У кожнага з гарадоў, як і ў людзей, свой лёс. Аднак любы горад пачынаўся з паселішча, хутара, вёскі. І гісторыі нават самых вялікіх гарадоў непарыўна звязаны з гісторыямі першых вясковых пасяленняў.
Свой лёс і ў нашай вёскі Велута. З гісторыі нам вядома, што слова “вёска” паходзіць ад старажытнаславянскага “вьсь” — у вузкім значэнні “земляробчае пасяленне” — асноўны від сельскіх насельніцкіх пунктаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Ва ўсходніх славян вёскі ўзнікалі з пераходам ад падсечнага земляробства да двух- і трохпольнай сістэм. У самым сваім пачатку вёскі складаліся з двух-трох двароў, а з развіццём феадалізму пашыраліся, узбуйняліся і траплялі ў залежнасць ад феадалаў.
Вёскі будаваліся звычайна па берагах рэк і азёр. У розныя гістарычныя эпохі склаліся розныя тыпы планіроўкі вёсак: лінейныя або радковыя (паўтаралі абрысы берагоў рэк і азёр, ля якіх сяліліся першыя пасяленцы), скучаныя, або гняздовыя (звязаныя з абшчынным землекарыстаннем), вулічныя або шматвулічныя.
Ва ўмовах феадальных адносін сялянская гаспадарка мела натуральны характар, што садзейнічала развіццю хатняга рамяства і промыслу, рабіла вёску носьбітам устойлівых традыцый у матэрыальнай і духоўнай культуры народа.
Вёска Велута ўзнікла таксама ў сярэдневякоўі.
Пры апісанні межаў у інвентары Лунінца ў 1588 г. Бастынь адзначана як уласнасць Яна Кішкі — старэйшага сына Станіслава і Ганны Радзівіл.
У тым жа 1588 г. адбыўся паўторны падзел маёнтка Лахва паміж Янам Кішкам і сынам Мікалая Чорнага — Мікалаем Крыштофам Радзівілам па мянушцы Сіротка. Пры гэтым мястэчка Лахва і сёлы на поўнач і ўсход ад яго (Езерніца, Малая Ляхаўка, Сінкевічы і інш.) увайшлі ў частку Радзівіла. Цэнтрам маёнтка Кішкі стаў Гарадзец (Кажан-Гарадок), да якога адышла заходняя частка вобласці абапал р. Цна. На поўначы гэты абшар ахопліваў сяло Кормуж, а таксама Велуту недалёка ад Бастыні (апошняя была затым далучана да гэтага ж маёнтка). З гэтага часу Лахва і Кажан-Гарадок канчаткова адасобіліся як самастойныя маёнткі, лёс якіх у далейшым пайшоў рознымі шляхамі.
Кажан-Гарадок і Бастынь пасля смерці Яна Кішкі ў 1591 г. перайшлі да яго глуханямога брата Станіслава. У 1599 г. Кажан-Гарадок упершыню называецца мястэчкам. У 1603 г. старэйшы сын Станіслава Мікалай Кішка ад імя бацькі аддаў маёнтак у заклад за 11 тыс. коп грошаў Ежы Самсону Падбярэзскаму, а ў 1613 г., не выкупляючы з закладу, навечна прадаў таму ж Падбярэзскаму за агульную суму ў 30 тыс. коп. У гэты момант маёнтак ахопліваў мястэчка Кажан-Гарадок з праваслаўнай царквой, сёлы Бродніцу, Бастынь, Вічын, Волю, Велуту, Дварэц, Дрэпскую Даліну, Кормуж, Ракітну, Цну і Язвінкі. Пазней гэты маёнтак перайшоў ад Падбярэзскага да польскіх магнатаў Тарнаўскіх. Аб гэтым сведчыць запіс у архіўным фондзе Пінскага земскага суда. Тут утрымліваецца запіс гранічнага дэкрэта навагрудскага кашталяна В. Валовіча ад 28 лютага 1612 года па спрэчнай справе віцебскага ваяводы С. Кішкі аб адмежаванні ўрочышча Кіякскі Востраў вёскі Малькавічы ад вёскі Велута Навагрудскага ваяводства. Гэта значыць, што ўжо да пачатку XVII стагоддзя Велута была даволі прыкметным населеным пунктам. (глядзі карту канца XVI ст.).
У 1795 г. Велюта — маёнтак Кажан-Гарадка; 68 двароў, лесапільны завод.
Хочацца сказаць некалькі слоў аб тых, каму належала вёска з 1852 года. Гэта нашчадкі князёў Друцка-Любецкіх.
Друцка-Любецкія — гэта адна з галін старажытнага княжацкага роду Друцкіх. Карысталіся гербам Друцкіх. На чале роду стаяў полацкі князь Барыс Усяслававіч. Друцкам валодаў яго сын Рагвалод. Князямі Друцкімі былі яго нашчадкі — сын Глеб, унук Глеба — Іван. На працягу ХІІ-ХV стагоддзяў з’явіліся Друцка-Сакалінскія, Друцка-Палачынскія, Друцка-Горскія, Друцкія-Азярэцкія. У вытокаў роду Друцка-Любецкіх, уключаючых 13 пакаленняў, стаяў Васіль Міхайлавіч Друцкі, якому ў 1484 годзе былі падараваны прывілеі каралём Казімірам на пажыццёвае валоданне горада Любеч (адсюль Любецкія). А вось Друцк (цяпер вёска ў Талачынскім раёне РБ), горад у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства на рацэ Друць. Упершыню назва сустракаецца каля 1092 г. З другой паловы ХІІ стагоддзя — цэнтр Друцкага княства, з першай паловы XIV стагоддзя ўвайшоў у ВКЛ — уладанне князёў Друцкіх. Вось такім чынам і атрымалася двайное прозвішча Друцка-Любецкія.
Уладальнікам палескіх маёнткаў у чацвёртым пакаленні стаў сын Багдана Януш (каля 1530–1558). З гэтых часоў ужо ўспамінаецца Лунін Вялікі і Лунінец Малы. У першай палове ХІХ стагоддзя рэзідэнцыя Друцка-Любецкіх пераносіцца ў в. Лунін, які яшчэ з 1724 года належаў разам з в. Бакінічы і Парахонск князю Юзэфу, стольніку арглапскаму, жанатаму з Вікторыяй, дачкой пінскага гараднічага Аляксандра Скірымнута, узнагароджанага шматлікімі польскімі і расейскімі ўзнагародамі. У 1806 годзе палескія ўладанні былі раздзелены паміж 4 нашчадкамі сына Юзэфа і Вікторыі — Юранца. Гэта маёнтак Лунін з вёскам і фальваркамі Вулька, Лобча, Дубаўка, Дубнавічы, Багданаўка. Сярод братоў актыўнай дзейнасцю выдзяляўся Франц Ксаверый (1778–1846), які прымаў удзел у італьянскім паходзе А.С. Суворава і быў узнагароджаны ордэнам св. Анны, пазней быў назначаны членам Дзяржаўнага Савета.
Князі-браты палажылі пачатак новым 4-м лініям роду Друцка-Любецкіх. Нашчадкам Франца Ксаверыя быў сын Аляксандр (1827–1908), а затым унук Уладзіслаў Франц (1864–1914). Па апошніх архіўных дадзеных в. Велута належала Друцка-Любецкім з 1893 па 1915. З 1920 і па 1939 год в. Велута, як і ўся Заходняя Беларусь, была ў складзе Рэчы Паспалітай (аб гэтым чытайце ў раздзеле “Меліярацыя”). Цікавыя звесткі можна прачытаць у газеце “Лунінецкія навіны” за 2 чэрвеня 2001 г. “Спадчынніца Новага Двара” і 21.09.2002 “Геній банкаўскай справы”.
У 1803 г. у в. Велута была пабудавана прыхаджанамі драўляная Святатроіцкая царква. Належала да Бастынскай царквы. Твор народнага дойлідства. Царква была адназрубная, пад гонтавым дахам. Побач, асобна, стаяла слупавая званіца. Знаходзілася яна там, дзе сёння месца завецца “царкоўнішчам” на Булічах, паміж хатамі Драбовіч Меланні Аляксееўны і Арэхва. У вёсцы жылі ў асноўным жыхары праваслаўнай веры. Царква для іх была месцам духоўнага адпачынку, маральнага выхавання дзяцей, прывіцця павагі да старэйшых, месцам выхавання духоўнасці.
Царква ў Велуце існавала да 1929 года. За 126 гадоў стала здрахлелай, і яе проста разабралі, баючыся абрушэння. А збудаваць занава больш не было магчымасці, паколькі Велута, як і Заходняя Беларусь, знаходзілася ў складзе Польшчы. А паколькі Польшча прапаведуе каталіцызм, то праваслаўную царкву будаваць і не мелі намеру. На сённяшні дзень ад былой царквы засталіся толькі дзве рэліквіі — гэта запрастольны крыж і абраз Маці Боскай Уладзімірскай. Хацелася б верыць, што знойдуцца людзі, зацікаўленыя ў збудаванні Святатроіцкай царквы. У нашым раёне гэта адзіная неадбудаваная царква.
Дарэчы, звон са званіцы яшчэ доўга абвяшчаў велуцянам як добрыя весткі, так і ліхія: аб пажарах, аб пахаваннях землякоў, аб пачатку войнаў. А калі ўзнік калгас «Чырвоная зорка», то ён амаль яшчэ да сярэдзіны 60-х гадоў абвяшчаў калгаснікам абедзенны перапынак, зранку клікаў на працу. Далейшы лёс звона невядомы.
Дарэчы, першым настаўнікам Вялуцкай школы адукаванасці ў 1886 годзе быў вучань духоўнай семінарыі Міхаіл Вячорка.
А вось самы апошні дакумент з Нацыянальнага архіва Беларусі. У “Памятнай кнізе Мінскай гіпархіі” на 1887 (л. 437) прыведзены наступныя даведкі:
“... Царква ў імя святой Вялікапакутніцы Варвары ў сяле Бастынь Пінскага ўезда; да яе належыць прыпісная царква ў в. Велута, драўляная, прыход складаецца з сяла Бастынь і в. Велута. Настаяцель Васілій Гейрах, псаломшчык Фёдар Жураноўскі; у сяле Бастынь — 1 класная царкоўная прыходская школа, адкрыта ў 1846 годзе, вучні — 8 хлопчыкаў.”
(Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі” г. Мінск. 13.07. 2005 г. № 4–4/48)
Спяшаюся падзяліцца добрай навіной. Дзякуючы былому вучню Хлуду Валерыю Уладзіміравічу, сёння жыхару г. Брэста, ёсць намер пабудаваць у в. Велута храм.
Подробнее...