Пры апошнім расійскім цару Мікалаю II беларусаў так і не прызнавалі за народ, а за беларускаю моваю — права на існаванне. Толькі рэвалюцыя 1905-07 гадоў вымусіла ўрад пайсці на некаторыя ўступкі, што некалькі ажывіла развіццё нацыянальных культур прыгнечаных народаў.
Ні адна, нават самая нязначная справа не вырашалася ў часы Мікалая II без бюракратычных перашкод з боку ўлад: адзін з яскравых таму прыкладаў — “хаджэнне па пакутах” жыхароў Кажан-Гарадка ў 1900 годзе.
20 красавіка 1900 года жыхары мястэчка паслалі прашэнне аб адкрыцці кірмашоў пінскаму уезднаму іспраўніку. Апошні пераслаў паперу на разгляд у Мінскае губернскае праўленне. Прашэнне і спіс подпісаў пад ім занялі восем старонак. Сроль Куціковіч, Гірш Вольтэр Цайлінгольд, Пінхес Гольчмон, Моўша Шульман, Юльян Пашня, Іван Русак, Павал Каратышэўскі, Кальман Бахоўчык, Вольф Яструбельскі, Піліп Панасевіч, Ігнат Грыневіч, Шахна Ёсель Кантэр, Міхаль Кольнік, Улас Томіловіч, Сцяпан Комар, Баляслаў Хількевіч, дваранін Вікенцій Саноцкі — усяго 150 подпісаў сабралі мясцовыя жыхары пад гэтым дакументам. У канцы подпісаў значыцца: “Што гэта сапраўды падпісана жыхарамі мястэчка — Кажан-Гарадзецкая Мяшчанская Управа адпаведным подпісам і прылажэннем казённай пячаці сведчыць”, і подпіс: “Староста Председатель Г. Томилович”.
Першае прашэнне губернатар не задаволіў і рэзалюцыяй ад 13 чэрвеня прадпісаў: “Пінскаму ўезднаму іспраўніку аб’явіць жыхарам Кажан-Гарадка, што хадайніцтва адхілена, бо адкрыццё кірмашоў і базараў праводзіцца па хадайнітцву сельскіх і гарадскіх суполак (“обществ”); хадайніцтва ж з боку сельскай і мяшчанскай Кажан-Гарадоцкіх суполак на адкрыццё кірмашоў не паступала і прасіцелі ні адной з гэтых суполак не ўпаўнаважаны даверанасцю на ўзбуджэнне адзначанага хадайніцтва”.
Тады жыхары Кажан-Гарадка вырашылі напісаць паўторнае прашэнне і падаць яго губернатару, але на гэты раз са строгім і дакладным выкананнем тых працэдур, якія патрабаваліся пры звароце ў вышэйшую ўстанову Мінска. Першае, што трэба зрабіць, — гэта правесці ў Кажан-Гарадку валасны сход (але для гэтага патрабаваўся спецыяльны дазвол!). Нарэшце, дазвол на правядзенне сходу быў атрыманы, складзены «прыгавор», які замацавалі пячаткамі валаснога старшыны Івана Зіміча і валаснога праўлення з подпісам пісара Навіцкага. Пад новым прашэннем зноў арганізавалі збор подпісаў, але падпісаліся аб адкрыцці кірмашоў толькі 93 чалавекі: вера ў справядлівасць улад значна аслабела.
Нямала папсаваў настрой мяшчанам пінскі павятовы іспраўнік, які даносіў у губернскае праўленне аб тым, што кірмашы ў Кажан-Гарадку быццам бы і не патрэбны, бо яны бываюць у бліжэйшым мястэчку Лахва, размешчаным у шасці вярстах, і што ў цяперашнія часы жыхары м. Кажан-Гарадка і суседніх вёсак збываюць свае «ярмарочные произведения в селе Лунинце, громадном центре потребления, вследствие сосредоточения здесь железнодорожных служащих, отстоящем от м. Кожан-Городка в 14 верстах».
Пытанне аб кірмашах у Кажан-Гарадку было канчаткова вырашана 20 чэрвеня 1901 года, аб чым сведчыць запіс у “Журнале Присутствия Минского Губернского Правления”: “В настоящее время в м. Кожан-Городке утверждено две однодневные ярмарки в году, а именно 9 мая и 6 декабря. Ярмарки эти существуют с давних времён и разрешения на их открытие не было. Ближайшие от м. Кожан-Городка ярмарки бывают 28 апреля и 8 сентября в м. Лахве. Торговые сборы на предполагаемых к открытию ярмарках могут простираться до 20 тысяч рублей при стечении народа до 3 тысяч душ. Торговля на ярмарках будет производиться лошадьми и рогатым скотом, а также тулупами, армяками, сапогами, готовым платьем, косами, бондарными и железными изделиями, фуражом, полотном и т.д. В центре м. Кожан-Городок для ярмарочной торговли — обширная площаль с колодцем, удовлетворяющим потребности приезжающих. Крестьяне и мещане Кожан-Городка, а также крестьяне окрестных деревень действительно нуждаются в ярмарках. Приказали: учредить в м. Кожан-Городке ярмарки 6 и 7 января, 9 и 10 мая, 29 и 30 июня, 1 и 2 сентября, 6 и 7 декабря».
Так аж праз 40 гадоў пасля адмены прыгону была пастаўлена кропка ў пытанні аб адкрыцці кірмашоў у мястэчку. Пытанне было вырашана толькі дзякуючы актыўнасці мясцовых жыхароў — нізоў грамадства, ад якіх зыходзіла творчая ініцыятыва; дзяржаўныя чыноўнікі толькі тармазілі працэсы грамадскага развіцця.
А між тым час быў упушчаны і да Першай сусветнай вайны заставалася ўсяго 13 гадоў; з яе пачаткам пачалося абясцэньванне грошай, а потым падзенне прагніўшай дзяржаўнай машыны Расійскай імперыі.
Нават адкрыццё пошты ў мястэчку было ў часы Мікалая II справаю няпростаю: мясцовыя жыхары зноў хадайнічаюнь, чыноўнікі — адмаўляюць. Вось як апісвае новае «хадженне па пакутах» жыхароў Кажан-Гарадка ў сувязі з адкрыццём пошты вядомы ў Беларусі краязнаўца Леў Коласаў:
“ У гады першай сусветнай вайны на Лунінеччыне былі адкрыты 2 паштовыя аддзяленні — у Кажан-Гарадку і Мікашэвічах. Але перапіска па гэтаму пытанню вялася яшчэ са студзеня 1909 года. Па існуючых тады патрабаваннях жыхары Кажан-Гарадка павінны былі ўнесці 195 рублёў на набыццё неабходнага паштовага абсталявання і імянных паштовых штэмпеляў, на працягу трох год уносіць грошы на канцылярскія расходы, бясплатна выдзеліць дом з пяці пакояў з ацяпленнем і асвятленнем для паштовага аддзялення, бясплатна перавозіць пошту. Жыхарам Кажан-Гарадка гэтыя ўмовы аказаліся не пад сілу. Чатырохгадовая перапіска паміж валасным праўленнем Кажан-Гарадка, Лунінецкай паштовай канторай і Упраўленнем Мінскай паштовай акругі была безвыніковай. Адзін з лістоў за подпісам старшыні валаснога праўлення А. Гірмановіча і пісара І. Карнашэвіча паведамляе: «...исполнить данное обязательство волостным сходом 28 июля 1913 г. за № 16 не представляется возможным». Што датычыць 5-пакаёвага дома, то «такового не оказалось» у мястэчку.
Але яшчэ ў 1899 г. у «Правительственном вестнике» было апублікавана распараджэнне МУС Расіі аб часовых паштовых правілах, у якіх указвалася, што «волостные правления имеют право производить приём и выдачу простой и заказной корреспонденции и продажу знаков почтовой оплаты”. Абавязкі паштавіка ўскладаліся на пісара валаснога праўлення. Такая «валасная пошта» не патрабавала затрат, і дзяржаве было выгадна яе развіваць у сельскай мясцовасці. 3 улікам вышэй адзначанага, у снежні 1913 г. пры Кажан-Гарадоцкім валасным праўленні “были открыты почтовые операции». У мястэчку з’явілася паштовая скрынка. Але ўжо праз месяц жыхары адчулі незадаволенасць гэтай работай. Пошта доўга ляжала ў праўленні, не адпраўлялася па прызначэнні; марудзілі з раздачай карэспандэнцыі, якая паступала. Зноў пачаліся просьбы аб адкрыцці дзяржаўнай пошты. І толькі «в связи с военными действиями” у верасні 1916 г. было адкрыта «почтовое отделение общего типа в местечке Кожан-Городок”.
Ды што там гаварыць! Мікалаеўскія чыноўнікі не верылі нават запісам у пашпартах «обывателей империи»: так, каб жаніцца, трэба было пацвердзіць даведкаю, што ты не жанаты і атрымаць дазвол на ўступленне ў шлюб ...з месца работы або службы. Гэты феадальны перажытак існаваў ва ўсе гады праўлення Мікалая II і быў адменены ўжо польскімі ўладамі.
Подробнее...