачыналася з чыгуначнай станцыі. Калі праз Лунінец пайшлі цягнікі з паштовымі вагонамі, з'явілася неабходнасць перагрузкі, захавання і прыёмкі пошты. У зборніку загадаў па паштоваму ведамству за 1885 г. (№ 24) запісана: "...назначыць з нагоды маючага адбыцца адкрыцця руху па Лунінецка-Гомельскай чыгунцы — аднаго памочніка загадчыка ніжэйшага акладу, трох раз'язных чыноўнікаў вышэйшага акладу і чатырох паштовых служачых". Гэтыя чыноўнікі абслугоўвалі паштовыя вагоны, што прыходзілі ў Лунінец або праходзілі праз яго. У гэтым зборніку за 1886 г. Лунінец названы як станцыя для прыняцця і выдачы пошты. Для захавання вялікай колькасці карэспандэнцыі і быў пабудаваны побач са станцыяй драўляны будынак пошты. Праз некаторы час у ім уладкавалася гарадская паштова-тэлеграфная кантора. Уся карэспандэнцыя, што рассылалася з паштовых вагонаў па станцыях прызначэння, перавозілася ў мяхах, на якія прыклейваліся спецыяльныя ярлыкі з надпісам: "З пачтовага вагона № 30 у Лунінец. Мех №...".

З іншых дакументаў таго часу можна даведацца, што станцыя Лунінец значыцца ў "Почтовом дорожнике Российской империи" за 1888  г. у маршруце № 18 Брэст-Літоўск — Руза. У папярэднім "Дорожнике" (за 1880 г.) такой паштовай станцыі яшчэ няма. У лістападзе 1888 г. паштовае аддзяленне ў Лунінцы пераўтворана ў паштова-тэлеграфную кантору. Але ў Лунінцы "тэлеграфнае дзеянне" (як тады казалі) існавала яшчэ раней на чыгуначнай станцыі. Адзін тэлеграфны апарат Морзе быў пастаўлены тут яшчэ ў час адкрыцця руху цягнікоў па пабудаванай лініі. Гэты станцыйны тэлеграф належаў Палескім чыгункам. Пры будаўніцтве чыгуначных пуцей ад Лунінца ва ўсіх напрамках былі падвешаны два тэлеграфныя правады, але паступова колькасць правадоў павялічылася, і з мясцовага тэлеграфа можна было звязацца з кожным маючым сувязь пунктам імперыі.

Пошукі прозвішчаў паштова-тэлеграфных служачых лунінецкай станцыі я працягваў у народным музеі Беларускай чыгункі ў Мінску. У фондах музея і знайшоў фотаздымак разавага білета за 1919 г. для безграшовага праезду ад ст. Лунінец да Гомеля, выдадзенага на імя тэлеграфіста Марыі Буравай. Але засталося невядомым, была Бурава жыхаркай нашага горада ці знаходзілася тут праездам.

Вось тэлеграма, дасланая з Пінска ў Лунінец на імя станавога прыстава. Па правілах службы ў паліцыі Расіі, малодшы паліцэйскі чын не меў права без дазволу начальства ўступаць у шлюб. Для атрымання дазволу неабходна было не толькі падаць прашэнне, але і даць некаторыя анкетныя даныя аб сваёй выбранніцы. Лунінецкі паліцэйскі Харужын вырашыў уступіць у шлюб, аб чым паведаміў свайму начальству ў прашэнні з дадаткам даных аб сваёй нявесце. У адказ была даслана тэлеграма: "Тэлеграф у Лунінцы. Прынята з апарата № 91 з Пінска 4.7.1889 г. Уступіць у шлюб урадніку Харужыну дазваляю. Спраўнік Юнацкевіч". У той жадзень тэлеграма была ўручана жаніху з прыпіскай: "№ 1791. 4 ліпеня 1889  г. Гэту тэлеграму перадаю паліцэйскаму ўрадніку 15 участка Харужыну. Прыстаў першага стана Пінскага павета Марокін" (ці Маронін). Бланк тэлеграмы складваўся пакетам і ўмацоўваўся спецыяльнай заклейкай.

Яшчэ раней тэлеграфны апарат Морзе быў устаноўлены на станцыі Лунінец. Тэлеграф тут меў свае імянныя бланкі тэлеграм жоўтага колеру з надпісам буйным шрыфтам "Палескія чыгункі", якім ён належаў. Да іх адносіліся лініі Лунінец — Баранавічы — Ліда і Гомель — Лунінец — Брэст. Вакзальнае паштовае аддзяленне ўжывала для гашэння карэспандэнцыі авальны штэмпель з надпісам: "Лунінец — Вакзал". У цэнтры — дата.

Цікава даведацца і аб руху паяздоў праз Лунінец. Раскрыем газету "Минские губернские ведомости" № 52 за сераду 15 ліпеня 1898 года. На 6-ай старонцы газеты сярод паведамленняў і аб'яў надрукаваны "Расклад руху пасажырскіх паяздоў па Палескіх чыгунках з 6 мая 1898 года". З яго бачна, што на участку Вільня — Роўна праз Лунінец праходзілі хуткі поезд "Вільня — Роўна" № 1 (2), паштовы № 3 (4) і таварна-пасажырскі № 7 (8). На участку Бранск (Рыжска-Арлоўскай чыгункі) — Брэст (Прывіленскай чыгункі) праз Лунінец праходзілі два паязды — паштовы № 36 (46) і таварна-пасажырскі № 5 (6). Ужо ў пачатку XX ст. станцыя Лунінец лічылася буйным чыгуначным вузлом, а вакзал меў не толькі паштовае аддзяленне, але і буфет. У раскладах руху паяздоў таго часу пра гэта спецыяльна паведамлялася. На лініі Вільня — Сарны буфеты знаходзіліся толькі на 7 вакзалах.

У маёй калекцыі знаходзіцца больш дзесятка пісьмаў, канвертаў і паштовых картак, якія былі адпраўлены ў Лунінец ці з Лунінца ў розныя гады XIX і ў пачатку XX ст. Сам тэкст пісьма, напісанне адраса, найменне населеных пунктаў, паштовыя штэмпелі таго часу — усё гэта ў той ці іншай ступені гістарычныя даныя.

Напрыклад, як сёння адправіць пісьмо з Чучавіч у Лунін? Кінуць у паштовую скрынку ў Чучавічах, і яго давязуць паштовым аўтамабілем да Лунінца, пісьмо пройдзе сартаванне і зноў машынай ці ў паштовым вагоне дойдзе да Луніна. А як было ў 1893 г.? На гэта пытанне даюць адказ паштовыя штэмпелі на пісьме.

Вось пісьмо з Чучавіч у Лунін, на імя Лунінскага валаснога праўлення, адпраўленае 12 студзеня. Зрабіўшы доўгі шлях у санях, 18 студзеня яно трапіла ў Лахвенскае паштовае аддзяленне, а затым — у паштовы вагон № 54 поезда "Кіеў — Граева", які ішоў праз Лунінец, і, нарэшце, у Лунін. Цікава напісаны адрас на гэтым пісьме:"... праз станцыю Лунінец у в. Лунін".

Вось паштоўка з Жытоміра ў Лунінец за 1909 г. Лунінецкі паштовы штэмпель мае ўжо іншы выгляд, чым у канцы мінулага стагоддзя. Ён складаецца з дзвюх акружнасцей з надпісам: "Лунінец Мін. 24.8.09". Цікавы адрас і на гэтым паштовым адпраўленні: "Лунінец. Аляксандру Міхайлавічу пану Гражэвічу, маёнтак Чачавіцы" (недзе ў наваколлі Лунінца). Відаць, гэтага адраса паштовым работникам было дастаткова.

У той час Лунінецкай поштай ужывалася некалькі відаў паштовых штэмпеляў. Яны адрозніваліся літарнымі індэксамі, размерам і розным напісаннеМ: "Мінская губерня", "Мін.", "Мінск Т.", "Мінск". Прымяняліся яны да 1921 г. Для заказных пісьмаў пошта ўжывала спецыяльную наклейку з чырвонай вялікай літарай "З" і чорным надпісам "Лунінец" у чырвонай рамцы.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter