Як яўрэі стварылі гродзенскую прамысловаcць

Ёсць у беларускай мове слова “хеўра” якое часам можна пачуць у размове ці нават пабачыць у друкаваным тэксце. Хеўрай сёння называюць кампанію людзей, аб'яднаных агульнымі інтарэсамі, або нават пагардліва характэрызуць тых, аб'яднаўся для нейкай злачыннай дзейнасці. Аднак мала хто ведае, што слова гэтае мае яўрэйскія карані.

На беларускіх землях у XVII – пачатку XX стагоддзяў хеўрамі называліся яўрейскія рамесніцкія цэхі, або, дакладней, рамесніцкія брацтвы. Хеўры былі часткай абшчыннай структуры і грунтаваліся на прынцыпах талмудычнага права. Мы ведаем пра існаванне яўрэйскіх цэхаў у Гродне не асабліва шмат. Першая хеўра паўстала ў Гродне ў 1652 г. і аб’ядноўвала яўрэйскіх краўцоў. Яе стварэнне стала вынікам мераў, прынятых каралеўскай уладай, каб зліквідаваць грунт для канфліктаў паміж яўрэйскімі і хрысціянскімі рамеснікамі. Ужо ў пачатку ХІХ ст. яўрэйскія рамеснікі складалі значна больш за палову ўсіх рамеснікаў Гродна. Яны мелі ўласныя малітоўныя дамы, абавязваліся падтрымліваць адзін другога падчас хваробы, выбіралі кіраўніцтва, якое ажжыцяўляла прадстаўнічыя функцыі перад уладамі горада. 

Самая вялікая фабрыка Беларусі

У сярэдзіне ХІХ ст. на беларускія землі імкліва наступаў капіталізм. Мноства яўрэйскай моладзі з перанаселеных беларускіх, украінскіх і польскіх мястэчак вырушыла ў вялікія гарады каб паспрабаваць шчасця ў бізнэсе. Такому перасяленню спрыялі некалькі фактараў: будаўніцтва чыгунак, якія ўплялі Беларусь у агульнарасійскую транспартную сістэму, адмена манаполіі дзяржавы на некаторыя віды дзейнасці, наогул паслабленні для яўрэйскага насельніцтва былой Рэчы Паспалітай. Поспеху дасягнулі не ўсе, большасць папоўніла шэрагі беднага гарадскога пралетарыяту, павялічыўшы да 1914 г. насельніцтва Гродна амаль да 60 тысяч чалавек (у 1856 г. каля 19 тысяч). Аднак некаторым такі ўдалося стварыць цэлыя прамысловыя імперыі. Сярод апошніх быў Лейба Шарашэўскі, які ў 1861 г. заклаў у Гродне фабрыку па вытворчасці цыгарэт. Разам з некалькімі памочнікамі Лейба Шарашэўскі і ягоны сын Іосіф рэзалі тытунь ды круцілі цыгарэты. Такіх фабрык у горадзе было вельмі шмат, яны туліліся па здымных кватэрах, нярэдка разараліся а ручная праца не давала ніякай магчымасці развіваць вытворчасць. І тады Іосіф Шарашэўскі пачаў дзейнічаць.

Спачатку ён запрасіў спецыяліста па вырабу цыгарэт з вялікай украінскай фабрыкі. Пазней, падчас дзелавой паездкі ў Кішынёў ён пабачыў цуд тэхнічнага прагрэсу – гільзанабіўны станок, які рабіў цыгарэты (набіваў тытунём папяровыя гільзы) пры дапамозе паравога рухавіка. Некалькі такіх станкоў, купленых разам з паравой машынай на восем конскіх сілаў, далі яму магчымасць назаўжды апярэдзіць сваіх канкурэнтаў. 

Ужо ў 1880-х гг. фабрыка Шарашэўскага займала цэлы квартал у самым цэнтры Гродна. На гэтым прадпрыемстве працавала каля паўтары тысячы гродзенцаў, таксама пераважна яўрэяў. Фабрыка, пераўтвораная ў пачатку ХХ ст. у акцыянернае таврарыства, стала цэлым кангламератам вытворчасцей, якое ажыццяўляла ўвесь цыкл ад пачатковай апрацоўкі тытуню (які прывозіўся з ўсёй Расійскай Імперыі) да ўласнай вытворчасці станкоў для вырабу цыгарэт, сігар, махоркі. Прадпрыемства мела склады і крамы ў Варшаве, Лодзі, Сімферопалі, Любліне, Вільні. Цягарэты з выявай рукі або падковы (таварныя знакі фабрыкі) артымалі залаты медаль на прамысловай выставе ў Парыжы ў 1889 г. Ужо тады прадпрыемства выплачвала падаткаў у казну Гродна ў дзесяць разоў больш, чым усе астатнія фабрыкі і заводы горада. 

Умовы працы на тытунёвай фабрыцы былі вельмі цяжкія. Часам яе нават называлі “вялікімі могілкамі рабочых”. Менавіта адсюль пачаліся першыя забастоўкі гродзенскага пралетарыята 1890-х гг. 

 Іосіф Шарашэўскі памёр у Варшаве 1 студзеня 1925 г. маючы 86 гадоў. Фабрыка ўжо тады не належала яму, паколькі была прымусова выкуплена польскім урадам. Па ягонаму жаданню былога ўладальніка тытунёвай фабрыкі пахавалі ў Гродне. Сотні чалавек прыйшлі развітацца з ім, паколькі ведалі яго не толькі як бізнэсмэна, яле і як філантропа. Іосіф Шарашэўскі заклаў у Гродне першую амбулаторыю для рабочых, школу для іх дзяцей, падарыў некалькі дамоў школе равінаў, пабудаваў прытулак для яўрэйскіх сірот, дзе адначасова выхоўваліся да сотні дзяцей. 

Былая фабрыка Шарашэўскага працуе ў Гродне дасюль. 

Друкары, літографы, пераплётчыкі 

 Яшчэ ў канцы 1850-х гг. вядомы даследчык генерал Павел Баброўскі расказваючы пра небагатую гродзенскую прамысловасць горада над Нёманам, назваў па імю толькі аднаго – рэзчыка Мойшу Мейлаховіча. Той быў настолькі знакамітым майстрам па выразанні пячатак, што да яго з’язджаліся высокапастаўленыя асобы з абодвух сталіц Імперыі, каб замовіць для свае фамільныя або фірмовыя пачаткі. Мойша Лейбавіч Мейлаховіч быў не проста таленавітым рэзчыкам па камні, але і дыпламаваным мастаком. У 1861 г. Расійская акадэмія мастацтваў прысвоіла гродзенцу званне вольнага мастака за па-майстэрску зробленую разьбу “Майсей прымае ад Бога скрыжалі з дзесяцю запаведзямі”. Такое званне адразу ставіла яўрэйскага майстра па над цэхавымі рамкамі і давала магчымасць закласці надзейны падмурак дабрабыту для сябе і сваіх дзяцей. І Мойша Мейлаховіч гэтай магчымасцю скарыстаўся. Ён перадаў свае веды сынам Ёселю і Давіду, якія ў 1868 годзе адкрылі ў Гродне ўласную літаграфію. Ягоныя нашчадкі аж да 1939 года валодалі адной з самых магутных гродзенскіх друкарняў, якая знаходзілася ў даліне Гараднічанкі, там, дзе цяпер знаходзіцца плошча Леніна. 

 Яшчэ ў 1770-х гг. гродзенскаму старасце Антонію Тызенгаўзу дасталася досыць добрая друкарня, якая раней належала езуітам. Для яе “паляпшэння” стараста запрасіў вядомага спецыяліста Нохіма Сокаля, які займаўся ліццём літар для друку. Сокаль стварыў адну з лепшых словалітняў на землях былой Рэчы Паспалітай. Ягоныя літары куплялі друкарні Вільні і Варшавы. Словалітня праіснавала прыкладна да сярэдзіны ХІХ ст. Там працавалі сын Нохіма Зімель і ягоны ўнук Хацкель Зімелевіч. 

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Гродне пачалі узнікаць прадпрыемствы з цікавай назвай – тыпалітаграфія. Гэта былі значна ўдасканаленыя друкарні, галоўнай асаблівасцю якіх з’яўлялася магчымасць друкавання літаграфій. Да канца XVIII стагоддзя амаль адзінай тэхнікай друкавання малюнкаў у кнігах была гравюра на медзі. Аднак тэхналогія іх вытворчасці была вельмі дарагой і, апрача працы мастака, патрабавала яшчэ ўдзелу і разьбяра – майстра, які пераносіў малюнак на медную пласціну. І толькі ў канцы XVIII ст. немец Алаізій Зэнэрфельд прыдумаў тэхніку літаграфавання. Гэта тэхніка засноўвалася на тым, што мастак наносіў малюнак нейкім тлустым матэрыялам на спецыяльны камень, а потым апрацоўваў камень слабой кіслатой. Кіслата змяняла структуру тых частак каменя, што апрацоўваліся тлушчам і ў выніку атрымліваўся малюнак, які патрэбна было толькі памазаць спецыяльнай фарбай і... можна было друкаваць. Так быў прыдуманы так званы “плоскі друк”, тэхналогія, якая, у адрозненне ад гравюры, дазваляла друкаваць многія тысячы адбіткаў і напоўніць кнігі разнастайнымі выявамі. 

У 1879 годзе першую ўласную тыпалітаграфію заснавалі прадстаўнікі заможнай мяшчанскай сям’і Лапіных. У 1881 годзе яна функцыянавала ў будынку Лапіных на вуглу сучасных вуліц Савецкай і Дамініканскай. Яе ўладальнікам быў Саламон Лапін, а з пачатку XX стагоддзя справы ў тыпалітаграфіі вяла яго ўдава Сора. У 1914 годзе двое сыноў Саламона Лапіна Аляксандр і Абрам выкупілі для свайго прадпрыемства будынак на вуліцы Аляксандраўскай, 46 у Гродне.

ерад Першай сусветнай вайной тыпаграфія друкавала галоўным чынам этыкеткі для гродзенскіх цыгарэт, каляровыя рэкламныя аб’явы, а з пачаткам вайны выдала нават некалькі цікавых прапагандысцкіх плакатаў, якія прадстаўлялі пераможныя бітвы расійскай арміі з немцамі. 

 Амаль адразу пасля вайны браты Аляксандр і Абрам Лапіны рашыліся на пашырэнне сваёй справы і ў 1923 г. пачалі вырабляць карты, што дазволіла ім перайменаваць сваю літаграфію ў „Першую краёвую фабрыку ігральных карт”. У міжваенныя гады на фабрыцы працавала да пяцідзесяці чалавек пад кіраўніцтвам тыпаграфа з Нямеччыны Макса Леапольда Коля. 

 Фабрыка братоў Лапіных у міжваенны час не была адзіным прадпрыемствам у Польшчы па выпуску ігральных карт. Але і попыт на гэты від тавару ў „шалёным” міжваенным дваццацігоддзі з яго салонамі, казіно і бандыцкімі “піўнушкамі” быў непараўнальна большым за сённяшні. Паколькі ігральныя карты былі хоць і хадавым, але досыць спецыфічным, таварам, звязаным з азартам і часта ашуканствам, дзяржаўныя ўлады пільна кантралявалі іх прадукцыю.

 Карты павінны былі быць высокай якасці, аднолькавымі, а кожная калода перад запакоўкай правяралася дзяржаўным чыноўнікам і апячатвалася. Выкарыстоўвалі карты для гульні ў скат, брыдж, покер, віст. Адрозніваліся карты таксама і дызайнам, залежна ад эпохі і традыцыі, адпаведна якім “апраналі” Караля, Даму, Вальта і аздаблялі карты. На фабрыцы братоў Лапіных друкавалі карты народныя, ракайлевыя, венскія, а таксама найбольш папулярныя ў міжваенныя гады рэйнскія карты. 

Восенню 1939 года фабрыка братоў Лапіных была нацыяналізавана а яе гаспадары загінулі ў гродзенскім гета ўжо ў гады нямецкай акупацыі. Пасля 1944 года фабрыку пераарыентавалі на выраб прапагандысцкіх матэрыялаў: партрэтаў савецкіх кіраўнікоў і плакатаў, якія праслаўлялі шчаслівае жыццё працоўных ў СССР. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, паколькі ажно да пачатку 1950-х гадоў літаграфія ў Гродне была адзіным у Савецкай Беларусі прадпрыемствам каляровага друку. 

Унікальным прадпрыемствам нашага горада, пра якое цяпер мала хто ведае, была гродзенская фабрыка алоўкаў, заснаваная пры вуліцы Новааляксандраўскай (цяпер Будзёнага) у 1878 г. сынам купца з Харкава Майсеем Эльяшавым. У 1880-я гады ва ўсёй Расійскай імперыі былі толькі чатыры фабрыкі, дзе вырабляўся такі патрэбны ў штодзённым жыцці тавар, якім з’яўляюцца алоўкі. Вытворчаць алоўкаў была ў тыя часы вельмі складаным працэсам, які патрабаваў значных прафесійных ведаў і спецыяльнага абсталявання. Графіт, найважнейшую сыравіну для вырабу алоўкаў, спачатку раздрабнялі, пазней малолі ў спецыяльных млынках, а пасля фарміравалі ў стрыжні, уціскаючы яго ў невялікую трубачку. Пазней іх трэба было абпаліць пры тэмпературы каля 1200 градусаў па Цэльсію і наваскаваць. Аправу для алоўкаў рабілі з ліпавага і кядровага дрэва. У сярэдзіне 1880-х гг. на фабрыцы працавала каля пяцідзесяці чалавек, якія штогод выпускалі каля 11 тысяч гросаў (адзін грос – 144 алоўкі) вельмі якасных алоўкаў. Прадукцыя фабрыкі мела такую вялікую папулярнасць і якасць, што ў 1882 годзе нават атрымала бронзавы медаль на агульнарасійскай вытаве прамысловых тавараў. Прадстаўлялася прадукцыя фабрыкі і на выставе ў Парыжы ў 1889 г. 

 Адным з найбольш важных прадпрыемстваў горада была таксама фабрыка пераплётных вырабаў, якая існавала ў Гродне з 1899 года на вуліцы Сафійскай, 7 (цяпер Леніна). Гэтая фабрыка, што перад Першай Сусветнай вайной належала акцыянернаму таварыству “Лангброт і К” (уласнікамі былі Уладзімір Давідавіч Вайсбрэм і Майсей Грыгор’евіч Лангброт, пазней таксама Тэрэзія Хазан) і спецыялізавалася на вытворчасці вельмі якасных эксклюзіўных вырабаў са скуры – папак, кашалькоў, торбачак, футаралаў, аправаў для кніжак, падарункаў.

 На хвалі прагрэса 

 Услед за тытунёвай фабрыкай прадстаўнікі гродзенскага яўрэйства заклалі яшчэ некалькі прадпрыемстваў у якіх яскрава адчуваўся дух навуковага прагрэсу. У першую чаргу раскажам пра чыгуналіцейны завод Ханэля Айзікавіча Файнгольда. Наогул  ХІХ ст. было векам чыгуна і пары. З чыгуна адліваліся апорныя канструкцыі будынкаў, мастоў, рэйкі для чыгунак і многае іншае. Таму попыт на метал быў вялікі нават у такіх не асабліва прамысловых рэгіёнах, як Беларусь. Прывозіць метал было досыць дорага. Таму прамыслоўцы будавалі адносна невялікі цэх, ставілі там металаплавільную печ і даводзілі там тэмпературу да патрэбнай пры дапамозе ручнога вентылятара, які круцілі некалькі работнікаў. Прыкладна так выглядаў і створаны ў Гродне ў 1903 г. чыгуналіцейны і механічны завод Х. Файнгольда. Завод збюольшага задавальняў патрэбы Гродна і ваколіц у сельскагаспадарчым інвентары і разнастайных кратах балконаў, брамаў дамоў ды надмагільных агароджаў. 

 Аднак самым яскравым сведчаннем вялікага ўкладу гродзенскіх яўрэяў у навукова-тэхнічны прагэс стала Крэсовая фабрыка веласіпедаў і матацыклаў “Нёман”. Гісторыя прадпрыемства пачалася ў 1894 годзе, калі Нохім Старавольскі заснаваў невялічкі завод металічных вырабаў.  У пачатку 1930-х гадоў Нахім Старавольскі, які ўжо паспеў да таго часу заснаваць акцыянернае таварыства, пачаў выпускаць веласіпеды. У сярэдзіне 1930-х гадоў фабрыка за год вырабляла каля дзесяці тысяч веласіпедаў. Па сваёй якасці і канструкцыі яны мала адрозніваліся ад веласіпедаў найлепшых нямецкіх узораў. Веласіпеды былі пафарбаваны ў чорны колер з чырвоным і зялёным аздабленнем, скураныя сёдлы прывозілі ажно з Латвіі. У 1934 годзе пачалі выпускаць мапеды з рухавікамі нямецкай вытворчасці. Цікава, што мапеды выраблялі ў двух варыянтах (дамскім і мужчынскім), розніца паміж якімі заключалася ў форме рамы.

У 1936 годзе на фабрыцы пачалі выпускаць матацыклы. Першыя матацыклы фабрыкі “Нёман” былі так званымі “соткамі”, гэта значыць, мелі аб’ём рухавіка каля 100 см3. На матацыклы ставіліся вельмі добрыя англійскія рухавікі маркі Villiers, астатнія запчасткі былі польскай вытворчасці. Максімальная хуткасць “соткі” дасягала 70 км/г, расход паліва – 2,25 л. на 100 км, дапушчальная нагрузка – 150 кг. Гэта значыць, што матацыкл быў фактычна аднамесны, аднак пры ўсталяванні на багажніку дадатковага сядла на ім можна было размясціць пасажыра. Яшчэ адным дадатковым козырам “соткі” было тое, што ўладальнік не павінен быў мець правоў на ўпраўленне гэтым транспартным сродкам, што было ўжо абавязковым у выпадку з матацыкламі з большым аб’ёмам рухавіка. Такі матацыкл каштаваў 900 злотых.

 Вытворчасць матацыклаў развівалася даволі хутка. Калі ў 1936 годзе было выраблена 100 матацыклаў, то ў 1938 годзе – ужо 166 штук. Вясною 1939 года пачалася прадукцыя матацыклаў з аб’ёмам рухавіка 125 см3 і нават 150 см3. „Наймацнейшы” матацыкл фабрыкі “Нёман” меў назву 150DV, максімальную хуткасць – 90 км/г, расход паліва – 2,8 л на 100 км, дапушчальную нагрузку – 250 кг. Кошт такога матацыкла дасягаў ужо 975 злотых. Усе машыны былі пафарбаваны ў чорны колер з палоскамі і надпісам “Нёман” на бензабаку. Планавалася зрабіць 250 такіх матацыклаў, хаця меркавалася, што магчымасці фабрыкі дазваляюць выпусціць нават у два разы больш. Матацыклы прадаваліся на Пазнаньскай ярмарцы (Targach Poznańskich), у Кракаве і ў генеральным прадстаўніцтве фабрыкі „Нёман” у Варшаве на вуліцы Сенатарская, 12. На фабрыцы таксама існаваў аптовы склад швейных і друкарскіх машынак. 

Пачатак Другой сусветнай вайны не перарваў існаванне фабрыкі “Нёман”. У савецкі час яна была нацыяналізавана і атрымала назву „Гродзенскага велазавода”. Пасля 1939 года матацыклы тут ужо не выраблялі, але прадпрыемства і далей заставалася адным з найважнейшых прамысловых асяродкаў горада. 

 Усё напісанае вышэй – гэта толькі некалькі няпоўных эпізодаў з гісторыі ўкладу яўрэйскіх прадпрымальнікаў у стварэнне прамысловасці Гродна. Сярод іншых можна згадаць вытворцаў піва і гарэлкі Лейбу Слуцкага, Эўфраіма Яфэ, Марголісаў ды Велераў. Спецыялістаў па будаўнічых матэрыялах Фрэйдовіча, Аркіна ды Бадылькеса. Мукамолаў Ашэра Касоўскага ды Вольфа Вільбушэвіча. Дарэчы дачка апошняга Марыя наогул стала легендарнай асобай. Палымяная рэвалюцыянерка Марыя Вільбушэвіч удзельнічала ў пакушэннях на жыццё высокіх царкіх чыноўнікаў а пасля стала адным з ідэолагаў руху кібуцаў (калектыўных гаспадарак) у Ізраілі. 

 Цікавы ўспамін пакінуў пра сям’ю свайго дзеда Нохума Фрэйдовіча пакінуў Фелікс Зандман – адзін з нямногіх гродзенскіх яўрэяў, хто змог перажыць Другую сусветную вайну. Фелікс Зандман стварыў фірму па вытворчасці электронікі, зарабіў мільёны даляраў, але да самага канца жыцця памятаў запавет сваёй бабулі – жонкі аднаго з самых багатых гродзенскіх прамыслоўцаў: “Запомні ўнучак. Ніякіх заробленых за жыццё багаццяў ты не забярэш з сабою. З табою застанецца толькі тое, што ты аддаў іншым”.

 Гродзенскія прадпрымальнікі-яўрэі стараліся збольшага трымацца гэтага прынцыпа, не забываліся пра адзінаверцаў, закладаючы школы, бальніцы, прытулкі і стараючыся пакінуць пасля сябе не толькі фабрыкі але і добрую памяць сярод людзей.  

 

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter