У глыбіні Палесся Частка 2

Што датычыцца ўмоў працы, то яны былі неаднолькавымі на розных прадпрыемствах. Зразумела, што рабочыя больш буйных заводаў былі ў лепшым становішчы. Захаваліся даныя праверак некаторых прадпрыемстваў інспектарамі па працы. Звычайна адзначалася, што ўмовы працы здавальняючыя, на заводзе ёсць сталовая, вада для піцця, умывальнікі, медыцынскія аптэчкі. Не ўсюды меліся лазні, душ і г.д. Правяраўся і стан механізмаў, абсталявання. Працаваць афіцыйна дазвалялася 8 гадзін у змену, што выконвалася не ўсюды. Інспекцыя сачыла, каб на прадпрыемствах працавалі людзі, якім споўнілася 18 гадоў. Такім чынам, пэўныя меры па захаванні працоўнага заканадаўства былі. Але ў жыцці нярэдка ўсё было складаней, чым на паперы. Нярэдка ўзнікалі працоўныя спрэчкі. У шэрагу выпадкаў рабочыя звярталіся ў інспекцыю па працы. Напрыклад, у 1931 г. 16 рабочых паскардзіліся, што лясное прадпрыемства фірмы "Хорастаў" у Сінкевічах не заплаціла ім за работу (сплаў лесу па рацэ Лань). Інспекцыя пасля перапіскі з фірмай параіла рабочым звярнуцца ў суд.

З пачатку польскага панавання ў Заходняй Беларусі супраць яго пачалі барацьбу палітычныя партыі і арганізацыі самага рознага накірунку — як "прасавецкія", "пракамуністычныя", маючыя цесную сувязь з БССР, так і іншыя. Рознымі былі мэты іх дзейнасці, рознымі былі і сродкі. Першая палова 20-ых гадоў — час актыўных партызанскіх дзеянняў. Але не толькі камуністы стваралі свае атрады. Нейкі час дзейнічалі партызанскія групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Вясной 1922 г. з гэтай партыі выйшла Беларуская рэвалюцынная арганізацыя, якая 30 снежня 1923 г. самаліквідавалася (у 1924 г. яе члены былі прынятыя ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі). Астатняя ж частка беларускіх эсэраў абвясціла аб самароспуску на акруговай канферэнцыі ў Гродне (верасень 1924 г.). Партызанамі таксама кіравалі Галоўны штаб беларускіх партызан, пазней — Беларускі стралецкі саюз.
