Устанаўленне Савецкай улады ў 1939 г.

Перад пачаткам Другой сусветнай вайны ніхто не ведаў, што паміж Сталіным і Гітлерам існавала змова - сакрэтны дадатак да пакта «Молатаў — Рыбэнтроп». Згодна з гэтаю змоваю, два дыктатары дзялілі Еўропу на сферы ўплыву, а таму Польшчу павінны былі захапіць як фашысцкія, так і савецкія войскі.

1 верасня 1939 г. Гітлер напаў на Польшчу, а 17 верасня ў гэтую ж краіну ўварваліся войскі СССР, якія акупіравалі Заходнюю Беларусь і Заходнюю УкраІну, уступілі ў Брэст. Немцы ж перастараліся: яны захапілі Брэст раней, чым парушылі сакрэтную дамоўленасць. Але сябры-агрэсары разыйшліся мірна: савецкія і германскія войскі наладзілі сумесны ваенны парад, сведкамі якога былі тысячы жыхароў Бреста.

Аб тых днях, для адных радасных, а для другіх — трагічных, захавалася прыпеўка, запісаная ў Кажан-Гарадку. Як бачна з тэксту, склаў яе хтосьці з патрыятычна настроеных палякаў — мясцовых жыхароў:

У нядзелю рана
У другой гадзіні
Польску раздзялілі на дзве палавіны.
Ды адну ж забралі немцы,
А другую ж — вашывыя чырвонаармейцы.

Афіцэры лунінецкага гарнізона Войска Польскага, дзе праходзілі тэрміновую службу мясцовыя палешукі, адпусцілі салдат (сярод якіх былі і жыхары Кажан-Гарадка) па дамах, а самі сталі прабірацца ў глыб Польшчы. Каб не трапіць пад кулі «братняй Расіі», былыя польскія салдаты-палешукі разыйшліся без зброі і скінуўшы з сябе польскую ваенную форму — у адной ніжняй бялізне.

Пераважная большасць жыхароў Кажан-Гарадка была рада прыходу савецкіх войск. З іх прыходам з’явіліся надзеі на тое, што польска-германская вайна не дойдзе сюды, што СССР выправіць цяжкае эканамічнае становішча ў Заходняй Беларусі: тут занадта ж многа накапілася за гады польскага гаспадарання цяжкіх праблем.

Сведкі «освободительного похода Красной Армии» ўспамінаюць верасень 1939 г. у Кажан-Гарадку:

«Зайшлі чырвонаармейцы вады напіцца: спачатку гаспадарам загадалі адпіць з вядра».

«Патэфон завялі на плошчы, трыбуну наладзілі, салдаты — іх тады яшчэ чырвонаармейцамі толькі і называлі — мяняючы адзін другога, “Лявоніху» скакалі. З трыбуны гаварылі, што непераможная Чырвоная Армія немцаў сюды не дапусціць, што ўсе атрымаюць зямлю і будуць жыць шчасліва, як і ва ўсім СССР».

«Бальшавікі ішлі з боку Лахвы. Чуем: грукоча нешта за вёскаю. “Да вы не бойтесь, это “Товарищ Сталин» идёт!” — супакойваюць бальшавікі. Грукацела ледзь не цэлы дзень. Потым бачаць мяшчане: едзе трактар, паднімаючы воблакі пылу. Во, дзіва! Трактара пры Польшчы ніхто тут не бачыў! Вось які гэта «Сталін»! А палешукі здагадацца не маглі, што трактар «ТС» расшыфроўваецца як «Таварыш Сталін»!

«Таварышы, а чаго ў вашым войску коні такія слабыя? — Так это не наши, а колхозные!”

Пераглянуліся мужыкі: ясна стала, якое жыццё чакаецца ў калгасе”.

«Нядзеля, у царкве ў званы зазванілі, людзі натоўпамі маліцца ідуць. — А это что ещё? — пытаюцца маладыя чырвонаармейцы. — Нядзеля сёння, вось і Богу маліцца ідзём! — Ну,мы эту дурь у вас быстро повыведем! — запэўніў чырвоны камандзір».

З успамінаў дзядзькі Васіля Б.: «Мне тады гадоў 15 было. А бацька толькі і марыў: хоць бы адзін дзень пажыць пры бальшавіках, пры ўладзе народнай! І вось прыйшлі Саветы, бацька ж «на небе ад шчасця”. Яго сястра са слязамі на вачах вітае новую ўладу: «Ідзіце, міленькія, ідзіце, няхай вам Бог дапаможа!» Дні праз два заходзяць ваенныя на падворак: «Да у тебя, хозяин, три головы крупного рогатого скота! Не будет при Советской власти кулачья! Завтра же бери скот, одну голову себе оставь, а эти две — на бойню в Лунинец. Завтра же! Понял? Квитанции в сельсовет принесёшь!» Бацька, здавалася, анямеў. Толькі рускія з двара — схапіў нож, узмахнуў ім і тут жа папераразаў цялушкам горлы: «Ешце, дзеці, мяса! Не аддам сваё дабро маскалям-кацапам!» За гэта бацьку маглі расстраляць, а сям’ю вывезці ў Сібір, але цудам пашанцавала, бо чырвоныя не прыйшлі правяраць, куды падзелася наша худоба».

Пры новай уладзе стала небяспечна паказваць сваё багацце. Хто добра ведаў пра жыццё ў Расіі — тыя адразу падзялілі эямлю паміж родзічамі, тайна перарэзалі «лішнюю» жывёлу і пераапрануліся ў лахманы. А вось класавае паходжанне ці былую пасаду не схаваеш. 3 кастрычніка, на шаснаццаты дзень Савецкай улады, у Кажан-Гарадку арыштавалі адразу некалькі «ворагаў народа»: былога вясковага старасту Паўла Бандацкага, псаломшчыка Барыса Дружылоўскага, дырэктара школы Рыгора Яцыну. Допыты і пабоі працягваліся 8 месяпаў.

Судзілі ўсіх у адзін дзень; прысуд — кожнаму па 8 гадоў выпраўленчых лагероў. Падобныя арышты і суды пракаціліся па ўсёй Заходняй Беларусі... Калі не стала псаломшчыка Дружылоўскага, яго пасаду заняў Дземкаў Пеця, адукаваны, абаяльны малады хлапец, які меў вельмі прыгожы голас. Пятра замардавалі: босага па мёрзлай зямлі правялі пад канвоем з Лунінца. І ні за што памёр чалавек. Высокі, прыгожы і дужы Дземкаў Пеця, у якога былі закаханы многія дзяўчаты, таксама стаў нявіннаю ахвяраю «братняй Расіі», пад уладу якой так стараліся падпасці неабачлівыя беларусы.

Ва ўмовах сталінскага тэрору ладзяцца спробы стварыць калгас, але безвынікова. Перад новаю вайною — германа-савецкаю - удалося стварыць калгас у Дрэбску. Прычым — трэба справядліва адзначыць - калгас быў створаны добраахвотна. Рэдкая з’ява! Праўда, з нападам немцаў (летам 1941 года) у лічаныя гадзіны калгаснікі Дрэбска разабралі здадзенае ў калгас дабро. Паспытаўшы калгаснага «шчасця», пасля вайны гэтыя ж людзі рашуча адмовіліся ад калектывізацыі, паказваючы прыклад супраціўлення калгаснаму ладу.

У гады стварэння першых калгасаў і абяднення вёскі і ўзнікла з’едлівая прыказка, вядомая ў Кажан-Гарадку і сёння:

Пры панах
Хадзілі хоць у парваных штанах,
А як прыйшоў Савет,
То пабачыла сра...а свет.

Нанёсшы сакрушальны удар па мясцовай інтэлігенцыі і найбольш заможным сялянстве, улады пачалі рэпрэсіі супраць сераднякоў і беднякоў. Іх рэпрэсіравалі ў 1940 годзе: у Кажан-Гарадку органы НКУС схапілі бакеншчыка Рыгора Аліфяровіча, сялян Карпа Каратыша, Рыгора Каратышэўскага, Сцяпана Марковіча і цэлы род Хількевічаў: Баляслава, Іосіфа, пазней — Кліменція. Гэтыя «ворагі народа» пасля 4-9-месячных пабояў на допытах атрымалі па 8 гадоў турмы (акрамя Марковіча, прыгаворанага да 5 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў).

Сапраўды, “страшна не сама ўлада, як яе прыход”.

Знішчэнне бальшавікамі “ворагаў народа» спынілася з нападам Гітлера на СССР 22 чэрвеня 1941 г. Да нападу Гітлера савецкая караючая ўлада пратрымалася на нашых землях толькі 1 год 10 месяцаў 3 дні. Вайна спыніла савецкія рэпрэсіі, але прынесла новую бяду...

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter