Тры гады жыцця ў акукпацыі (10.07.1941 – 10.07.1944)

У ноч на 22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР. Цяпер даказана, што гэтае нападзенне не было нечаканым для кіраўніцтва.

Праз Кажан-Гарадок адступалі савецкія войскі, сярод якіх панавала поўная неразбярыха. Мясцовыя жыхары сведчаць, што так званае “адступленне” выглядзела наступным чынам: натоўп чырвонаармейцаў накіроўваўся з Кажан-Гарадка назад у Лунінец (адкуль толькі што ён і прыбыў), каб узяць напрамак на Баранавічы; праз дзень-другі тых самых салдат зноў бачаць ў Кажан-Гарадку — цяпер яны накіроўваюцца на Мікашэвічы. Але, не дайшоўшы да Мікашэвіч, паварочваюць у раёне Мокрава назад: адусюль мроіцца акружэнне... Камандзіры не могуць знайсці свае падраздзяленні, а салдаты — камандзіраў...

У першыя ж дні вайны сярод кіраўніцтва Кажан-Гарадоцкага сельсавета пачалася паніка. Старшыня сельсавета Рыгор Шуляк апусціўся да тэрору: узброіўшыся вінтоўкаю, шукаў па вёсцы мясцовага свяшчэнніка, каб расстраляць яго, але таго схавалі жыхары вул. Майдан у хляве. Так і не расквітаўшыся з класавым ворагам, Шуляк уцёк з вёскі ў пошуках партызанаў.

Наступаючы, немцы хутка прасоўваліся па галоўных напрамках і не спяшаліся з акупацыяй Палесся: улічваліся бездарожжа ў гэтым краі і вопыт Першай сусветнай вайны. Да 10 ліпеня Чырвоная Армія месцамі адступіла аж пад Смаленск, і толькі тады ў Лунінцы і вёсках Лунінеччыны з’віліся першыя немцы. А гэта быў ужо 19-ты дзень вайны!

...Чацвер, 10 ліпеня 1941 года. 3 боку вёскі Цна ў Кажан-Гарадок ўехалі на матацыклах нямецкія разведчыкі (Гамарны мост з боку Лунінца быў пашкоджаны). Даехаўшы да вадзянога млына, салдаты ўдакладнілі маршрут: іх цікавіў напрамак на ўрочышча Марочна, што пад Лахваю.

Ленінец (Пінчук) Ганна, якая ў час вайны была дзіцём, успамінае: «Я, сястра Варвара і маці асыпалі бульбу пад Марочнаю. Бачым: едуць першыя немцы матацыкламі на Лахву. Мы — бягом на Шлях: цікава паглядзець, мы ж малымі былі. Немцы спыніліся, аглядзеліся ў біноклі, распыталі, ці даўно тут рускія саллаты прайшлі, потым на Лахву паехалі... Яшчэ па некалькі цукеркаў далі...»

З вялікаю неахвотаю, але падзяліўся ўспамінамі і Лёнчык Б.: «Не хацеў бы я гаварыць аб тым часе, але першыя немцы павялі сябе ў Кажан-Гарадку так... У цэнтры вёскі яны паставілі матацыклы ў цені дрэваў. Адзін з салдат ці афіцэраў, акінуўшы гордым позіркам і цікаўных мяшчан, увагнаў на віду ва ўсіх штык у зямлю. І ўсім стала адразу ясна, што азначае гэты сімвал ці жэст... Потым немцы закінулі на дрэва антэну, і радыст пачаў нешта перадаваць па рацыі».

Немцы правялі новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, і Кажан-Гарадок быў аднесены да рэйхскамісарыяту “Украіна”.

У грашовым абарачэнні былі ў пачатку вайны савецкія рублі і маркі нямецкага Рэнтнага банка. У 1942 г. у Роўна былі выпушчаны “карбованцы рэйхскамісарыяту Украіна», якія да канца вайны знаходзіліся ў абарачэнні і на беларускіх землях, што ўваходзілі ў згаданы рэйхскамісарыят. 

б) Школьнае жыццё ў час вайны.

У памяці колішніх школьнікаў захаваліся наступныя ўспаміны пра Кажан-Гарадоцкую школу восені 1941 года.

«У 1941 годзе школа працавала каля месяца. Былі вучні і з другіх вёсак, у прыватнасці, з Ракітна. Яны прынеслі свае матрасы, напхалі іх саломаю і пасяліліся ў адным э класных пакояў. Але вось з’явіліся паліцаі і аб’явілі, што школа працаваць не будзе. Дзеці разыйшліся па дамам, а школьны будынак паліцаі выкарыстоўвалі як казарму.

Восенню 1941 года ў школе працавалі настаўнікі Эстэр Маісееўна, Сцепановіч Міхаіл Малахавіч і яго сястра Ніна (яна насіла прозвішча мужа). Дырэктара звалі Міхаіл Архіпавіч, ён усё даказваў, што Бога няма”.

Раённыя ўлады запатрабавалі ад валасцей падрабязныя звесткі аб стане школьнага жыцця на Лунінеччыне, пасля чаго лунінецкі бургамістр Карпаў накіраваў ў гэбітсцэнтр (Пінск) наступную справаздачу (падаецца на мове арыгінала).

Списки школ, где начались занятия на 20 ноября 1941 года
Название школы Кол-во классов Кол-во учеников Язык преподав. Нац-ть учеников Кол-во учителей Кто преподаёт нем. язык
Кожан-
Городок
6 195 Бел. Бел. 5 Талюш В.А.
Мончинская Я.А.
Степанович В.М.
Цна - - - - 1 Сведения не поданы

Старажылы Кажан-Гарадка даказваюць, што на працягу ўсёй вайны школа ў Кажан-Гарадку не магла працаваць; тое самае сцвярджаюць і былыя паліцэйскія. Што ж тады атрымліваецца? Што прыведзены вышэй архіўны дакумент — «ліпа»? Можа, на самай справе ўлады Лунінца падалі ў Пінск ілжывую справаздачу аб школах, ведаючы, што нямецкія ўлады не зацікаўлены ў дзейнасці школ на Палессі?

У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці захаваўся яшчэ адзін дакумент аб дзейнасці школ, але ён адносіцца ўжо да 1942 г. і ўтрымлівае звесткі не толькі аб Кажан-Гарадку, але і аб Дрэбскай школе, і аб Цнянскай.

Сведения о школах на 30 сентября 1942
Название школы Количество классов Количество учителей Количество детей школьного возраста Учеников
Кожан-Городок 3 3 272 46
Дребск 1 1 185 43
Цна 1 1 73 32

І гэты архіўны дакумент супярэчыць рэчаіснасці: з восені 1941 года і на працягу ўсёй вайны школа ў Кажан-Гарадку не працавала!

За годы вайны сабралася столькі дзяцей-пераросткаў, якія не наведвалі школу, што пасля выгнання немцаў школьнікаў немагчыма было размясціць у будынку старой школы і заняткі праводзілі аж у чатырох месцах: 1) у будынку школы; 2) у хаце Алтэра (пасля вайны там жыў Гусціновіч-Нэро) — каля цяперашняга будынка пошты; 3) у хаце Івана Русака; 4) у хаце па вул. Парахонскай. Усе згаданыя класы працавалі ў дзве змены — такія вось былі праблемы школьнага жыцця першых пасляваенных гадоў.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter