У выніку Рыжскага мірнага дагавора, падпісанага 18 сакавіка 1921 года, тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж СССР і Польшчай, што выклікала рэзкі пратэст з боку беларускіх нацыяналістычных арганізацый. Адной з такіх арганізацый, што была незадаволена падзелам Беларусі «чужынцамі, чорных дарог махлярамі», была Беларуская Сялянская партыя Зялёнага Дуба, якая дзейнічала і на Лунінеччыне.
Спасылаючыся на газету беларускай дыяспары ў ЗША «Беларус» (№461 за сакавік 1999 г.), вядомы на Лунінеччыне краязнаўца Л.Коласаў паведамляе: «Беларуская Сялянская партыя Зялёнага Дуба была арганізавана у 1910 годзе, як палескае зямляцтва студэнцкай моладзі. У пачатковы перыяд галоўнай дзейнасцю была арганізацыя сельскіх кааператываў, збіранне беларускіх песень, легенд, казак — усяго таго, што суправаджала жыццё беларускага народа. У час рэвалюцыі 1917 года партыя налічвала 5 тысяч членаў, падтрымлівала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і з 1918 года пачала выступленні супраць бальшавікоў. Ваенная секцыя партыі ў сакавіку 1919 года зблізілася з польскім ваенным камандаваннем у агульнай мэце — барацьбе з Саветамі.
У сённяшнім разуменні польскія ўлады праводзілі ў адносінах да Зялёнага Дуба палітыку двайных стандартаў. Калі савецкія войскі прыціскалі польскія, апошнія прасілі дапамогі і абяцалі партыі, што Беларусь у рамках польскай дзяржавы атрымае шырокую аўтаномію, Калі ж поспех на фронце быў на польскім баку, «свабоды для беларусаў» рабіліся нулявымі.
Пасля заключэння мірнага Рыжскага дагавора... польскія ўлады першымі нанеслі ўдар па ваенных фарміраваннях Зялёнага Дуба, якія знаходзіліся на польскай тарыторыі. Сутыкненні праходзілі ў раёне Лунінца, Кажан-Гарадка, Луніна, Чучавіч, Мокрава (далей пералічваюцца населеныя пункты не нашага раёна — Л.К.).
Сутыкненні паміж польскімі войскамі і атрадамі Зялёнага Дуба аж у пяці месцах Лунінеччыны сведчаць аб тым, зялёнадубаўцы мелі тут значныя пазіцыі. Дарэчы, яны змаглі разграміць высланы ў раён Навасёлак 33-ці пяхотны полк польскай арміі, што прымусіла палякаў сесці з зялёнадубаўцамі за стол перагавораў.
Можна лічыць даказаным, што зялёнадубаўцы распаўсюджвалі сваю літаратуру і ў Кажан-Гарадку (аб гэтым сведчыць частка літаратурнага фонду, што захавалася ў кнігазборах мясцовых старажылаў). Палякі спрабуюць абяссіліць атрады Зялёнага Дуба, накіраваўшы яго на барацьбу супраць банд савецкіх партызанаў, што засылаліся з Савецкай Расіі.
Банды з СССР (у савецкай літаратуры іх з любоўю называлі партызанамі) дзейнічалі практычна па ўсёй Заходняй Беларусі, а ў раёне Кажан-Гарадка яны з’яўляліся два разы: у 1924 г. абяззброілі паліцэйскіх, а зрабіўшы налёт другі раз - спалілі ў панскім двары хлеў, распачаўшы пры гэтым стральбу.
У сярэдзіне 1920-х гадоў засылка ўзброеных фармаванняў з СССР у Польшчу, а таксама з боку польскіх улад у СССР спыняецца, але на ўсю моц падключаецца ідэалагічна-прапагандысцкая машына. Пры дапамозе сваіх эмісараў СССР стварае на польскай тэрыторыі сетку падпольных арганізацый, якія заклікаюць мясцовае насельніцтва да барацьбы супраць польскіх улад. Пад уплывам савецкай прапаганды жыхары Кажан-Гарадка Сямён Андруш, Адам Каратыш, Калістрат Марковіч некалькі разоў пераходзілі ў раёне Мікашэвіч граніцу з СССР, расказвалі там «таварышам» пра жыццё ў Польшчы, а за кожны пераход мяжы ім плацілі ў СССР грошы і давалі падрыўную літаратуру.
Праз некаторы час да перабежчыкаў у СССР сталі адносіцца як да польскіх «шпіёнаў»: іх ужо не адпускалі дамоў, а саджалі ў турму. Даведаўшыся аб гэтым, Андруш, Каратыш і Марковіч адмовіліся ад ваяжаў цераз граніцу, але ўсё роўна паплаціліся за сімпатыі да бальшавікоў: у 1933 годзе Марковіч быў асуджаны польскім судом на паўтара года турэмнага зняволення, Андруш і Каратыш “адведалі” паліцэйскую гуму.
Можна выдзеліць бясконцае мноства прычын, з якіх стане ясна, чаму палешукі былі масава незадаволены польскаю ўладай.
1. 3 прыходам польскай ўлады адбыўся крах надзей на лепшае жыццё, якое чакалася сялянамі пасля звяржэння расійскага царызму. У той жа час савецкая прапаганда запэўнівала, што ў Расіі поўным ходам ідуць сацыялістычныя пераўтварэнні і ледзь не наступіў рай для працоўных.
2. Польская ўлада прыйшла на Палессе занадта хутка, амаль адразу пасля звяржэння царызму, і мясцовыя жыхары не паспелі зведаць жахаў жыцця пад бальшавікамі; тут не ведалі, што такое раскулачванне, рэпрэсіі, высылка ў Сібір, адабранне ў калгас маёмасці. Калі ж польскія ўлады гаварылі пра цяжкае жыццё ў СССР, палешукі не верылі: «Паны ўсё выдумалі! Рай, а не жыццё пры Саветах! Бальшавікі — улада народная, а польская ўлада — чужая для нас!»
3. Адчужэнне паміж палешукамі і палякамі мела надзвычай глыбокія рэлігійныя, сацыяльныя, эканамічныя карані: розныя рэлігіі, іншы менталітэт; у параўнанні з палякамі сярод палешукоў панавалі непісьменнасць, беднасць, беспрацоўе, марудна праходзіў працэс фармавання нацыянальнай самасвядомасці, была складаная дэмаграфічная сітуацыя...
4. Польскія ўлады аказаліся бяссільнымі перад вырашэннем складаных сацыяльна-эканамічных і іншых праблем у палескім краі: гэта патрабавала комплекснага падыходу і вялікіх грашовых укладанняў, а сродкаў не было: пачаўся сусветны эканамічны крызіс, затым - вайна.
У часы польскай улады не хапала самага неабходнага: жыхары Кажан-Гарадка нават на святы хадзілі ў лапцях з лазы: не ў кожнай хаце была пара ботаў на ўсю сям’ю. Разбагацець не было як: прадаваемая сельскагаспадарчая прадукцыя была таннаю, ішла за бясцэнак, а прамысловыя тавары, якія трэба было купляць, былі занадта дарагімі. Эканомілі на ўсім: на керасінавым асвятленні, адзенні... Медыцынскія паслугі былі платнымі і дарагімі; каб зрабіць аперацыю на апендыцыт, трэба было прадаць карову. Курыльшчыкі эканомілі на запалках: кожную расколвалі на 2-4 часткі, але часцей агонь здабывалі, як у каменным веку: выкрасаючы іскры сталёвым красалам ударамі па крэменю — пры гэтым пад крэменем трымалі спецыяльны трут, які пачынаў дымець пры пападанні іскраў (трут атрымлівалі, выварваючы некалькі разоў і высушваючы скрыпаль — грыб-чагу — або мякаць сланечніка).
Згодна са спісам абанентаў тэлефоннай сеткі, складзеным на 19З9 (апошні год польскай улады), у Кажан-Гарадку быў толькі адзін тэлефонны апарат — на пастарунку (паліцэйскім участку). Пошта, відаць, не была тэлефанізавана. У Дрэбску і Цне тэлефонаў зусім не было. 3 вёсак Лунінеччыны найбольшую колькасць тэлефонаў мела Лахва: 15 апаратаў; у Лунінцы у 1939 годзе налічваліся 72 тэлефонныя абаненты... Электрычнага асвятлення ў польскія часы Кажан-Гарацок не ведаў.
Цяжкай павіннасцю на плечы насельніцтва леглі падаткі, а грошай на іх выплату не было. Зборшчыкаў падаткаў зняважліва называлі «закуцэйнымі». Калі не было чым выплаціць падатак (асабліва ў 30-я гады), закуцэйны мог забраць у гаспадароў даматканае палатно: яно высока ў Польшчы цанілася і нават пастаўлялася на знешні рынак (у час так званай «льняной акцыі»). У Кажан-Гарадку запісана наступная прыпеўка аб польскім зборшчыку падаткаў — закуцэйным:
І грыміць, і гудзе,
Дробны дожджык ідзе.
Хавай, бабо, палатно,
Закуцэйны ідзе.
Уладкавацца на работу жыхарам Кажан-Гарадка не было дзе. Некалькі маладых хлопцаў, якім пашанцавала, працавалі грузчыкамі лесу ў Мікашэвічах на лесапільным заводзе фірмы «Агахель». Падоўгу там ніхто не працаваў: не вытрымлівалі, бо аплата малая, работа — цяжкая...
Па вёсках хадзілі вярбоўшчыкі і набіралі рабочых у Аргенціну, Бразілію. Але, каб паехаць на заробкі, трэба было столькі грошай аддаць, што было хоць ты гаспадарку ўсю прадавай. У 1930-х гадах у сувязі з «вялікай дэпрэсіяй» - эканамічным крызісам — рабочых у краіны Амерыкі набіраць перасталі.
Яшчэ з часоў пачатку савецка-польскай вайны (1919 г.) Кажан-Гарадок быў цэнтрам аднайменнай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства, але 28.08.1923 г. гміна ў Кажан-Гарадку была ліквідавана: мястэчка пачало адносіцца да Лахвенскага гміннага праўлення.
Захаваліся звесткі аб рамесніках і гандлярах, што жылі ў Кажан-Гарадку ў 1928 годзе: усе яны — за выключэннем 1-2 чалавек — местачковыя яўрэі. Кавалі — Гульман А., Коваль М., Хількевіч К.; капялюшы жаночыя — Алейнік Б., аптэчны склад — Пэрэман А.; мельнікі — Луцкі Абрам, Коробочка А.; бляхар — Сапожнік А.; цесляры — Гельман А., Гельман С., Злотнік Д.; шаўцы — Латуха Л., Швец С.; муляры — Плотнік Л., Плогнік С.; рэстаран — Белоўскі С.; скуры — Блатогузскі С.; сталяры — Кольнік Н., Кушнер Я.; слесары — Ліхтэйн Г.; прадуктовыя тавары — Гольдман Н., Гольдман Р., Кантор Р., Плотнік Б., Шульман X.
(Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што калі у 1942 г. нацысты расстралялі яўрэяў, то ўцалелых местачкоўцаў ахапіў адчай: як жа мы будзем без яўрэяў — выдатных майстроў — шаўцоў, сталяроў, цесляроў?).
У пачатку 1923 г. лунінецкі праваслаўны дэкан пераслаў Кажан-Гарадоцкаму настаяцелю наступнае ўказанне: “На падставе цыркулярнага распараджэння епархіяльнага савета ад 14 (27) лютага 1922 г. за № 169 даручаецца Вам прыняць неабходныя меры для аказання пасільнай дапамогі павятоваму камітэту па арганізацыі збору металаў і каштоўных камянёў, маючых служыць асноваю будучай польскай валюты». Як выконвалася ў Кажан-Гарадку гэта прадпісанне — невядома...
Ва ўмовах росту цэн і падзення курсу маркі польскай (была ў абарачэнні да верасня 1924 года) Палеская духоўная кансісторыя 9.03.1923 г. прыняла рашэнне аб увядзенні «хлебнай валюты”. Пачынаючы з красавіка 1923 года, “з кожнай парафіі памесячна атрымліваць на ўтрыманне епархіяльнага ўпраўлення адзін пуд хлеба або грашыма па рыначнай яго цане ў Пінску”.
Звестак аб афіцыйнай адмене «хлебнай валюты» не выяўлена. Верагодна, яна паступова адыйшла ў нябыт у сувязі са змяненнем структуры цэн і часовай стабілізацыяй грашовага курса.
Подробнее...