Найбольш прыкметнай асобай часоў фашысцкай акупацыі быў у Кажан-Гарадку ўжо вядомы нам Жырко — камендант паліцыі Андрэй Міхайлавіч Алесік, беларус, з сераднякоў, пісьменны, нарадзіўся ў 1908 годзе.
…Не лішнім будзе адзначыць, што згодна з Законам аб усеагульнай вайсковай павіннасці ад 13 красавіка 1924 года, у Войска Польскае прызывалі мужчын 21-23-гадовага ўзросту. Тых, хто адслужыў у войску, маглі прызваць на 14-тыднёвыя ваенныя зборы. Але ў Еўропе ўжо пахла порахам: Гітлер рыхтаваўся да агрэсіі, яго суседзі — да абароны. Польскі ўрад унёс неабходныя папраўкі ў закон і 6 сакавіка 1939 года жыхар Кажан-Гарадка Андрэй Алесік быў прызваны ў Войска Польскае. Прызыўніку было, між іншым, за 30 гадоў і меў ён чацвёра дзяцей! Не праслужыў чалавек і паўгода, як пачалася вайна: фашысцкая Германія напала на Польшчу. І трапіў Алесік у нямецкі палон… Малады мужчына ведаў, што з 17 верасня бацькоўскі Кажан-Гарадок знаходзіцца не ў складзе Польшчы, а адыйшоў да СССР, а значыць, там няма немцаў. І Алесік уцякае з нямецкага палону, пераходзіць савецкую граніцу, прыходзіць у Кажан-Гарадок. Але тут чакала Андрэя не свабода, а …зноў палон і канцлагер, бо былых ваеннапалонных, што ўцяклі з фашысцкіх канцлагераў у СССР, тут лавілі і адсылалі ў новыя канцлагеры — савецкія турмы.