Не шанцуе ні ў старой, ні ў новай гісторыі мястэчку Ленін, як і на гісторыкаў-даследчыкаў... У артыкуле «Леніна» (правільна — Ленін) у БелСЭ сцвярджаецца, што вёска «ўпамінаецца ў дакументальных крыніцах з 17 ст.». Гомельскі тапаніміст А. Ф. Рогалеў памылкова лічыць 1582 г. «самым раннім пісьмовым сведчаннем» аб населеным пункце. Неабгрунтаванымі ўяўляюцца і яго звесткі аб сустрэчы ўвосень 1895 г. «грамадзян Ленінскай воласці з У. I. Ульянавым (пазней — Леніным)». Але яшчэ ў 1970 г. польскі даследчык С. Александровіч аргументавана даў дакладную дату заснавання мястэчка Ленін — 1568 г.
У XV—XVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім адной з праяў далейшага паглыблення грамадскага падзелу працы і значнага развіцця на гэтай аснове таварна-грашовых адносін з’яўляўся працэс павелічэння колькасці гарадоў («мест») — буйных цэнтраў рамяства і гандлю, адміністрацыйнай, рэлігійнай і культурнай дзейнасці, а таксама мястэчак — аграрна-гандлёвых паселішчаў.
Аднак дзяржава ў асобе вялікага князя літоўскага («гаспадара») у фіскальных мэтах кантралявала працэс фарміравання паселішчаў гарадскога тыпу. Да ўвядзення Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. засноўваць новыя мястэчкі або пераўтвараць у іх сёлы можна было толькі з дазволу вялікага князя літоўскага. Такі дазвол даваўся феадалам у тых выпадках, калі новае мястэчка не наносіла шкоду гаспадарскім даходам з існуючых у да- дзенай мясцовасці гаспадарскіх мястэчак. Дазвол на заснаванне мястэчка афармляўся ў пісьмовай форме ў выглядзе прывілея.
Копіяй яго з’яўляецца «Прывилей тому ж князю Юрыю Слуцкому на заложенье местечка в Ленине», які быў знойдзены ў адной з кніг Вялікага княства Літоўскага, або традыцыйна (але недакладна) так званай Літоўскай метрыкі,— архіве пераважна канцылярыі вялікага князя літоўскага, які захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў (ЦДАСА) у Маскве.
Літоўскі па сваім этнічным паходжанні і праваслаўны па веравызнанні князь Юрый Юр’евіч Алелькавіч Слуцкі з’яўляўся адным з патомкаў вялікага князя літоўскага Гедыміна. У сярэдзіне XVI ст. ён быў адным з самых буйных зямельных уласнікаў сярод свецкіх феадалаў (шляхты) княства. Князь Слуцкі ў 1567 г. выставіў у войска княства 478 конных воінаў.
Па сваіх памерах Слуцкая вотчына ўяўляла сабой сапраўдную латыфундыю, якая была болышай, чым любы маёнтак іншага свецкага феадала княства. Па сваім прававым статусе гэта была звычайная феадальная вотчына, хаця і велізарная, і таму яе ўласнікі перш за ўсё ў судовых адносінах нічым не адрозніваліся ад іншай павятовай шляхты і, як і яна, падпарадкоўваліся ў дадзеным выпадку адпаведным установам Навагародскага павета.
Князь Слуцкі меў шэраг маёнткаў і ў іншых паветах княства Літоўскага, у прыватнасці ў Мазырскім павеце. Сярод іх перш за ўсё адзначым вялікі маёнтак Петрыкаў («Петриково», «Петриковичи»). Менавіта ў гэтым маёнтку ва ўрочышчы Ленін (варыянт «Леленен» — скарочаная, відавочна, пісарам форма гэтай назвы), якое знаходзілася на правым беразе р. Случ, і вырашыў князь заснаваць новае мястэчка. Месца для яго было выбрана вельмі зручнае. Праз урочышча ішла вялікая дарога («гасцінец») з Мазыра і Петрыкава ў Слуцк, і можна было спадзявацца, што корчмы новага мястэчка пуставаць не будуць.
На заснаванне новага мястэчка трэба было атрымаць спецыяльны дазвол вялікага князя літоўскага. Князь Слуцкі з гэтай і іншымі сваімі справамі ў лютым 1568 г. накіраваўся ў Кнышын — любімую рэзідэнцыю апошняга прадстаўніка дынастыі Ягелонаў — караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста і «бил чолом» аб адпаведным дазволе. Жыгімонт Аўгуст, улічваючы, што новае мястэчка не будзе шкодзіць гаспадарскім даходам, бо гаспадарскіх мястэчак, як і маёнткаў наогул, паблізу не было, даў дазвол на яго заснаванне. Цікавай асаблівасцю ўзнікнення мястэчка з’яўляецца тое, што ў адрозненне ад звычайных выпадкаў пераўтварэння ў мястэчкі сёлаў або заснавання мястэчак каля старых паселішчаў, пераважна панскіх двароў, яно забудоўвалася на цаліне, або, як тады казалі, «на сыром кореню». Сукупнасць правоў, якія Жыгімонт Аўгуст жалаваў прывілеям свайму васалу, нічым істотным не адрознівалася ад зместу іншых прывілеяў другім феадалам.
Згодна прывілею, князь Слуцкі меў права засяляць новае мястэчка сваімі прыгоннымі сялянамі і «людьми... прыхожыми, вольными», г. зн. яшчэ не запрыгоненымі сялянамі. Але такіх у гэты час было ўжо вельмі мала, таму што да сярэдзіны XVI ст. асноўная маса сялянства Беларусі была запрыгонена. Феадалы, асабліва буйныя зямельныя ўласнікі, знайшлі выйсце з гэтага становішча. Нягледзячы на заканадаўчую забарону прымаць збеглых прыгонных сялян іншых гаспадароў, яны прымалі такіх «прыхожых» сялян і такім чынам павялічвалі колькасць сваіх падданых. Знайсці, а тым больш дабіцца выдачы сваіх збеглых прыгонных сялян было, як правіла, цяжка, асабліва дробным феадалам, галоўным чынам таму, што гэта патрабавала значных сродкаў.
Асаблівасцю мястэчак, што з’яўлялася галоўнай прыкметай адроз- нення іх ад сёлаў, былі штотыднёвыя базары («торгн»). Як сведчыць прывілей, князю Слуцкаму дазвалялася вызначыць базарны дзень па сваім жаданні. Характэрнымі рысамі мястэчак было і тое, што іх жыхарам дазвалялася за адпаведныя плацяжы трымаць корчмы, а таксама займацца гандлёвымі аперацыямі.
Так узнікла мястэчка — цяпер вёска Ленін — цэнтр сельсавета Жыткавіцкага раёна.
Такім чынам, насуперак думцы А. Жучкевіча, назву гэтай вёскі няма падстаў лічыць патранімічнай. Не мае яна ніякага дачынення і да У. I. Леніна, як гэта беспадстаўна сцвярджаецца, у прыватнасці, у некаторых выданнях .
Подробнее...