З 1812 г. на працягу стагоддзя тэрыторыю Беларусі абыходзілі войны са знешнім агрэсарам. Але лунінчане ваявалі за межамі Расіі. У Чучавічах, напрыклад, свяшчэннікам у царкве працаваў Мікалай Сцепуржынскі, за ўдзел у Крымскай вайне 1853 – 1856 гг. узнагароджаны медалём на Андрэеўскай стужцы. Бойка з в. Лугі — аднавяскоўцы звалі яго "Туркам", ён удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877 – 1878 гг. ...
А летам 1914 г. пачалася першая сусветная. Вайна закранула нашы мясціны праз год пасля свайго пачатку. Да таго баявыя дзеянні праходзілі за межамі Беларусі — у Польшчы, Галіцыі, ва Усходняй Прусіі. Але вясной 1915 г. немцы перакінулі на Усходні фронт з Францыі шэраг вайсковых злучэнняў, у тым ліку гвардыю. Да іх далучыліся саюзныя войскі Аўстра-Венгрыі. У выніку была створана адзінаццатая армія генерал-фельдмаршала фон Макензена. Месца для прарыву фронту вораг абраў у Галіцыі, ля мястэчка Горліца. Пачаўся адыход рускіх войск з Галіцыі. Пад пагрозай акружэння яны былі вымушаны пакінуць і Польшчу. Так ваенная навала дасягнула Брэстчыны.
Трэба сказаць, што ваеннае становішча ў беларускіх губернях было аб'яўлена адразу ж пасля пачатку вайны. Але практычныя мерапрыемствы па абароне краю былі нязначнымі.
Між тым немцы пачалі рыхтавацца да захопу Брэста. У пачатку ліпеня 1915 г. імі была створана Бугская армія генерала Лінзінгена, якой належала абысці Брэст з усходу і акружыць тут рускую групоўку. У пачатку жніўня дзве першыя нямецкія дывізіі фарсіравалі Буг. Цяжкія баі праходзілі на тэрыторыі сучасных Брэсцкага і Маларыцкага раёнаў.
Пасля захопу Брэста вораг працягваў ісці на ўсход. Разам з рускімі войскамі адыходзіла і насельніцтва. Людзей ніхто не хаваў пасля таго, як іх знішчалі кулі, тыф, дызентэрыя і халера. Самі гаспадары тут жа рэзалі сваю жывёлу і кідалі ў балота, бо не маглі гнаць далей. У сярэднім за вайну руская армія штомесяц страчвала па 140 тысяч чалавек, а ў час адыходу ў 1915 г. — па 235 тысяч. Гэты адыход абышоўся ёй амаль у паўтара мільёна забітых і параненых салдат і афіцэраў... Але ў самых цяжкіх умовах салдаты трэцяй і чацвёртай рускіх армій працягвалі змагацца з ворагамі. Баі адбыліся пад Антопалем, Кобрынам, Драгічынам... Усё ж немцы здолелі захапіць большую частку Брэстчыны. Пасля цяжкіх баёў вораг 2(15) верасня ўвайшоў у Пінск. Дарэчы, у час баёў за Пінск немцы абстралялі лагер бежанцаў хімічнымі снарадамі (і гэта не адзіны выпадак выкарыстання імі атрутных рэчываў. Праўда, руская армія таксама выкарыстоўвала іх). Рускія адышлі ад Пінска за Ясельду і Агінскі канал... Вораг захапіў і Баранавічы, дзе раней размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання.
Восенню 1915 г. фронт на тэрыторыі Беларусі стабілізаваўся. Вораг захапіў чвэрць Беларусі, дзе пражывала больш як 2 мільёны чалавек. Больш за мільён беларусаў вымушаны былі пакінуць родныя мясціны, уцякаючы ад нямецкага "новага парадку" з яго расстрэламі, рэквізіцыямі, прымусовай працай, вывазам людзей у Нямеччыну. У час вайны было разбурана мноства прадпрыемстваў, спалена 140 тысяч будынкаў.
Пасля 1915 г. немцы ў Беларусі не здолелі прасунуцца наперад. Больш таго, у 1916 г. рускія войскі самі правялі некалькі наступальных аперацый, у тым ліку — Баранавіцкую. Апошняя пачалася ў час славутага Брусілаўскага прарыву.
Трэба зазначыць, што раён Прыпяцкага Палесся, у тым ліку і прыфрантавая Лунінеччына, быў даволі пасіўным напрамкам.
У гады першай сусветнай Лунінец зрабіўся буйной тылавой базай Заходняга фронту, тут знаходзіліся шматлікія склады зброі, харчавання для арміі, фуражу для коней, палявая вайсковая хлебапякарня № 73, палявыя рамонтныя майстэрні, шпіталі, сапёрныя часці, 411-ая пешая Кіеўская дружына і інш. У мястэчку мелася афіцэрская гасцініца.
Узрасло значэнне Лунінца як буйнога чыгуначнага вузла, бо Пінск і Баранавічы былі заняты кайзераўскімі войскамі і Лунінец стаў апошняй станцыяй перад фронтам, да якой даходзілі цягнікі і дзе разгружаліся вайсковыя эталоны. Паэт А. Блок, які пабываў у той час у нашым горадзе і праходзіў недалёка ад яго службу ў 12-ай інжынерна-будаўнічай дружыне, пісаў у адным са сваіх лістоў у Петраград: "...раніцай і вечарам нас наведвае аэраплан, які кідае бомбы галоўным чынам на мост у Парахонску і на станцыю Лунінец, дзе 90 пуцей..." Але паэт не прыгадаў, што некалькі разоў над Лунінцом з'яўляўся нямецкі дырыжабль-цэпелін, з якога бомбы падалі не толькі на чыгуначны вузел...
Жыццё ў прыфрантавым мястэчку было цяжкае. Не хапала прадуктаў, фуражу, дроў. Нават грошай не хапала. Так, у Расіі ў перыяд першай суcветнай катастрафічна не хапала папяровых грошай, асабліва ў прыфрантавых раёнах. Закранула гэта і рабочых, і служачых чыгункі — не было чым плаціць заробак. Таму Упраўленне Палескай чыгункі выпусціла свае папяровыя грошы для задавальнення фінансавых патрэб. Эскізы трох-, пяці- і дзесяцірублёвых купюр былі намаляваны чарцёжнікам ўпраўлення Валовічам і надрукаваны ў Гомелі. у 1917 г. гэтыя грошы з'явіліся ў абарачэнні на станцsях Лунінец, Мікашэвічы, Лахва, Сінкевічы.
У адным з архіўных дакументаў за 1916 г. паведамляецца, што "...большасць жыхароў, напалоханыя налётам варожых аэрапланаў, паехалі з Лунінца, працоўныя рукі адсутнічаюць, цэны на фураж вельмі высокія". Ваеннае ліхалецце 1916 – 1918 гг. прымусіла шмат сем'яў чыгуначнікаў эвакуіравацца ў Палтаўскую губерню. Было эвакуіравана і жаночае вучылішча. Усе лунінецкія бежанцы былі паселены ў некалькіх паветах Палтаўшчыны. Некалькі сем'яў жылі на ст. Капылы, у тым ліку і сям'я кандуктара А.Г. Рыбчынскага, што знайшла прытулак у служачага станцыі А. Майбарады. Жылі нашы землякі і ў прыгожай украінскай вёсцы Гаўронцы. Захавалася паштоўка, якую даслалі адтуль у Лунінец. У ёй адна з вучаніц паведамляе бацькам, што "дні праходзяць цікава, нядаўна былі на шведскім полі" (на полі Палтаўскай бітвы). Шмат сем'яў так і не вярнуліся пасля вайны на радзіму. Лёс раскідаў іх па ўсёй Расіі.
Няшмат вядома пра нашых землякоў, якія прымалі ўдзел у першай сусветнай вайне. Загінуў на фронце Лукаш Іванавіч Калянковіч з вёскі Лахаўка (1877 – 1916), узнагароджаны Георгіеўскім крыжам за храбрасць, з некалькімі ж такімі ўзнагародамі вярнуўся дамоў Марк Васільевіч Лейчык з вёскі Сітніцкі Двор. У Азярніцы памятаюць франтавікоў-аднавяскоўцаў Рыгора Барысавіча Грычыка (н. у 1894), Кірэя Трафімавіча Юрцэвіча (н. у 1891), Саву Пятровіча Юрцэвіча (н. у 1885). А Абрам Оваддзевіч Юлевіч (1891 – 1941) з Лахвы і Іван Паўлавіч Буневіч з Сінкевіч прайшлі выпрабаванне нямецкім палонам, адкуль вырваліся толькі ў пачатку 20-ых гадоў. Многія ўдзельнікі першай сусветнай вайны працягвалі баявыя дзеянні ў перыяд грамадзянскай, аб іх паведамляецца ў наступным артыкуле.
А колькі прозвішчаў ужо нельга ўзнавіць? Колькі людзей загінула на чужыне?..
Набліжаўся 1917 год. Ваенныя нягоды паскорылі звяржэнне самаўладдзя.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі значна паскорыўся працэс распаду царскай арміі. Цікавае сведчанне ёсць у мемуарах белага генерала А.I. Дзянікіна "Нарысы рускай смуты", у першым томе "Крах улады і арміі": "Паміж Дзясной і Прыпяццю цягнуўся Заходні фронт. На ўсім яго вялікім размяшчэнні два накірункі: Мінск — Вільня і Мінск — Баранавічы — мелі для нас найбольшую важнасць.., па-другое — заўсёды выклікала некаторае апасенне, тым больш, што ў рэзерве там была толькі адна конная дывізія. Астатнія раёны фронту, і асабліва паўднёвы — лясіста-балоцістае Палессе, — па ўмовах мясцовасці і дарог з'яўляліся пасіўнымі, а па Прыпяці і прытоках яе і каналах здаўна ўстанавілася нават нейкае паўмірнае суіснаванне з немцамі, з развіццём узаемавыгаднага для "товарищей" тайнага тавараабароту. Паступалі, напрыклад, данясенні, што ў Пінск на базар штодзённа з'яўляюцца з пазіцыі рускія салдаты-мяшочнікі, і іх з'яўленне па розных прычынах заахвочваецца нямецкімі ўладамі".
Трэба, вядома, адзначыць пэўную тэндэнцыйнасць і аднабаковасць успамінаў, але пад уплывам рэвалюцыйных падзей у рускай арміі сапраўды пачаўся шырокі рух за мір, адной з формаў якога былі масавыя "братанні" з немцамі.
У пачатку 1918 г. старая армія канчаткова распалася. Таму ў лютым 1918 г. немцы хутка занялі на Брэстчыне Лунінец, Ганцавічы, Ляхавічы, Столін, Давыд-Гарадок... Але гэтыя падзеі адносяцца ўжо да грамадзянскай вайны.
Падзеі наступных гадоў паступова засланілі ў людской памяці ўспаміны пра першую сусветную, да якой быў прымацаваны ярлык "імперыялістычнай". Яна і была такой па прычынах свайго ўзнікнення. Але вынес яе на сваіх плячах, як і ўсе астатнія войны, народ.
Подробнее...