Падзеі 1920 года

1920 год пачаўся для Кажан-Гарадка вельмі непрыемным навагоднім сюрпрызам. «Довудца III батальёна 35 палка пяхоты» ў апошні дзень 1919 года перадаў мясцовай царкве распараджэнне, напісанае алоўкам на бланку «карты службовай»: «Зважаючы на тое, што часта бываюць абарваныя лініі телефоннай сеткі, прашу вас аб’явіць, што вінаватыя будуць пакараныя павешаннем, а калі не будзе магчымасці выявіць вінаватага, будзе несці адказнасць грамадства. Камандзір 3-га батальёна падпаручнік Стокоўскі».

У сярэдзіне лета польска-савецкая вайна разгарэлася з новай сілай: у ліпені пачалося адступленне палякаў і 20 чысла ў Лунінец уступілі савецкія войскі. Гаспадарылі “першыя Саветы” нядоўга: праз два з паловаю месяцы прыйшла чарга ім адступіць.

Захавалася некалькі дакументаў Кажан-Гарадоцкай воласці часоў «першых Саветаў»; паперы цікавыя не толькі сваім зместам, але і наяўнасцю адбіткаў пячаткі і штампа. З надпісаў штампа вынікае, што “першыя Саветы” аднеслі Кажан-Гарадок да ...РСФСР! Круглая пячатка мела ў цэнтры выяву сярпа і молата, што абведзены хвалістаю лініяй стужкі, на якую справа і злева накладзена па 1 каласку. Па акружнасці пячаць мела надпіс: «Р.С.Ф.С.Р. Кожан-Городецкий волостной Исполком Минск. г.»

У жніўні 1920 года ў Кажан-Гарадку дзейнічаў не толькі валвыканкам, але і валасны ваенны камісарыят; адкрылі ЗАГС і аптэку. Аб існаванні другіх устаноў нічога не вядома.

21 жніўня 1920 года валасны ваенкамат запатрабаваў ад свяшчэнніка “списки лиц, подлежащих к мобилизации от 18 до 32 лет включительно. За неисполнение сего распоряжения ответственность падёт на вас”. Але свяшчэннік Уладзімір Коба зрабіў усё, каб сарваць прызыў у бальшавіцкае войска: ён падаў няпоўныя спісы, ды і то пазней указанага тэрміну. На што 29 жніўня валасны ваенком у сваім экстраным лісце патрабаваў даслаць спісы асоб 25–33-гадовага ўзросту “к 30 сего августа в понедельник к 12 час. дня по нов. времени”. Але наступіла 30-е чысло, а спіскі ў ваенкамат не паступілі. І ў той жа дзень”ваенкамат у другі раз просіць ...даставіць сёння ж к 2 гадзінам дня спіскі асоб... ва ўзросце 26–32 гадоў”.

Бальшавікі добра разумелі, што маючы ў руках метрычныя кнігі, не трэба будзе прасіць духавенства аб складанні спісаў прызыўнікоў, таму “цыркулярным распараджэннем (Пінскага) уезднага пададдзела ЗАГС ад 19 жніўня за №70 пры валрэўкамах ствараюцца пададдзелы запісаў актаў грамадзянскага стану”.

Духавенства ўсіх веравызнанняў, установы і асобы павінны былі ў трохдзённы тэрмін “здаць усе метрычныя кнігі ў пададдзелы ЗАГС, якія знаходзяцца пры валрэўкамах”. Загадчыкам пададдзела ЗАГС у Кажан-Гарадку стаў З. Івашкевіч, а сакратаром — М. Грыцкевіч.

Настаяцель царквы зноў не падпарадкаваўся ўладам: не здаў метрычныя кнігі ў трохдзённы тэрмін; іх перадача зацягнулася амаль на месяц. Толькі 14 верасня 1920 года быў складзены вопіс перададзеных ЗАГСу трыццаці дзевяці рэгістрацыйных кніг:

— метрычныя кнігі аб нараджэнні з 1844 па 1898 і за 1919–20 гады — 8 кніг;

— метрычныя кнігі аб нараджэнні, вянчаннях і памершых з 1835–1843 гг. і з 1899–1918 гг. — 22 кнігі;

— метрычныя кнігі аб вянчаннях з 1844–1898 гг. і за 1919–20 гады — 3 кнігі;

— метрычныя кніг аб памершых з 1844–1898 гг. і за 1919–20 гады — 6 кніг.

Невядома, ці паспелі каго мабілізаваць у Чырвоную Армію, бо ўладзе бальшавікоў прыходзіў канец: праз два тыдні на Лунінеччыне былі ўжо польскія войскі і беларуская армія Булак-Балаховіча.

“Першыя Саветы”, пратрымаўшыся пры ўладзе менш двух з паловай месяцаў, паспелі адкрыць у Кажан-Гарадку аптэку, заняўшы пад гэтую ўстанову дом псаломшчыка. Вядома прозвішча старшыні Кажан-Гарадоцкага валаснога рэўкама: таварыш Мароз. 9 верасня ён пасяліў у доме свяшчэнніка нейкага тав. Сакалоўскага. Якую пасаду займаў тав. Сакалоўскі, невядома.

Позняй восенню 1920 года ішлі баі пад Лунінцам: наступалі польскія войскі. Бальшавікі пакінулі мястэчка. 2 лістапада 1920 года ў Кажан-Гарадок уступіла ўжо беларуская армія — Асобны атрад войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі пад камандаваннем генерала Станіслава Булак-Балаховіча.

Некалькі словаў з біяграфіі генерала.

Булак-Балаховіч Станіслаў Нікадзімавіч (10.02.1883, маёнтак Мейшты, Браслаўскі р-н — 10.05.1940), ваенны і палітычны дзеяч. У 1-ю сусветную вайну ваяваў на Паўночна-Заходнім фронце, штаб-ротмістр. Вясной 1918 г. уступіў у :Чырвоную армію, але ў лістападзе 1918 г. разам са сваім палком перайшоў на бок Пскоўскага дабраахвотніцкага корпуса белых. 3 мая 1919 года — генерал-маёр. У студзені 1920 г. прыняты са конным атрадам у склад войска БНР і з дазволу польскіх улад накіраваўся на Палессе. Рабіў налёты на тылы і асобныя часці Чырвонай Арміі... У Кажан-Гарадку размясціўся штаб генерала Булак-Балаховіча. Балахоўцы ўспрымаліся палешукамі як вызваліцелі ад бальшавікоў. Мясцоваму насельніцтву прыйшлася да спадобы папулярная прыпеўка, якую доўга перадавалі з пакалення ў пакаленне. Помнілі яе і праз 50 гадоў пасля паражэння войск Булак-Балаховіча: “Комуніст, комуніст, чого жэнішса? Прыйдзе бацько-балаховэц, куды дзенешса?”

Штаб ген. Булак-Балаховіча знаходзіўся ў Кажан-Гарадку з 2 прыкладна па 10 лістапада 1920 года.

Прадоўжым расказ аб знаходжанні генерала ў Кажан-Гарадку адрыўкам з кнігі А.Грыцкевіча: «Не толькі Польшча была зацікаўлена ў наступленні арміі Булак-Балаховіча на ўсход. Зацікавіўся і англійскі урад, і перш за ўсё англійская разведка. Калі армія Булак-Балаховіча з самым пачатку лістапада 1920 г. сканцэнтравалася на ўсход ад Лунінца, а яе штаб знаходзіўся ў Кажан-Гарадку, 2 лістапада туды прыбыла англійская ваенная місія ў складзе капітана авіяцыі Сіднея Рэйлі і карэспандэнта газеты “Таймс” сэра Пола Д’юкса. Гэта былі вопытныя афіцэры англійскай разведкі, “спецыялісты” па Савецкай Расіі. Яны знаходзіліся ў штабе ажно да 10 лістапада. Адзін з афіцэраў польскай разведкі, падпаручнік Блоньскі, паведамляў у генштаб: мэтаю іх візіту было азнаямленне з усімі патрэбамі арміі. Спецыяльную ўвагу яны звярнулі на становішча з забеспячэннем арміі харчаваннем і абмундзіраваннем. Яны запэўнілі генерала Балаховіча, што Вялікабрытанія вельмі зацікавілася справамі генерала, і заявілі, у прыватнасці, што Балаховіч і ягоная армія маюць значна больш шанцаў на поспех у плане рэалізацыі сваіх антыбальшавіцкіх мэтаў, чым мелі ў свой час Юдзеніч, Дзянікін, Калчак, а ў цяперашні час — Врангель”. Далей польскі афіцэр разведкі пісаў у рапарце: “Гэтыя прадстаўнікі вельмі зацікавіліся праблемай дыверсій у тыле бальшавіцкіх армій і глыбокай разведкі. Пасля дэталёвага азнаямлення са справамі генерала Балаховіча яны далі яму на працягу 8 дзён, наколькі гэта было магчыма, неабходныя парады і тлумачэнні, з якімі Балаховіч пераважна згадзіўся. Прадстаўнікі ад’ехалі ў Варшаву... яны накіруюцца ў Лондан з мэтаю атрымаць там адпаведную колькасць неабходных як для генерала Балаховіча, так і для Петлюры, матэрыялаў”.

У кнізе «Памяць. Лунінецкі раён» аб генерале Булак-Балаховічы і яго лістападаўскім паходзе 1920 года амаль нічога не сказана. А шкада...

Па расказах кажан-гарадоцкіх старажылаў, у балахоўцаў быў вялікі абоз. “Афіцэры, што кватаравалі ў мястэчку, прывезлі з сабою шмат кніг, у тым ліку і без пераплётаў. Чыталі Віктора Гюго, Аляксандра Дзюма... Пачытае кватарант кнігу — і пад ложак яе. Ад’ютант, пакорпаўшыся ў возе, прыносіць афіцэру другую кнігу... Ёсць падазрэнне, што кнігі тыя былі з разграбленай лунінскай бібліятэкі князёў Друцкіх-Любецкіх. Князі, між іншым, мелі ў сваім кнігазборы нават рукапісныя трактаты па медыцыне на арабскай мове. І ўвесь гэты скарб загінуў у часы грамадзянскай вайны», — падводзіць сумны вынік знаўца мясцовай гісторыі Р.П. Змітровіч, завуч Кажан-Гарадоцкай школы.

«Сярод дабраахвотнікаў арміі Булак-Балаховіча быў Фёдар Гоман — 13-гадовы хлопчык з Кажан-Гарадка. Яму сшылі пад заказ сіняе абмундзіраванне і назначылі фурманам. Ён развозіў афіцэраў Балаховіча, вазіў генерала ў Лахву. Потым, перад адступленнем, генерал сказаў свайму фурману: “Фёдар, ты малы яшчэ ваяваць з бальшавікамі. Ідзі дадому”. Фёдару пашанцавала: яго чамусьці не пакаралі бальшавікі. Калі ўстанавілася польская ўлада, медыцынская камісія прызнала Гомана непрыгодным да службы вайсковай” (з успамінаў Мікалая Максімавіча Туміловіча).

Расказ можна дапоўніць тым, што аўтар гэтых радкоў сам бачыў фотаздымак Гомана ў вайсковым убранні, але ...гэты чалавек нават ад сваіх дзяцей скрываў “баявую маладосць”: за ўдзел у “бандзе” можна было ў любы час трапіць у савецкую турму.

Паход арміі Булак-Балаховіча — падзея мала вывучаная ў нашай гісторыі. Яшчэ менш звестак аб знаходжанні 37-гадовага генерала ў Кажан-Гарадку.

Нямала матэрыялаў аб тых падзеях можна знайсці і ў Англіі: на старонках «Таймс» маглі быць рэпартажы карэспандэнта Поля Д’юкса, падрыхтаваныя ў Кажан-Гарадку... На паліцах архіваў захоўваюцца загады генерала, выдадзеныя ў гэтым старажытным мястэчку... Рэпартажы аб ходзе ваенных падзей друкавала і савецкая “Звязда”.

..Рэгулярныя часці Чырвонай Арміі сцягваліся пад Мазыр і Калінкавічы, і хутка пачаўся разгром арміі Булак-Балаховіча. “16 лістапада Чырвоная Армія пачала контрнаступленне і 20.11.1920 года ўзяла Мазыр. Асноўныя сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польскімі ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922 года”

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter