Тураўскае паўстанне 1648—1649гг. – узброенае выступленне мяшчан Турава і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—1651. Атрад паўстанцаў Тураўскай воласці аформіўся ў жніўні—верасні 1648, калі на Тураўшчыне ўжо не было загонаў украінскіх казакоў. Аднак мясцовыя паўстанцы падтрымлівалі шчыльныя сувязі з украінскімі атрадамі. Колькасць тураўскіх паўстанцаў вагалася.
Ядро атрада складалі каля 400 чалавек, у перыяд найвышэйшага ўздыму антыфеадальнай барацьбы колькасць паўстанцаў павялічвалася да 2 і больш тысяч чалавек, якія прадстаўлялі ў асноўным мясцовае сялянства, былі і тураўскія мяшчане. Актыўны ўдзел у паўстанні прынялі і мясцовыя зямяне.
Паўстанцы мелі арганізаваную вайсковую структуру, яны абралі «паміж сабой палкоўнікаў, сотнікаў, пісараў, атаманаў, асавулаў». На чале тураўскага атрада стаяў мешчанін Пракоп Цыўка, які, паводле допыту палонных паўстанцаў, называў сябе палкоўнікам тураўскім. Намеснікам «палкоўніцкім тураўскім» быў яго брат Кандрат. Сотнікамі сталі тураўскія мяшчане Яўхім Жадчэня, Іван Хралевіч і Міхейка, атаманам быў абраны Санька Кашчыч. Асавул у казацкай структуры абіраўся з найбольш аўтарытэтных людзей і ў кола яго абавязкаў уваходзіла перш за ўсё гаспадарчая дзейнасць, гэтую пасаду, магчыма, заняў тураўскі войт Качка, які таксама далучыуся да паўстанцаў.
Пасля падыходу ў лютым 1649 да Турава войска ВКЛ на чале з Янушам Радзівілам частка паўстанцаў, верагодна, адышла ва Украіну і там злілася з украінскімі казацкімі загонамі. Іншыя працягвалі барацьбу партызанскімі метадамі на Тураўшчыне.
Подробнее...