Пасля рэформы 1861 года

У 1861 годзе на Беларусі было адменена прыгоннае права. Толькі сяляне не адразу сталі ўласнікамі зямлі: ім трэба было яшчэ 49 (!) гадоў выплачваць выкупныя плацяжы.

У “Журналах минского губернского по крестьянским делам присутствия” ёсць запіс аб тым, што выкупныя плацяжы датэрмінова (на працягу 27 гадоў) выплаціў у Кажан-Гарадку толькі адзін чалавек, які звярнуўся у губернскую прысутнасць за атрыманнем “особой данной” — дакумента на права валодання зямлёй.

За атрыманнем падобнай жа “особой данной” звянулася ў наступным 1889 годзе і ўдава Магдаліна Маськевіч; яе надзел складаў каля 4,57 га.37

Вельмі доўга і балюча вырашалася пытанне аб размежаванні памешчыцкіх і сялянскіх зямель, аб спрэчных угоддзях. Сяляне адстойвалі сваё права на апрацоўваемую імі памешчыцкую зямлю, памешчык жа помсціў ім, не дазваляў лавіць рыбу ў асобных месцах, забараняў выпас сялянскай жывёлы там, дзе яе пасвілі спрадвеку.

У архіўным дакуменце “О жалобе крестьян м. Кожан-Городка на непредоставление им права пастьбы скота в урочище Березина, Загорье и в лесу владельца Щитта”, у кастрычніку 1886 года зроблены запіс: “Давераныя сяляне м. Кажан-Гарадка Павел Рашэцкі, Іван Грыцкевіч і Іван Малафейчык ...абскардзілі зноў вынесеную 16 лютага пастанову... “по крестьянским делам присутствия” па змове іх з памешчыкам Шчыттом.

У прашэнні сваім прасіцелі прыводзяць наступныя аргументы: 1. Што павятовая прысутнасць заснавала сваё рашэнне толькі на паказаннях сведкаў памешчыка, якія знаходзяцца ў яго на службе і нічога не ведаюць; 2. Не прадстаўлены да ўвагі вярыцеляў іх наступныя ўгоддзі: а) месцы выпасу ва ўрочышчы часткі Бярэзіны, Загор’е, Падрэчча і ў памешчыцкім лесе Баброўні; б) рыбная лоўля ў тых месцах, якімі карысталіся сяляне і якія здаваліся ў арэнду”.

Давераныя ад сялян заявілі ў губернскае праўленне, што пасля абмежавання іх зямель яны пазбавіліся пляца Савы Грыневіча, права на выпас жывёлы ва ўрочышчах Бярэзіне, Падрэчкі, Баброўні і на ўскрайку Маладога Лесу, права лавіць рыбу ў Старой рэчцы і другіх месцах, размешчаных сярод сялянскага надзелу”.

Як бачым, і праз 25 гадоў пасля адмены прыгоннага права памешчык Шчытт паводзіў сябе па-ранейшаму як феадал, а пляц ад Грыневіча адабраў таму, што апошні ўзвёў тут пабудовы незаконна, бо зямля належала салдату Сцяпану Рашэцкаму (Адзначым, што караць Саву Грыневіча за захоп чужога пляца павінен быў суд, а не памешчык).

Свае пастановы Мінская губернская прысутнасць распісала аж на 14 старонак, заблытваючы малапісьменных сялян мудрагелістымі фармуліроўкамі і двухсэнсоўнымі высновамі. Было ясна, што гэтая ўстанова ўсё больш зацягвае вырашэнне справы ва ўгоду памешчыку і нібы дае зразумець, што сялянам не мае сэнсу ездзіць у Мінск для вырашэння цяжбы са Шчыттом.

Цяпер у гэта цяжка паверыць, але і праз 50 гадоў пасля адмены прыгоннага права памешчыкі маглі нават ...распараджацца прысядзібнымі ўчасткамі некаторых вяскоўцаў. Мала таго: за гэтыя пляцы сяляне павінны былі яшчэ і адрабляць, што бачна з прашэння сялянкі Агапы Кулеш: “Валодаючы прысядзібным пляцам па кантракту з уладальнікам маёнтка памешчыкам Ісціславам Хрыстафоравічам Шчыттом за падзённыя работы ў год па 6 дзён работы жаночай... займаемы мною пляц можа падлягаць выкупу”. Далей А.Кулеш спасылаецца на зямельны закон 1893 года, які дае сялянам права на атрыманне крэдытаў для выкупу пляцоў. Але бюракратычная сістэма Расійскай імперыі дзейнічала па-ранейшаму бяздушна і бязлітасна: той жа Агапе Кулеш для выкупу пляца, якім яна карысталася больш за 30 гадоў, прыйшлося звяртацца за рознымі даведкамі да сельскага сходу, да памешчыка, да папа, да натарыуса, да акружнога суда, да пінскага павятовага аб’езду, на пошту ў м. Лахва (у Кажан-Гарадку тады пошты не было), у Мінскую губернскую прысутнасць. І толькі пасля гэтага ў прысутнасці завялі “Дело”, потым — другое, нарэшце — трэцяе... Колькі ж прыходзілася пераадольваць бюракратычных перашкод, траціць свайго здароўя, каб дабіцца самага элементарнага: атрымаць права распараджацца прысядзібным участкам!

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter