Час барацьбы і выпрабаваньняў 1917 год

Паведамленне аб тым, што ў Расіі 25 лютага пачалася ўсеагульная палітычная забастоўка, дайшло і да прыфрантавога Лунінца.
Рэвалюцыянер І. Любімаў у сваіх мемуарах пазней пісаў: "Хутка, як маланка, абляцела фронт вестка пра рэвалюцыю ў Петраградзе. Радасна ўспрымалася яна амаль усюды. Толькі ў асобных глухіх часцях фронту ваеннае кіраўніцтва спрабавала ўтаіць яе на некалькі дзён. У Мінску ж вестка аб перавароце адразу сабрала служачых Земсаюза, дзе было многа старых партыйных работнікаў. Я, прымчаўшы з Лунінца, трапіў ужо на другі з'езд, дзе прысутнічала некалькі салдат і рабочых. Тут жа намі было вырашана на наступны дзень прызначыць сход для арганізацыі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў".
Выбары ў Мінскі Савет закончыліся 4 сакавіка. І. Любімаў быў выбраны намеснікам старшыні.
"Лунінец у 1915 — 17 гадах уяўляў сабою найважнейшы стратэгічны пункт 10-ай арміі рускага Заходняга фронту. Усе чыгуначныя шляхі яе сувязі з тылам праходзілі праз Лунінец, праз станцыю вялося і забеспячэнне правафланговай 2-ой арміі фронту. У горадзе і наваколлі размяшчаліся штабы, склады, камендатура, групавалася значная колькасць вайскоўцаў, у тым ліку будаўнікі і чыгуначныя войскі — маскоўцы, піцерцы, уфімцы, туркестанцы... Бальшавікі і іншыя партыі, што выступалі супраць самаўладдзя, разумелі, што тут — важны цэнтр палітычнай барацьбы.

