Больш падрабязныя звесткі аб Іўі ў пісьмовых крыніцах належаць да XVI ст. У 1520 годзе ў суд была пададзена скарга слонімскага старасты Яна Троцкага на свайго швагра, полацкага ваяводу Пятра Станіслававіча, які абвінавачваўся ў тым, што аднаасобна валодаў маёнткамі Іўем і Лахвой, хоць, паводле запавету сваёй маці, права распараджацца Іўем ён павінен быў падзяліць са сваёй сястрой, жонкай Я.Троцкага. Канчатковае вырашэнне гэта справа атрымала ў 1522 годзе. Каралеўскі суд сваім рашэннем ад 15 мая 1522 года пацвердзіў права полацкага ваяводы Пятра на збор падаткаў з маёнтка Іўе, а менавіта “даней грошовых и медовых, бобровых и куничных, и житних”.
Пры ўладаранні ваяводы Пятра Станіслававіча ва ўсходняй частцы мястэчка быў пабудаваны маёнтак з двухпавярховым палацам. Вакол палаца меўся цэлы комплекс гаспадарчых збудаванняў. А за імі – фруктовы і дэкаратыўны сады з мудрагелістымі дарожкамі і альтанкай. Сядзіба злучалася гасцінцам з Дайлідамі. З боку касцёла гасцінец, абсаджаны ліпамі, вёў у сядзібу праз 4-х ярусную браму-вежу з курантамі і трыма купаламі. Праезд зачыняўся спецыяльным прыстасаваннем. Да сённяшняга часу сядзіба не захавалася.У XVI стагоддзі на тэрыторыі Беларусі самымі магутнымі ўладарамі былі Радзівілы. Акрамя літоўскіх маёнткаў, ім належала шмат населеных пунктаў у Беларусі, у тым ліку і Іўе.У другой палове XVI ст. Іўе перайшло да вядомага дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, віленскага кашталяна Яна Кішкі. З гэтага моманту род Кішкаў валодаў мястэчкам на працягу амаль 100 гадоў.Цікавы і важны дакумент Радзівілаў 1561 года захаваўся ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. У ім гаворка ідзе аб вымярэнні зямель Іўеўскага маёнтка ў адпаведнасці з аграрнай рэформай 1557 года. У гэты час Іўе належала жонцы віцебскага ваяводы Кішкі, Ганне, з магнацкай сям’і Радзівілаў.
У гэты час на землях Вялікага княства Літоўскага шырока распаўсюджваўся пратэстантызм. Іўе ў той час адыграла прыкметную ролю ў развіцці рэфармацыйнага руху – мястэчка было адным з цэнтраў арыянства ў ВКЛ. З 1567 года тут дзейнічала арыянская царква, прапаведнікам у якой быў В.Іеранімавец. Аднак антытрынітарызм не стаў адзіным рухам. У залежнасці ад сацыяльнага зместу, поглядаў яго прыхільнікаў, вызначаліся два крылы: левае – плябейска-сялянскае і правае – шляхецка-бюргерскае.
У левым крыле кіруючую ролю адыгрывалі гарадскія нізы, яго ідэолагі выказвалі сацыяльныя памкненні гарадской беднаты і сялянскіх мас. Ідэйнымі кіраўнікамі левага крыла антытрынітарызму былі Пётр Ганезій, Марцін Чаховіч, Гжэгаш Павел з Вільні, Ян Немаеўскі і іншыя.
У правым крыле пераважалі арыянская шляхта і ўмераныя бюргерскія слаі з гарадоў. Вядучым ідэолагам правага крыла ў антытрынітарызме быў вядомы беларускі вучоны, кнігавыдавец, крытык біблейскіх тэкстаў, гуманіст Сымон Будны.
Супярэчнасці паміж умеранымі і радыкальнымі дзеячамі антытрынітарызму найбольш востра праяўляліся на сінодах (з’ездах) беларуска-літоўскіх і польскіх антытрынетарыяў. У Іўі адбылося некалькі такіх сінодаў.
На адным з іх, у студзені 1568 года, прысутнічалі найбольш вядомыя дзеячы рэфармацыйнага руху Беларусі, Літвы і Польшчы. Сярод антытрынітарыяў былі і мясцовыя медыкі. Так, у пасяджэннях Іўеўскага сінода прымаў удзел віленскі аптэкар Мікола з Гембіна. Наогул, Беларусь у XVIІ стагоддзі стала месцам прапаганды перадавых медыцынскіх і філасофскіх ведаў, у тым ліку і вучэння славутага іспанскага вучонага Мігеля Сервента, спаленага ў 1553 годзе па загаду Кальвіна ў Жэневе.
На Іўеўскім сінодзе Сымон Будны сфармуляваў праблему: “Ці мае маральнае права сапраўдны хрысціянін валодаць падданымі і паднявольнай чэляддзю?”. Будны асуджаў уладальнікаў, якія моцна прыцяснялі сваіх сялян. Ён нават лічыў, што найбольш паслухмяных і працавітых падняволеных можна адпускаць на волю.
Большасць удзельнікаў Іўеўскага сінода асуджала погляды Сымона Буднага. Па ўсіх абмяркоўваемых пытаннях перамог пункт гледжання іфолагаў плябейска-сялянскага напрамку антытрынітарызму. Былі абвешчаны гуманістычныя прынцыпы, якія ўдзельнікі сінода спрабавалі ўвасобіць у жыццё ў сваіх арыянскіх абшчынах. Факт правядзення такога Сінода ў Іўі ў 1568 годзе, дзе прысутнічала вялікая колькасць магнатаў і духавенства з усіх абсягаў ВКЛ, Польшчы пры ўдзеле карыфея перадавой думкі таго часу Сымона Буднага, галоўнага ідэолага літоўскіх братоў, гаворыць аб тым, што Іўе было не толькі буйным асяродкам пратэстантызму, але мела вялікія поспехі ў культуры і гаспадарцы.
Абшчыны антытрынітарыяў на Беларусі звычайна стваралі свае навучальныя ўстановы. Найбольшую вядомасць у другой палове ХVІ – пачатку ХVІІ стагоддзяў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага атрымала арыянская школа, заснаваная ў 1585 годзе тагачасным уладальнікам Іўя Янам Кішкам, якая ўвайшла ў гісторыю асветы Беларусі пад назвай Іўеўскай акадэміі. Па рэкамендацыі вядомага беларускага гуманіста таго часу Лаўрэнція Крышкоўскага рэктарам школы быў прызначаны Ян Ліцыній Намыслоўскі, выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта, публіцыст і перакладчык, паэт, педагог, прагрэсіўны мысліцель-гуманіст. Акадэмію наведвалі не толькі дзеці арыян, але і праваслаўных, і католікаў.
На працягу пяцігадовага курса ў школе вывучалі старажытную філасофію, гісторыю, паэзію, грэцкую, лацінскую, старажытнаяўрэйскую, польскую і беларускую мовы, грамадзянскае права, Кодэкс Юстыніяна, логіку Арыстоцеля, рыторыку, этыку, музыку, асновы медыцыны, фізіку. Такая насычанасць школьнай праграмы ўражвала, бо ў большасці тагачасных школ, паводле выказвання вядомага беларускага вучонага, асветніка, гуманіста і кнігавыдаўца Васіля Цяпінскага, “вучылі” толькі чытаць. Навучэнцы выхоўваліся ў духу павагі да чалавека, яго працы і Бога. Асобныя выхаванцы вучыліся ва ўніверсітэтах Заходняй Еўропы.
У 1586 годзе Я.Л.Намыслоўскі напісаў на лацінскай мове “Дапаможнік па авалоданню вучэннем Арыстоцеля”, а ў 1589 годзе ў Лоскай друкарні была надрукавана новая праца Намыслоўскага “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці”, якая ўтрымлівала 225 сентэнцый-павучанняў маральна-этычнага характару ў духу ідэй адраджэння. Гэтая кніга прызначалася для слухачоў Іўеўскай акадэміі, і яе можна лічыць першым падручнікам жывых еўрапейскіх моў на Беларусі.
У 1592 годзе, пасля смерці ўладальніка Іўя Яна Кішкі, Намыслоўскі пераязджае ў Навагрудак, дзе становіцца прапаведнікам арыянскай абшчыны. Ім была выдадзена “Анатомія і гармонія хрысціянскага чалавека”, якая атрымала шырокую вядомасць у краінах Заходняй ўропы, а ў 1597 годзе ён выдае філасофска-багаслоўскі твор “Да братоў-евангелістаў”. Акрамя гэтага, будучы яшчэ ў Іўі, Ян Ліцыній Намыслоўскі пераклаў на польскую мову творы Цэзара, Флавія, Лівія. У канцы 90-х гадоў ХVІ стагоддзя ён пачаў схіляцца да атэістычных поглядаў, за што быў выключаны з абшчыны веруючых арыян.
Арыянская школа, якой кіраваў Намыслоўскі, мела добрую рэпутацыю і адрознівалася ад езуіцкіх і нават кальвінісцкіх школ сваім гуманістычным духам навучання і выхавання. Пасля 1592 года арыянская акадэмія перастала існаваць. Дзейнасць гэтай навучальнай установы адыграла вялікую станоўчую ролю і аказала ўплыў на далейшае развіццё педагагічнай думкі на Беларусі.
Развіццю асветы ў краі садзейнічала і выдавецтва Траецкага брацтва, распачаўшага сваю дзейнасць у Іўі ў 1610 годзе. Ёсць меркаванні, што ў ім выйшла першая славянская граматыка Мяленція Сматрыцкага.
Трокскі кашталян і мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка выгнаў з горада кальвіністаў і ў 1631 годзе стаў фундатарам касцёла Св. Крыжа, заснаваў пры ім манастыр ордэна бернардзінцаў.
Апошняя ўладарка Іўя з роду Кішкаў, Кацярына Кішка пасля смерці свайго мужа Януша (1654г.), гетмана ВКЛ, абапіраючыся на рамяство і гандаль татараў і яўрэяў, дабілася значных поспехаў у развіцці гаспадаркі і культуры Іўя. Жыхарамі Іўя ўжо ў сярэднявеччы былі людзі розных нацыянальнасцей і веравызванняў. Акрамя беларусаў і палякаў, тут жылі татары, яўрэі, літоўцы і рускія.
Кацярына Кішка запісала Іўе на Карла і Кацярыну Глябовічаў, якія перадалі маёнтак дзвюм сваім дочкам – Марцыбеле Агінскай, жонцы літоўскага канцлера, і Хрысціне Сапега, жонцы полацкага ваяводы. У Агінскай дзяцей не было і, пасля яе смерці, поўнымі гаспадарамі Іўя сталі Сапегі.
У 1681 годзе ўладальнікам Іўя быў Казімір Ян Сапега, вядомы дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, які прымаў удзел у барацьбе за незалежнасць ВКЛ ад Расіі. У 1686 годзе ён перадаў Іўе у залог графу Стэфану Тызенгаўзу за 15 тыс. талераў. Пасля адхілення Казіміра Яна Сапегі з дзяржаўных пасад (вынік паражэння ў бітве пры Алькеніках) Тызенгаўзы пачалі лічыць маёнтак Іўе сваім. У 1709, пасля амністыі, Сапега здолеў вярнуць сабе Іўе. Але залог так і быў пагашаны, таму ў пачатку XVIII стагоддзя Тызенгаўзы адсудзілі сабе Іўе.
Больш поўна характарызаваць сацыяльна-эканамічнае развіццё Іўя ў XVI – XVIII стагоддзях дапамагаюць інвентарныя апісанні гаспадарчых зямельных комплексаў. Да нас дайшлі інвентары мястэчка за розныя гады, што дае магчымасць разглядзець у дынаміцы сацыяльны склад насельніцтва, становішча рамеснікаў і сялян, павіннасны абавязак жыхароў мястэчка і маёнтка.
У сяр. XVI ст. планіроўка і архітэктура мястэчка купавалася на павышаным правабярэжжы, дзе сфармавалася прамавугольная гандлёвая плошча з назвай Рынкавая (зараз Камсамольская) са шчыльна стаячымі драўлянымі забудовамі. Там жылі рамеснікі і гандляры.
Да гандлёвай плошчы сходзіліся вуліцы Навагародская, Віленская, Крывая, Новая. Патрэбна зазначыць, што пасля адыходу мястэчка да Польшчы многія вуліцы былі перайменаваны. З’явіліся вуліцы Т.Касцюшка, Пілсудскага, А.Міцкевіча, 3 Мая.
У адрозненне ад гарадоў, насельніцтва мястэчак вагалася ад 200 да 1500 жыхароў.
Іўе варта аднесці па колькасці жыхароў да сярэдніх населеных пунктаў. Гарады ў той час былі цэнтрамі рамесніцтва і гандлю, а ў мястэчках, у тым ліку і ў Іўі, жыхары займаліся ў асноўным сельскай гаспадаркай.
Паводле інвентарных дадзеных за 1563 год, сярод 123 домаўладальнікаў па роду заняткаў да рамеснікаў належылі 23 чалавекі, або 19% ад агульнай колькасці насельніцтва. Рамёстваў налічвалася 14 відаў. Паводле інвентарных даных за 1563 год, сярод 123 домаўладальнікаў па роду заняткаў, да рамеснікаў належалі 23 чалавекі, або 19 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. У мястэчку налічвалася 14 розных рамёстваў.
Інвентар 1598 года сведчыць аб тым, што жыхары Іўя абавязаны былі адпрацоўваць тры дні на тыдзень паншчыны, па сем талок у год з дыму, хадзіць у падводы на княжацкае паляванне. У 1685 годзе ў мястэчку налічвалася 79 уладальнікаў дамоў і сядзіб, з якіх ворыўнымі ўчасткамі валодалі 49 чалавек. Яны апрацоўвалі 19 валокаў зямлі, якая размяркоўвалася наступным чынам: 28 чалавек мелі надзел, які не перавышаў адной трэці валокі, 6 мелі па паўвалочнаму надзелу і толькі 15 з іх адносіліся да катэгорыі земляробаў, таму карысталіся ўчасткам звыш паўвалокі. Гэта складала толькі 19 % ад агульнай колькасці домаўладальнікаў і 62 % ў адносінах да ўладальнікаў ворыўных участкаў. Такім чынам, у другой палове XVI і ў XVIІ стагоддзях толькі пятая частка жыхароў Іўя адпрацоўвалі паншчыну і крыху больш палавіны выконвалі іншыя натуральныя павіннасці.
З XVI стагоддзя пачалі пашырацца сувязі сельскай гаспадаркі з рынкам, унутраным і знешнім. Гэта патрабавала пашырэння зямельных угоддзяў і прыцягнення сялян да работы на зямлі. На тэрыторыі Беларусі ствараюцца фальваркі, у якіх выкарыстоўвалася адпрацовачная рэнта. У Іўеўскім фальварку ў 1644 годзе было атрымана 27 бочак жыта, 38 бочак аўса, 13 бочак ячменю, 6 – проса, 4 – грэчкі. Акрамя гэтага, неабмалочанымі ў снапах засталіся 18 копаў жыта і 12 – ячменю. Усяго ў фальварку налічвалася 63 галавы буйной рагатай жывёлы, 42 авечкі, 30 свіней, з птушак – гусі, качкі, індыкі і куры.
Значнай часткай агульнага павіннаснага рэжыму іўеўскіх сялян быў чынна-грашовая рэнта, якая бралася за карыстанне зямлёй, памер якой устанаўліваўся з валокі з улікам якасці глебы. На прыкладзе маёнтка Іўя можна прасачыць дынаміку грашовага чынша з сярэдзіны XVI да сярэдзіны XVIІ стагоддзяў. Так, чыншавыя сяляне ў 1561 годзе плацілі грашовы падатак у размеры 50 грошаў літоўскіх з валокі, у 1598 годзе – 120, у 1634 – 240 грошаў літоўскіх. У намінальным вырашэнні грашовая рэнта сялян маёнтка Іўе менш чым за стагоддзе павялічылася ў 4,8 разы.
Аб развіцці гандлю ў Іўі ў XVI – XVIІІ стагоддзях звестак захавалася вельмі мала. Вядома, што ў 1538 годзе дарога Мінск-Вільня праходзіла праз Гарадзішча – Навагрудак – Іўе – Гальшаны. Па гэтай дарозе рухаліся багатыя экіпажы купцоў. Яны, вядома, рабілі прыпынкі ў Іўі, і праезджыя гандляры ўступалі ў адносіны куплі-продажу з уладальнікамі і жыхарамі мястэчка.
Не менш ажыўленай была магістральная дарога Несвіж-Вільня, якая таксама праходзіла праз Іўе. Тут у летні час можна было сустрэць купцоў, блукаючых шкаляроў, пілігрымаў, розных пасыльных, якія выконвалі даручэнні сваіх феадальных паноў, сялян, баяраў і інш.
Афіцыйна статус мястэчка Іўе атрымала ў 1742 годзе і стала буйным гандлёвым цэнтрам.
У 1752 годзе Іўе купіў Ігнацій Агінскі, які пачаў аднаўляць маёнтак. Быў узведзены новы мураваны палац, афіцыны, бровар, вадзяны млын, капліцу. Воддаль, на высокім слупе, былі замацаваны флюгер і герб роду Агінскіх, які складаўся з двух частак – у верхнім чырвоным полі была выява Юрыя Пераможца, у ніжнім блакітным – герб Агінец. За палацам ён залажыў вялікі італьянскі парк з аранжарэямі і сажалкамі.
Агінскія падымаюць пытанне аб расшырэнні касцёла св. Пятра і Паўла, але царскія ўлады не спрыялі развіццю каталіцкай веры і не выдалі дазволу на гэта. У 1765 годзе Агінскія арганізавалі ў Іўі шпіталь, дзе знайшлі прытулак 8 адзінокіх, непрацаздольных старых, якія абяцалі штодзень маліцца за здароўе Агінскага.
У 1784 годзе Казімір Агінскі перадае Іўе ў арэнду Сымону Скірмунту, Пінскаму мастоўнічаму.
Такім чынам, Іўе ў XVI – XVIII стагоддзях было прыватнаўладальніцкім мястэчкам і разам з тым, цэнтрам феадальнага маёнтка. Невыпадкова мястэчка фарміравалася вакол панскага двара і было адным з адміністрацыйных эканамічных уладанняў магната.
Мястэчка – так спакон вякоў называлі пасяленне, якое займала палажэнне паміж горадам і вёскай і з’яўлялася, часцей за ўсё, цэнтрам прылягаючай тэрыторыі – воласці.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, у 1795 годзе, Іўе і прылягаючыя да яго тэрыторыі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі (Ашмянскі павет Віленскай губерніі).
Подробнее...