Велута на шляху да храма

У Брэсцкім аблвыканкаме пад № 682 ад 22.08.2005 г. зарэгістраваны “Прыход храма Святой Жывапачатковай Троіцы ў в. Велута”.

Ініцыятарам работы па аднаўленню праваслаўнай царквы ў вёсцы стала былы выхавальнік мясцовага дзіцячага садка Любоў Фёдараўна Хадатчук, якая выбрана старастай прыходскага савета, і былы вучань — Хлуд Валерый Уладзіміравіч. Абмеркаванню шэрагу арганізацыйных пытанняў быў прысвечаны сельскі сход з удзелам старшыні Бастынскага сельвыканкама Ф. М. Рашэцкага і айца Іаана — настаяцеля Бастынскага храма ў імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы, да якога будзе прыпісана Вялуцкая царква. У бліжэйшы час мясцовая ўлада павінна выбраць зямельны ўчастак пад будаўніцтва храма, а прыходскі савет — пачаць збор сродкаў на яго рэгістрацыю і стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі будучай царквы.

Што значыць слова “Велута”? Тапанімічны слоўнік пад рэдакцыяй В.А. Жучкевіча (Мінск, выдавецтва БДУ, 1974) дае наступнае тлумачэнне: “...вёска Лунінецкага раёна. У аснове назвы ляжыць паўднёвабеларускае і паўночнаўкраінскае ВЕЛЕТ (ВЕЛЕТА, ВЁЛЕТЕНЬ) — асілак, гігант”.

Але не выключаецца магчымасць і іншага тлумачэння. У тым жа слоўніку можна прачытаць: “...тэрмін ЛУТ, ЛУТА — лыка маладой ліпы, рагожа”, — з якой пляліся лапці, розныя кашолкі, кашы і іншы гаспадарчы інвентар.

Такое ж тлумачэнне слову ЛУТА дае і слоўнік Даля.

Побач з вёскай цячэ ціхая лясная рэчка Цна, якая потым упадае ў Прыпяць. Некаторыя даследчыкі лічаць, што назвы рэк Дзясна, Тсна, Цна паходзяць з адной старой славянскай асновы, якая значыць “вузкі”.

Першапачаткова вёска размяшчалася крыху на паўночны ўсход ад таго месца, дзе стаіць сучасная Велута. Яна была невялікім пасяленнем з нізкімі хатамі.

А цяпер некалькі слоў аб жыцці, працы нашых продкаў — велуцян. Цяжка нават сабе ўявіць і род заняткаў і жыллёвыя ўмовы тых далёкіх часоў. Апісання жыхароў нашага Палесся ёсць няшмат. Найбольш падабаецца апісанне з трэцяга тома кнігі “Жывапісная Расія” пад рэдакцыяй П.П. Сямёнава-Цяньшаньскага. Сёмы раздзел, напісаны выдатным даследчыкам Адамам Ганоры Карлавічам Кіркорам, называецца “Даліна Прыпяці”. Вось невялічкі ўрывак:

“...жыллё палешука не складанае і ва ўсіх амаль аднолькавае. Хаціны ў іх курныя, але раздольныя, таму што ў адной хаце месціцца ўся сям’я; тут жа малыя жывёлы: цялё, парасё, авечка; хатняя птушка і ўвесь сялянскі скарб. Выключэнні вельмі рэдкія, толькі бывалыя прагрэсісты будуюць свае хаты з дзвюх палавін і клеці, альбо асаблівай перагародкі. У большасці ж унутры хаты галоўную ролю адыгрывае вялікая печ, да яе ўверсе прыладкаваны драўляны ляжанак; затым полаці; вялікая столь; доўгая на ўсю сцяну лава; пад столлю шырокая паліца, на якой сушаць лучыну; ад печы да самой сцяны ідзе дашчаты памост, які складае для ўсіх пражываючых у хаце агульны ложак. Уверсе прыладжана асаблівая перакладзіна, на якую вешаюць адзенне, бялізну для сушкі і г.д. На паліцах у кутках стаіць розны посуд і начынне.”

Вядома ж, на столі вісела дзіцячая люлька, а ў адным з глухіх куткоў драўляны посуд з вадой, коўш і, канешне ж, вобраз.

А вось успамін жыхаркі в. Велута Драбовіч Меланні Аляксееўны пра сваю хату ў дзіцячыя гады:

“...хата, у якой я нарадзілася і жыла, была драўлянай. Перш чым зайсці ў хату, патрэбна было прайсці лецён. Ён быў перагароджаны на дзве палавіны. У сцепцы была бульба, капуста, агуркі, сала ў квасцы. У адным куце стаялі жарнова, на якіх малолі ячнявыя крупы і муку на хлеб. За жорнавамі стаялі бочкі вялікай ёмкасці з жытам, просам, ячмянём і аўсом. У другім куце стаяла знакамітая ступа з таўкачом, бывала з двума. Была тут жлукта. Гэта пасудзіна з’яўлялася “продкам” сучаснай пральнай машыны. Жлукту ставілі ў цэбэр, накладвалі бялізну ці іншыя “клункі”, закрывалі яе трапкаю, засыпалі попелам, потым ставілі саган вады ў печ. Лажылі 2 вялікія камяні ў печ, вада закіпала, камяні кідалі ў попел, ваду гарачую вылівалі на камяні, пакрывалі чым-небудзь зверху. Яна там кіпіць, але выходзіць нікуды не выходзіла, праходзіла праз усю бялізну, намочваючы яе. Затым бялізну выбіраюць, як астыне, сціраюць у чыстай вадзе. Бялізна робіцца чыста-белай. У лецёне стаяла яшчэ драбіна, па якой лазілі на гару.

З лецёна ўваходзілі ў хату. Злева ў куце стаяла печ. На чарэні часта сядзелі дзеці зімой, злазілі часам і басанож беглі на лёд, хто хутчэй. Пакоўзаюцца і хуценька вяртаюцца назад, на печ. Прабягаючы побач вядра з вадой і лёдам, хапалі сасулькі, залазілі на чарэнь і смакталі іх са смакам. На печы стаяў вялікі кош з печанай бульбай. Сядзелі цэлы дзень і ноч, елі бульбу, нават лупайкі, бо хлеба зімой ніколі не было. А ўсіх дзяцей у нас было 9. Цыбуліны ніхто на печы не трымаў, таму што яе ўсю з’елі бы, таму маці захоўвала, каб вясной была на насенне. Ляжала на печы лучына, з якой будавалі хаткі.

Каля печы стаяў ложак, дзе спалі бацькі і самыя малыя дзеці. Тут жа вісела калыбелька для навароджаных дзяцей. Яна была зроблена бацькам з тоненькіх дашчэчак. Крышку далей стаяў яшчэ адзін ложак, у якім спалі ўдоўж і поперак дзеці старэйшыя. Упоперак хаты стаяў трэці ложак, на якім спалі самыя старэйшыя дзеці.

На покуце стаяў доўгі стол. Паўз сцяну стаяла такая ж доўгая лава — да дзвярэй. У вуглу вісеў вобраз святога Панцялея, на якім вісеў доўгі, натканы знізу з двух бакоў і маленькімі чырвонымі мохрыкамі рушнік. На бальцы вісела калышка, на якой калыхаліся дзеці. Вокны ніколі нічым не закрываліся.

Вада была ў драўляным вядры, у якім замест дужкі з лазы была сплецена осілка.

З позняй восені і да позняй вясны дзяўчаты і маладзіцы пралі кудзелю, навівалі на верстаць і ткалі рознае палатно. Кросны стаялі ў кожнай хаце. Палатно звычайна лажылі ў кубел, які стаяў на гары. Па меры неабходнасці бралі і шылі штаны, сарочкі і посцілкі. У гаспадарцы былі таксама і авечкі. У нас было іх болей 10. Іх стрыглі, часалі ў велуцкіх яўрэяў на шчотках, пралі воўну і ткалі, мялі, затым шылі пінжакі, вязалі світары, шкарпэткі, рукавіцы і многае другое. Быў ў нас акрамя хаты хлеў і маленькі аўчарнік, таму што была дамашняя жывёла: каровы, цяляці, свінні, куры, валы. Валамі аралі зямлю, вазілі сена, дровы, нават бульбу з поля. Дарэчы, прыгатаваць сена на зіму патрэбна было шмат. Вось так і жыла амаль большая частка жыхароў в. Велута.»

Вечарамі ў курных хатах збіралася моладзь. Дзяўчаты пралі кудзелю, вышывалі, шылі няхітрае адзенне; юнакі рабілі няроты, плялі рыбацкія сеткі, кашы. Моладзь за гэтым заняткам спявала песні, у святочныя вечары танцавала. Цікавыя зімовыя забавы адбываліся, калі ўжо выпадаў снег і на рацэ станавіўся лёд. Адбываліся масавыя катанні на санках. У часы святкавання Ражства, Шчадраца, Каляд, Масленіцы моладзь апранала сваю лепшую вопратку і хадзіла адзін да аднаго ў госці.

Месца, дзе было першае пасяленне вёскі, і дагэтуль жыхары называюць “старыной”. Там нярэдка знаходзяць рэшткі глінянага посуду, дробнага гаспадарчага інвентару, старыя манеты. Калі знікла старое пасяленне — ніхто не памятае, аднак захаваліся расказы старажылаў пра тое, што на “старыне” кінулі сяліцца пасля прайшоўшага там пажару і па прычыне вялікай забалочанасці месца. Цяпер, пасля асушэння, на тым месцы пабудаваны дзве вясковыя вуліцы з вялікімі светлымі дамамі, а ў 1989 г. была пабудавана двухпавярховая сучасная школа.

 

У вас недостаточно прав для размещения комментарий


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter